Гамілія на ўрачыстасць св. Юзафа

"Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, Пане, 
яны будуць праслаўляць Цябе вечна."

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя ўрачыстасць ставіць як прыклад для нас св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Несумненна, быў гэта чалавек вялікага сэрца і незвычайнай пакоры. Святы Юзаф быў паслухмяны Богу і адказны як за сябе, так і за іншых. 

"Юзаф зрабіў усё так, як яму загадаў Анёл Пана." Калі паглядзець на нашае сучаснае жыццё, як жа часта бывае, што мы не любім выконваць чыіхсьці просьбаў ці загадаў, не любім прыслухоўвацца да таго, што нам раяць ці прапануюць. Значна лягчэй выконваць той загад які, для нас прыемны, і амаль нічога не каштуе. Аднак, калі ад нас чагосьці патрабуецца, то наш альтруізм праяўляецца па-рознаму. Не раз у такіх выпадках мы бунтуемся, наракаем, хоць і выконваем просьбы іншых. Бунт прыходзіць, бо нам здаецца, што адбіраюць нам нашу свабоду.

У духу святой паслухмянасці нам лягчэй выканаць загады, бо ўспрымаем іх знешне і павярхоўна. Аднак як жа часта ўнутры нас узнікае поўная нязгода, неахвота ды абыякавасць. Ці магчыма нам зрабіць гармонію паміж выкананнем знешнім і ўласнай ахвотаю ды добрай воляй? Ці чалавек здольны быць паслухмяны цалкам: унутрана і знешне? Без сумніву так. Не думайце, што гэта немагчыма. Гэта не на мяжы фантастыкі, але сапраўды рэальная справа. А як гэта зрабіць вучыць нас св. Юзаф. Ведаеце, чаму ён вялікі святы? Бо ён адрозніваўся незвычайнай паслухмянасцю, паслухмянасцю Богу. І цікава так паразважаць адкуль у яго столькі незвычайнага даверу да Бога, да Ягоных планаў. Напэўна, дарагія браты і сёстры, крыніцай такога незвычайнага даверу стала вялікая, моцная і сапраўдная вера святога Юзафа.

Давайце разам прыгледзімся да некаторых падзеяў з яго жыцця. Аўтары Евангелля неаднаразова прадстаўляюць сітуацыю, у якой знаходзіцца св. Юзаф, даволі складанай, дзе яму трэба прыняць нялёгкае рашэнне. І гэтая нялёгкая сітуацыя ў якой ён апынаецца, дапамагае яму рэалізаваць Божы дар паслухмянасці і бязмежны давер Божай волі. 

Марыя, яго жонка, знаходзіцца ў благаслаўлёным стане. Напэўна, адразу калі ён даведаўся аб гэтым, то быў у шоку. Як гэта магчыма??? Але не абвінаваціў Марыю ў тым, што яна была яму нявернай, хоць меў на гэта права. Ён нават гэтую тэорыю не браў пад увагу. Але сам факт цяжарнасці ягонай жонкі выклікаў шмат цяжкасцяў і знакаў запытання. Юзаф быў перакананы ў простасці і святасці гэтай дзяўчыны. Але даканца не мог зразумець, што зараз з ім адбываецца. Ён хоча адпусціць яе патаемна. І тут пачынае ўваходзіць Божая інтэрвенцыя ў жыццё святога. 

У сне анёл тлумачыць Юзафу, што сталася і што належыць рабіць. Ён перадае Юзафу Божы наказ. І, як бачым, гэты чалавек цалкам пазітыўна адказвае на Божы загад. Абудзіўшыся Ён учыніў так, як яму загадаў анёл. Вось гэта, мае дарагія, канкрэтная праява паслухмянасці. Не было ніякай дыскусіі у сэрцы Юзафа з Богам, адносна таго чаму яго сустрэў такі лёс або што ты Пане Божа ад мяне хочаш, або не чапай мяне, бо я хачу жыць так, як іншыя, а Ты ўваходзіш у мае планы і патрабуеш ад мяне вельмі шмат. Паглядзіце нічога падобнага ў Юзафа не было. Ён без вагання паслухмяна выконвае усё тое, што сказаў яму анёл у сне. 

Іншая падзея. Калі Езусу-немаўляці пагражала небяспека з боку Ірада, зноў анёл дае загад Юзафу, каб ісці ў Егіпет і там пэўны час перачакаць. І гэтым разам Юзаф таксама без разважанняў, хуценька выконвае загад анёла: Устаў, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і пайшоў у Егіпет. Як бачым, Бог неаднаразова ставіў св. Юзафа перад вельмі складанымі сітуацыямі, і на кожную з іх Юзаф адказаў Богу паслухмянасцю і даверам. І, як узнагароду за падобную адданасць, атрымаў ад Бога ўдзел у незвычайных і вялікіх таямніцах гісторыі збаўлення.

Дарагія! Як нам наследваць св. Юзафа ў нашым жыцці? Можа нам таксама, як і яму, патрэбна паслухмянасць у духу веры: больш спадзявацца на Бога, чым на ўласныя сілы, больш лічыцца з Божай воляй, чым з уласнай, бачыць патрэбы бліжняга чалавека, а не толькі свае. Можа за мала ў нас свядомасці таго, што усё добрае, згоднае з Божай воляй, насамрэч набліжае нас да Бога. Магчыма мы слаба верым, што ўсё, выкананае намі ў духу паслухмянасці, мае свой сэнс, нават калі ў нашых вачах гэтага сэнсу няма.

Як казаў адзін нямецкі філосаф, «паслухмянасць з'яўляецца пачаткам усялякай мудрасці». І логіка падказвае, што быць мудрым - раўназначна таму што, і быць паслухмяным. А быць паслухмяным, у сваю чаргу, гэта значыць умець слухаць.

І калі мы так разважаем, то несумненна прыходзім да высновы, што не так шмат у нас сапраўднай мудрасці. За мала у нас умення слухаць і быць паслухмянымі. Больш жадаем, каб нас слухалі. Варта кожнаму прыгледзецца да св. Юзафа, сённяшняга заступніка і апекуна. Евангелле паказвае яго як чалавека маўклівага, але умеючага слухаць, здольнага да паслухмянасці ў поўнай меры. Св. Юзаф прыклад гэтай паставы. Ён ціхі, які застаецца ў цяні Божага плану, і адначасова такі значны і вялікі. 

Пра яго мала апавядаюць Евангелісты, але адназначна падкрэсліваюць яго вялікую і значную ролю ў гісторыі збаўлення. Менавіта святога Юзафа абраў Бог, каб ён стаў апекуном Яго Сына. Было гэта, напэўна, вынікам вялікай веры св. Юзафа і адначасова памнажала ў ім ўсе дадзеныя Богам дабрадзейнасці. Варта і нам прасіць Бога аб жывой веры, якую меў сённяшні святы. Гэта вера ў ім была бязмежнай, без ценя сумніву ці недаверу, была простай і шчырай. Вось да такой веры і нам трэба імкнуцца, дарагія браты і сёстры. 

Напрыканцы нашага разважання, хачу прывесці некалькі словаў нашай вялікай святой, якая абрала Св. Юзафа асаблівым сваім заступнікам – гэта святая Тэрэза Авільская. Яна пісала так: «Я абрала сабе за асаблівага заступніка хвалебнага святога Юзафа, моцна яму давяраючы. Айцец гэты і заступнік мой неаднаразова выслухоўваў мяне і рабіў мне дабро больш, чым я ў яго прасіла. Праз гэта Езус хоча мяне ўпэўніць у адной праўдзе: калі Ён (Езус) падчас свайго зямнога жыцця быў паслухмяны Юзафу як свайму апекуну, то ў небе ўчыніць усё, аб чым папросіць Яго гэты святы.»

Таму, дарагія браты і сёстры, даверымся гэтаму магутнаму святому, каб праз яго заступніцтва наша вера была па-сапраўднаму моцнай, каб мы баранілі святасць нашых сем'яў, і імкнуліся кожнага дня хоць на крок станавіцца больш паслухмянымі на ўзор святога Юзафа. Амэн.

Чытанні: Catholic.by

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В