РЭКАЛЕКЦЫЙНЫЯ НАВУКІ
НА ВЯЛІКІ ПОСТ
I.
Вялікі
Пост гэта звычайна час нашага духоўнага
ўзрастання. Прынамсі кожны веруючы
стараецца, каб так было. Час посту
рыхтуе нас да найважнейшых падзеяў
Касцёла, да Велікодных Святаў. З года ў
год мы ўспамінаем муку і смерць Езуса
Хрыста, каб што раз больш цешыцца Яго
Уваскрасеннем. У гэты перыяд літургічнага
году мы быццам нараджаемся па-новаму
як хрысціяне. Аднауляем у сабе надзею,
што нашае жыццё мае глыбокі сэнс, бо
самім Богам яно упісана ў Гісторыю
збаўлення.
Час
рэкалекцыяў дазваляе нам чарговы раз
наблізіць да сябе таямніцы Хрыста, якія
перажываем у Вялікім Посце і пераасэнсаваўшы
сваё жыццё, унесці ў яго пэўныя папраўкі.
А можа нават зрабіць работу над памылкамі.
Гэта час калі мы ставім сабе важныя
пытанні.
Благаслаўлёны
Ян Павел ІІ у энцыкліцы “Рэдэмпторіс
міссіо” напісаў: “Сучасны чалавек
больш верыць сведкам, чым настаўнікам;
больш верыць досведу, чым дактрыне;
больш жыццю і фактам, чым тэорыям. “
Так.
Кожны з нас хацеў бы спаткаць такога
чалавека які з’яўляецца сведкам таго,
што робіць і чым жыве. Я хацеў бы спаткацца
з чалавекам, які працуе рупліва, з
захапленнем. Святара, які быў бы ўзрушаны
Богам, настаўніка, які з адданасцю
выхоўвае і перадае веды; лекара, які
сумленна і прафесійна выконвае сваю
працу і канешне бацькоў, якія з любоўю
і апекаю клапоцяцца пра сваіх дзяцей.
Св
Пётр Хрызалог біскуп у адным са сваіх
казанняў напісаў так: “існуюць тры рэчы
браты на якіх грунтуецца вера, абапіраецца
пабожнасць і трывае дабрадзейнасць.
Гэта - малітва, пост і учынкі
міласэрнасці.
Калі
ты верыш што ёсць Бог, то скажы колькі
часу ты ахвяруеш на размову з Ім, з Тваім
Богам? У тыдні 168 гадзінаў: памножым гэта
на хвіліны - немаленькі кавалак часу
атрымоўваецца. Калі ты верыш, што Ён
ёсць, то колькі з гэтага часу ты ахвяруеш
на размову з ім, на прабыванне з Ім.
Малітва
- гэта зброя чалавека у змаганні з тым
што цяжкае і па-чалавечы немагчымае.
Мець час на малітву значыць мець час
для Бога. Цудоўны дар, які нам даў Бог
- гэта Эўхарыстыя. Нам святарам то
жыцця не хопіць, каб адудзячыць Богу за
гэты дар, які Ён склаў у нашыя простыя
людскія рукі, за тое, што мы можам
складваць Ахвяру, а рукі нашыя становяцца
нібы жывой манстранцыяй.
Можам
паставіць сабе некалькі пытанняў. Калі
ты прыходзіш да святыні як выглядае
тваё прывітанне з Езусам? Калі верыш,
што Ён тут прысутнічае, як выглядае твой
удзел у Святой Імшы: пра што думаеш, з
якой інтэнцыяй прыходзіш на Эўхарыстычную
сустрэчу з Ім?
Адкажы,
… калі маеш вельмі важную сустрэчу,
напрыклад адносна сваёй працы, ці на
гэтую сустрэчу не прыдзеш загаддзя, каб
не спазняцца, каб паказаць працадаўцу,
што дадзеная праца для цябе з’яўляецца
чымсьці важным. Што яго шануеш як
працадаўцу. Шануеш яго час. Калі так, то
як выглядае твая пунктуальнасць адносна
Св. Імшы? Мы павінны часта ставіць сабе
пытанне кім Ён, Езус, для нас ёсць?
Чым для цябе і мяне з’яўляецца удзел
ў Эўхарыстыі?
Пра
а. Піо казалі: Былі такія моманты, калі
ён не мог скончыць справаванне Эўхарыстыі,
бо меў візію як анёлы сыходзяць з неба
акружаюць алтар, каб падзякаваць Богу
які прыходзіць падчас Св. Імшы і адначасова
перапрасіць Яго за холад чалавечага
сэрца. А колькі разоў мы прапускаем
Св. Імшу з-за ляноты і гэта любоў? Гэта
вера і сведчанне? А як я адношуся да
свайго бліжняга ці яднаючыся з Богам я
паяднаны з чалавекам, ці можа толькі
падчас знаку супакою магу працягнуць
руку, а па-за касцёлам гэта зрабіць не
заўсёды магу?
Цяжкія
думкі займалі аднаго маладога чалавека,
калі познім восеньскім вечарам кроплі
дажду моцна стукалі ў вакно. Мінула ўжо
многа гадоў як ён не бачыў свайго бацьку.
Але ў яго вушах усё яшчэ гучалі суровыя
словы таты. Яны рассталіся кажучы, што
ніколі больш не будуць размаўляць паміж
сабой. Аднак усё змянілася ў гэты вечар.
Патэлефанавала маці і сказала, што ў
бацькі прыступ сарца і лекары не абяцаюць
нічога добрага. Малады чалавек хутка
замовіў білет на самалёт і паляцеў да
бацькі. Ён спяшаўся ў шпіталь, хоць перад
гэтым яго сэрца было перапоўнена злосцю
і крыўдай. Аднак цяпер ён разумеў, што
так многа гадоў прайшло дарма з-за
зайздрасці і непаразуменняў. Калі ён
прыехаў да шпіталю, то ў бацькі вярнулася
свядомасць. Але больш радаснай весткай
было тое, што бацька жадаў бачыць свайго
сына. Яны абодва зразумелі, што былі не
справядлівыя адзін да другога і ўжо
больш не хацелі заставацца ворагамі.
Яны зноў хацелі быць бацькам і сынам.
Біблія
выкарыстоўвае слова “прымірэнне” каб
апісаць тое, што Бог зрабіў нам праз
свайго Сына Езуса Хрыста. Бог прымірыў
нас з сабой праз смерць свайго Сына і
гэтым самым абсалютна замяніў нашыя
адносіны з Ім, мы нанова сталіся Яго
дзяцьмі. Пры чым, трэба падкрэсліць,
што ініцыятыва належала да Бога, а не
да чалавека.
Насамрэч
прабачыць кагосьці значыць сказаць яму
не хачу каб ты загінуў, але хачу, каб
жыў, хачу заўсёды і дзеля твайго дабра.
Абсалютная ўпэўненасць у гэтым
падтрымлівала Езуса на працягу сарака
дзён, якія ён правёў на пустыні пасля
свайго хросту. Гэты доўгі час маўчання
і посту быў для Езуса часам аддання Сябе
Айцу і Яго адвечнаму замыслу любові.
У
часе Вялікага Посту нашая ўвага асабліва
звяртаецца да Хрыстовага крыжа. Для
людзей, якія асудзілі Езуса на смерць,
крыж быў знакам ганьбы, пазору ды жахлівай
смерці, бо ў часы Рымскай Імперыі, крыж
быў прыладай смяротнага пакарання.
Аднак смерць Езуса ўнесла зусім іншы
сэнс у вобраз крыжа. Для нас крыж
з’яўляецца знакам перамогі, бо паміраючы
на крыжы Езус перамог смерць, грэх і
д’ябла. Крыж для Настаўніка з Назарэту
стаў не толькі канцом жыцця, але пачаткам
новага – вечнага жыцця. Дрэва крыжа
святое, бо сам Бог выкупіў на ім нашыя
грахі. Крыж – гэта сімвал адкуплення і
прабачэння.
Вельмі
прыгожа апавядае аб перамозе Ян Златавуст
кажа: паглядзіце на сапраўды дзівосную
перамогу Хрыста. Тым, чым калісьці шатан
перамог першага чалавека, тым Хрыстус
перамог шатана. Дзева, дрэва і смерць
былі спачатку сімвалам упадку першага
чалавека. Дзевай была Ева, бо яшчэ не
злучылася са сваім мужам. Дрэвам было
райскае дрэва пазнання дабра і зла,
смерць – стала карай Адама. Ізноў Дзева,
дрэва і смерць становяцца ўжо сімваламі
нашай перамогі. Толькі на месцы Евы ўжо
– Марыя, на месцы дрэва пазнання
дабра і зла – дрэва крыжа, на месцы
смерці Адама – смерць Хрыста. А праз
гэту смерць мы сталі несмяротнымі.
Хрыстовы
план збаўлення – гэта план міласэрнасці,
для ўсіх людзей і Касцёла. У цэнтры
гэтага плану Крыж. У ім асаблівым чынам
трыумфуе міласэрная любоў. Праз аб’яўленне
гэтай міласэрнасці Бог аднаўляе годнасць
чалавека і Хрыстус які праз сваю
муку і крыж не дасведчыў людской
міласэрнасці, праз сваё ўваскрасенне
адкрыў усю паўнату той любові якою Айцец
любіць Яго і ў Ім любіць усіх людзей.
Праз Хвалебнае ўваскрасенне Хрыстус
аб’явіў Бога любові праз тое, што шляхам
да ўваскрасення стаў крыж. Мае дарагія!
Без крыжа няма ўваскрасення!
Сапраўднае
ўшанаванне Бога заключаецца ў вернасці
Яго запаведзям. Мы добра ведаем Божы
Закон, дадзены нам у Дэкалогу. Аднак
толькі ведаць дзесяць запаведзяў не
дастаткова для збаўлення. Неабходна
жыць імі кожны дзень. А гэта як паказвае
практыка не так і проста. Таму ў чалаека
вельмі часта з’яўляецца такая спакуса
адмяніць Божы Закон і замест яго
ўстанавіць свой ўласны, чалавечы, які
яму выгодны…Так рабілі напрыклад
фарысеі за што іх Езус неаднаразова
дакараў, заклікаючы каб апамятаваліся:
“Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся
чалавечай традыцыі” і як вынік гэтага
дайшло да таго, што “гэты народ шануе
Мяне вуснамі, але сэрцы іх далёка ад
Мяне”. Дарагія, усе прадпісанні, традыцыі,
звычаі ўведзеныя чалавекам, з’яўляюцца
правільнымі і абгрунтаванымі толькі
тады, калі дапамагаюць выконваць Божыя
запаведзі. Калі ж яны іх адмяняюць або
ім супярэчаць, то нараджаецца пачуццё
падманлівага самаапраўдання, якое не
набліжае да Бога, але наадварот аддаляе
ад Яго.
Аднойчы
жанчына будучы ў адным мястэчку праездам,
мела крыху вольнагак часу і вырашыла
зайсці ў касцёл, дзверы якога былі насцеж
расчыненыя, хоць да Імшы і заставалася
дзесьці каля гадзіны часу. У касцёле не
было ніводнага чалавека. Жанчына выбрала
лаўку бліжэй да алтара, падыйшла,
укленчыла і распачала маліцца. Дарэчы
яна вельмі любіла маліцца ў пустым
касцёле, сам-насам з Панам Богам, калі
ніхто з боку, ззаду ці з пераду не шамаціць
салафанам, не кашляе або не абмяркоўвае
з суседкай сёлетні ўраджай.
Аднак
суцешлівая радасць гэтай жанчыны не
была доўгай. Неўзабаве хтосьці ўвайшоў
у касцёл і паволі цяжка ступаючы ішоў
па цэнтральным праходзе. Жанчына,
навучаная змалку, што у касцёле круціцца
без патрэбы нельга, не азіралася. Тыя
павольныя і размераныя крокі наблізіліся
да жанчыны якая малілася ў лаўцы і аціхлі
проста за яе спіной. Праз нейкі момант
хтосьці рукою поркнуў яе ў бок. Жанчына
азірнулася і ўбачыла бабулю з двума
малітоўнікамі і ружанцам у руках.
Пасунься
– сказала бабуля, тут я сяджу. Жанчына
разгубілася ў касцёле толькі два
чалавекі: яна і я. Два доўгія рады пустых
лавак чакалі вернікаў, а жанчыне
прапаноўвалі, а дакладней загадвалі
саступіць месца, быццам у перапоўненым
аўтобусе. Калі бабуля паўтарыла другі
раз сваю просьбу, толькі тады жанчына
зразумела, што гэта не жарт і пасунулася.
Так жанчына адыходзіла з лаўкі ў лаўку
і ёй ужо не было спакойна, бо адкуль яна
ведала, ці не прыйдзе праз хвіліну
хтосьці яшчэ і не прапануе ёй зноў
кудысьці пасунуцца. Жанчына адышла на
суседнюю лаўку, потым яшчэ далей, пакуль
не апынулася на каленях пры бакавым
алтары.
Добра,
калі я маю месца ў святыні, але значна
лепш, калі Езус мае месца ў святыні майго
сэрца!
Дарагія,
нягледзячы на намаганні і адрачэнні,
варта пайсці за Езусам, бо менавіта тады
жыццё будзе мець сэнс. Дазвольце Хрысту
захапіць вас. Прыміце Яго заклік і ідзіце
за Ім. Ідзіце і абвяшчайце добрую Навіну
Адкуплення; рабіце гэта з радасцю ў
сэрцы і станавіцеся абвяшчальнікамі
надзеі ў свеце, які часта трапляе ў
небяспеку спакусы роспачы, станавіцеся
абвяшчальнікамі веры ў свеце, які,
здараецца, часам паддаецца малавер’ю,
станавіцеся абвяшчальнікамі любові
сярод падзеяў кожнага дня…”
II.
Мае
дарагія! Кожны чалавек хацеў бы быць
кімсьці шчаслівым.
Калі
мы клапоцімся аб гэтым, стараемся шукаць
шчасця, то робім гэта з надзеяй, што можа
хоць акрушынка яго будзе ў нашым жыцці.
Шчасця мы жадаем сабе ў розных аказіях,
калі святкуем юбілей, Дзень Нараджэння
і г.д. Кожны з нас можа канкрэтна акрэсліць
усё тое, што да шчасця патрэбна: здароўе,
любоў, дзіця, праца, грошы, дом – набольш
тое, чаго нам нехапае. Калі мы ўсваім
жыцці усведамляем нейкі недахоп, які
мае для нас вялікае значэнне, мы перастаём
быць шчаслівымі. Ханс Крысціян Андэрсэн,
вялікі казачнік, пад канец сваёй
аўтабіяграфіі напісаў, што …”ані
несмяротнае імя майстра, ані веліч
кароны вяльможаў не чыняць чалавека
шчаслівым; шчасце можна з лёгкасцю
знайсці там, дзе людзей задавальняе
дробязь, калі яны адчуваюць любоў у
сваім сэрцы і калі іх любяць”.
Жыў-быў
шэры верабей. Яго жыццё складалася з
шэрагу непакояў, цяжкасцяў і знакаў
пытання. Калі ён быў яшчэ ўнутры яйка
ён увесь час моцна непакоіўся і мітусіўся
”ці дам сабе рады разлупіць гэтую моцную
шкарлупу? Ці не вывалюся я з гнязда?
Ці паклапацяцца мае бацькі каб мяне
выкарміць? Такія і падобныя пытанні
мучалі верабья.
Калі
гэтыя страхі прайшлі, то пачалі
пераадольваць іншыя: Ён дрыжаў седзячы
на галінцы, з якой павінен быў зрабіць
свой першы палёт” Ці ўтрымаюць мяне
мае крылы? Ці не разаб’юся я аб зямлю?
Хто мяне зноў узніме наверх?”
Канешне
ён навучыўся лётаць, але зноў пачаў
ныць: ”Ці знайду я сабе сяброўку? Ці
змагу я пабудаваць гняздо?
У
яго ўсё атрымалася, але верабей працягваў
сябе мучаць”Ці будзе належным чынам
ахована маё патомства? А можа ў дрэва
маланка стукне і ўся мая сям’я загіне?
А калі прыляціць каршун і з’есць маіх
дзетак… Што тады?
Калі
і яго дзеці-птушаняты падраслі сталі
прыгожымі, здаровымі і пачалі бадзёра
пархаць, верабей не пераставаў жаліцца:
“Ці знойдуць яны дастатковую колькасць
ежы? Ці змогуць зберагчы сябе ад ката
ці іншых драпежнікаў?...”
Аднойчы
пад тым дрэвам на якім сядзеў гэты наш
верабей і наракаў спыніўся Настаўнік.
Ён паказаў пальцам на вераб’я і сказаў
сваім вучням” паглядзіце на нябесных
птушак: яны не сеюць і не жнуць і не
збіраюць ураджай зернем…а усё-такі
Айцец ваш, які ў небе, корміць іх.
І
толькі тады шэры верабей зразумеў, што
ў яго было ўсё. Ён меў шчасце. Толькі
гэтага не заўважыў.
Калі
прыгледзіцца, то і ў нашым жыцці бывае
нешта падобнае. Шчасце ёсць толькі мы
яго не бачым.
Так
было і ў часы Новага Запавету. Людзі
хворыя, церпячыя, нешчаслівыя, абцяжараныя
дакорам сумлення ішлі за Езусам. А Ён
іх не толькі аздараўляў з цялесных
хваробаў, Ён лячыў нават тых, якія былі
зламаныя на духу. Колькі ж людзей як
раней так і сёння, нясуць цяжар свайго
болю ў самотнасці. Колькі з іх губляе
надзею і перастае спадзявацца ў вартасць
і сэнс свайго жыцця. Колькі з іх замест
таго каб бачыць у жыцці цудоўны дар
Бога, бачаць толькі горыч свайго
існавання?
Вобраз
такога цярпення цудоўна адлюстроўваецца
ў біблейскай постаці Ёва. Калі яму добра
жылося, меў вакол сябе вялікую колькасць
сяброў. Але калі шчасце адвярнулася ад
яго, то разам з ім адвярнуліся і яго
сябры. Калі Ёў згубіў усё, што меў, сваіх
найбліжэйшых, матэрыяльныя даброты,
калі да яго дакранулася хвароба і смутак,
ужо ніхто яго больш не разумеў. Ён
застаўся сам у сваім цярпенні.
Нават
жонка і некалькі яго сяброў спакушалі
яго, калі той моцна трываў ў сваёй веры
і быў перакананы што мае рацыю. Ёў быў
упэўнены, што цярпенне, якое яго спаткала,
не з’яўляецца карай за яго грахі. Ён
кажа, што церпіць нявінна, што ён ніколі
нічога не рабіў супраць Бога, але яго
суразмоўцы перакананыя ў тым, што кожнае
цярпенне з’яўляецца карай за адыход
ад Бога. Такога роду самотнасць Ёва яшчэ
больш цяжэйшая ад болесцяў і цярпенняў,
якія раней мелі месца ў яго жыцці. Ёў
ёсць вобразам таго, які вучыць нас, што
ў жыцці чалавека могуць з’явіцца рознага
роду выпрабаванні.
Для
Ёва было самае галоўнае захаваць вернасць
Богу, нягледзячы на сур’ёзную нешчаслівую
сітуацыю і цярпенне, якое яго акружала.
І як ведаем Ёў гэтае выпрабаванне
перажыў, а Бог яго ўзнагародзіў за гэта.
Бо ён усю сваю надзею ўсклаў на Бога,
нягледзячы на пытанні бунту, якія ў яго
нараджаліся: чаму гэтак сталася са мной?
За што?.. Яго нявінныя цярпенні сталі
вобразам цярпенняў Хрыста, які сваёй
нявіннаю мукай збавіў свет. Нягледзячы
на свае цярпенні, Ёў адкрыў таямніцу
свайго шчасця ў верным трыванні пры
Богу.”Пан даў, Пан забраў няхай Імя
Пана будзе благаслаўлёна…Дабро мы
прынялі з рукі Пана, чаму зло няможам
прыняць”
Шмат
тых, хто ішоў за Езусам, перажываў свае
цярпенні ў самоце. Можа і яны неаднойчы
чулі, што іх спаткала кара. Але зараз
пачуўшы аб Хрысце людзі жадаюць наблізіцца
да Яго, падыйсці бліжэй, каб адчуць на
сабе Яго аздараўляльную моц. Езус не
толькі лечыць і аздараўляе, Ён вучыць
любові. Ён адкрывае вартасць зямнога
жыцця, яго праўдзівы сэнс і прыгажосць.
Езус не пагарджае гэтымі церпячымі
людзьмі, не пазбягае іх, не выкрыквае ў
іх адрас балючыя вострыя словы. Наадварот,
Ён з любоўю і спачуваннем вылечвае,
аздараўляе на душы і целе. Езус не хоча,
каб мы любілі цярпенні, але хоча каб мы
праз гэтыя цярпенні, штодзённыя
выпрабаванні жыцця імкнуліся любіць
Бога і бліжняга. Бо праз іх мы можам
больш зразумець вартасць жыцця і вартасць
Таго, хто стварыў гэтае жыццё.
На
пачатку сваёй публічнай дзейнасці Езус
кліча сваіх вучняў. А яны становяцца не
толькі сведкамі Яго навучання і дабрыні,
але і самі жадаюць наследваць тое, чаму
вучыць і чым жыве іх Настаўнік. Жаданне
наследваць Хрыста ў сваім жыцці становіцца
для вучняў галоўнай мэтай іх дзейнасці.
У гэтым заключаецца іх шчасце. Гэтую
праўду адкрыў св. Павел, які казаў: “бяда
мне, калі не буду абвяшчаць Евангелле”.
Як ведаем яго таксама аздаравіў Езус
Уваскрослы, пад Дамаскам, перамяняючы
жыццё Паўла з праследвальніка на Апостала
Народаў.
Мае
дарагія, кожны з нас у пэўным сэнсе
з’яўляецца вучнем Хрыста і нам таксама
трэба клапаціцца, аб тым, каб быць добрымі
Яго вучнямі. Сваім жыццём, нават сваім
цярпеннем можна абвяшчаць Евангелле,
прапаведваць сваім жыццём можна не горш
чым словамі.
Дарагія
браты і сёстры, Хрыстус кліча нас,
каб мы на ўзор Апостала Народаў, св.
Паўла”усё рабілі дзеля Евангелля,
каб ў ім мець свой удзел” Як хрысціяне
мы пакліканыя да таго, каб абвяшчаць
словам і чынам, што Бог ёсць любоў і што
Ён заўсёды з намі, нягледзячы на цяжкія
моманты нашага жыцця, якія мы перажываем,
калі нават не бачым надзеі. Але ў жыцці
мы можам выразна ўбачыць такі прынцып,
што Бог міласэрны, Ён заўсёды ўсё
кіруе на лепшае.
Напэўна
мы не аднойчы задумваліся што трэба
рабіць, каб быць шчаслівым? Магчымасцяў
нібы ёсць многа. Адныя імкнуцца ўсякім
коштам набіць сабе кашалёк, для шчасця,
іншыя лічаць –шчасце гэта дом, багацце
дабрабыт, улада і г.д…Ёсць і такія, якім
для шчасцья наогул нічога не трэба
рабіць і менавіта тады яны адчуваюць
сябе шчаслівымі. Ва ўсякім разе шчасця
шукае кожны чалавек. А ужо дзе я шукаю
гэтае маё шчасце залежыць канкрэтна ад
мяне, ад таго кім я ёсць.
Калі
ўважліва прыгледзімся, то шмат хто шукае
шчасця на цяперашні момант, на “зараз”.
Гэта так званы метад фаст фуд – хуткі
эффект за малы кошт. Менавіта вобраз, а
дакладней карыкатуру такога шчасця нам
прапануе вораг збаўлення. Ён добра
ведае, што няма лёгкага шчасця: гэта
проста немагчыма. Фікцыя. Але паколькі
вораг гэты вялікі хлус і ашуканец, ён
часта пераконвае нас у адвароным: ужывай,
карыстайся жыццём, абы толькі зараз. Не
кажа толькі аб адным: за гэта трэба будзе
заплаціць. Хутчэй і даражэй чым мы сабе
думаем.
Калі
задумаемся над Евангельскай праўдай,
то адразу можа ўзнікнуць пытанне: навошта
Езус прыйшоў на гэты свет? Адказ відавочны:
каб нас адарыць шчасцем. Але толькі якім
шчасцем, такім 5-ці хвілінным, абыякім
ці шчасцем сапраўдным, вечным і трывалым.
Езус
нас не ўводзіць у падман, Ён канкрэтна
кажа: шчасце каштуе і праўдзівае шчасце
належыць будаваць напрацягу ўсяго
жыцця, а не толькі пэўны момант. Калі
табе давялося спаткацца з чалавекам
па-сапраўднаму шчаслівым, то напэўна
ведаеш, што шчасце – гэта не мімалётнае
“як цудоўна было”, але яно шчасце
выплывае з супакою сэрца і мае сваю
глыбіню. Паколькі шчасце гэта вартасць
а не фальшыўка, то яно ад нас вымагае
нашай працы і клопату, вось таму яно
каштуе.
Мае
дарагія! Нагорная пропаведзь Езуса
становіцца нашай інструкцыяй, рэцэптам
на шчасце. Благаслаўлёныя значыць
шчаслівыя. Благаслаўлёныя, якія засмучаныя
– кажа Езус ці па-іншаму шчаслівыя тыя,
хто смутны. Гучыць парадаксальна, аднак…
Благаслаўлёныя,
якія плачуць, бо тое, што вартаснае,
каштуе. Тэарэтычна гэта ведае кожны.
Вельмі знаменныя словы калісьці сказаў
благаслаўлёны Ян Павел ІІ На Яснай Гары.
Гэтыя словы ён шмат разоў паўтараў і не
толькі ён: “вы павінны вымагаць ад сябе,
нават калі б іншыя ад вас не вымагалі”
Запытаецеся, што за вымаганні і наогул
навошта яны? Перадусім, каб жыццю надаць
сэнс, каб быць сапраўды самім сабой, каб
не сароміцца таго што я раблю, але заўсёды
быць пэўным, што выбар мой добры. І
нарэшце для таго, каб быць для іншых,
каб любіцьпа-сапраўднаму.
Ведаем,
што рабіць сабе вымаганні, патрабаваць
ад сябе, справа нялёгкая, часам многага
каштуе. Каштуе ўнутранна, бо з гэтым
трэба змагацца, каштуе знешне бо можа
іншыя будуць нядобрым вокам глядзець,
або смяяцца. Але толькі ў такіх умовах
нараджаецца сапраўднае шчасце ў трывалай
перамозе над лянотай, эгаізмам, жаданнем
стаць зоркай, узвышэннем самога сябе.
Благаслаўлёныя,
якія плачуць, бо насамрэч я змагу цешыцца
толькі з тым з кім змагу плакаць. Калі
у чалавека няшчасце, найбліжэйшыя
хварэюць, сябры саромяюцца наведвацца
ў госці, то такі чалавек паволі пачынае
быць сам. Жыве ў самоце. Можа і змагаўся
б яшчэ з гэтымі цяжкасцям, калі б не
самота. Бо ўжо няма да каго звярнуцца.
Рэшта знаёмых жыве ўжо сваім жыццём.
Вось у такіх і падобных складаных
сітуацыях можна будаваць сяброўства.
Бо няма сяброўства без цяжкіх хвілінаў.
Няма сяброўства без супольнага перажывання
смутку. Не трэба лічыць, што хтосьці з
нас будзе мець заўсёды лёгкае жыццё.
Праблемы прыдуць. А шчасце магчыма
толькі тады, калі ў гэтых праблемах я
не адзін.
І
яшчэ важная справа, каб не столькі шукаць
кагосьці, хто будзе са мной ў маіх
цяжкасцях і бедах, сколькі я сам павінен
зрабіць першы крок да гэтага кагосьці
і быць з ім у яго цяжкасцях.
Благаслаўлёныя, якія плачуць, бо тады
могуць вярнуцца да Бога. Жаль за грахі
…
Адной
з духовых небяспекаў сённяшняга часу
з’яўляецца так званае “пазітыўнае
мысленне” Усё добра, у цябе няма граху,
усё можна вытлумачыць. Вынікі гэтага
трагічныя: прыходзіць такі чалавек да
споведзі. Астатні раз быў год таму Бывае
што на вуліцы хам, у магазіне злодзей,
дома безнадзейны алкаголік. А споведзь
даволі простая: ругаўся, не адгаворваў
пацеры больш грахоў не памятаю…Рэшту
значыць можна вытлумачыць, спісаць як
у калхозе, бо так нібы ўсе робяць.
Такі
чалавек ужо на пачатку так скажам
прайграў сваю споведь. Можа ўсё гэта ён
зрабіў аўтаматычна, але на добры плён
такой споведзі няма чаго лічыць.
Найважнейшым ў сакрамэнце пакаяння
з’яўляецца жаль за грахі – гэта мы
памятаем. І пакуль я не прызнаюся, што
зрабіў дрэнна, пакуль не прызнаю сваю
віну і не вазьму на сябе адказнасць за
яе; пакуль не ўсвядомлю, што мне неабходнае
прабачэнне, што я хачу перамяніць сваё
жыццё, наблізіць яго да Бога. Калі я
добра перажыву споведзь, то магу смела
лічыць сябе шчаслівым, бо адчуваю
лёгкасць і радасць на сэрцы. Аднак, каб
так было, трэба жалець па-сапраўднаму
за грахі, а не выконваць гэта як павіннасць
або аўтаматычна.
Таму
мае дарагія шчасце – гэта не выгода ці
пастаянная забава. Шчасце – гэта любоў,
якая сваю крыніцу мае ў Богу. А любові
без крыжа няма. І шукаць шчасце варта
там, дзе сапраўды яго можна знайсці.
Ты
будзеш шчаслівы толькі тады, калі будзеш
перад сабою ставіць вымаганні, патрабаваць
ад сябе, калі будзеш асобай адказнай то
дойдзеш сапраўды да вялікіх рэчаў.
Ты
будзеш шчаслівы, калі будзеш плакаць з
плачучымі, бо толькі тады твая радасць,
з тымі, хто радуецца, будзе мець новы
глыбокі сэнс і каларыт.
Ты
будзеш шчаслівы, калі заплачаш над
сваімі грахамі, бо тады можаш вярнуцца
да Езуса і пры ім застацца.
III.
Дарагія
браты і сёстры! Для кожнага з нас
вельмі важны досвед прысутнасці Бога.
Чаму? Бо такі досвед ўмацоўвае веру.
Усведамляць Божую прысутнасць на кожны
дзень – гэта тая дарога, якая нас вядзе
ў Валадарства Божае, бо яднае неба з
зямлёй, Бога з чалавекам. Ці нам трэба
штосць незвычайнае для гэтага ўчыніць?
Не. Нам толькі важна ўсвядоміць, што Бог
заўсёды побач, што яго прысутнасць ўжо
існуе, існавала да таго, як мы пачалі
думаць аб гэтым, бо нічога ў свеце не
існуе па-за Богам.
Неправільна
тое, калі мы лічым, што Бог прабывае
выключна ў касцёле, а ў шуме вуліцы Яго
няма; што Ён утоены ў Найсвяцейшым
Сакрамэнце, а сярод натоўпу людзей Яго
няма; што Ён існуе толькі ў маім шчасці,
а ў маім болю Яго няма, што Ён прысутнічае
ў рэчах выключна прыгожых і простых, а
ў цяжкіх і складаных Яго няма.
Калі
малітва азначае трыванне ў Богу, то
можна сказаць, што я малюся ўсюды, бо
ўсюды знаходзіцца Яго святыня. А такая
адгаворка як не магу маліцца, бо мушу
працаваць, падаецца мне недарэчнасцю.
Бо хто ж табе перашкаджае маліцца падчас
працы. Малітва ў прысутнасці Бога, калі
мы яе ўсведамляем і дасвядчаем не
абмяжоўваецца толькі да словаў і думак,
не абмяжоўваецца таксама месцам і
часам. Калі ты ў сваёй малітве ўсведамляеш
прысутнасць Бога, то можаш маліцца
заўсёды і ўсюды, бо прысутнасць Бога ва
ўсім. А трываць ў лучнасці – значыць
любіць.
Бывае
маліцца вельмі складана: думкі кудысьці
нас аддаляюць, штодзённыя справы
прымушаюць звярнуць на іх ўвагу. У такой
сітуацыі варта аддаліцца на пустыннае
месца і там маліцца, як рабіў Настаўнік
з Назарэту. Дзеля гэтага нам не трэба
ехаць дзесьці далёка і шукаць такую
пустыню. У духоўным сэнсе яна ёсць унутры
нас. І ў такой пустыні на самоце можна
пачуць голас Бога…
Пустыня
–гэта перш за ўсё сімвал пазбаўлення.
А ўваход у яе – значыць абмежаваць
сябе ў асноўных жыццёвых патрэбах. Тут,
на пустыні, наступаюць голад і смага –
як у фізічным, так і ў духоўным сэнсе. У
выніку гэтых цяжкасцяў ў чалавеку
адкрываецца тое, што было схавана недзе
вельмі глыбока.
Яшчэ
пустыня – гэта месца і час для таго, каб
адарвацца ад уласных прывязаннасцяў,
ад выгодніцкага жыцця, ад самаўпэўненасці
і эгаізму… Чалавек, калі трапляе ў
пустыню і пачынае там блукаць, нямае
нічога. Ён знаходзіцца ў няпэўнай
жыццёвай сітуацыі, і нямаючы ніякіх
гарантый адчувае патрэбу ва ўсім. І таму
досвед пустыні спрыяе народзінам веры.
Калі
ты адчуваеш сябе слабым, Бог заклікае
цябе кінуцца ў абдымкі Яго міласэрнасці.
Пустыня існуе дзеля таго, каб ты вярнуўся
да Таго, хто ёсць самой міласэрнасцю. У
пустыні свайго жыцця ты таксама заўсёды
сустрэнеш Божую Маці, Марыю. Яна будзе
побач з табою, будзе глядзець на цябе з
мацярынскім клопатам, будзе заступацца
за цябе і асвятляць сваёй прысутнасцю
цемру тваёй пустыні.
Езус
выходзіць з пустыні напоўнены Духам
Святым. Ён праяўляе спачуванне да
церпячых і цяжка хворых, чыніць цуды. У
гэтым відаць Яго дабрыня і чулае сэрца.
Хворыя імкнуліся да Езуса, таму што
хацелі на сабе адчуць Яго аздараўляльную
моц. Тыя, каго Езус вызваляў ад цяжару
фізічных і духоўных хваробаў, бачылі
асаблівыя намеры Божай міласэрнасці
ў адносінах да людзей: Бог не пакідае
без увагі чалавечае цярпенне. Езус
аб’яўляе сваю Божую моц. Збаўляе чалавека
ад граху, аднаўляе пакліканне чалавека
да еднасці з Богам. Надзвычай яскрава
гэта праяўляецца ў аздараўленні
паралізаванага ў Кафарнауме. Вось
давайце прыгадаем сабе гэты момант…
Калі
Езус быў у Кафарнаўме і прамаўляў у
адным доме прыйшлі да Яго чацвёра, якія
неслі спаралізаванага. Нямаючы магчымасці
прынесці яго да Езуса з-за натоўпу, яны
разабралі страху і спусцілі насілкі
з хворым чалавекам. Езус, убачыўшы веру
іх сказаў паралізаванаму: Дзіця, даруюцца
табе грахі твае. Толькі кніжнікі,якія
сядзелі побач, разважалі: Чаму Ён так
гаворыць? Ён блюзнерыць: хто можа дараваць
грахі, калі не сам Бог?
Езус
адразу ж даведаўшыся ў духу сваім, што
яны так думаюць, кажа ім: Чаму так думаеце
ў сэрцах вашых? Што лягчэй: ці сказаць
паралізаванаму даруюцца табе грахі
твае, ці сказаць устань, вазьмі насілкі
свае і хадзі? Але каб вы ведалі, што Сын
Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць
грахі, кажа паралізаванаму: устань,
вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому
свайго. Той адразу ж устаў і , узяўшы
насілкі, выйшаў перад усімі…”
Сам
Езус падкрэслівае, што цуд аздараўлення
паралізаванага – гэта знак Яго збаўчай
улады адпускаць грахі. Збаўца ў сваёй
міласэрнасці чыніць гэты знак, каб
паказаць усім нам, што Ён прыйшоў на
зямлю, каб нас збавіць ад граху, вызваліць
ад духоўнага зла і накіраваць на сапраўдны
шлях да Айца. Кожны гэх, робіць нас
паралізаванымі. І бывае так, што нам
патрэбная дапамога, як таму чалавеку,
якога неслі чацвёра. Калі мы маем у сабе
моцную веру і жадаем аздараўлення, то
Езус абавязкова нам яго дасць.
Ён
той, хто стаіць каля дзьвярэй сэрца
кожнага чалавека і стукаецца ў іх. Езус
не парушае нашую свабоду, але імкнецца
з гэтай нашай свабоды вызваліць любоў,
якая цепліцца дзесьці ў глыбіні нашай
душы. Ён кажа кожнаму з нас ”што вы
зрабілі аднаму з гэтых меншых, вы Мне
зрабілі” У нейкім сэнсе абагульненнем
Добрай Весткі Хрыста з’яўляюцца Яго
словы з нагорнай пропаведзі ”шчаслівыя
міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць”
Словы гэтыя паказваюць магчымасць
чалавечага сэрца – быць міласэрным. А
гэта значыць мець у сабе сілы прызнаць
свае памылкі, мець мужнасць самому
зрабіць першы крок да прымірэння, умець
сказаць прабач, даруй мне. Памятаем што
адказаў Збавіцель на пытанне Пятра:
колькі разоў я павінен прабачыць брату
свайму? Ці аж сем разоў?.. На што Езус яму
расказаў такую прыпавесць.
Аднойчы
кароль захацеў разлічыцца са сваімі
слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца,
прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму
дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той
не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў
прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што
ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга
кланяўся перад ім і казаў: Будзь
велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам.
Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою,
адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі
гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з
сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто
дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы:
Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго
ўпаў да ног ягоных і маліў: Будзь
велікадушны да мяне, і аддам табе. Але
той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго
ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу. Фінал
гэтай прыччы добра ўсім вядомы: разгневаны
гаспадар аддаў нягодняга слугу ў вязніцу,
пакуль не верне яму ўсяго доўгу.
Так
і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі
кожны з вас ад сэрца не даруе брату
свайму.
У
Пасхальнай таямніцы, да якой мы імкнёмся,
перажываючы Вялікі Пост, Езус адкрывае
неспасцігальную таямніцу Бога. У гэты
час спаўняюцца словы сказаныя ў Вячэрніку:
”Хто мяне бачыў, бачыў і Айца”. Праз
сваё ўваскрасенне Хрыстус нам аб’яўляе
Бога міласэрнай любові. Бо крыж, які Ён
узяў на свае плечы вядзе праз смерць да
жыцця. Таму калі мы молімся дарогай
крыжовай, спяваем песні жальбы, калі мы
ўспамінаем крыж Хрыста, Яго муку і смерць
наша вера і надзея тады не толькі
засяроджваецца на пакутах Хрыста, вера
і надзея ажыўлены перспектывай
Уваскрасення. У Ім любоў перамагае
смерць.
Вельмі
цікавая з’ява прарастання зерня. Гэта
маленькі цуд, які можна назіраць у
прыродзе вакол нас. Без гэтай з’явы
людзі былі б асуджаныя на голад і смерць.
Калі чытаем Евангелле можам заўважыць
шмат прыкладаў у якіх Езус выкарыстоўвае
гэты вобраз. У вобразе зерня Езус часта
паказвае сябе. Ён сам павінен стаць
гэтым зернем, кінутым ў зямлю, Ён павінен
памерці, быць пахаваным і на трэці дзень
уваскрэснуць, каб даць вечнае жыццё
ўсім, хто ў Яго верыць.
Ён
гаворыць: “хто любіць жыццё сваё на
гэтым свеце, загубіць яго, а той, хто
ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце,
захавае яго для вечнага жыцця.” Як гэта
зразумець? Ці Езус хоча каб мы не
любілі свайго жыцця і не клапаціліся
аб ім.
Не.
Выраз “Любіць жыццё” значыць быць
прывязаным да матэрыяльных дабротаў,
значыць імкнуцца за ўсякі кошт зрабіць
кар’еру, мець уладу, грошы, дабрабыт, а
самае горшае-ставіць гэта ўсё на першае
месца. Бо тады мы губляем самае
істотнае - магчымасць вечнага жыцця. А
ў нашых вушах могуць прагучаць суровыя
словы: Сапраўды кажу вам, яны атрымалі
ўжо сваю ўзнагароду…
Пад
словамі “ненавідзець жыццё” крыецца
імкненне пазбавіць сябе ад эгаізму,
значыць быць адкрытым на бліжняга
чалавека, умець дапамагчы іншаму, урэшце
паставіць Бога прыарытэтам свайго
жыцця. Бо калі Бог на першым месцы, усё
астатняе на сваім месцы. Тады мы самі
можам стаць такім зернем, якое не толькі
прарастае, але становіцца вялікім дрэвам
і прыносіць багаты плён.
Езус
не прыходзіць да людзей з моцаю зброі,
але з пакораю, з Божай любоўю, з клопатам
пра кожнага чалавека. Калі чытаем
апісанне мукі Хрыста, бачым, што Езус
прыйшоў паказаць нам шлях да перамогі
над цярпеннем. Ён цалкам дабравольна
дазваляе споўніцца ўсяму таму, што было
наканавана Айцом. Тое, як Езус трымае
сябе, несучы крыж можна выказаць словамі
“ Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў
у свет, каб сведчыць аб праўдзе”
Езус
сведчыць аб праўдзе нават перад сваімі
катамі, аслепленымі нянавісцю. Ён
спакойна аб’яўляе сваю місію і сваё
прызначэнне. Крыж Хрыста паўстае перад
намі як знак перамогі, як знак найбольшай
любові, знак, які абуджае любоў у адказ.
Езус такі Валадар, які завалодаў усімі
не сваёй сілаю, але веліччу сваёй любові.
У
астатнія хвіліны свайго зямного жыцця,
змучаны спакутаваны позірк Езус кіруе
на сваю любімую Маці і вучня Яна. У
балючых пакутах Ён з клопатам і любоўю
глядзіць на тых, якія застаюцца для Яго
асабліва блізкімі. Погляд Збавіцеля
хавае ў сабе глыбокую таямніцу, бо амаль
дзве тысячы год пазней Езус пажадаў
падкрэсліць вартасць гэтага позірку,
як там на Галгофе, калі аддаваў свой Дух
Богу. Паслухмяная тым натхненням св.
Сястра Фаустына пераказвае свету вобраз
Езуса міласэрнага, які тым самым поглядам
ахінае не толькі маці і вучня, але усё
чалавецтва, нас з вамі.
Мае
дарагія! Бог для нас не з’яўляецца
кімсьці далёкім. Яго зрок нястомна
спачывае на кожным людскім сэрцы. І гэты
зрок не абыякавы.
Езус
запэўнівае нас, што нават вельмі вялікая
немач душы, не напаўняе Яго гневам, але
ўзрушае Яго Сэрца вялікай міласэрнасцю.
Езус збірае ўсіх, хто заблукаў, хто ўпаў
пад цяжарам сваёй людской слабасці і
грэшнасці і выходзіць на спатканне
ў сакраманце пакаяння і спаглядае на
нас з залатога табернакулюм. Збаўца
становіцца маленькім, як акрушынка
хлеба, каб дайсці з моцаю сваёй ласкі
да найбольш забытых пакояў нашай душы,
нашага жыцця. Скажы мне якая твая любоў
і я скажу табе хто ты – казаў калісьці
папа Ян Павел ІІ.
Падчас
самага вялікага выпрабавання вернасці
і адвагі, якой была мука і смерць Езуса,
пад крыжам стаяла Яго маці. Вера, якую
аказала Марыя падчас звествання, падчас
нараджэння Божага Сына, падчас звычайнай
бытнасці ў Назарэце, цяпер асягнула
сваю вяршыню. Гэтая вера моцная і
бескампрамісная. Дзякуючы ёй, як калісьці
Абрагам, так зараз Марыя становіцца
Маці ўсіх веруючых, давяраючы Богу,
супраць усякай надзеі. Менавіта такой
павінна быць вера кожнага, хто верыць
у Хрыста.
У
кнізе “Устаньце пойдзем” Ян Павел ІІ
зацытаваў словы кардынала Стэфана
Вышынскага запісаныя падчас яго
прабывання ў вязніцы: “Самы большы
недахоп апостала гэта яго боязь, бо
менавіта боязь у сэрцы апостала будзіць
недавер да магутнасці Настаўніка.
Апостал тады перастае сведчыць. Ці ты
з’яўляешся апосталам?”
Дарагія
браты і сёстры! Хрыстус сам выбраў крыж
для нашага збаўлення і таму крыж стаў
той рэальнасцю, у якой можна ўбачыць і
адчуць Божую любоў. Крыж стаў сваеасаблівай
амбонай, адкуль балюча прамовіў Езус,
які аб’явіў пра бязмежную любоў Бога
не толькі словамі, але і сваім жыццём,
смерцю, а пасля і змёртвыхпаўстаннем. “Хто
не бярэ крыж свой і не ідзе за Мною, той
няварты называцца вучнем маім”.
Няхай
удзел у гэтых рэкалекцыях памножыць
наш духоўны плён, паспрыяе штораз
большаму навяртанню, дапаможа нам з
вамі глыбей разважыць таямніцу мукі і
смерці Хрыста, каб і ў нашым сэрцы Езус
уваскрос а мы з Ім. Амэн.

Comments
Post a Comment