Гамілія на ўрачыстасць нараджэння св. Яна Хрысціцеля


"Я зраблю цябе святлом народаў,
каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі."


Гэтымі словамі з кнігі прарока Ісаі, хачу распачаць сваё разважанне. Словы асабліва важныя у кантэксце урачыстасці, якую мы з вамі сёння распачынаем: урачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля. 


Дарагія браты і сёстры! Што значыць быць хрысціянінам? Што значыць быць сведкам Езуса Хрыста? Што значыць быць святлом для язычнікаў, пра што кажа прарок Ісая? Варта мае дарагія паставіць гэтыя пытанні і адказаць на іх гледзячы на жыццё св. Яна Хрысціцеля, які ёсць асаблівым вашым апекуном і заступнікам. А паколькі ён наш заступнік і апякун, варта зацікавіцца яго жыццём і пастарацца яго наследваць.


Кім быў св. Ян Хрысціцель? Перадусім яго называюць апошнім прарокам Старога Запавету. Паводле Святога Пісання, Ён нарадзіуся ў вёсцы Айн Карін, непадалёку ад Ерузалему і быў старэйшым за Езуса на паўгода. Святы Ян быў сынам яўрэйскага святара Захарыя і Альжбеты сваячнічы Найсвяцейшай Панны Марыі. Нарадзіўся Ян, калі яго бацькі былі ў старэйшым узросце. Аб яго нараджэнні засведчыў Анёл Пана. Пасля смерці бацькоў у маладым узросце Ён пачаў практыкаваць жыццё пустэльніка. На пустыні, яго паклікаў Бог, каб Ян стаў Яго прарокам. Святы Ян Хрысціцель заклікаў людзей да пакаяння і навяртання, удзяляў хрост і падрыхтоўваў людзей на прыйсце і дзейнасць Езуса Хрыста. Гэта менавіта аб ім казаў ў Евангеллі Езус, што сярод народжаных з жанчын не было большага ад Яна Хрысціцеля. А за тое, што Ян крытыкаваў амаральнае жыццё Ірада і Ірадзіяды, ён трапіў у вязніцу, дзе і быў забіты мечам.


Вось такая кароценькая біяграфія св. Яна Хрысціцеля – прарока, які указаў на Хрыста як Баранка Божага. Ён, праз абвяшчэнне хросту навяртання, прыгатаваў чалавечыя сэрцы прыходзячаму Хрысту. Таму асабліва да яго адносяцца тыя словы з сённяшняга першага чытання: “А цяпер кажа Пан, які стварыў мяне ўжо ад улоння маці слугой сваім, каб вярнуў для Яго Якуба і сабраў для Яго Ізраэль.”І менавіта гэтыя словы выдатна пераклікаюцца са словамі прарока Ісаі: “Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі.”


Святы Ян Хрысціцель без сумніву быў чалавекам праведным і паслухмяным Божаму слову. Тое што прапаведваў і што навучаў ішло побач з яго жыццём. І хоць за жыцця Ян Хрысціцель не ўчыніў вялікіх знакаў і цудаў, аднак ён сам, быў знакам і цудам для людзей. Як ведаем, ён меў вучняў і вялікія натоўпы гарнуліся да яго, каб слухаць і прымаць хрост пакаяння і навяртання. 


Зрэшты сам Езус падыходзіць да Яна і просіць яго аб хросце. Дзіўна гэта можа нам здавацца. Езус не патрабаваў хросту, Ян Хрысціцель нават утрымліваў яго кажучы: “Гэта я патрабую хросту ад Цябе, а Ты да мяне прыходзіш? І якім быў адказ Езуса? Поўным пакоры: “Дазволь, бо патрэбна, каб выканалася усялякая праўда” І пасля хросту асноўная місія Яна Хрысціцеля завершана. Ён выдатна здзейсніў сваё пакліканне, апраўдаў давер Бога.


Ян быў руплівым у выкананні Божага права і ніколі не замоўчваў няпраўды, не хаваў яе, не ішоў на кампраміс з грахом. Але адразу зло і грэх выкараняў. Таму аднойчы прыйшоў да цара Ірада, каб сказаць яму, што нельга мець яму жонкі свайго брата. І, як чытаем Евангелле, Ірад баяўся Яна, бо лічыу яго прарокам, праз якога дзейнічаў і прамаўляў Бог. Калі чуў пра Яна, то адчуваў непакой і боязь, але слухаў яго ахвотна. 


Дарагія! Ці Ірад не з’яўляецца вобразам кожнага чалавека, які ведае што такое дабро, але нямае дастаткова сілы, каб гэтае дабро выбіраць і выконваць у сваім жыцці? Слухаем Божае слова з вуснаў святароў, якія кажуць: трэба ўдзельнічаць на Святой Імшы, нельга працаваць у нядзелю, нельга грашыць супраць сужэнства і сям’і, нельга красці і ашукоўваць на працы і ў школе. А мы робім выгляд, што дасканалыя, што нас не датычаць гэтыя словы, што толькі тыя, хто нас вучаць павінны змяніцца. Так, ім трэба змяняцца, але ж і нам таксама.


Ірадзіяда бачыла выразна мяжу між дабром і злом, але нягледзячы на гэта, вельмі жорстка пазбылася св. Яна Хрысціцеля. Чаму так, бо верагодна хацела заглушыць голас свайго сумлення. Ці толькі яна адна была такой, якая жадала прыцішыць сваё сумленне? Напэўна не. Кожнага дня шмат людзей чыняць падобнае. А тлумачаць свае паводзіны вельмі банальна: змяніліся часы, Евангельская праўда не падыходзіць да сітуацый сённяшняга жыцця, грэх, гэта паняцце адноснае, або наогул яго не існуе як такога. А што тады ў гэтай усёй сітуацыі з намі? Ці выпадкова і мы спрабуем уцішыць голас свайго сумлення?


Чаму мы можам навучыцца ад святога Яна Хрысціцеля? Перш за ўсё ён з’яўляецца перасцярогай для людзей нясталых і маладушных. Нажаль шмат хто з нас хістаецца як трысціна на права і налева. Нельга сцвердзіць, што у нас няма сваіх асабістых поглядаў і меркаванняў, але вельмі часта мы замест таго, каб кіравацца сумленнем, кіруемся бояззю і чыста людскімі поглядамі, баючыся паглядзець праўдзе ў вочы, больш глыбей. І вельмі часта мы ідзем за натоўпам, не стараючыся зразумець у чым справа, але проста паўтараем за іншымі, тое ж меркаванне, той жа слоган, хоць можа калі паразважаць, то нашае меркаванне адрозніваецца. Але чамусьці паддаемся натоўпу.


Так! Можа гэта і балючыя словы, але такая праўда. Калі сумленна паступаеш паводле сэрца, то словы заўвагі і перасцярогі у найменшай ступені адносяцца да цябе. Калі паступаеш неўласціва, то ад падобных словаў можа трохі будзе і сорамна, але дзякуючы гэтаму можаш задумацца над сабою, над сваімі учынкамі і змяніць іх на лепшыя. Трэба толькі пачуць голас Бога, які прамаўляе шэптам ў цішыні і спакоі сумлення. У натоўпе, цяжка пачуць Яго голас. Там толькі крык.


Так як абвяшчаў Божую праўду Ян Хрысціцель, так абвяшчаюць яе Святары. Яны імкнуцца прыпомніць кожнаму пачынаючы ад саміх сябе, што мы пакліканыя да вернасці Хрысту. І кожнаму з нас нанова трэба адкрыць тое, што абвяшчэнне Евангелля Езуса Хрыста - гэта заданне кожнага з нас. Абвчяшчэнне яго ўсім сваім жыццём праз тое, што мы верныя Хрысту, верныя Яго запаведзям. Вернасць не можа быць толькі некаторым запаведзям, якія нам падабаюцца, або якія нам лёгка выканаць. Вернасць датычыць усіх запаведзяў. Цяжкае гэта заданне, але вартае таго каб яго выконваць. Да гэтага кожны з нас без выключэння пакліканы.


Бяда мне калі не буду абвяшчаць Евангелле Божае. Бяда мне, калі хоць адну крэску, хоць адну ёту змяню ў Божым праве. “Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі.” Дарагія браты і сёстры! Гэтыя словы з кнігі прарока Ісаі адносяцца не толькі да св. Яна Хрысціцеля. Яны скіраваныя асабліва сёння да кожнага з нас. Мы пакліканы, каб сведчыць словамі і учынкамі, каб сведчыць усім сваім жыццём пра Езуса Хрыста. Ён нас чакае, Ён чакае ад нас вернасці. Не абяцае, што нам будзе лёгка ў жыцці, але з Ім любы цяжар будзе нам па плячу. Бо мы не самі. 


І няхай у гэтым нас умацоўвае сам Хрыстус, які дае нам самога сябе ў Святой Камуніі і праз гэта ўдасканальвае нашую веру, надзею і любоў. Ён таксама пасылае кожнага з нас да веруючых і няверуючых, як да хрысціянаў, так і да тых, хто не пазнаў яшчэ Бога. Езус кожнага з нас пасылае абвяшчаць Евангелле і кажа нам: “ Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі.”. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В