Гаміліі на Святы Пасхальны Трыдуум


I. Вялікі Чацвер Імша Вячэры Пана
             Дарагія браты і сёстры! Сёння падчас акламацыі прагучалі вельмі важныя словы, якія нам адкрываюць Таямніцу сённяшняга дня: “Даю вам новую запаведзь,
каб любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.” Бог палюбіў нас, бо застаўся з намі ва ўсе часы і вякі. Ён пажадаў быць прысутным сярод нас ў Найсвяцейшым дары Эўхарыстыі.
Вялікі Чацвер стаў тым момантам, калі Езус устанавіў два Сакрамэнты: Сакрамэнт Эўхарыстыі  і Сакрамэнт Святарства. Гэтыя два Сакрамэнты можна назваць сакрамэнтамі любові. Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці пажадаў быць з намі ў Хлебе.  А прыходзіць Ён на гэты алтар праз рукі святароў, якіх сабе абраў і якім даў гэтую ўладу.
Перад тым, як застацца ў Найсвяцейшым Сакрамэнце падчас Вячэрніка Езус дае сваім вучням новую запаведзь, сэнс якой заключаецца ва ўзаемнай любові. Калі нас Бог палюбіў, то і мы павінны любіць адно аднаго сапраўднай братняй любоўю.
Мае дарагія, менавіта падчас Вячэрніка, Езус уклаў у рукі святароў цудоўную сакрамэнтальную моц перамянення хлеба і віна ў пакарм несмяротнасці, у сваё Цела і Кроў. Гэта дар вечнага жыцця ўжо тут на зямлі. Аднак нельга гэты пакарм даваць людзям, якія ў цяжкім граху, бо ён не толькі ім не дапаможа, але зашкодзіць душы такое прыняцце Сакрамэнту Эўхарыстыі. Езус ведаў нашую слабасць, таму надаў святарам магчымасць ачышчэння чалавечых сэрцаў. Улада адпушчэння грахоў лагічна злучаецца з уладай кансэкрацыі хлеба і віна. Таму там, дзе не шануецца Эўхарыстыя, не шануецца таксама святарская ўлада адпушчэння грахоў.
Кожнаму з нас варта задумацца над гэтым вялікім Божым дарам –дарам Эўхарыстыі, пачынаючы ад самога святара, які з’яўляецца носьбітам гэтага Божага дару, дару які вынікае з улады святарства. Кожны з нас можа ў ім адкрыць вялікі скарб, якім з’яўляецца Эўхарыстыя і моц адпушчэння грахоў. Два гэтых скарбы Езус уклаў у рукі кожнага святара. І толькі той можа успрымаць святара ўласціва, хто адкрые вялікасць  і годнасць гэтых дароў.
Вельмі часта людзі слабой веры робяць памылку, калі ацэньваюць дар Эўхарыстыі і споведзі, гледзячы праз прызму самога святара. Павінна быць наадварот. Гэта святара належыць ацэньваць праз гэты дар, які знаходзіцца ў святарскіх руках. Гэта ёсць так як быццам бы мы адкідвалі ахвяраваны нам кошык поўны брыльянтаў, толькі таму, што кошык гэты не зусім нас прываблівае, што можа ён стары, брудны і не прадстаўляе для нас ані якай вартасці. Аднак, калі хто хоча мець гэтыя брыліянты, павінен іх прыняць разам з гэтым кошыкам. Праўдай ёсць тое, што для вялікага скарбу павінна быць такое ж упакаванне, але шчыра кажучы, нават найкаштоўнейшы пакунак ніколі не будзе годны Божага скарбу.
Вельмі рэдка можна ўбачыць такіх людзей, якія б ацэньвалі святара, паводле скарбу, які па волі Божай знаходзіцца ў яго руках. І вельмі шмат такіх людзей, якія адмаўляюцца гэтага скарбу,  па прычыне нейкіх непаразуменняў, якія можна адрасаваць у бок тых рук, на якія Бог усклаў свой скарб.  А калі мы гэтую веліч скарба сабе ўсвядомім, то  нястолькі будзім асуджаць іншых, але пачнем ад задумы над сабою, над сваім жыццём. Бо такая праўда, вельмі часта чалавек бачыць сучок у воку свайго бліжняга, а бэлькі ў сваім воку не заўважае. Мае дарагія, святарства гэта не толькі гонар, але і адказнае служэнне!
У прыклад адказнага святарскага служэння хачу паставіць асобу благаслаўлёнага папы Яна Паўла ІІ. Яго святарства - гэта сапраўдны дар для Касцёла. Дар для кожнага чалавека. Бо кожны можа сказаць “гэта мой папа”.
Прыклад непахіснай веры, прыклад чалавека супакою, міласэрнасці і прабачэння ззяў напрацягу усяго пантыфікату Яна Паўла ІІ. Гэты папа спрычыніўся да таго, што адрадзіліся касцёльныя структуры, іерархія і духавенства ў нашай краіне. Што веру можна вызнаваць публічна не баючыся, што звольняць з работы або выганяць са школы. Папа Ян павел ІІ паказаў якім павінна быць чалавечае прабачэнне, што Божай міласэрнасцю можна жыць на кожны дзень. Што гэта не пустыя словы. Сапраўды кожны з нас можа адкрыць для сябе нешта новае ў асобе Яна Паўла ІІ, тое, што дапаможа знайсці адказ на жыццёвыя пытанні і даць раду нават здаецца ў невырашальных сітуацыях.
Дарагія браты і сёстры! Божая любоў бязмежная і неспасцігальная. Сведчыць аб гэтым Новая запаведзь якуе дае кожнаму з нас Езус, каб любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Гэта заданне на ўсё нашае жыццё. Гэта сэнс нашай веры. Гэта ключ для вырашэння большасці, калі не ўсіх нашых жыццёвых праблемаў. Калі Ён – Бог, палюбіў кожнага чалавека, калі дазволіў, што кожны з нас можа прыняць Яго да сэрца ў Эўхарыстыі, то чаму мы якія з’яўляемся Яго вучнямі няможам прыняць іншага чалавека да свайго сэрца? Амэн.
II. Вялікая Пятніца
Ён узяў на сябе цярпенні нашыя  і панёс нашы хваробы…
Дарагія браты і сёстры! Сёння адзіны дзень з усяго году, калі не цэлебруецца Святая Імша. Святары не прамаўляюць малітвы кансэкрацыі, не ўзносяць над алтаром белую Гостыю, не ўздымаюць Келіх. Праз гэта аддаем пашану Езусу, які памірае на Крыжы. Літургія Вялікай Пятніцы – літургія цішыні, літургія і  суперажывання вялікай Таямніцы, якую сёння здзяйсняе Езус. Да яе мы рыхтаваліся праз увесь час Вялікага Посту. Перад намі ўзнікае воблік церпячага Збавіцеля, пагарджанага і  прыніжанага. Вось чалавек. Вось Бог.
Першае чытанне з кнігі прарока Ісаі, прароча апісвае ўсе тыя цярпенні і балесці, якія павінны былі сустрэць Езуса. Па-іншаму гэты урывак са Старога Запавету называецца песняй аб слузе Яхвэ. Тагачасныя Жыды не разумелі гэтых словаў ім нават не прыходзіла да галавы, што словы гэтыя вельмі знаменныя, толькі пасля смерці Езуса на Крыжы,  пачалі некаторыя з Іх задумвацца і надалі гэтым словам прарока Ісаі месіянскае значэнне.
Раман Брандштэтэр у сваім зборніку разважанняў пад назвай “Біблійны Круг” прыводзіць некалькі сказаў з каментара да габрэйскай Бібліі (мідраш): Бог заключыў з Месіяй запавет, які вельмі узрушвае і прамовіў да Месіі: Пакаленні якія прыдуць -прыгатуюць табе вельмі смутны лёс. Ты для іх будзеш нібы ягня, якога вядуць на зарэз. Ці прымеш ты такі лёс? Месія адказвае: Няхай праз Мяне збавіцца ўвесь Ізраэль. Няхай праз Мяне ўсе памерлыя будуць збаўлены. Няхай нават тыя, якія нарадзіліся мёртвымі будуць збаўлены. Няхай збавяцца нават тыя людзі, якіх Ты стварыў у думцы сваёй і якія яшчэ прыдуць на гэты свет. Я з радасцю прымаю мой лёс.” Словы  старажытнага тэксту парушаюць глыбінёй думак, якія дакранаюцца самога Існавання. І гэты Месія ўжо з’явіўся. Ёсць ім Хрыстус.
  Тое, што адбылося на Галгофе, трэба разглядаць у перспектыве збаўлення ўсяго чалавецтва. Што значыць збавіць? Збавіць па-іншаму ўратаваць, зберагчы, адарыць нанова жыццём. Хрыстовая ахвяра ўласнага жыцця  стала самым дасканалым дарам, які толькі магло атрымаць ад Бога ўсё чалавецтва, згубленае пошукамі ўласнага шчасця, чалавецтва якое вандравала па бездарожжу свайго ўласнага “Я”.
  Менавіта тады на Галгофе, усё чалавецтва паядналася нанова з Богам. Аўтар лісту да Габрэяў гэтую думку аб паяднанні з Богам выразіў сваеасаблівым запрашэннем: “наблізімся ж з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць”. Пасля падзеяў Галгофы да нас зноў вярнуўся страчаны давер да Божай міласэрнасці. Мы зноў можам кіраваць свае крокі да Яго, мы зноў маем магчымасць быць напоўненыя вераю, каб смела прыступаць да трону Яго ласкі. Пакуты Езуса на крыжовай дарозе, цярпенні і смерць на Крыжы спрычыніліся да таго, што Ён назаўсёды злучыўся з кожным з нас і перад намі адчыніліся дзверы, якія раней былі замкнутыя праз наш грэх і нявернасць.
Дарагія браты і сёстры мы з вамі добра ведаем, што гэтая ахвяра Езуса на Крыжы, здзейснілася шмат год таму, але адначасова кожны з нас усведамляе, што гэтая ж ахвяра адбываецца пастаянна для нашага збаўлення. Езус пастаянна памірае за нашыя грахі, бо гэтыя нашая грахі пастаянна прыбіваюць Езуса да бэлькі крыжа.
  Можа таму нашае маўчанне становіцца моцным унутраным крыкам. Адказам на боль і цярпенні Езуса, Божага Сына, на Яго укрыжаванне, на яго словы “Выканалася”. Нашыя памылкі і грахі сталі цяжарам ускладзеным на плечы Езуса, вось таму мы няможам абыякава адносіцца да Таго, хто за нас аддаў сваё жыццё, Хто да канца палюбіў нас.
  Ці маўчання і крыку Вялікай Пятніцы для нас дастаткова? Не. Гэтага мала. Трэба пайсці яшчэ на крок далей у бок Галгофы. Не баяцца падысці да укрыжаванага Збаўцы бліжэй. І тады гэтае маўчанне і крык пераменяцца ў супакой і аздараўленне. Бо такі ёсць  збаўчы сэнс Крыжовай ахвяры Езуса Хрыста.
  Таму кожны з нас асабліва сёння ў Вялікую Пятніцу 2012 года можа зачарпнуць з ахвяры Хрыста, як з крыніцы нашага збаўлення. Мы, якія ствараем сульнасць веруючых, можам карыстацца з духоўнага плёну гэтай смерці на Крыжы: як напісана ў кнізе прарока Ісаі: “Слуга Божы бачыць у нас сваё патомства. Мы ж ведаем, што Ён жыве, што Ён з намі, што Ён у нас, бо свае дні Ён не абмежаваў”. Мы чакаем Яго астатняга прыйсця ў хвале, каб тое, што знішчальнае, перамянілася ў незнішчальнае, тое што кепскае і брыдкое знікла пад прамянямі святасці Бога.
  Дарагія, супакой і аздараўленне патрэбны кожнаму з нас без выключэння.  Як для нашага індывідуальнага жыцця, так і для нашага жыцця ў грамадстве. Супакой і аздараўленне у нашай сям’і, у школе, на нашай працы, ва ўсёй нашай айчыне. Супакой і аздараўленне – гэта дары збавеннай ахвяры Езуса на крыжы. Там яны бяруць сваю крыніцу. Усё іншае па-за гэтай ахвярай не ў стане нас адарыць сапраўдным супакоем і аздараўленнем.
Дарагія браты і сёстры! Езус укрыжаваны збавіў свой люд. Усіх людзей, нават тых, што яшчэ не нарадзіліся і не прыйшлі на гэты свет. Перад тым як выканаць гэтую справу збаўлення Езус прасіў свайго Айца: “Вось, Пане, Я іду, каб выканаць Тваю волю!” Гэты шлях Хрыста дасягнуў сваёй кульмінацыі ў Вялікую Пятніцу, хоць грабніца, якая была высечана ў скале не стала апошнім момантам гэтага шляху. Сведчыць аб гэтым велікодны ранак, які мы з вамі неўзабаве хутка перажывем. Сёння ж будзем адараваць цела Езуса складзенае ў грабніцы. Вялікая Пятніца, нягледзячы на свой трагізм, не з’яўляецца трагедыяй, але шляхам  праз цемру смерці да святла уваскрасення. Дзякуючы смерці Хрыста мы адораныя супакоем, прабачэннем і аздараўленнем. Амэн.
III. Пасхальная Вігілія 
           Дарагія браты і сёстры! Сённяшняя літургія Пасхальнай Вігіліі адкрывае перад намі таямніцу пераходу. Пераходу ад смерці да жыцця, ад цемры да святла. Дарэчы слова “Пасха” так і тлумачыцца на беларускую мову як “Пераход”.  Мае дарагія, у гэтую Святую Ноч у нашым жыцці таксама адбываецца сваеасаблівы пераход.
Можа, калі мы глыбей задумаемся, то ўзнікае пытанне, ці патрэбны нам такога роду пераход? Мы жывем паводле Божых запаведзяў, прыйшлі на літургію Святой Пасхальнай  Ночы, памятаем пра Бога, молімся, да касцёла прыходзім звычайна часцей чым ад свята да свята. Ці мы патрабуем такі пераход? Можа яго патрабуюць толькі самыя закаранелыя грэшнікі і бязбожнікі?
Дарагія, той пераход, пра які апавядае кніга зыходу – калі Ізраэльскі народ вырушыў з Егіпедскай зямлі, з палону, у зямлю абяцаную Богам і крочыу праз Чрвонае Мора, пераход той не толькі з’яўляецца вобразам вызвалення з граху і паставай навяртання. Апрача гэтага ён з’яўляецца вобразам вызвалення мяне з сітуацыі, якая вядзе да граху, вызвалене ад непатрэбнай боязі за сябе.
Калі мы жывем у пастаяннай боязі за сваё жыццё, то гэтая боязь паралізуе нашую любоў. Я хацеў бы мець у сабе бязмежную любоў, хацеў бы каб такую ж ж любоў дасвядчаць ад іншых людзей, але перашкаджае ў гэтым нейкая нябачная мяжа. На якой стаіць крыж, дзе існуе смерць.
Калі я люблю іншага чалавека (ці гэта ў сужэнстве, ці ў сям’і, ці ў сяброўскіх адносінах) то ў пэўны час пачынаю заўважаць, што гэтая мая любоў не прыносіць мне ніякай карысці, што мне каб падтрымліваць гэтую любоў, трэба укладываць усё больш і больш уласных намаганняў. У такі момант паяўляецца крыж і я задаю сабе чарговая пытанні: Ці варта? У імя чаго? Што я з гэтага буду мець?
Мая боязь падказвае мне: супакойся, падумай пра сябе, навошта сябе мучыць… Калі я паслухаюся сваёй боязі, я апынуся у падобнай сітуацыі як некалі апынуўся Ізраэльскі народ. Так. Я траплю ў палон. З аднаго боку я маю ўсё што да жыцця патрэбна, але з іншага боку я станаўлюся нявольнікам. Нявольнікам сваёй боязі. Аднак у нашым жыцці з’яўляюцца такія моманты, калі я магу выйсці з гэтага небяспечнага палону. Гэтыя моманты ёсць часам майго ўласнага пераходу. Маёй асабістай “Пасхі”
Мае дарагія як бачым Бог не пакідае свой народ у Егіпце, Ізраэльцы не асуджаныя на палон навекі. Бог вырашыў вызваліць свой народ з гэтай нядолі і боязі, Ён стварыў пэўны план для гэтага пераходу і гэты план у жыцці кожнага веруючага дзейнічае ад часоў Маісея аж да сённяшняга часу.
Маісей Божай рукою выводзіць сваіх суайчыннікаў з Егіпецкай зямлі, ажыццяўляе можам сказаць незвычайны пераход праз чырвонае мора. Далёка на гарызонце пакідае збянтэжанага фараона і яго магутнае войска. Для Жыдоў, якія не ўмелі плаваць, Чырвонае Мора было б немагчымым шляхам да пераходу. Аднак. Нават немагчымае сталася магчымым. Народ даверыўся Богу і вынік гэтага свабода і шлях да Абяцанай зямлі! Хто сёння з’яўляецца маім фараонам? Дзе тое Чырвонае Мора, праз якое мне трэба прайсці? Калі ў маёй свядомасці узнікаюць падобныя пытанні, значыць я на крок бліжэй да свайго асабістага пераходу.
Пасха, якая менавіта азначае пераход, гэта таксама назва той вячэры, якую Ізраэльцы рыхтавалі перад сваім выйцем з Егіпту. Жыдоўскі народ меў даволі спецыфічны спосаб святкавання гэтых значных падзеяў у сваёй гісторыі. Пасхальная вячэра была не толькі успамінам мінулых збаўчых падзеяў, але была перажываннем нанова тога гістарычнага вызвалення.. Вячэра тая стала прататыпам Святой Імшы.
Дарагія браты і сёстры! Кожная Эўхарыстыя – гэта не толькі ўспамін падзеяў з Вячэрніка, гэта пастаяннае перажыванне Пераходу Езуса Хрыста ад смерці да жыцця. Кожны з нас запрошаны на гэты Пераход. Сёння кожны з нас: ты і я маем шанец вызваліцца з палону ўласнай боязі і эгаізму, стаць новым чалавекам – чалавекам свабодным, каб любіць; чалавекам шчаслівым, каб дзяліцца шчасцем з іншымі. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В