Гамілія на ІІІ Велікодную нядзелю

«Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан»

Дарагія браты і сёстры!

Зараз мы перажываем Велкодны час, Пасхальны час перамогі нашага Збавіцеля Езуса Хрыста. На працягу сямі тыдняў Касцёл жыве таямніцаю Хрыстовага Ўваскрасення. Сведчаць пра гэта разнастайныя падзеі, якія мелі месца пасля Змёртвыхпаўстання Езуса. 

Разнастайныя шматлікія сведчанні, якімі характарызуецца Пасхальны час, знакі і цуды, здзейсненыя ўжо вучнямі Езуса: Яго моцаю, або таксама ў Яго імя. Гэтыя незвычайныя пазеі, удзельнікамі якіх становяцца вучні Езуса Хрыста патрэбныя, каб пераканаць свет у тым, што па-людску кажучы здавалася быць немагчымым і пераўзыходзіла усялякае чалавечае ўяўленне і разумення натуры рэчаў. А менавіта: Той, каго выдалі на ганебную смерць, Той, каго ўрыжавалі, Той, хто памёр на крыжы, трэцяга дня ўваскрос з памерлых. Натуральна, па-чалавечы – гэта не магчыма. Аднак…

Спачатку ў гэтай праўдзе Хрыстус пераконвае сваіх найбліжэйшых. А ведаем як гэта было няпроста ўчыніць. Дастаткова ўспомніць апостала Тамаша. Езус сам неаднаразова пасля свайго ўваскрасення казаў сваім вучням, што яны вельмі павольныя да таго, каб паверыць усяму, што пісалі прарокі аб Езусе. Евангелле неаднаразова нам падае што Езус нават дакараў сваіх вучняў, за тое што яны малаверныя і канкрэтна ўказваў ім на іх недахоп веры. Што іх вера слабая. Езус шмат разоў аб'яўляўся сваім вучням, добра ведаем як паверыў апостал Тамаш, як убачылі Настаўніка вучні па дарозе да Эмаўс і г.д. Сённяшняе Евангелле нам таксама прадстаўляе ўваскрослага Езуса, у момант, калі Ён аб'яўляецца сваім вучням.

Які сэнс гэтага аб'яўлення? Ці толькі чарговы доказ праўды аб тым, што Езус жыве? І каб у гэтую праўду паверыў свет? Несумненна гэта так. Але ёсць у гэтым яшчэ нешта большае. Мне здаецца, дарагія браты і сёстры, што прысутнасць Бога ў свеце не з'яўляецца з большага праблемай нашай веры, але ўжо спосаб прысутнасці Бога ў нашым жыцці, можа быць для нас сваеасаблівай цяжкасцю. Ці мы здольныя заўважыць гэтую Божую прысутнасць і дзейнасць Бога сярод нас? Ці мы разлічваем на Яго дапамогу? Вось тыя праблемы, з якімі мы сутыкаемся штодня, праблемы, на якія ўказвае сёння літургія слова.

Заўважце, дарагія браты і сёстры, такі момант: Хрыстус аб'яўляецца каля Тыберыяцкага возера ў асаблівы час. Апосталы тады былі занятыя лоўляй рыб. Аднак, як піша аўтар Евангелля, "у тую ноч яны нічога не злавілі". І вось, калі сітуацыя была па-людку безнадзейнай, калі лоўля скончылася поўным фіаска, у гэты момант з'яўляецца яшчэ нераспазнаны вучнямі Езус. І Ён кажа да гэтых змучаных, смутных рыбакоў, каб яшчэ раз закінулі свае сеткі.

Напэўна з неахвотаю, бурчачы яны іх закінулі. Аднак пасля гэтага не маглі паверыць сваім вачам: яны ледзь маглі выцягнуць гэтыя сеткі ад мноства рыбаў, колькасць якіх апостал Пётр налічыў аж 153. Ад такой вялікай колькасці маглі нават парвацца іхнія сеткі. Усё гэта прывяло апостала Яна на думку, што да гэтага незвычайнага ўлову спрычыніўся Бог і таму з радасцю і захапленем Ян усклікае: "гэта Пан!"

Таму такі незвычайны ўлоў рыб дазволіў вучням распазнаць прысутнасць і дзейнасць Езуса. Магчыма вучні яшчэ ўспомнілі той першы цудоўны ўлоў, які стаў пачаткам іх паклікання. І вось зноў адбылося нешта падобнае. Гэта дазваляе вучням убачыць і адчуць прысутнасць свайго Настаўніка.

Дарагія! Уваскрослы Езус дазваляе сваім вучням адчуць сваю прысутнасць праз вельмі простыя сяброўскія жэсты і словы: праз вогнішча, прыгатаваны хлеб і рыбу, праз словы запрашэння: Хадзіце ж, снедайце! Менавіта праз гэтыя жэсты і словы - як кажа евангеліст-вучні распазналі, што гэта Пан. І тады нават ніхто не адважыўся задаць яму пытання тыпу: Ты хто? Бо ведалі, што гэта Езус. Яны былі ўпэўнены ў тым, што зараз з імі іх Настаўнік.

Такім чынам, дарагія браты і сёстры, Езус прызвычайвае вучняў, а разам з імі і нас да распазнання Яго новай, так часта ўкрытай, дыскрэтнай, поўнай таямніцы прысутнасці ў гэтым свеце і ў нашым жыцці. І гэтая прысутнасць, якую мы неаднойчы маглі дасведчыць у сваім жыцці, хутчэй за ўсё не была нейкім трыумфальным аб'яўленнем Божай хвалы, скіраванай да нашай асобы, наадварот - гэта ціхая, як лёгкі ветрык дзейнасць праз якую нам Бог дапамагае, а нават ратуе нас у безнадзейных сітуацыях.

Праз сваю Боскую моц уваскрослы Езус аб'яўляецца ў дзеянні, у службе чалавеку, а выкарыстоўвае для гэтага самыя звычайныя сродкі, або нават нашых бліжніх, якіх мы сустракаем у сваім жыцці. Пры гэтым ціхая прысутнасць Бога ў жыцці вучыць нас, асабліва калі мы моцна ўпэўнены ў сабе і сваіх сілах, што на самой справе без Бога мы нічога істотнага ўчыніць не можам. Без Бога ні да парога - як кажа вядомая нам прымаўка. Менавіта ў гэтай праўдзе пераканаліся апосталы ў тую ноч, калі нічога не злавілі. Паглядзіце, дастаткова толькі слова Езуса і адно закіданне сеткі ў возера.

Дарагія браты і сёстры! Што трэба, каб распазнаць прысутнасць і дзейнасць Бога ў нашым жыцці? Думаю, што пакора у гэтым выпадку самы галоўны інгрыдыент. Яе трэба найбольш. Патрэбна канешне і сваё намаганне, свае сілы, але калі гэтыя намаганні мы здзяйсняем у праўдзе і пакоры, толькі тады яны яны прынясуць духоўную карысць. За часта мы лічым толькі выключна на свае сілы. Св. Тэрэза некалі казала, што трэба так працаваць, як бы ўсё залежыла толькі ад нас і пры гэтым так маліцца, як бы ўсё залежыла толькі ад Бога. Няхай гэтая заахвота св. Тэрэзы, а таксама пастава пакоры і даверу Богу, дапамагаюць нам адчуваць Божую прысутнасць у нашай штодзённасці. Тады і мы разам з умілаваным вучнем будзем здольныя ў сваёй штодзённасці не толькі заўважыць Езуса але і усклікнуць «Гэта Пан». Амэн.





Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В