Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С
Дарагія
браты і сёстры!
Словы
з сённяшняга Евангелля, якія мы з вамі толькі што пачулі, могуць асабліва
закрануць нашыя сэрцы. А менавіта словы
сотніка, у якіх заключалася моцная вера. “Пане,
не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.”
Умілаваныя браты і сёстры! Асабіста мяне
закранае вера гэтага чалавека, вера і яго пакора. Пане я не варты… Гэтыя словы мы прамаўляем падчас кожнай святой
Імшы, перад тым як спажыць Цела Хрыста. Толькі ці ад сэрца мы прамаўляем гэтыя
словы? Ці сапраўды ў нашым сэрцы ёсць вера? Калі яна ёсць, то ці практыкую я сваю веру? Як жа часта, дарагія
браты і сёстры, нашая вера насамрэч з’яўляецца слабой ды кволай, а нам здаеца,
што мы дзякуючы ёй можам вырываць горы.
Вельмі
часта здараецца так, што мы верым, але вельмі павярхоўна, верым, калі нам
шчасціць і калі ў нас усё добра складваецца, тады мы адчуваем моцную веру, калі
Бог з’яўляецца як бы нашым слугою, выконвае ўсе нашыя просьбы. А Вось калі
справы выглядаюць па-іншаму, тады бывае так, што нам цяжка сябе адчуць глыбока
веруючым чалавекам. Што тады рабіць? Якая нашая вера аб’ектыўна? Літургія
Божага Слова, сёння набліжае да нас гэтую праўду і ў нейкай ступені можа
канкрэтна нам адказаць на пастаўленыя пытанні.
Умілаваныя!
Нам добра вядомыя словы з паслання апостала Якуба а менавіта: вера без учынкаў гэта значыць без
рэлігійных практык, мёртвая. І гэтая праўда для кожнага сапраўды веруючага
чалавека ясная як Божы дзень. Калі няма практыкавання веры, то няма самой веры.
Адзінае што ёсць у такім выпадку, дык гэта чыстая тэорыя, якой мы стараемся
сябе апраўдаць з уласнай ляноты.
Падобная
вера, пазбаўленая практыкі, бывае таксама ў выніку пыхі, напрыклад: я не хаджу
да касцёла, бо… і далей ідзе цэлая літанія прычынаў чаму не хаджу: бо мне не
патрэбны пасрэднік, якім з’яўляецца святар, Пан Бог ёсць усюды, святары гэта
тыя, хто жыве лёгкім хлебам і гэтак далей і таму падобнае. Толькі такія
сцверджанні ніколі нам карысці не прынясуць, бо з’яўляюцца апраўданнем ляноты,
або вострым асуджэннем іншага чалавека.
Аднак
ёсць і іншы бок медалю. Давайце задумаемся навошта мы прыходзім кожную нядзелю
і ўрачыстасць да святыні. А дакладней дзякуючы чаму мы сюды прыходзім? Без
сумніву дзякуючы веры, якая ў нашым сэрцы, і дзякуючы якой мы прыходзім да
касцёла, каб спаткацца з жывым Хрыстом. Не з нейкай традыцыяй, вымыслам,
фальклорам, але з жывым Хрыстом, які падчас кожнай святой Імшы дае сябе ў
постаці Хлеба і Віна. Дарагія, калі ў нашым сэрцы няма веры, то мы прысутнічаем
падчас Літургіі як у тэатры, атрымоўваем толькі эстэтычную асалоду, магчыма
набываем нейкія рэлігійныя веды, але гэта яшчэ не ўсё. Вера дапамагае каб у
нашых сэрцах нарадзілася і ўзрастала любоў. Любоў як Божы дар.
Таму,
дарагія браты і сёстры, калі у нас недастаткова веры, то існуюць дзве
скрайнасці. Першая - гэта канкрэтнае
занядбанне рэлігійнай практыкі ў выніку недахопу веры, другая скрайнасць - гэта
выкананне рэлігійных практык але без веры, што можна назваць “рэлігійным
фальклорам”, або сваеасаблівым “пабожным тэатрам.”
Каб
гэтых скрайнасцей не было патрэбна, каб кожны з нас клапаціўся аб сваёй веры,
каб не забываў пра абавязкі, якія з яе вынікаюць, бо часцей за ўсё аб сваіх
правах мы ведаем, а вось з абавязкамі па-рознаму бывае.
Давайце
зараз прыгледзімся асобе сотніка з сённяшняга Евангелля. Ён быў афіцэрам і не
належыў да яўрэйскага народу. Аднак нягледзячы на гэта яўрэі яго вельмі цанілі,
а Езус не толькі яго пахваліў, але нават паставіў у прыклад для веруючых
Ізраэлітаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я
не знайшоў такой вялікай веры.-казаў Езус.
Дарагія,
варта звярнуць увагу на глебу, на якой узрастае вера сотніка. Лёс зерня Божай
ласкі, кінутае ў сэрца чалавека, у вялікай ступені залежыць ад самой глебы на
якую яно падае. Што мы бачым у прыродзе, тое у духоўным сэнсе адбываецца ў
нашым сэрцы.
Вось
паглядзіце, калі мы адпаведна не падрыхтуем зямлю пад пасеў, нельга разлічваць
на добры ўраджай і вялікі плён. Так сама і з Божай ласкай, між іншым з ласкай
веры: калі маё сэрца не падрыхтаванае, пад зерне Божага слова, то цяжка лічыць,
што ў маёй душы Божая ласка выдасць свой плён.
Мае
дарагія Божы дар трэба прыняць, але каб гэта ўчыніць: па-першае трэба хацецьпрыняць гэты дар, па –другое
трэба мець свядомасць гэтага дару, які я атрымоўваю ад Бога. Калі я цаню гэты
дар, калі ён для мяне з’яўляецца вялікай вартасцю, я буду за гэты дар адказны.
Калі я ад Бога прымаю дар веры, то тым самым маю ад Бога заклік, каб веру у
сваім сэрца развіваць, дзяліцца ёй з маімі бліжнімі. Вось якое заданне Бог дае
кожнаму з нас.Сотнік з сённяшняга Евангелля меу тры асноўныя рысы, якія дапамаглі
яму мець у сваім сэрцы добрую глебу пад Божую ласку, якой з’яўлялася моцная
вера сотніка.
Першай
такой рысай было тое, што сотнік вельмі шанаваў чалавека. Адносіўся да яго
справядліва і міласэрна. А гэта вельмі каштоўныя якасці. Бо ў язычніцкім
асяроддзі таго часу натуральна ў грамадстве не была распаўсюджана павага да
іншага чалавека, які рангам меншы. А тым
больш не было падобнай павагі ў адносінах да слугі. Часцей за ўсё слугамі
пагарджалі.
Паглядзіце
на сотніка. Ён не толькі не пагарджае, не ігнаруе свайго хворага слугі, але
робіць усё, каб яму дапамагчы і ўратаваць ад смерці. Складваецца такое ўражанне,
што той хворы чалавек ніякі не слуга яму а самы блізкі і дарагі сябар. Такім
чынам бачым, што сотнік быў сардэчным чалавекам, умеў будаваць сапраўднае
сяброўства. Сваіх іншых слугаў ён пасылае да Езуса, з просьбаю, каб не
турбаваць Настаўніка, каб Езуса празмерна не абцяжарваць сваімі праблемамі.
Сотнік просіць каб Езус сказаў толькі слова, а яго слуга будзе аздароўлены.
Другой
асаблівай рысай сотніка была яго глыбокая і аўтэнтычная рэлігійнасць.
Паглядзіце, ён сам збудаваў яўрэям, той мясцовай веруючай суполнасці збудаваў
сінагогу. Сам –гэта у сэнсе за свае ўласныя сродкі і кошт. Пабудаваў дом
малітвы. Значыць цаніў не толькі чалавека, але і рэлігійныя вартасці. Ваенны
афіцэр Рымскай імперыі, які цэніць рэлігійнае жыццё і не толькі цэніць, але
актыўна ўдзельнічае і дапамагае гэтаму
рэлігійнаму жыццю развівацца. Паглядзіце! Яго нялёгкая прафесія не знішчыла ў
сэрцы сапраўдную іерархію каштоўнасцей. Езус хваліць сотніка не толькі як
добрага чалавека, але яшчэ як сумленнага афіцэра Рымскай Імперыі. І гэта, мае
дарагія, яўны знак таго, што нават у войску ёсць магчымасць быць чалавекам
праўдзівым і рэлігійным. Веруючым чалавекам.
І
ўрэшце трэці элемент асобы сотніка было яго асабістае ўмілаванне праўды, а
таксама глыбокая свядомасць свайго месца ў свеце. У яго жыцці была пастаўлена
канкрэтная мэта, да якой ён паступова імкнуўся. Сотнік ведаў, што з’яўляецца
аўтарытэтным начальнікам, загады якога для іншых закон. Аднак ён добра
ўсведамляе сабе, што ёсць іншыя, значна мацнейшыя за яго і зусім не вайскоўцы.
Перад асобаю Езуса Хрыста, сотнік сябе адчувае малым і нязначным, нічога
нявартым. А было гэта таму што сотнік умілаваў праўду. Ён ведаў кім з’яўляецца
ў вачах іншых людзей і таксама ведаў кім з’яўляецца ў вачах Езуса. І кім
з’яўляецца Езус для яго.
Менавіта
гэтыя рысы якія існавалі ў сэрцы сотніка: шацунак да чалавека, пашана
рэлігійных вартасцяў і ўмілаванне праўды спрычыніліся да стварэння ідэальнай
глебы пад зерне Божай ласкі, якой з’яўляецца вера.
Дарагія!
Сённяшняе Евангелле спрыяе глыбокай рэфлексіі над нашай асабістай верай. Евангелле
дапамагае нам задумацца над нашай верай. Якая яна ў нас? На чым грунтуецца? Якая глеба нашага сэрца? Ці мы шануем іншага чалавека, асабліва нашага
бліжняга? Што робім, калі такі чалавек патрабуе ад нас дапамогі? Ці мы цэнім
рэлігійныя вартасці, ці толькі адносімся да іх як да традыцыі, або як да таго,
што ўжо ўстарэла? Давайце ж з вамі задумаемся над гэтым! Бо калі мы здольныя ў
імя праўды з любоўю ўзглянуць на тых, хто нам падпарадкаваны і каму мы
падпарадкаваны; калі ўзглянем на гэта праз прызму глыбокага шацунку да іншага
чалавека і возьмем пад увагу рэлігійныя вартасці, то ў сваю чаргу глеба нашага
сэрца стане добра падрыхтаванай для шматлікіх Божых дароў. А прыкладам і
натхненнем для гэтага няхай кожнаму з нас будзе сотнік з сённяшняга Евангелля. Амэн.

Comments
Post a Comment