Гамілія на Ўнебаўзяцце НПМ

       Марыя, Маці Езуса Хрыста, Бога чалавека, велічная Панна, таксама з’яўляецца адной з нас. Яна - Жанчына, Яна - Маці, Яна - Сястра… Незвычайнасць Яе асобы вынікае з незвычайнага Мацярынства, з Яе незвычайнай пакоры, з яе проста незвычайнага даверу Божай волі, Божаму Провіду. І незвычайнасць Яе асобы рэалізоўваецца ў звычайнай шэрай штодзённасці.
Яе звычайны адказ "няхай будзе воля Твая" стаў пачаткам незвычайнага жыцця і незвычайнага Мацярынства. Незвычайнага, але адначасова вельмі звычайнага і простага, уласцівага для звычайнай простай жанчыны. Жыцця поўнага “звычайнасці”, але поўнага змагання, выпрабавання і цярпення.
Цяжка казаць аб Марыі ўзгадваючы толькі  яе звычайнасць у жыцці; але таксама цяжка казаць пра Марыю катэгорыямі незвычайнасці. Бо цудоўным і незвычайным было яе Беззаганнае зачацце, такім жа было Яе Мацярынства, урэшце незвычайным і цудоўным было Яе Унебаўзяцце.
Яна адзіная з усяго чалавецтва была без граху. Яна адзіная сярод усяго чалавецтва не памерла, але з целам і душою была ўзятая да неба. Яна і толькі Яна адзіная была ўзнесена да такой вялікай годнасці, вялікай і незвычайнай: да годнасці Божай Маці. Таму вельмі цяжка казаць аб Марыі толькі катэгорыямі незвычайнасці, каб не ўчыніць з Яе багіню, каб Яна ў нашым сэрцы ўспрымалася адэкватна. Бо Яна таксама як і мы – Божае стварэнне.
Але і звычайным чынам пра Яе цяжка казаць, каб не спрафанаваць, не прынізіць Яе Мацярынства, Яе асобу, Яе жыцця, Яе святасці… Каб не зводзіць Яе асобу і яе жыццё да ўзроўню толькі нашай шэрай рэчаіснасці, да ўзроўню нашай абыякавасці…
Дарагія! Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі мы ўзгадваем заўсёды, калі молімся прадапошняй таямнічкай Хвалебнай часткі ружанца.  Гэтая падзея ў жыцці Найсвяцейшай Панны з’яўляецца не толькі тым фактам, што Яе Сын Езус Хрыстус узносіць Яе да Хвалы збаўленых у небе, да такой асаблівай хвалы, але праз гэтую таямніцу Ўнебаўзяцця дае кожнаму з нас надзею, прадсмак, адчуванне таго, што нас чакае ў будучым… Што будзе таксама і нашым удзелам, нашай прысутнасцю ў Божай хвале. Але з умовай, што мы гэтага жадаем, жадаем вечнага шчасця, жадаем аглядаць Бога тварам у твар…
Сённяшняя ўрачыстасць ёсць святам, у якім асаблівым чынам ушаноуваем Маці Хрыста. Бо Яе Сын у якім мы ўсе адчуваем надзею нашага ўратавання і вечнага збаўлення, сам асабіста Яе ўшанаваў.
Дарагі брат  і сястра! Калі хочаш, каб тваё жыццё і твая вечнасць былі незвычайнымі на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі, то проста прапаную табе наследваць звычайнасць жыцця Марыі, Яе простую пакорную штодзённасць.
І яшчэ адна рэч. Няварта шукаць чагосьці незвычайнага  і шмат узнёслага ў нашым жыцці. Не такі яго сэнс. Не думайце таксама, што для святасці патрэбна нейкая незвычайнасць ці нейкія цуды ў нашым жыцці. Штосьці такое што моцна адрознівала б нас ад іншых. Не. Не гэта патрэбна. Найсвяцейшая Панна Марыя сваёю асобаю паказвае як у жыцці імкнуцца да святасці, а менавіта, перажываць кожны звычайны дзень, дзякуючы за яго Богу і з пакораю выконваць Яго волю… Кожнага дня жыць і напаўняць сваё сэрца дабром і праўдаю; жыць звычайна, бо толькі ў такой звычайнасці заключаецца незвычайнасць жыцця і асобы Найсвяцейшай Панны Марыі. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В