Рэкалекцыі на Вялікі Пост


I
Дарагія браты і сёстры!
На самым пачатку Вялікага Посту ў Літургіі Слова Папяльцовай Серады мы чулі словы Пана, скіраваныя да нашых сэрцаў: “Навярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам у посце, у плачы і галашэнні. Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне!”…
Мае дарагія!
Перыяд Вялікага Посту – гэта асаблівы час для кожнага з нас. Гэта спецыяльны дар, які дадзены, каб мы добра падрыхтаваліся да самай важнай падзеі ў жыцці веруючага хрысціяніна: да перажывання памяці ўваскрасення Езуса Хрыста. А нашая падрыхтоўка з’яўляецца шляхам, які вядзе на вяршыню таямніцы Касцёла. Таму гэта вельмі адказная ісур’ёзная справа.
Шлях нашай Велякапоснай вандроўкі засяроджваецца на сцяжынках, якія вядуць да падзеяў Пасхі Езуса Хрыста. Дарога да ўваскрасення Езуса вядзе праз крыж. Дарога да самага важнага свята магчыма нас таксама будзе весці праз штодзённыя змаганні і крыж. Але паколькі гэтая дарога вядзе на вяршыню да самай важнай падзеі, то нашая вандоўка па гэтай дарозе, дарагія браты і сёстры няможа быць змарнаванай. Вось чаму так важна каб мы добра падрыхтаваліся на гэты велікапосны шлях.
Вялікі Пост таксама адкрывае перад намі рэтраспектыўнае бачанне на перыяд мінулага году і магчыма з’яўляецца такой спробай стварыць рахунак нашых духовых прыходаў і расходаў, рахунак учыненага намі дабра, а таксама здзейсненага зла, падлік нашых асабістых перамогаў і паражэнняў.
Аднак, дарагія браты і сёстры, давайце мы з вамі задумаемся навошта нам такі рахунак патрэбны? Навошта кожны год рабіць духоўнае разлічэнне? Калі задумаемся над гэтым, то адказам можа быць тое, што праз гэта мы хочам мець магчымасць стаць у праўдзе перад Богам і перад мамім сабой, каб убачыць свае недасканаласці, і рашыцца на канкрэтныя дзеянні, каб гэтыя памылкі і недасканаласці выправіць. Каб для мяне чарговы год мог стаць лепшым, больш поўным і больш адкрытым на Божую ласку.
Таму ў гэты асаблівы час, у год Веры да нас больш выразна і мацней звяртаецца Бог з заклікам навяртання. Навяртацца гэта значыць накіраваць свой шлях у іншы бок, каб адыйсці ад зла, крочачы да дабра. Навяртанне – гэта перамена майго жыцця ў лепшы бок, гэта калі я вырашаю рабіць станоўчыя крокі ў змаганні за маё сэрца, каб яно было больш напоўнена любоўю да Бога і бліжняга. Гэта той асаблівы час, калі Бог запрашае кожнага з нас да пакуты, каб змяніць нашыя сэрцы каменныя, на сэрцы сапраўдныя, цялесныя. Гэта ёсць запрашэнне да паяднання, аб якім кажа апостал Павел да карынцянаў: “У імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам!
Звычайна час Саракадзённага посту асацыіруецца нам з неабходнасцю выкарыстання ў нашым жыцці нейкіх аскетычных практык. Ці гэта нейкія абмежаванні ў ежы і ладзе нашага жыцця, ці нейкія пастановы адносна дадатковых малітоўных практык і набажэнстваў. І напэўна падобныя практыкі ў гэты перыяд вельмі слушныя, аднак вельмі важна нам усвядоміць наступнае:
1 Адзінай крыніцай і мэтай нашых пастановаў павінен быць толькі сам Бог.
2 Кожная нашая аскетычная практыка з’яўляецца толькі сродкам, які вядзе да мэты, а не мэтай сама ў сабе.
3 Усе нашыя намаганні, якія звязаны з велікапоснымі пастановамі, якімі б важнымі для нас яны ні былі, усё роўна яны не ў стане даць нам поўную свабоду ад граху.
4 Канчаткова толькі Бог можа нас вызваліць ад нашых слабасцяў і недасканаласцей.
Таму, дарагія браты і сёстры, кожная нашая пабожная практыка, кожная пастанова, якія мы робім падчас вялікага Посту павінны для нас быць толькі дапаможным матэрыялам у нашых імкненнях да Бога. Гэта нешта на кшталт вітамінаў ці лекавых зёлак, дзейнасць якіх накіравана на ўспамогу для арганізму, але канкрэтным лекам яны не з’яўляюцца. Вось чаму рабіць велікапосныя пастановы варта, але памятаючы і звяртаючы ўвагу на іх істотны сэнс. Робім іх не для таго каб толькі рабіць, бо ўсе робяць гэтыя аскетычныя практыкі, але робім іх разважліва і мэтанакіравана. Для Кагосці. А гэты Хтосьці ёсць Бог.
Бог сам запрашае нас да асабістага перажывання таямніцы збаўлення, якая здзяйсняецца менавіта праз Яго. Калі мы свядома выбіраем блізкае і жывое прабыванне ў коле Божых справаў, то праз гэта мы ўваходзім у план самога Стварыцеля і Адкупіцеля. А нашае спатканне ў праўдзе з Богам, які дзейнічае, адкрывае нам перспектыву збаўлення. Укараняе нашу надзею на збаўленне не як нейкае абстракцыйнае паняцце, якое для мяне можа быць не да канца зразумелым, але на збаўленне дзейснае, якое канкрэтна датычыць асабіста мяне. І без Бога або па-за Богам магчымасці збаўлення не існуе.
Традыцыя Касцёла ведае шматлікія спосабы і ўзоры пакутнай практыкі, істотай якіх заўсёды з’яўляецца навяртанне чалавека. Давайце прыгадаем словы са Старога Запавету з кнігі прарока Ёэля: “Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне! Навярніцеся да Пана Бога вашага!”. Мае дарагія, ключом да сапраўднай пакуты і навяртання з’яўляецца перамена сэрца.
Менавіта ў гэтым духу паводле Касцёльнай традыцыі асаблівае значэнне маюць тры пакутныя практыкі аб якіх вы напэўна добра ведаеце. Першая з іх скіраваная непасрэдна да Бога. Як вы ўжо напэўна здагадаліся – гэта малітва. Час, які я прысвячаю на малітву. Малітва ў сваю чаргу з’яўляецца вельмі глыбокім і жывым дыялогам чалавека з Богам. Маю на ўвазе сапраўдную малітву, а не аўтаматычна выкананую.
Ведаеце нашыя чалавечыя пачуцці дапамагаюць нам адчуць сяброўскі дыялог чалавека з чалавекам. Праз міжасабовы дыялог мы можам перадаць інфармацыю, падзяліцца сваімі ўражаннямі і эмоцыямі, можа нават паныць іншаму чалавеку, паскардзіцца. Аднак у любым выпадку я зараджаюся пазтітыўнымі або негатыўнымі ўражаннямі падчас дыялогу, я выразна адчуваю што другі чалавек мяне чуе.
А як у выпадку малітвы? Ці Бог мяне чуе? Несумненна чуе кожнае маё слова. Нават больш кожную думку. А маім пачуццём у дыялогу з Богам служыць не мой чалавечы слых, зрок і мова, але пачуццё веры, у якой я адчуваю гэты дыялог сэрцам. Бо малітва гэта нішто іншае як сяброўская размова. А як сябры размаўляюць? Яны размаўляюць: адкрыта, шчыра і сардэчна. Без хлусні і падману. Таму, дарагія браты і сёстры, кожная наша малітва павінна быць поўная даверу, і пакоры, адкрытая на іншую асобу. “Калі хочаш маліцца, увайдзі у дом свой, зачыні дзверы і маліся да Айца твайго, які ў скрытасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе!”
Другая пакутная практыка накіроўвае нас да саміх сябе. Гэта пост. Кожная праца над сабою вымагае адмаўлення ад многіх рэчаў. Мы адмаўляемся ад чагосьці важнага або прыемнага дзеля больш важных мэтаў. Мы стараемся праз пост перамагчы свае чалавечыя слабасці, упарадкаваць свае чалавечыя прагненні. Мы пазбываемся капрызаў і ўсяго таго, што для нас на самой справе не з’яўляецца патрэбным або карысным. Іншымі словамі пост гэта маё змаганне за самога сябе, за сваю будучыню, за маю духоўную моц і асабовы патэнцыял. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ некалі казаў: “Вымагайце ў першую чаргу ад саміх сябе, нават калі іншыя нічога ад вас не патрабуюць
Сучасны свет мае адваротную тэндэнцыю: ён супярэчыць усякага роду аскетычным практыкам. Нават іх высмеевае. Сучасны свет больш накіраваны да неўпарадкаванай свабоды, да безадказнасці, да таго каб рабіць усё што заўгодна любое глупства ці капрыз.
Аднак плён такой тэндэнцыі відавочны: калі адкінуты фундаментальныя праўды і Божы закон, то як бы прыгожай не здавалася быць рэчаіснасць раней ці пазней яна усё роўна прывядзе ў тупік. А пост – гэта спрыяльны час каб яшчэ раз задумацца над гэтай ісцінай. “Таму, калі посціш, намасці сабе галаву і абмый твар свой, каб не людзям паказаць, што посціш, але Айцу твайму, які ў скрытасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе
І ўрэшце трэцяя пакутная практыка вядзе нас да бліжняга. Вучыць нас “быць для іншага чалавека” Сучасны свет, калі ісці за ім у след, спакушае нас да таго, каб мы мелі прагненне больш мець чым быць, а гэта вялікая памылка. Калі мы на гэта згаджаемся, то перастаем бачыць і цаніць іншага чалавека. Для нас больш важнымі становяцца грошы, матэрыяльны дабрабыт, улада, пасада, кар’ера і гэтак далей. А месца для іншага чалавека няма. Калі і ёсць, то толькі тады, калі чалавек нам карысны.
Гэта, мае дарагія, логіка свету. Але логіка Езусавага Евангелля зусім адваротная. Варта быць для іншага чалавека, варта перамагаць свой унутраны эгаізм і стаўленне да сябе як да цэнтра сусвету. І тут не толькі я сам скрушаюся перад Богам, не толькі змяняю сябе, але бачу патрэбу бліжняга. Вось што значыць “я для другога чалавека”
Таму трэцяй пакутнай практыкай з’яўляецца міласціна. Даць са свайго дабра, камусьці іншаму, які мае патрэбу. Міласціна гэта не падкіданне агрызка, але калі я канкрэтна дзялюся з іншым чалавекам, тым, што для мяне з’яўляецца вартасным. І матэрыяльная дапамога канкрэтны гэтаму прыклад. “Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што чыніць правіца твая, каб твая міласціна была ў скрытасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.”
Мае дарагія!
Час пакуты і навяртання гэта адкрыццё новых магчымасцяў, дзе я магу ўзрастаючы ў Богу пазітыўна перажываць сваю штодзённасць. Я станаўлюся больш свядомы таго, што кожная хвіліна майго жыцця, гэта шанец і аказія да спаткання з Богам, які прагне мяне збавіць тут і цяпер. І пакуль я жыву на гэтым свеце, гэтая магчымасць у мяне ёсць.
Так важна, дарагія браты і сёстры, каб у нашым жыцці адбывалася сапраўднае навяртанне сэрца, каб мы ў кожную частачку свайго жыцця маглі смела запрасіць Бога.
Калі мы аўтэнтычна, па-сапраўднаму перажываем сваю сустрэчу з Богам, то нашае сэрца пашыраецца, становіцца больш далікатным і шляхетным. Гэтае спатканне з Богам здольнае перамяніць нашую штодзённасць, здольнае запоўніць пустату, той вакуум, які так часта становіцца для нас балючай і нязноснай рэчаіснасцю.
Да чаго нас заклікае пост? У пасланні на Вялікі Пост бягучага года папа Бэнэдыкт ХVI адзначае, што збаўчая ініцыятыва паходзіць ад Бога, ад Яго ласкі, Яго прабачэння, прынятага чалавекам “у веры”. Гэтая ініцыятыва не абмяжоўвае нашу свабоду і адказнасць, але спрыяе ўчынкам міласэрнасці, якія “з’яўляюцца плёнам намаганняў чалавека і прычынай радасці, але яны нараджаюцца з самой веры, узнікаюць з ласкі, якую Бог дае шчодра. “Вера без учынкаў гэта як дрэва без пладоў: гэтыя дзве цноты ўзнікаюць адна ад адной. Такім чынам Вялікі Пост заклікае нас да таго, каб мы умацоўвалі веру праз уважлівае і доўгае слуханне Божага Слова, і праз удзел у сакрамэнтах.

Умілаваныя!
Кожнаму з нас належыць пастаянна адкрываць таямніцу Божай Прысутнасці ў сваім жыцці, асабліва ў цяжкія яго моманты. Вельмі часта мы губляем гэтую Прысутнасць і забываемся пра Бога, які з намі ва ўсе дні аж да сканчэння свету.
Св. Тэрэза ад дзіцяткі Езус казала, што усё з’яўляецца ласкай. Такім чынам усё, што мне прыходзіцца перажываць у маім жыцці становіцца для мяне шанцам і заклікам. Паколькі Бог ставіць мяне ў такой, а не іншай сітуацыі значыць толькі тое, што Ён верыць у мяне! Верыць, што Я Яго не падвяду! Ён давярае мне, таму што любіць.
Дарагія браты і сёстры!
Святы Айцец Бенедыкт 16 у пасланні на сёлетні Вялікі пост адзначыў, што перажыванне Вялікага Посту ў кантэксце году Веры з’яўляецца для нас вялікай магчымасцю каб паразважаць над адносінамі, якія існуюць паміж верай і любоўю, паміж верай ў Бога, у Бога Езуса Хрыста і любоўю, якая з’яўляецца плёнам дзейнасці Духа Святога і натхняе нас да прысвячэння нас саміх Богу і іншаму чалавеку.
У гэтым і заключаецца асаблівасць Саракадзённага посту. Павінен гэты час адрознівацца ад нашай штодзённасці. Гэта час прысвечаны нашай пакуце, навяртанню, малітве, посту і міласціне. Памятайма, што мы з’яўляемся прахам і ў прах ператворымся. А Вялікі Пост з'яўляецца нагодай каб прыгадаць гэта чарговы раз. Не адкладываць на пазней, але ўжо сёння, цяпер, у гэтую хвіліну… Пакуль ёсць час…
Няхай Вялікі Пост стане для нас глыбокім унутраным перажываннем, каб кожны з нас у святле веры, адчуў сваё месца і вартасць на гэтым свеце. Каб мы адчулі сваю унікальнасць, заснаваную на годнасці Божых дзяцей.
А усё тое, што адбываецца навокал нас не ёсць толькі сляпым ды бессэнсоўным выпадкам лёсу. Бо наш лёс і жыццё знаходзяцца ў руках Бога, які ёсць нашым любячым Айцом. А дзякуючы веры мы можам гэтую праўду адкрыць для сябе зноў.
Таму, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Амэн.

II
Святы Бэрнард з Клерво пісаў так:
Раны Пана ўсклікаюць да мяне, таму што Бог паяднаў з сабою свет праз свайго Сына Езуса Хрыста” І сапраўды, калі падумаць, то раны Бога павінны моцна ўсклікаць, а ўдзячнасць няпростая цнота. Мы часта забываем, што Ахвяра Хрыста здзейснілася для нас і за нас, таму што мы былі нявернымі і непаслухмянымі. І была гэта ахвяра крывавая.
Нельга таго цярпення мінімалізаваць, таксама і удзячнасць усю вельмі цяжка выразіць толькі праз велікапосныя песні, набажэнств ці малітвы. Але прыблізіцца да гэтай таямніцы можна выключна праз сваё ўласнае аўтэнтычнае навяртанне. Якое рэалізоўваецца ў святле Божага прабачэння.
Ойча прабач ім, бо не ведаюць што робяць!” – сумны заклік Езуса, перашае слова паміраючага Збавіцеля. Было гэтых словаў няшмат, але менавіта прабачэнне Езус паставіў на першае месца. Менавіта прабачэнню надаў Ён найважнейшае значэнне. Напэўна яно было найбольшым прагненнем Езусавага Сэрца. Хрыстус не толькі просіць свайго Айца, каб дараваў правіны, тым хто яго прыбіў да крыжа, але Ён нават іх апраўдвае, кажучы : “ бо не ведаюць што робяць!”
Давайце з вамі падумаем каго ў першую чаргу датычыць просьба паміраючага Хрыста? Напэўна, тых, каму Ён падчас свайго вандравання і навучання казаў словамі “Бяда вам”, або “не здаровыя патрабуюць лекара але хворыя”. У большасці Езус крытыкаваў фарысеяў і кніжнікаў, якія былі ганарлівыя і далей свайго носа нічога і нікога не бачылі. І цяпер, калі яны сталі яшчэ горшымі да іх скіроўвае гэтыя словы, якія ў сабе нясуць змест апраўдання. І гэтага ад Езуса ніхто не спадзяваўся. Езус ў сваім жыцці, асабліва калі навучаў, стараўся зрабіць усё, каб яны ведалі, што робяць. Але з крыжа Езус кажа, што не ведаюць.
І ў гэты момант здзяйсняецца прароцтва Ісаі: “прабіты за нашыя грахі, замучаны за нашыя правіны… Усе мы заблукалі, як авечкі, кожны з нас накіраваўся на свой уласны шлях, а Пан усклаў на Яго усе нашыя правіны… За грахі людзей Ён асуджаны на смерць…хоць нікога ніколі не пакрыўдзіў… і заступаецца за злачынцаў”
Вось паглядзіце дарагія браты і сёстры, колькі сапраўднай любові змяшчаецца ў словах Езуса які кажа: “Ойча прабач ім” Гэта прыклад сапраўднай любові Бога да чалавека. І што Ён атрымаў узамен? Як напісана ў Евангеллі – глумленне і здзекі. Такі быў адказ на Божую любоў. Мае дарагя, лёгка нам сёння абурацца, злавацца, крытыкаваць і асуджаць. Але калі задумацца, то можна задаць сабе пытанне ці я часам не паступаю як тыя людзі, якія здзекваліся з Езуса?
Bóg, Ojciec Miłosierdzia, który pojednał świat ze sobą,
przez śmierć i zmartwychwstanie swojego Syna…
Знаёмыя для нас словы. Напэўна неаднаразова мы іх чулі у сваім жыцці. Словы адпушчэння грахоў, якія вымаўляе святар у канфесіянале. Давайце з вамі задумаемся, колькі разоў Бог нам прабачаў усе нашыя грахі? Напэўна шмат, наурад ці падлічым. І што Ён ад нас атрымаў узамен?
Часам нашае вызнанне грахоў падобнае да закупаў, якія робім у прадуктовай краме. Ведаеце чаму? Бо з цяперашнімі цэнамі шмат чаго не купіш. Таму падчас споведзі нешта падбнае бывае: вымаўляем пару словаў і то больш вуснамі чым сэрцам: жалею, хачу выправіцца, не забіў, не украў і г.д. Ці такая схематычная споведзь, або ўдзел на Імшы з прымусу, ці аўтаматычна прабачце “адкляпаныя” малітвы не ёсць таксама сваеасаблівым здзекам для Езуса які прабачае?
"To nie gwoździe Cię przebiły lecz mój grzech,
to nie ludzie Cię skrzywdzili lecz mój grzech.
Choć tak dawno to się stało - widziałeś mnie."
Словы гэтай рэлігійнай песні адлюстроўваюць адну праўду. Езус цярпеў з думкай аб кожным нашым граху, за кожны наш грэх Збавіцель ахвяраваў сваё жыццё. Кожны наш грэх з’яўляецца балючым здзекам для Езуса, які нас любіць і ахвяроўвае самога сябе. Таму св. Аўгусцін некалі сказаў: “хопіць аднойчы зграшыць, каб плакаць над сваім грахом вечна”.
Чалавечая натура мае у сабе такую асаблівасць ацэніваць сябе на фоне іншых людзей. Тады мы не ацэніваем сябе аб’ектыўна, а больш стараемся спісаць свае недасканаласці або дрэнныя звычкі адной простай фразай, напрыклад: а, што я, мой сусед яшчэ горшы за мяне, ён алкаголік, а я яшчэ не (пакульшто).
І вось нашая чалавечя натура найлепшы наш адвакат: мы суцяшаем сябе: я нікога не абакраў, не забіў, не чужаложыў, як іншыя.Заўважце фарысейская логіка. Значыць са мною усё ок. А калі і ёсць у мяне грахі, то толькі лёгкія, маленькія, нязначныя. Але, дарагія браты і сёстры, св. Тэрэза Авільская некалі казала, што яна не разумее такога паняцця як “лёгкі грэх”. Бо для сапраўднай любові няма такога разумення як нешта малое, лёгкае, або нязначнае.
Езус жа не толькі за цяжкія грахі памёр на крыжы, Ён нёс крыж таксама за так званыя нашыя паўсядзённыя грахі. І калі мы сапраўды любім Езуса, стараемся быць да Яго падобнымі, то кожны грэх, нават лёгкі, будзе для нас мець важнае значэнне. Бо усё вялікае заўсёды складаецца з маленькага. А сапраўдная любоў няможа быць частковай. Ёй належыць або усё і тады можам сцвердзіць што гэтая любоў існуе, або не належыць нічога і тады атрымоўваецца, што любові насамрэч няма.
Умілаваныя! Кожны чалавек без выключэння, кожны з нас пакліканы да святасці: “Будзьце святымі, як Я святы – кажа Пан” Цудоўна ведаем гэтыя словы са Старога Запавету. Нашая святасць з’яўляецца дарам і адначасова заклікам. Бо пакліканне да святасці гэта канкрэтна акрэсленае Богам заданне для кожнага з нас, а не палёт дзесьці ў аблоках.
Накірунак гэтай святасці выражаецца ў тым што я ў імя Бога раблю для іншых. Шлях да святасці гэта не экскурсія ў музей, калі мы ходзячы ад аднаго экспаната да другога захапляемся тым хто калісьці штосьці зрабіў. Наша дарога да святасці складаецца з шэрагу рашэнняў і выбараў: нядзельная Святая Імша ці паездка на рыбалку, Сядаць за руль пасля некалькі кілішкаў алкаголю, ці ісці пешшу, або наогул не ісці? Здзяйсняць аборт ці выхоўваць дзіця без бацькі? Мужна стаць у абарону хрысціянскіх прынцыпаў ці пасмяяцца над імі як гэта робяць іншыя. Крыж весіць на сцяну у сваім пакоі ці хаваць у шуфлядку. Быць эгаістам закрытым на іншых, або дапамагаць бліжнім не думаючы пра сябе?
Гэта тыя штодзённыя выбары перад якімі мы часта становімся. Што выбіраем залежыць ад нас, ад таго чым мы жывем, якая мэта нашага жыцця.
Што я магу зрабіць, калі адчуваю на сабе віну за цярпенні Езуса, калі бачу раны, прычынай якіх станаўлюся я сам. Ці адзінае, што магу зрабіць бачачы ўсё гэта, то біць сябе ў грудзі, кажучы Пане змілуйся. Бывае вельмі цяжка прыняць правільнае рашэнне: не хапае адвагі, сілы. Падтрымкі кагосьці з боку, аднадумца. І што тады рабіць у такім выпадку. Святы Апостал Павел у лісце да Габрэяў піша: ”Хадзем жа тады з даверам да пасады ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку на спрыяльную дапамогу.”
Ведаеце хто такі святы чалавек – гэта той, хто свабодны ад страху перад уласнымі недасканаласцямі і упадкамі. Падкрэсліваю свабодны, а не абыякавы. Ёсць розніца. Усіх тых святых, якіх мы ўспамінаем у літургіі, усе яны кожны дзень свайго жыцця выбіралі Езуса, выбіралі жыццё ў Праўдзе.
Не думайце, што іх жыццё было аддалена ад зямной рэчаіснасці. Не, яны жылі нармальным жыццём. Так як кожны з нас. Таму кожны з нас мае такі ж шанец стаць святым, мы нічым не адрозніваемся ад святога Яна ад Крыжа, святога Антонія з Падуі, св. Дамініка, святой Тэрэзы Авільскай, Кацярыны Сіенскай… У нас такія ж шанцы каб выбіраць Бога.
Зараз вам зацытую неалькі словаў:
Кожная пустая думка, якая ўзнікае ў маім сэрцы, недахоп увагі, калі малюся на ружанцы ці іншай вуснай малітвай, кожны красамоўны выраз, які выйшаў з маіх вуснаў з мэтаю паказаць арсенал маіх ведаў, усе мае мары, паветраныя замкі, усё што я казаў тады, калі трэба было маўчаць, а таксама, дзе маўчаў, калі трэба было казаць, кожнае адкінутае натхненне да дабра за ўсё гэта прыдзецца мне разлічыцца. Мой Божа! Які гэта жахлівы для мяне цяжар! Якая навальніца грахоў!”
Мае дарагія, можна падумаць што гэтыя словы прамовіў суровы не знаючы рэальнага жыцця пустэльнік. Але гэта не так. Аўтар гэтай думкі папа Ян 23.
Вельмі важна кожнаму з нас зразумець такую рэч, аб якой казаў адзін з сучасных пісьменнікаў, не памятаю хто, а менавіта што “Езус зноў тут і цяпер падае абцяжараны нашымі дробнымі здрадамі, мелкімі пакасцямі, камбінатарствам, трусасцю і нядбальствам”.
А зразумець гэта трэба не для таго каб упасці ў роспач, як Юда Іскарыёт, але каб так як св. Пётр спачатку заплакаць над сваёю здрадай, аднак потым даверыцца, толькі не сабе, не сваім уласным сілам і магчымасцям, але Божай любові поўнай прабачэння, даверыцца Божай міласэрнасці, якая мацней за усялякі чалавечы грэх.
І калі ты, дарагі брат, дарагая сястра, усвядоміш сваю чалавечую слабасць, усвядоміш гэта з праўдзівым жалем і пакаяннем, толькі ў тым выпадку ты можаш наблізіцца да крыжа Збавіцеля і пачуць тыя словы, якія нараджаюць надзею і датычаць канкрэтна цябе: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць што робяць” і ў той час, як кажа Святое Пісанне: ”Хоць бы нашыя грахі былі як шкарлат-то як снег выбеляцца; хоць бы былі такімі чырвонымі як пурпура стануць белымі як воўна.”
Амэн.
III
Дарагія браты і сёстры!
Кожны з нас перажываючы перыяд Вялікага Посту, можа адкрыць для сябе, што гэта час, у якім я асабліва пакліканы да навяртання і ачышчэння свайго сэрца. Кожнага з нас можна параўнаць да марнатраўнага сына, які вяртаецца да свайго Айца. І гэтае вяртанне да Айца павінна быць штодзённым у нашым жыцці. Паколькі рэгулярным ёсць наш адыход.
Бог заклікае да навяртання, Ён чакае нас, Ён выходзіць насустрач, калі бачыць нас яшчэ здалёк. У кожнага гэтае навяртанне індывідуальнае, бо кожны з нас гэта асобная гісторыя.
Кожнага з нас чакае міласэрны Айцец. Плёнам нашага навяртання і ачышчэння служыць нашае змаганне са злом, адкрыванне праўды аб нас саміх. Бо калі мы перамяняемся ўнутранна, то мы адкрываем нанова сваё пакліканне і жыццёвую місію.
Якая нашая місія? Перадусім місіяй кожнага хрысціяніна з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны аб Езусе Хрысце. Існуе шмат розных спосабаў, каб гэта плённа паспяхова рабіць. Тым больш сучасны свет прапаноўвае новыя тэхналогіі: сродкі масавай камунікацыі такія як тэлебачанне, радыё, інтэрнэт. Аднак у гэтым самае важнае даць асабістае сведчанне аб Богу, які ёсць нашай дарогай, праўдай і жыццём.
Ведаеце, сучасны свет патрабуе больш сведкаў, чым настаўнікаў, а калі наш свет патрабуе настаўнікаў, то толькі таму, што яны сведкі. Памятаем з Евангелля размову Езуса з Пілатам. Езус казаў : “Я дзеля гэтага і прыйшоў на свет, каб даць сведчанне праўдзе.» Але калі мы паглядзім на на нашу сённяшнюю рэчаіснасць, то мне здаецца сучасны чалавек сваімі паводзінамі і стылем жыцця задае Езусу пытане, якое некалі задаў Пілат: “Што ёсць праўда?”Ды і наогул ці Божая праўда падобная да праўды гэтага свету? Аб якой праўдзе нам трэба сведчыць кожнага дня? Давайце падумаем.
Згадзіцеся, кожны з нас чагосьці шукае і прагне. Мы стараемся будаваць нашае жыццё на моцных, сапраўдных, трывалых каштоўнасцях. Не толькі выкарыстоўваючы матэрыяльную и финансавую базу, яна таксама патрэбная, але будуем на веры і маральнасці нашае жыццё, на хрысціянскіх каштоўнасцях, якія ўзніклі больш 2000 год таму і якія засталіся актуальнымі па сённяшні дзень.
Св. Павел кажа: “Мы абвяшчаем Хрыста укрыжаванага, які з’яўляецца згаршэннем для жыдоў і глупствам для язычнікаў, для тых жа хто пакліканы як сярод Жыдоў так сярод і Грэкаў з’яўляецца Хрыстом, Божай моцаю і Божай мудрасцю” Таямніца Хрыста не заключаецца ў Яго фізічнай сіле або незвычайнай боскай моцы. Геній таямніцы Бога знаходзіцца ў Яго прыніжэнні, пакоры і простасці. Калі мы гэта ўсвядомім, то можам шмат чаго змяніць у нашым жыцці.
Гэтыя вышэй узгаданыя элементы: прыніжэнне, пакора, простасць мы ў прынцыпе маем на кожны дзень, але чамусьці баімся іх рэалізоўваць. Баімся імі жыць. Прычынай гэтаму можа быць асяроддзе у якім знаходзімся, або часткова нашая слабасць і прывязанасць да выгаднага жыцця. Для нас гэтае заданне не такое і простае, бо свет які вакол нас, ён ідзе у адваротным кірунку.
Таму так часта мы з вамі апынаемся на ростанях перад канкрэтным выбарам: ці мне выбраць Бога і ўсе тыя прынцыпы, якія ад мяне нешта патрабуюць, або выбраць свет і яго прынцыпы паводле якіх да мяне усё належыць, я магу жыць як хачу, бо я пан и валадар самога сябе.
Святы Ігнацый Лаёла, казаў: “Каб лепш наследваць Хрыста, нашага Пана, каб быць больш да Яго падобным варта нам больш выбіраць беднасць з Хрыстом, чым багацце без Хрыста, дазволіць адчуць знявагі разам з Хрыстом, чым пахвалу і гонар без Яго.”
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Абвяшчаць Евангелле сёння: можам нашай штодзённай працай, навукай, вучобай, адпачынкам, малітвай, сяброўствам, цярплівасцю. Дзеля гэтага не трэба нічога спецыяльнага толькі сэрца і жаданне падзяліцца Хрыстовай праўдаю.
Святы Францішак з Асізі, калісьці заахвоціў сваіх братоў да таго, каб пайсці на гарадскую плошчу і там абвяшчаць Евангелле людзям. Яны так і зрабілі выйшлі ў горад, дайшлі да плошчы, прайшля яе зрабіўшы круг і вярнуліся назад ў кляштар. Хтосьці з братоў тады запытаўся ў св. Францішка чаму ж мы не абвяшчалі Евангелле. На што св. Францішак адказаў. Мы Абвяшчалі Евангелле. Мы абвясцілі Езуса іншым людзям праз нашую супольнасць, праз нашае манаскае жыццё. Мы прысутныя ў жыцці іншых а гэты факт не менш прамаўляе чым палымяннае казанне. Бо словы павучаюць а прыклад заахвочвае.
Нажаль сучасны чалавек нярэдка жыве так, якбы Бога не было: разам з Яго запаведзямі і прынцыпамі. Але як кажа псалтыр: «права Пана дасканалае – умацоўвае дух, сведчанне Пана вернае –павучае простага; наказы Пана слушныя радуюць сэрца. Запаведзь Пана ззяе і асвятляе вочы» Якое гэтае Божае права?
Адным з такіх падмуркаў на якіх пабудаваная была заходняя цывілізацыя гэта дэкалог. Дзесяць Божых запаведзяў. Праз Маісея Бог іх даў выбранаму народу. Ім Ён даў сваё простае і адназначнае права, даў статут жыцця і смерці, які змяніць можа толькі Ён сам. Не забівай. Не чужалож, не крадзі, не сведчы ілжыва супраць бліжняга. Вернасць гэтаму праву найбольш праявілася у жыцці Езуса, ў Яго “запаведзі любові”, у адданні сябе на крыжы. Бо без гэтай любові дэкалог застаўся б ні больш чым бяздушнай літарай права.
Таму нашае сведчанне прысутнасці Бога на зямлі, гэта штодзённая вернасць Яго праву, якое збудавана на любові. На любові якая нямае межаў. Бог ёсць любоў, а мы павінны быць гэтага сведкамі.
Разважаючы пра сведчанне варта вярнуцца і яшчэ раз паразважаць аб нашай чалавечай натуры. Кім ёсць чалавек. Бо так нам прасцей зразумець саміх сябе.
Па –першае чалавек з’яўляецца істотай асабліва выбранай Богам. Бог запрашае чалавека да быцця ў супольнасці, да таго каб выканаць прызначанае заданне тут на зямлі. А праз тое што Бог выбраў чалавека, Ён яму ў падарунак даў дзве рэчы: розум і свабодную волю. Дзякуючы гэтым падарункам чалавек мае магчымасць рабіць выбар самастойна: можа выбіраць дабро або зло, праўду або фальш. Бо чалавек з’яўляецца асобай.
Па –другое: здараецца так, што мы задумваемся чаму Бог вядзе нас праз жыццё так а не інакш. Тады мы пачынаем бунтавацца у імя свабоды выбару, бо хочам ісці іншым шляхам ад таго, які прапануе нам Бог. Мы пачынаем змагацца з цяжкасцямі нашай штодзённасці і не хочам прыняць дадзенага нам Богам задання. Бо ў нас сваё меркаване на гэты конт.
Часам не бачым сэнсу ў тым што робім і як жывем. Можа гэта таму, што мы не здольныя ўбачыць усёй перспектывы, бачым толькі маленькі фрагменцік там дзе толькі мы сам насам са сваімі цяжкасцямі і гэта нас палохае і знеахвочвае.
Давайце разам прыгледзімся адной біблейскай сцэне менавіта гісторыя Аўраама і Ізаака. Ідучы да краіны морыя Аўраам, у найлепшым выпадку, мог убачыць толькі маленькі фрагмент Божага плану ў сваім жыцці. І па-чалавечы ён не мог зразумець таго, што хоча ад яго Бог.
Вазьмі свайго адзінага сына Ізаака, якога любіш, ідзі да краіны морыя і там складзі яго ў ахвяру на адным з пагоркаў якіх табе пакажу. Напэўна, дарагія браты і сёстры, просьба Бога для Аўраама была поўным абсурдам і супярэчыла праву дадзенаму самім Богам. Не забівай. Чаму Бог хоча забраць гарант свайго абяцання. Аказваецца Аўраам не бачыў ўсёй перспектывы Божага плану, таму нямог яго адэкватна ўспрыняць.
Бог хацеў праверыць Аўраама, наколькі ён Богу адданы. Таму паставіў Аўраама перад выбарам хто важнейшы ў яго жыцці. І адказам на гэты выбар стала поўная паслухмянасць Аўраама адносна свайго Творцы. Бо калі Бог хоча даручыць нам якуюсьці місію, заданне, то хоча быць упэўнены, што нягледзячы на чалавечае абмежаванне і слабасць, гэтае заданне будзе выканана.
Бог хоча пачуць ад нас словы: “Вось я! Пашлі мяне!” Быць гатовым да таго каб адмовіцца ад уласнай волі, толькі таму, што Бог просіць нечага іншага ад таго, што мы хочам, не ёсць для нас паражэннем, або абмежаваннем нашай свабоды. Гэта толькі пакорнае прызнанне ўлады і аўтарытэту Бога-Творцы над чалавекам-тварэннем.
Бог які ёсць любоўю няможа жадаць для чалавека зла. Памятаем словы Езуса: “Ці ёсць паміж вамі чалавек, які дасць сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба? Або, калі папросіць рыбу дасць змяю? Дык куды больш Айцец ваш які ёсць на небе дасць добрае тым, што просяць у Яго
Мае дарагія!
Езус, які ўзяў свой крыж на дарогу да Галгофы вучыць нас сапраўднаму даверу, што нашае жыццё не скончваецца паміраннем цела. Чалавек павінен прайсці праз смерць, каб працягваць жыццё ў перспектыве вечнасці. Гэтай праўдзе нас вучыць прырода з якой Езус зачэрпнуў параўнанне да зерня пшаніцы. Яно, кінутае сейбітам падае на зямлю і прыносіць плён толькі калі памірае.
Дарагія браты і сёстры! Няшмат часу засталося, які аддзяляе нас ад Вялікага Тыдня. Падчас якога мы будзем перажываць той шлях якім Езус прайшоў на Галгофу. Будзем з вамі сведкамі тых падзеяў, якія перамянілі логіку свету. Спачатку мы ўбачым Вячэрнік і прыклад Езуса што значыць быць пакорным, калі Езус, Пан усяго стварэння, схіляецца перад чалавекам, каб абмыць яму ногі, як слуга свайму пану. Гэтым, дарагія браты і сёстры, Езус хоча паказаць кожнаму з нас служэнне ў пакоры і простасці. “Калі Я Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павіны наўзаем абмываць адно аднаму ногі.” Я даю вам прыклад. Я сведчу. Езус сведчыць аб праўдзе, аб сваім Айцы і вучыць гэтаму нас.
Толькі ў такім пакорным служэнні магла нарадзіцца Эўхарыстыя. Толькі ў чыстасці і простасці сэрца Пан можа даць нам сваё Цела і Кроў. Даў сябе ў нашыя слабыя чалавечыя рукі, якія здольныя як да добрых рэчаў так і да злых і грэшных. Бог аддаў сябе, даручыў сябе ў рукі чалавека, які вякамі на алтарах усяго свету кансэкруе хлеб і віно. Колькі ж Бог павінен мець пакоры, каб сказаць: “Гэта чыніце на маю памяць!
Мае дарагія!
Дзеля Бога варта зарызыкаваць. Так як гэта зрабіў Аўраам, каб не толькі зберагчы жыццё, але таксама каб атрымаць поўню Божага благаслаўлення. Пайсці за голасам Бога гэта для мяне прапанова і шанец, а Вялікі Пост спрыяльны час для гэтага. Можа нам трэба прыгледзіцца да Езуса, які перамяняецца на гары Табор і прыслухацца да словаў: “Гэта мой Сын умілаваны Яго слухайце” Ці змагу я у велікапосным суцішэнні пачуць гэтыя словы? Ці змагу быць верным Яго сведкам?
Застаецца нам толькі верыць. Паверыць у Езуса ў моц Яго міласэрнасці і прабачэння гэта пачатак нашай перамены, нашага навяртання. Бог можа нас змяніць. Гэта няпраўда, што чалавек не мяняецца. Бог можа нас не толькі змяніць, але ачысціць, умацаваць, надаць сэнс і глыбіню нашаму жыццю, можа нават паказаць усю перспектыву свайго плану адносна нас ад цяперашняга часу аж да вечнасці. Дзеля гэтага Бог павінен увайсці ў нашае жыццё.
Павер Яму дарагі брат, дарагая сястра і адкрый сваё сэрца на шанец пераменаў, якія Ён Бог чарговы раз дае табе ў гэты асаблівы час Вялікага Посту. Ён можа да цябе дакрануцца, аздаравіць, даць надзею і сэнс. Толькі Ён Бог. Але трэба паверыць!
Няхай гэтыя нашыя рэкалекцыйныя разважанні стануць асаблівай заахвотай да перамянення сэрца, стануць шляхам нашага сапраўднага навяртання. А час Вялікага Посту няхай нам у гэтым паспрыяе.
Бог нас чакае. Ён нас любіць такімі якімі мы ёсць. Нятрэба нам палохацца той працы над сабою, якая яшчэ перад намі. Езус некалі сказаў святому Паўлу: «Хопіць табе маёй ласкі. Бо моц у слабасці ўдасканальваецца.” Задумайся, можа гэтымі словамі Езус сёння звяртаецца да Цябе?!


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В