Велікодная Нядзеля





Чаму шукаеце жывога сярод памерлых!
Няма Яго тут, Ён уваскрос!
Дарагія браты і сёстры!
          Сёння ўрачыста б'юць званы ўсіх хрысціянскіх святыняў ва ўсім свеце.Сёння усяму свету абвяшчаецца радасная вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста. І кожны з нас, калі вітаецца, кажа: Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос -чуе адказ.
          Балесная мука і крыжовая смерць здаваліся быць трагічным заканчэннем Езусавай місіі. Але кульмінацыяй гэтай місіі стала радаснае і поўнае хвалы ўваскрасенне нашага Пана.
          Жанчыны, якія ў Велікодную раніцу прыйшлі да магілы і не знайшлі там цела Езуса, першы раз пачулі праўду пра Ўваскрослага Пана: Не бойцеся! Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос! 
          Гэтыя словы сталі пачаткам вандроўкі радаснай весткі Ўваскрасення, вандроўкі па гісторыі, якую ніхто, нішто і ніколі не зможа затрымаць або змяніць. Так было, так ёсць і так будзе да канца вякоў.
          Мае дарагія! Гэтая радасная вестка не падобная да іншых вестак, якія мы чуем. Гэта вестка не такая як ва ўчарашняй газеце, што сёння ўжо не актуальная. Бо весткі якія у газетах, часопісах, тэлебачанні, радыё яны сенсацыйныя  і доўга не жывуць. Паглядзіце, нашая вестка актуальная ўжо больш чым 2000 год. Сёння мы таксама чуем словы анёла, што калісьці жанчыны чулі ў грабніцы: «Няма Яго тут, Ён уваскрос»
Дарагія браты і сёстры!
          Вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста распаўсюджваецца па сённяшні дзень. Кожная Нядзельная Святая Імша – гэта абвяшчэнне сённяшняй радаснай весткі пра уваскрасенне нашага Пана. Мае дарагія! Кожная нядзеля -гэта тая ж сённяшняя Пасха, бо ў гэты дзень святкуецца таямніца нашага збаўлення. Паглядзіце! Руская мова вельмі прыгожа перадае каларыт гэтай таямніцы -Воскресенье.  Таму для кожнага з нас вельмі важна мець свядомасць гэтага Божага дару, у якім кожны з нас бярэ  ўдзел. Нельга, мае дарагія гэты Божы дар марнаваць або занядбоўваць. Бо не дзеля асвячэння пасхальных яек, ці іншай ежы мы сюды прыходзім, але каб шчыра ад сэрца падзякаваць Пану Богу за дар збаўлення, каб ушанаваць святы дзень.
          Таксама, мае дарагія нельга гэтае светкавання Пасхі Пана, схаваць толькі для сябе, бо Айцец уваскрасіў Езуса, а мы ўсе з'яўляемся Ягонымі светкамі. І гэта ёсць мэтай нашага хрысціянскага паклікання. Сведчыць пра Езуса, які ўваскрос. Сведчыць  і жыць паводле гэтага сведчання. Яно, гэтае сведчанне, мае дарагія, не павінна заканчвацца на парозе Касцёла, калі мы выходзім. Ім трэба па-просту жыць на кожны дзень. Жадаю сабе і Вам, каб кожны з нас гэтае хрысціянскае пакліканне мог у поўні рэалізаваць у сваім жыцці, і сярод тых людзей, да якіх нас пасылае Бог. Каб праз нашае жыццё пачуў увесь свет, тую праўду, што пачулі некалі жанчыны ў грабніцы з вуснаў анёлаў: «Не бойцеся. Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос!» Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В