Гаміліі на Пасхальны Трыдуум




Вялікі  Чацвер

Дарагія браты і сёстры!
          Літургія Вялікага Чэцвера, Імша вячэры Пана, узгадвае нам той асабліва важны момант, калі Езус разам з апосталамі сабраліся на Вячэрніку, каб спажыць Пасху. Гэтае спатканне Настаўніка з вучнямі мела асаблівы характар. З аднаго боку гэтае спатканне добра ўпісвалася  ў габрэйскую традыцыю светкавання Пасхі, дзе ўзгадваўся выхад з Егіпецкай няволі, а таксама  ўзгадваліся падзеі збаўлення Ізраэльскага народу, які Бог вёў моцнаю рукою ў зямлю абяцаную.

          З другога боку Апошняя Вячэра гэта штосьці новае. Яна не абмяжоўвалася толькі старымі успамінамі, але накіроўвалася ў будучыню. Звярніце ўвагу! Сам Хрыстус з'яўляецца тым ахвярным ягняткам, праз якое выканалася поўнае вызваленне чалавека, вызваленне з няволі граху і смерці. Так як Бог некалі праз Маісея вывеў выбраны народ з няволі егіпецкай з-пад улады фараона так зараз Хрыстус выводзіць Божы народ з няволі граху, смерці і д'ябла.

          На колькі драматычным павінна было быць тое спатканне, падчас якога Езус сцвярджае, што адзін з Апосталаў Яго здрадзіць, а Настаўніка чакае смерць. І што гэтыя падзеі павінны адбыцца неўзабаве.

          Глыбокі сэнс гэтай смерці Езус тлумачыць сваім Апосталам і, адначасова, да гэтага святкавання Пасхі дадае новы змест, а менавіта: ўзнікаюць знакі хлеба і віна, калі кажа «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта кроў Новага Запавету, якая будзе праліта за многіх для адпушчэння грахоў.» І гэтыя знакі хлеба і віна становяцца ўжо не толькі знакамі, але сакрамэнтам. У хлебе і віне ўкрыты Езус наш Бог і Збавіцель. А памятка гэтай Пасхі адбываецца падчас кожнай Святой Імшы, калі рукі святара узносяць Хлеб, які Ёсць Целам Хрыста  і Келіх з віном, Яго сапраўдную Кроў за нас пралітую. Калі вусны святара вымаўляюць тыя ж словы, што і Езус у Вячэрніку «Гэта чыніце на Маю памяць»

          У гэтых словах Апошняй Вячэры мы бачым вялікую падзею ў гісторыі збаўлення: ўстанаўленне Эўхарыстыі, знаку прысутнасці Хрыста, Яго збаўчай Ахвяры ў постаці Хлеба і Віна. Дзякуючы гэтым словам і знакам Езус крочыць праз час і прастору, каб агарнуць сваёй збаўчай ласкай кожнага чалавека на зямлі.

          І менавіта дзеля гэтага, каб збаўленне было ўдзелам кожнага, Езус кліча тых, хто будзе Яго наследваць, хто будзе паўтараць Яго словы і знакі, каб той жа Езус які 2000 год таму аздараўляў і  благаслаўляў, і цяпер, у наш час праз рукі свах вучняў-святароў таксама мог благаслаўляць ,прабачаць і яднаць. Той жа Езус учора, сёння і навекі.

          Таму сёння ў вечар Вялікага Чэцвера разам з устанаўленнем Эўхарыстыі мы ўспамінаем устанаўленне яшчэ аднаго сакрамэнта, а менавіта: сакрамэнта святараства. Для нас святароў гэта асаблівы дзень, урачысты дзень, калі мы ўзгадваем, які вялікі дар атрымалі падчас сваіх святарскіх пасведчанняў. Гэта не толькі гонар! Гэта Дар і адначасова адказнасць. Кожны з нас святароў ўсведамляе гэтую адказнасць, бо Хрыстус нам даверыў місію збаўлення свету. Таму быць святаром гэта вельмі адказнае заданне, гэта тая біблейская, вялікая колькасць талентаў, за якія нам трэба будзе разлічыцца перад Хрыстом. Быць святаром гэта таксама уменне служыць сваім братам. Так як Хрыстус сёння, абмываючы ногі сваім вучням.

          Можа таму кс. Ян Твардоўскі ў адным са сваіх вершаў пісаў: Свайго святарства баюся, з трымценнем гляджу на сваё святарства, прыніжаюся перад сваім святарствам, перад ім кленчу...

          Дарагія! Што значыць быць святаром? Паводле Святога Паўла святар гэта распарадчык Божых таямніцаў. Святар праз сваю сакрамэнтальную паслугу чыніць, каб Хрыстус надалей дзейнічаў у Касцёле. А паслуга слова, гэта клопат, каб Хрыстовая праўда была пачута і ўласціва праўдзіва ўспрынята ў сённяшнім свеце. Св. Кацярына з Сіены казала, што святар - гэта пасудзіна, якая напаўняецца Божай ласкай. І чым чысцей гэта пасудзіна, тым больш праз яе аб'яўляецца моц самога Бога ў кіраванні Яго дарамі.

          Няхай сённяшняя ўрачыстасць стане для нас шчырай падзякай Богу за дар Эўхарыстыі і Святарства, а таксама стане асаблівай аказіяй да шчырай і руплівай малітвы за святароў. Амэн.


Вялікая Пятніца

Дарагія браты і сёстры!
          Эўхарыстычная Ахвяра, пачынаючы ад Вячэрніка, дзе першы раз складае яе сам Езус Хрыстус, трывае па сённяшні дзень і трываць будзе да канца свету. Ахвяра Эўхарыстыі няспынная, бо па волі Езуса Хрыста, апосталы пайшлі на ўвесь свет, удзяляючы хрост усім, хто верыць у Хрыста. І таму Эўхарыстыя стала цэлебравацца ў кожным кутку свету, у кожную хвіліну, нават секунду.     
          Ведаеце, ці мы працуем, ці адпачываем, дзесьці ў свеце ў гэтую хвіліну людзі ўдзельнічаюць на св. Імшы. Хтосьці нават спрабаваў падлічыць колькі кансэкрацыяў – тобіш тых момантаў, калі хлеб перамяняецца ў Цела Хрыста, адбываецца на працягу сутак і атрымалася на кожную секунду 3-4 кансэкрацыі. Такім чынам Эўхарыстыя як бачым з'ўляецца адзінай вялікай няспыннай малітвай і ахвярай, якая складаецца Богу пастаянна.
          Але існуе адно выключэнне. Ёсць такі дзень, калі на 24 гадзіны затрымліваецца гэтая няспынная Ахвяра. Увесь свет як бы нерухома і ў смутку замірае. І гэтым выключэннем, дарагія браты і сёстры, з'яўляецца Вялікая Пятніца. Сённяшні дзень.  Дзень, калі асабліва ўзгадваецца мука і смерць на крыжы Езуса Хрыста. Падзея гэтая мае вялікае значэнне для кожнага з нас, бо яе зместам ёсць нашае збаўленне. І калі мы спаглядаем на крыж, то таксама праз яго ўглядаемся ў сябе. Калі глядзім на Хрыста ўкрыжаванага, то разам з Ім бачым і сябе. Бо і ў жыцці, і ў смерці мы належым да Пана, як кажа апостал Павел да рымлянаў.
          Драматычнай кульмінацыяй адкуплення становіцца Галгофа. Калі ўзглянем на Езуса, узвышанага на Крыжы, узвышанага між небам і зямлёю, выглядае Ён так як быццам неба Яго яшчэ не гатова прыняць, а зямля нягодная каб Яго насіць. Але Езус Хрыстус ёсць адкупіцель усяго свету. Яго вочы стомленыя і налітыя крывёю, пасінеўшыя вусны, на Яго твары безліч сінякоў і драпін, галава ўвенчана цярнёвай каронай, цела моцна збітае, рукі ногі прыбітыя цвякамі, сэрца прабітае дзідаю. Бог чалавек, Найвышэйшая Святасць і Нявіннасць узяў на сябе ўсе нашыя грахі і прыбіў іх разам з сабою да крыжа.

          Дарагія!
          Таямніца мукі і смерці Езуса  Хрыста мае ў сабе такую глыбіню, што мы тут жывучы на зямлі ніколі даканца гэтай таямніцы не зразумеем, якбы не стараліся, колькі б на гэта не прысвяцілі асабістых разважанняў і малітваў. Хоць бы таму​, што Крыж гэта не толькі вобраз церпячага Збавіцеля, гэта трывалая і вечнажывая рэчаіснасць.
          Калі глядзім на нашае жыццё, калі глядзім на жыццё свету, асабліва ў кантэксце гісторыі, то неаднаразова можна ўбачыць Вялікую Пятніцу, калі абліча чалавека прыніжана, аплюта, знішчана праз іншага чалавека.
Самая цяжкая хвіліна ў гісторыі мукаў Езуса гэта той моманьт калі ў наймацнейшым болю Збаўца ўсклікае: «Божа мой, Божа, чаму Ты мяне пакінуў»

          
Калі мы злучым Вялікую Пятніцу 20 стагоддзя з Вялікай Пятніцай Езуса, то таксама будзем усклікаць да Айца з просьбай аб дапамозе. Бо побач з рэальнай прысутнасцю Езуса ў святых сакамэнтах існуе яшчэ адна Яго рэальная прысутнасць, а менавіта прысутнасць Езуса ў іншым чалавеку, каго зневажаюць, над кім здзекуюцца,  у тым, хто няслушна пакутуе.
          Галгофа нашых часоў як назваў яе благаслаўлёны Ян Павел ІІ гэта тое што адбывалася ў былой югаславіі, такія самыя галгофы знаходзяцца ў краінах Афрыкі, Блізкага ўсходу і ў кожным доме, дзе хтосьці церпіць. Дарагія давайце задумаемся кім мы з'яўляемся ў цяжкіх драматычных падзеях свайго жыцця: тымі, хто прыніжае, прымушае пакутваць, Ці тымі, хто спачувае і дапамагае несці цяжар штодзённага крыжа. Кім я з'яўляюся сёння і кожнага дня.
          Пане Езу, дапамажы мне, каб я лепш мог Цябе бачыць і дапамагаць Табе ў маіх бліжніх. Было б несправядліва, калі б я плакаў перад драўляным крыжам,  а не ішоў за Табою, які знаходзішся на шляху маіх бліжніх.
Сапаўды, сапраўды кажу вам: Тое што вы ўчынілі аднаму з гэтых найменшых, тое мне ўчынілі.

Пасхальная Вігілія


Дарагія браты  сёстры!
          Сёння нельга нам не заўважыць вялікай разнастайнасці і  багацця літургіі у якой мы разам з вамі удзельнічаем. Літургія Пасхальнай Вігіліі з аднаго боку прыгадвае нам тыя падзеі далёкіх часоў, які сталі пачаткам гісторыі чалавека, паказвае паасобныя этапы яго развіцця; з другога боку сённяшняя літургія дазваляе ўбачыць будучую перспектыву, а менавіта: выкананне ўсяго таго, што Бог абяцаў чалавеку напачатку.

          Літургія слова сёння незвычайна багатая і напачатку мы ўспамінаем падзеі стварэння свету і чалавека, узгадваем далейшы драматычны лёс чалавека-які можна назваць трагедыяй. Чаму? Бо чалавек адыходзіць ад Бога. Чалавек ад тога моманту ужо не жыве ў гармоніі і парадку як дагэтуль, але праз адыход ад Бога трапляе ў адхлань безнадзейнасці. Таксама сённяшняя літургія дазваляе нам убачыць як Бог розным чынам імкнецца дайсці да згубленага праз грэх чалавека, як моцна Ён прагне вызваліць чалавека з бездані грахоў, хоча быць надзейнай апорай. Аб гэтым выразна сведчаць падзеі выбранага народу. Гэта чарговы этап у гісторыі збаўлення.

          Вось паглядзіце! Бог цалкам па-чалавечы зацікавіўся цяжкім лёсам Ізраэльскага народу, калі той цярпеў егіпецкі прыгнёт. Бог пажадаў іх вызваліць. І праз свайго вернага слугу Маісея, Бог чыніць безліч знакаў і цудаў, сярод якіх, самым яскравым і вядомым стаў пераход праз Чырвонае мора, і пагібель варожжага войска ў марскіх хвалях. Менавіта гэтая падзея стала асновай у светкаванні найважнейшай габрэйскай урачыстасці: Пасхі. Гэтая ўрачыстасць ушаноўвае вялікія Божыя справы, пераход з егіпту ў зямлю абяцаную.

          Дарагія! Менавіта гэтае свята Бог яшчэ раз абраў сабе, каб мацней увайсці ў гісторыю збаўлення і тым разам увайсці ужо не толькі ў справы аднаго народу, але ўсяго чалавецтва. Такім чынам адбываецца новы пераход, новая Пасха, пераход ад няволі граху, да жыцця ў Божай ласцы, пераход ад смерці да жыцця. І ўваскрослы Хрыстус з'яўляецца тым шляхам, які вядзе да жыцця. Гэта Хрыстус, які ёсць дарогай праўдай і жыццём, раздзяляе воды цярпенняў, каб чалавек прайшоў праз мора зла, упакорвання, цярпення, пакуты на другі бераг дзе ззяе новы бляск святла, дзе аб'яўляецца поўня жыцця.

          Сёня літургія  набліжае нам усе гэтыя падзеі, так багатыя ў Божае слова, знакі і сімвалы. Аднак, дарагія браты і сёстры, ёсць сёння ў літургіі нешта значна большае, чым толькі погляд на гістарычную карціну дзеяў чалавецтва. Сённяшняя літургія мае ў сабе ключ да зразумення дзеяў чалавецтва.

          Сённяшняя мы выразна чуем пра тое, што ўсё ў свеце  м ае сэнс, што абсалютна ўсё мае пэўную цэласнасць, якая замыкаецца ў Хрысце.  на пачатку літургіі калі мы збіраліся перад касцёлам На пасхале, велікай свечцы, мы накрэслілі вельмі важныя словы: «Я альфа і амега, пачатак і канец»

          Дарагія! Крыж Хрыста нібы мост, які злучае неба і зямлю. Гэтыж Крыж таксама злучае дзеі чалавецтва ад самага пачатку аж да канца. На крыжы Хрыстус ахінае усё чалавецтва і накіроўвае яго да Айца.

          
Менавіта ў Хрысце ўсё знаходзіць свой сэнс: і вялікія рэчы і малыя, і радасныя і смутныя, і добрыя і злыя. Толькі ў Ім можа знайсці сэнс кожны без выключэння чалавек: ці будзе гэта яшчэ дзіця якое фарміруецца ва ўлонні сваёй маці, ці будзе гэта дарослы поўны сіл чалавек, ці ўрэшце гэта будзе з цяжкасцю дыхаючы, сівы старац.

          Нават грэх чалавека і яго смерць таксама маюць вельмі вялікае значэнне. У Хрысце, дарагія браты і сёстры, маюць сэнс катастрофы і катаклізмы, у якіх гінуць людзі; маюць сэнс цярпенні і голад у выніку войнаў. І хоць самі па сабе гэтыя з'явы па сваёй натуры з'яўляюцца злом, прыносяць цярпенне сумніў і роспач, то ў Хрысце, які не спалохаўся жудасных пакутаў і крыжовай смерці, яны для нас маюць свой сэнс. Бо толькі ў Хрысце кожнае нашае цярпенне становіцца зразумелым і ўласціва перажытым ці малое яно ці вялікае, ці па-нашай віне, ці па віне лёсу. Езус Хрыстус надае сэнс кожнаму чалавечаму крыжу.

          Дарагія браты і сёстры! Сёння мы сабраліся вакол Хрыстовага Святла, каб чарговы раз свядома здзейсніць выбар. Каб адмовіцца ад стылю жыцця, які па сваёй сутнасці нязгодны са стылем жыцця веруючага хрысціяніна, каб адкінуць свой празмерны эгаізм, ляноту, хцівасць, зайздрасць, нянавісць усё тое, чым спакушае нас князь цемры.

          Праз хвіліну кожны з нас трымаючы ў руках запаленую ад Пасхалу свечку адновіць абяцанні хросту, таксама адрачэцца ад шатана і ўсіх ягоных справаў. Потым кожны вызнае сваю прыналежнасць да Хрыста, сваю гатоўнасць даваць сведчанне праўдзе. Гэты выбар нам трэба паўтарыць зноў, бо свет у якім мы жывем ніколі не перастане нас спакушаць да жыцця без Хрыста. Таму кожнаму з нас трэба шмат чуйнасці і малітвы, каб трываць пры Святле, каб не дазволіць цемры, атруць нашыя сэрцы.

          Таямніца Вялікай Пятніцы паказала нам, як шмат гэтае сведчанне нам каштуе, колькі Хрыстус заплаціў за нас, сваёй каштоўнай крывёю. І сёння ўспамінаючы хвалебнае ўваскрасенне Езуса Хрыста мы можам уявіць сабе, якая вялікая ўзнагарода чакае тых, хто застаецца верным Хрысту і трывае з Ім да канца.

          Няхай аднаўленне абяцанняў хросту будуць для кожнага з нас выразам нашай моцнай веры і гатоўнасцю пайсці за Хрыстом, які з'яўляецца сапраўднай Дарогай, адзінай Праўдай і поўняй Жыцця. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В