Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А
Напэўна шмат хто з нас памятае такія моманты са свайго жыцця, калі нас прасілі нешта зрабіць, мы казалі, што гэта зробім, але ўся гэтая справа так і заставалася не кранутай. Асабіста мне зараз прыпамінаюцца моманты, калі я вучыўся ў школе і бацькі, ведаючы маю прыроджаную схільнасць да ляноты, заклікалі мяне, каб я ішоў вучыць урокі. Часцей за усё мой адказ гучаў – так, зараз пайду, але вельмі часта гэтае зараз цягнулася увесь вечар і так і не наступала.
Сённяшняя евангельская прыпавесць – класічны прыклад гэтаму. Два сыны, якія аднолькава дарагія для бацькі, па-свойму ўспрымаюць бацькоўскую просьбу. Першы, шчыра кажучы адмовіўся, рашуча выразіў сваё нежаданне працаваць. Другі сын наадварот – даў пазітыўны адказ свайму бацьку. У рэшце што атрымалася? З іх дваіх на працу ў бацькоўскі вінаграднік пайшоў менавіта першы.
Мяркую першасвятары і старэйшыны народу добра зразумелі гэтую прыпавесць Езуса. Для іх яна стала відавочнай, асабліва ў той момант, калі Езус, пасля прыпавесці зрабіў невялікі да яе каментар. Яна Хрысціцеля Езус ставіць знакам навяртання для народу. Людзі, якімі у народзе пагарджалі, а былі гэта мытнікі, таксама жанчыны сумніўнай рэпутацыі і, нягледзячы на свой гаротны стан, яны прыслухаліся да словаў Яна. Аўтарытэты жа народу: тыя ж першасвятары, праігнаравалі яго голас.
Дарагія, калі паглядзім на гэтую сітуацыю з іншай перспектывы, то мне усё часцей і часцей здаецца, што простыя людзі або людзі, якімі іншыя часта пагарджаюць, здольныя хутчэй і мацней наблізіцца да Бога, чым тыя, хто здаецца мае лепшы статус і рэпутацыю ў грамадстве. Тут канешне не хачу судзіць, бо заўсёды ёсць выключэнні з правілаў. Але сённяшняе Евангелле добра алюстроўвае стан чалавека, які жыве у 21 стагоддзі. На маю думку з большага нічога не змянілася.
Дзеля чаго Езус звяртаецца да гэтых людзей, выкарыстоўваючы невялікую прыпавесць? Ён бачыць сэрцы гэтых людзей. Канешне іх паводзіны, іх стыль жыцця прамаўляе сам за сябе. Але Езус бачыць нутро чалавека. Адначасова Ён заўважае праблему ў практыкаванні рэлігійнага жыцця асобных слаёў грамадства, такіх як фарысеі, першасвятары і кніжнікі. Статус гэтых людзей быў вельмі высокі. З большага гэтых людзей паважалі. Іншая справа наколькі такая павага была шчырай. Тым ня менш тое, што баяліся казаць іншыя, Езус кажа проста ў вочы.
Вобраз сына, які спачатку аказвае сваю непаслухмянасць у словах, атаісамляе Езус з мытнікамі і распусніцамі, з людзьмі, якія па жыцці крочылі неўласцівым шляхам. І што самае неверагодгнае і дзіўнае, тое, што менавіта яны, дзякуючы таму што апамяталіся сталі першымі на шляху да Божага Валадарства. Другі Сын – вобраз гэтых дастойных аўтарытэтных асобаў рэлігійна-грамадскага жыцця, хоць і згаджаецца на просьбу свайго бацькі, але працаваць у вінаграднік не ідзе.
Мы часта думаем, разважаем, кажам, што вельмі важна выконваць Божую волю. Прыклад сённяшняй прыпавесці паказвае вялікую ролю нашай рашучасці ў выкананні Божай волі. Выконвае Божы закон, не той, хто цудоўна яго ведае, спаўняе Божыя запаведзі не той, хто выдатна іх вывучыў напамяць, але менавіта той, хто імі жыве. Той, хто сваё жыццё падпарадкаваў Божаму закону. Божы закон, які выражаецца ў запаведзях, адлюстроўвае Божую волю.
Святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні дае добрую параду для веруючых, як удасканальваць сябе і іншых. Кажа каб мы нічога не рабілі дзеля разладу або дзеля пустой пахвалы, але каб кожны з нас у пакоры лічыў адзін аднаго вышэйшым за сябе. Тое што некалі казаў Хрыстус сваім апосталам, калі некаторыя з іх, хацелі мець уплыў у супольнасці: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою.” Па-іншаму, для таго каб набліжацца да Бога, не патрэбны высокі статус, ці паўсюдная павага іншых людзей, патрэбна іншае: наша свядомасць кім мы з’яўляемся перад Богам. І менавіта гэта стане для нас істотным штуршком, дзеля таго, каб выконваць Божую волю.
Для нас, дарагія браты і сёстры, сённяшняя евангельская навука мае вельмі вялікае значэнне. Нам таксама трэба прыняць гэтыя словы да сэрца і паспрабаваць аб’ектыўна ўбачыць, якім сынам з прыпавесці мы лічым саміх сябе. Ці тым першым, які не хоча на словах, але на чынах выконвае. Ці тым другім, які дае згоду, але так і не рупіцца аб выкананні волі свайго айца.
Можам сказаць, што вобраз першага сына, які ўсё ж такі пайшоў працаваць у вінаграднік – гэта вобраз чалавека, які перажыў навяртанне. Неахвота, якую перажываў першы сын, і якую выразіў у словах “Не хачу!” – гэта ні што іншае як трыванне ў граху. Чалавек кажа Богу "Не!" – калі трывае ў граху. І навяртанне да Бога – гэта тое апамятанне. Сын апамятаўся. Напэўна задумаўся пра свайго бацьку, якога ён паважаў, і прыйшоў да высновы ў сваім сэрцы, што праца ў вінаградніку будзе выразам падзякі і любові да яго бацькі. Вось гэта і ёсць сімвал навяртання. Нам таксама трэба апамятацца, ажывіць сваю любоў да Бога і на Яго запрашэнне сваімі паводзінамі адказаць – “Так!”
Сёння Езус нас запрашае да працы ў Божым вінаградніку. Ён не хоча, каб мы паўтаралі памылку другога сына. Першае чытанне нам сёння кажа: “Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, які чыніў, і будзе здзяйсняць правасуддзе і справядлівасць, ён захавае жывой душу сваю.” Менавіта гэтага ад нас жадае Бог: каб мы адвярнуліся ад граху і чынілі справядлівасць у сваім жыцці. Божая праўда – гэта гарант таго, што мы, калі паводле яе жывем, становімся падобнымі да Бога. Калі мы хлусім, нават у малых рэчах, то паступаем як той другі сын: кажам пойдзем, а нікуды не ідзем.
Дарагія браты і сёстры! Хрыстус ведае і нашыя сэрцы. Ён выразна бачыць што там добрае, а што кепскае. Ён чакае нашай рашучасці. Мы не павінны быць нейтральнымі і няможам такімі быць. Хрысціянскае жыццё мае ў сабе такую асаблівасць, што перад намі заўсёды ёсць выбар, паколькі Бог заўсёды да нас звяртаецца. І толькі ад нас залежыць, які гэты выбар мы захочам здзейсніць: ці станем актыўнымі працаўнікамі вінаградкіку, ці застанемся бясчыннымі і абыякавымі. Залежыць ад нас. Амэн.

Comments
Post a Comment