Гамілія на ўрачыстасць спаслання Духа Святога, 2013 AD


Дарагія браты і сёстры!
Сёння мы з вамі становімся сведкамі вельмі важных падзеяў у жыцці Касцёла. Можна сказаць, што сённяшні дзень з’яўляецца Днём нараджэння паўсюднага Касцёла. Менавіта сёння мы з вамі перажываем знамянальную ўрачыстасць Спаслання Духа Святога.
 Дух Святы, які сыходзіць ад Айца і Сына, напаўняе нашыя сэрцы шматлікімі дарамі і харызматамі ў нашым хрысціянскім жыцці. Важна нам адкрыцца на дзейнасць Духа Святога, так як гэта зрабілі Апосталы і вучні Езуса Хрыста. Мы з вамі такія ж вучні, хоць і раздзяляе нас немалая прастора часу, ад падзеяў першай Пяцідзесятніцы, першых Зялёных Святаў-як называюць гэтую ўрачыстасць у народзе.
Таму сённяшні дзень  - гэта чарговы ўспамін той першай нядзелі, калі вучні збіраліся разам. Зауважце: яны трывалі разам. Не сказана ў Святым Пісанні што вучні дзесьці ў глыбіні сэрца верылі што Бог ёсць, і жылі кожны сабе. Такое толькі можна пачуць  ад некаторых людзей зараз. Але на пачатку так не было. Апосталы і вучні былі разам у супольнасці, якая называецца Касцёл. Яны чакалі дару ад Айца. Тое абяцанне, якое даў ім Езус перад тым як узыйсці на неба: Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні. Мае дарагія! Менавіта ў гэтым заключаецца сэнс нашых штонядзельных спатканняў з Езусам у Эўхарыстыі. Там дзе двое або трое сабраныя ў імя маё, там Я сярод іх.
Сем тыдняў таму мы радаваліся ўваскрасенню Езуса Хрыста. Гэта ўрачыстасць традыцыйна збірае найбольшую колькасць веруючых у касцёле. Але, мае дарагія, кожная нядзеля ўключае ў сабе гэтую таямніцу. Менавіта таму кожная нядзеля на працягу года, ёсць абавязковай да ўдзелу ў святой Імшы. Кожная нядзеля, мае дарагія, гэта тое ж уваскрасенне, гэта тое ж спасланне Духа Святога, якое асаблівым чынам святкуем сёння. У літургіі кожнай нядзелі ёсць такія словы, дзякуючы якім прыходзім да высновы, што  нядзеля – гэта дзень у якім Езус уваскрос і спаслаў на Апосталаў  Духа Святога.
Варта кожнаму з нас усвядоміць сабе такую рэч: праз спасланне Духа Святога нам адкрываецца вялікая таямніца быту і дзейнасці Бога. І ў святле гэтага мы пазнаем, што Бог Айцец з’яўляецца аўтарам справы  стварэння, Божы Сын – становіцца на чале справы адкуплення і менавіта сёння аб’яўляецца трэцяя Божая  Асоба – Дух Святы, які здзяйсняе справу асвячэння чалавека, а праз яго, асвячэння ўсяго свету.
У дадатак да гэтага, яшчэ з самага пачатку існавання Касцёла ёсць разуменне двух этапаў спаслання Духа Святога. Першае спасланне, гэта той момант, калі Езус пасля свайго ўваскрасення ўваходзіць праз закрытыя дзверы да супольнасці сваіх вучняў, далікатна дзьме на іх і кажа: “Вазьміце Святога Духа! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім іх затрымаеце, на тым будуць затрыманыя”. І гэта было так званым першым спасланнем Святога Духа.
Яно было спасланнем “на адпушчэнне грахоў”. І было накіравана на стварэнне новага чалавека, на ачышчэнне сэрца. Калі вобразна казаць, то першае спасленне Духа Святога спрычынялася да адновы і прыгатавання сэрца, яно нібы каштоўны посуд, які пад дзеяннем Духа ачышчаўся і рыхтаваўся да другога спаслання. Дзякуючы якому гэты шляхетны посуд - нашыя сэрцы - маглі быць напоўненыя Духам Святым,  Яго дарамі і харызматамі.
Уявіце сабе, што магло б стаць, калі дар Духа Святога, Яго Боская моц, Яго шматлікія багатыя харызматы ўліваліся бы да сэрца адпаведна не падрыхтаванага, калі  посуд чалавечага сэрца яшчэ не адноўлены? Уяўляем і добра ведаем што было б. А было б гэта паводле словаў Езуса: “Не ўліваецца маладое віно да старых мяхоў” Чаму? Езус тлумачыць: “бо ў такім выпадку мяхі рвуцца: віно выцякае і мяхі марнуюцца. Маладое віно належыць уліваць да новых мяхоў. Тады і адно  і другое захоўваецца.”  У выпадку дароў Духа Святога, справядліва сказаць, што яны і ёсць тым маладым віном, якое ўліваецца ў мяхі нашых сэрцаў. Нам патрэбныя да маладога віна новыя мяхі.
І ў гэтым першым спасланні Езус пакідае сродкі неабходныя да адновы чалавека, адновы супольнасці. Да таго, каб стварыць і падрыхтаваць у духоўным сэнсе новыя мяхі. І гэтыя сродкі – сакрамэнты. Першы – гэта сакрамэнт Хросту. Як кажа святое Пісанне:“Хрост на адпушчэнне грахоў”, і другі сакрамэнт – сакрамэнт споведзі: ”Каму адпусціце грахі – тым будуць адпушчаныя, на кім пакініце, на тым застануцца”. Мае дарагія, стварэнне новага чалавека, аднаўленне сэрца - гэта нішто іншае, як адпушчэнне грахоў. Бо нашыя грахі і правіны спрыччыняюцца да таго, што брудзіцца каштоўны посуд нашага сэрца, што мяхі нашага сэрца становяцца старымі і дзіравымі. Але дзякуючы Божаму прабачэнню ў сакрамэнце споведзі, мы маем магчымасць аднавіць сябе нанова, каб прыгатавацца на дары Духа Святога, па-іншаму  - да другога спаслання Духа Святога, як разумеў гэта першы Касцёл.
Таму для нас, веруючых, першае спасланне  - гэта нашае ўласнае навяртанне, гэта прыняцце Евангельскай праўды да сэрца. А другое спасланне – гэта ўмацаванне ў гэтай праўдзе, гэта маё жыццё і сведчанне Евангелля Хрыста. Гэта канкрэтнае заданне, якое вызначае мне Бог у маім жыцці. Гэта жыццё паводле прынцыпаў веры. Гэта атрыманне Божых дароў і выкарыстанне іх у жыцці. Як для ўласнага дабра, так і для  дабра супольнасці Касцёла.  
Так было ў жыцці Апосталаў. Да нядаўнага часу яны не ўсё разумелі аб Езусе, аб Богу, аб лёсе гэтага свету. Апосталы былі сведкамі шматлікіх цудаў Езуса. З Яго вуснаў яны чулі не адзін заклік да навяртання, прыгажосць навукі аб Божым Валадарстве. Яны слухалі Яго словы, бачылі тыя праўды і прынцыпы якімі жыве Езус, але не былі моцнымі ў веры. Апосталы чулі што любоў з’яўляецца найвышэйшай вартасцю, да якой павінен імкнуцца і якой павінен жыць кожны чалавек. Але для іх гэта была толькі тэорыя. У практыцы вучням Хрыста яшчэ было далёка да гэтага узнёслага ідэалу, каб рэалізаваць самую галоўную запаведзь: любові Бога і бліжняяга.
І толькі зараз, калі Дух Святы сыходзіць на Апосталаў, яны пачынаюць разумець тое, што казаў Езус, яны выходзяць у свет, каб несці Евангелле, каб абвяшчаць Божае Валадарства. Да гэтага Апосталы былі спаралізаваныя страхам і неабгрунтаванай бояззю, ім здавалася што ўвесь свет супраць іх, а яны няздольныя нешта змяніць. Але дарэмна яны так думалі. Сам Езус кажа:” Будзьце адважнымі! Я перамог свет!” І калі Святы Дух напаўняе хрыстовых вучняў, спаўняюцца словы Езуса, адносна Духа Святога: “Ён вас усяму навучыць” – некалі казаў Езус.
  І цяпер вучні з адвагаю ў сэрцы выходзяць у свет, бачна іх унутраная перамена. Бачна, што зараз яны падрыхтаваныя да складання нават найвышэйшай ахвяры са свайго жыцця ў Імя Езуса. “Няма большай любові, калі хтосьці жыццё сваё аддае за братоў сваіх.”
Дарагія браты і сёстры! Менавіта так выглядае дынаміка дзейнасці Духа Святога: спачатку ёсць подых Езуса, падрыхтоўка нашых сэрцаў і ўрэшце прыйсце Духа Святога ў моцным веянні і языках полымя.
І так як было калісьці, так ёсць і цяпер: Езус звяртаецца да кожнага, кажучы: Ідзіце па ўсёй зямлі і абвяшчайце Добрую Навіну. А дзеля таго, каб адважна ісці ў свет, нам трэба ўмацаванне ў веры. Нам патрэбныя дары Духа Святога. Таму сёння сыходзіць Дух Святы таксама і на кожнага з нас, каб  сваёй нябачнай моцаю дакрануцца глыбіні нашых сэрцаў.
Ян Павел ІІ у 1979 годзе менавіта ў гэты дзень, на Зялёныя Святы, звярнуўся да студэнтаў на Замкавай Плошчы ў Варшаве, такімі словамі: “мерай чалавека ёсць яго сэрца”. Неабсяжнае сэрца, у якім ёсць велізарная прастора для чалавека і для Бога. Але калі гэтае сэрца закрытае, то промні ласкаў Духа Святога не могуць напоўніць гэтую глыбокую і вялікую прастору, Божыя ласкі сплываюць не трапляючы ўнутр сэрца.
Трэба нам, дарагія браты  і сёстры, у пакоры схіліць чола перад Богам, і адкрыць нашае сэрца на прыняцце Божых дароў на кожны дзень. Варта быць свядомымі той нязмернай  любові, якую дае нам Бог у сваіх дарах і ласках. У кожнай нашай малітве, калі мы прымаем сакрамэнты, падчас кожнай св. Імшы мы патрабуем Божага святла, любові, моцнай веры, мужнасці і адвагі. І сёння Дух Святы спасылае нам свае дары: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць, Божую боязь. Аб гэтых і іншых дарах з пакораю трэба прасіць Духа Святога і не толькі сёння..
Калі вы з Богам то ўсё магчыма. Не страшныя тады аніякія жыццёвыя выпрабаванні і цяжкасці. А каб гэта рэалізаваць, нашае хрысціянскае пакліканне да святасці, то адкрыйце вашыя сэрцы на дзейнасць Духа Святога, запрасіце Хрыста ў вашыя сем’і і ў вашыя сэрцы. І запрашайце не толькі сёння, але ўсё вашае жыццё. Амэн.   

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В