Гамілія на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, год С

Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняя урачыстасць паказвае нам чарговую таямніцу з жыцця Езуса і  Касцёла – таямніцу ЎНЕБАЎШЭСЦЯ. Таксама сёння ўжо саракавы  дзень пасля Ўваскрасення Пана. Час ляціць вельмі хутка. Здаецца зусім нядаўна перажывалі Пасху. А сёння Езус ўзносіцца да неба. Ён перастае быць бачным,  але Яго прысутнасць не знікае. Ён надалей застаецца з намі, толькі ўжо ў нябачнай постаці.
Вось паглядзіце! Пасля свайго хвалебнага ўваскрасення Езус сустракаўся са сваімі вучнямі, размаўляў з імі, спажываў разам ежу, спадарожнічаў у вандроўцы, але калі ўзышоў на неба не развітаўся з намі.  Езус калісьці казаў: Вось Я з вамі аж да сканчэння свету. І прысутнасць Езуса ў жыцці Касцёла, у жыцці свету, у нашым жыцці ўсім добра вядома. Напэўна многія з нас дасведчылі  гэтай прысутнасці. А сустрэчу з Езусам асаблівым чынам перажываем на супольнай Эўхарыстыі.
Нажаль не заўсёды мы смвядомыя гэтай прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. Не заўсёды звяртаем на яе ўвагу, больш звяртаем калі трапляем у складаныя сітуацыі, але калі нам добра, то як жа часта мы забываем пра тое, што Езус побач. Забываем сказаць Яму нашае звычайнае чалавечае ДЗЯКУЙ. А калі мы перажываем цяжкія сітуацыі, то вельмі часта наракаем на Бога: што нас пакінуў, што забыўся пра нас, адвярнуўся ад нашай цяжкой сітуацыі, у якой мы знаходзімся. Дарагія! Можа справа ў іншым: можа гэта мы забываем пра Бога, можа гэта мы ад Яго адварочваемся, можа насамрэч гэта мы Яго пакінулі.
Бо ведаеце, найчасцей, гэта менавіта мы забываем пра Бога. Выключэннем з’яляюцца крызісныя сітуацыі.  У такіх сітуацыях мы вельмі падобныя да апосталаў, якія плылі па возеры і перажывалі моцны шторм, а Езус у той час спаў. І у такіх штармавых сітуацыях  добра, калі мы пачынаем будзіць Езуса. Але як часта мы, разбудзіўшы Езуса, папракаем Яго… Усё гэта вельмі добра адлюстроўвае адна вядомая ўсім прымаўка: “Як трывога дык да Бога”
Дарагія! Сёння мы ўзгадваем таямніцу Унебаўшэсця Езуса, і калі мы над ёй задумваемся, то ў нас можа ўзнікнуць пытанне: у чым істотны сэнс сённяшняй урачыстасці? Чым для нас з’яўляецца таямніца Ўнебаўшэсця Хрыста? Калі рацыянальна паразважаць над гэтым фактам, то ён напэўна падасца нам неверагодным, бо перакрочвае правы натуры. Але калі мы падыдзем да гэтай справы з іншага путкту гледжання, а менавіта: што для нас веруючых хрысціянаў значыць падзея Ўнебаўшэсця Езуса, то прыдзем да высновы, што ключом да разумення гэтага пытання стане не паврхоўнае, а больш глыбокае разуменне зместу сённяшняй ўрачыстасці.
Напэўна, таямніца ўнебаўшэсця Хрыста  - гэта для нас канкрэтны накірунак да дому Айца. Езус нас запрашае, каб мы вярнуліся да свайго дому, адкуль выйшлі.  Нашая айчына ў небе.  І на гэтым шляху да дому Айца Езус заўсёды застаецца з намі і заўсёды нас падтрымлівае. Ён нават паказвае нам мэту свайго ўнебаўшэсця, навошта Езус узносіцца да неба: “Іду, каб прыгатаваць вам месца” – кажа. А перадусім, каб праз гэты Яго адыход, сышоў дар ад Айца: Дух Святы. 
Таксама, дарагія браты і сёстры,  варта звярнуць увагу на тое, што перад  унебаўшэсцем,  Езус звяртаецца да сваіх вучняў з заклікам каб ішлі ў свет, навучалі і давалі сведчанне. Вось тут істота нашай хрысціянскай місіі: ісці, навучаць і даваць сведчанне.
Напэўна мы неаднаразова бачылі абразы і выявы, якія адлюстроўваюць сённяшнюю падзею. Наш позірк канцэнтруецца на Хрысце, які ўзносіцца ў неба. Напэўна, многія задавалі такое пытанне: а дзе гэтае неба.  Наконт неба ўзнікаюць нават  розныя асацыяцыі. Некаторыя маюць язычніцкія карані, некаторыя – атэістычныя.
Вось напрыклад міфічная гара Алімп, месца прабывання грэчаскага пантэона, магутная гара  на фоне блакіту неба з зоркамі выглядае вельмі наіўна і па-дзіцячаму, і цяжка ўсур’ёз ўспрыняць такі вобраз неба.
Або савецкая прапаганда, якая стварыла прымітыўнае мысленне, калі казала першаму касманаўту Юрыю Гагарыну паўтараць слоган, што няма Бога ў касмічных прасторах, бо асабіста ён там Бога не сустрэў.
Дарагія!  Неба, гэта не толькі прастора над зямлёй, празрыстая лёгкая  атмасфера. Неба - гэта Бог і Яго прысутнасць ва ўсім свеце. Неба - гэта Бог і Яго прысутнасць у Касёле і ў  нашых сэрцах.
Гэтую праўду далей працягвае святы Павел: Унебаўшэсце не азначае, што Касцёл застаецца сам: ён цяпер становіцца новай рэчаіснасцю, Яго новым целам. І менавіта ў Касцёле рэалізуецца таямніца Ўнебаўшэсця. Касцёл  гэтай таямніцай жыве.
Святы Павел называе Касцёл целам Езуса. Гэты вобраз паказвае нам праўду аб тым, што справа збаўлення, якую распачаў Езус Хрыстус, працягваецца ў Яго Касцёле. Галава Касцёла – Езус – знаходзіцца ў небе, а Яго цела – мы, прабываем тут,  на зямлі. Можна нават сказаць, што хрысціянін - гэта той, хто цвёрда і ўпэўнена ступае па зямлі, а галавой дакранаецца неба. І на зямлі мы пілігрымы, а не заблуканыя бяздомныя. Бо той, хто ведае мэту свайго падарожжа, той глядзіць на свой шлях шырока і з усёй перспектываю, бо выразна бачыцуь мэту. І вось гэтую мэту нам сёння ўказвае Езус. Ён паказвае куды кожны з нас павінен імкнуцца.
Дарагія браты і сёстры! Хрыстус ніколі нас не пакіне. І нават калі нам здаецца, што мы засталіся самі, а Ён ад нас далёка,  то насамрэч Езус бліжэй да нас чым мы самі да сябе.  Няхай гэтая праўда падтрымоўвае нас кожнага дня, асабліва ў цяжкія моманты. Каб мы, узіраючыся ў Хрыста, не баяліся нашай зямной пілігрымкі, а выразна бачылі яе мэту і да гэтай мэты імкнуліся. І тады нашыя сэрцы таксама напоўняцца радасцю, як некалі сэрцы  апосталаў. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В