Трылогія аб св. Тэрэзе ад Дзіцятка Езус
Я
ВЫБІРАЮ УСЁ
Дарагія
браты і сёстры!
Шчыра вітаю вас, якія
сабраліся тут у гэтай святыні, каб духоўна падрыхтавацца да падзеі, якую
неўзабаве будзем перажываць. У хуткім часе мы з вамі будзем
сустракаць рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, кармеліткі босай. Разам
з вамі я таксама хачу на працягу гэтага трыдуума паразважаць на тэму святасці,
наблізіць да вас асобу св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, а таксама пераказаць чарговы
раз яе заклік да сучаснага чалавека, яе малую дарогу шчырага, простага даверу
Богу.
Св.
Тэрэза нам хоча сёння прыгадаь адну праўду: святасць – гэта заданне для кожнага
чалавека, а не толькі для выбраных. Хачу заўважыць, дарагія браты і сёстры, што
заклік да святасці, якім кіравалася і жыла св. Тэрэза на кожны дзень, стаў крыніцай
яе сапраўднага шчасця. Можа таму, што мы жывем сёння шматлікімі сучаснымі
праблемамі і нашай складанай рэальнасцю, пастава і асоба гэтай манахіні-кармеліткі
становіцца для нас асабліва актуальнай.
Сённяшні свет, у якім мы
жывем, мае тэндэнцыю адштурхоўвання адвечных вартасцяў на задні план. Часамі
нават высмеівае іх. Магчыма гэта пабочны эфект навукова- тэхналагічнага
прагрэсу. Як жа часта сучасны чалавек забывае, што значыць сардэчнасць, велікадушнасць,
шчырасць, праўда. Яго паглынае хуткі рытм штодзённасці. Здаецца, што сёння ў
нас вялікія магчымасці, але аказваецца наадварот. З аднаго боку, у нашых далонях можа быць увесь свет - дзякуючы новым тэхналогіям мы можам назіраць, што
адбываецца ў найбольш аддаленым ад нас кутку зямлі. Але бывае, што чалавека, які побач, мы ўжо не заўважаем. Можа зараз
час, каб задумацца: што з намі не так.
“Будзьце святымі, бо Я святы
– кажа Пан” заклік гэты са Старога Запавету, з большага, нам усім вядомы. І
адначасова як жа зыбыты ў сучасным свеце. Многія не ўласціва разумеюць, што
значыць быць святым. І ці наогул варта ім быць. Адныя лічыць святасць чымсьці
недасяжным, іншыя - скрупулёзна яе высцерагаюцца.
Дарагія! Імкненне і
рэалізацыя святасці вельмі выдатна праявілася ў жыцці св. Тэрэзы ад Дзіцятка
Езус. Разважаючы пра яе асобу і дзейнасць прыходзім да высновы, што святасць
гэта не старажытны пафас, не міф ці фантастычная з’ява, а гэта нармальны стан
хрысціяніна.
Напэўна, многія з нас чулі
пра асобу св. Тэрэзы, пра яе сям’ю. Адметнае і тое, што чатыры яе сястры сталі
манахінямі. Св. Тэрэза з’яўляецца апякункай місій і місіянераў, а таксама
ведаем тое, што яна абяцала спасылаць на зямлю дождж ружаў Божай любові і
міласэрнасці. Папа Ян Павел ІІ абвесціў яе Доктарам Касцёла. І асоба св. Тэрэзы
стала асаблівым прыкладам для наследвання.
У Ордэн сясцёр кармелітак
Босых яна уступіла маючы 15 год. Будучы маладой манахіней, св. Тэрэза акунулася
ў асаблівую рэчаіснасць Божай любові. Гэтая рэчаіснасць не была пазбаўлена
выпрабаванняў. Адказваючы на заклік Божай
любові, Тэрэза без рэшты ахвяравала сябе, усё сваё жыццё Богу, дасведчыўшы ў
сваім жыцці нямала выпрабаванняў і цярпенняў як на душы, так і на целе.
Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні веры, яна заставалася вернай Богу аж да канца
свайго жыцця. На працягу свайго нядоўгага жыцця, усяго толькі 24 год, у супольнасці сясцёр яна цалкам даверылася Езусу, які аддаў сваё жыццё за многіх.
Тэрэза таксама пакінула
духоўную спадчыну, напісаныя ёю сшыткі пад назвай “дзеі душы”, якія цудоўна адлюстроўваюць
яе асобу. У “Дзеях Душы” ёсць такі момант, дзе Тэрэза ўспамінае, як яна перарочыла
браму кляштара, узгадвае сваю пастанову, якую можна нават назваць дэвізам яе
жыцця: “Хачу быць святой”.
Гэтая думка заўсёды дадавала
ёй асблівага інтузіазму, калі яна жыла ў супольнасці. Пазней піша наступнае: “Я
зразумела, што існуе шмат ступеняў святасці, а кожная душа мае свабоду, каб
адказаць на заклік нашага Пана, можа рабіць для Яго мала або шмат, адным
словам: кожная душа мае магчымасць выбару розных ступеняў ахвярнасці, да якой
Бог гэтую душу кліча.
Далей Тэрэза працягвае: "Таксама, як у час свайго дзяцінства, так і зараз я усклікнула-Божа! я выбіраю
ўсё! Я не хачу быць святой на палову і не баюся для Цябе цярпець. Адзінае, што
мяне непакоіць – дык гэта мая ўласная воля, якую я хачу цалкам аддаць Табе.
Пане, забяры яе бо выбіраю ўсё чаго жадаеш Ты!". І гэтыя словы св. Тэрэза
падцвердзіла усім сваім жыццём. Гэта былі не проста словы…
На іншым месцы Тэрэза так
пісала: “Замест таго, каб знеахвочвацца кажу сабе: добры Бог ніколі не даў бы
мне прагненняў, якія я не магла бы рэалізаваць, таму, нягледзячы на тое, што я
з’яўляюся такой маленькай, я магу імкнуцца да святасці. Я не павінна ўзвышацца,
але з пакораю прымаць сябе такой, якой я ёсць з усімі сваімі недасканаласцямі…"
Назіраючы над яе простым
жыццём, адна з сясцёр калісці так сказала Тэрэзе: "Дзіця маё, мяркую няшмат чаго
мажаш сказаць сваім настаяцелям." –на што Тэрэза запытала: "чаму вы сястра так
лічыце?"- "Бо ў цябе вельмі простая душа, але калі ты дойдзеш да дасканаласці,
будзеш яшчэ больш простай."
Як аказалася гэтая простая
манахіня пасля сябе пакінула багатую духоўную спадчыну, напісаную ўласнай
рукою. Тыя, хто даследваў пісменніцкую дзейнасць Тэрэзы падлічылі, што яна
з’яўляеца аўтарам 266 лістоў скіраваных да яе родных і блізкіх. Таксама яна
напісала 54 вершы, 21 малітву-разважанне і ўзгаданыя вышэй "дзеі душы".
Маленькі чалавек – вялікі
святы. Гэтыя словы поўнасцю адпавядаюць асобе св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. А
разуменне святасці ў Тэрэзы было вельмі простым і элементарным: па-першае, без
рэшты даверыцца Богу, даверыць сябе і ўсе свае прагненні толькі Яму. Па-другое, верна выконваць свае абавязкі, бо нават у дробязі можна заўважыць Божую волю. А
як вядома з падобных дробязяў складаюцца вялікія рэчы.
Вельмі важнай справай
з’яўляецца ўпарадкаванне сваіх прагненняў. Тэрэза вельмі часта казала сваім
сёстрам-навіцыянткам: «Адзіны ёсць толькі Езус, а ўсё іншае не істотна».
Дарагія браты і сёстры!
Адкрыццё святой Тэрэзы грунтуецца на Божым слове. Каб адкрыць сваё пакліканне,
трэба яго спачатку прагнуць, жадаць яго. Калі прагненне ўзнікла, трэба пачаць
шукаць дарогу яго рэалізацыі, абапіраючыся на Божае слова, у якім Бог у поўнай
меры дае адказ на сэнс нашай дарогі.
Адносна імкнення да святасці
Тэрэза кажа так: «Мы — дзеці, якія крочым да Бога, і Бог ніколі не дае нам
такіх прагненняў, якія б не маглі быць рэалізаванымі. Таму ў адказ на Яго
заклік да святасці трэба з надзеяй і даверам дазволіць Богу дзейнічаць у нашым
жыцці». Гэта і ёсць той просты і адначасова мудры рэцэпт рэалізацыі святасці
для кожнага з нас. Дазвольце Богу дзейнічаць у сваім жыцці! Паводле Тэрэзы, неабавязкова здзяйсняць нейкія вялізарныя гераічныя ўчынкі, дастаткова простых
звычайных штодзённых справаў, у якіх мы здольныя заўважыць Бога, або якія можам
Яму ахвяраваць.
Умілаваныя! Прыклад Тэрэзы,
у імкненні да святасці, у шчырым даверы да Бога, няхай будзе для нас узорам, як
належыць шукаць адказы на ўнутранныя памкненні сэрца і ўсёй сваёй асобай
адказваць на Божы заклік. Амэн.
***
Дарагія
браты і сёстры!
Памятаю, калі я вучыўся яшчэ
ў школе, мяне ўразілі словы са стэнду ў адным з класаў. Дакладна зараз не
прыпомню ці гэта быў кабінет біялогіі, ці хіміі. Словы былі наступныя: “А ты какой оставил в жизни след? Ведь без следа и
человека нет. ˮ
Не ведаю,
хто з’яўляецца аўтарам гэтага выразу, але мне ён неяк асабліва спадабаўся і
запомніўся. Сёння менавіта гэтымі словамі хачу распачаць разважанне.
Ідучы па дарозе жыцця, мы
пакідаем свой след. Значыць існуе шлях, дарога па якой мы ідзем. І гэтых шляхоў
ды дарог, куды чалавек ідзе, ёсць вельмі шмат. Адныя шляхі шырокія ды
прасторныя, іншыя вузкія ды цярністыя.
Але якім бы наш шлях ні быў, важна канчатковая мэта, куды ён вядзе.
Сёння прапаную прыгледзіцца
да тога шляху, якім крочыла св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус у сваім жыцці. Яна адкрыла просты шлях, які вядзе да Бога,
называючы яго “малой дарогай”. Генеальнасць гэтага шляху заключаецца ў яго
простасці, ва ўменні даверыцца Богу, адчуць сябе дзіцяткам, якое вядзе любячы
Айцец.
Гэты шлях цалкам абапіраецца на давер Богу. Дарагія! Менавіта такога даверу нам сёння не хапае. Мы прывыклі
давяраць газетам, часопісам тэлебачанню, сваім ўласным магчымасцям, а забываем,
што неаднойчы патрэбна нам шчырага простага даверу да Бога, які нас любіць.
Менавіта гэтую праўду нам хоча сёння прыпомніць св. Тэрэза.
Дзякуючы малой дарозе,
Тэрэза за сваё нядоўгае жыццё змагла не толькі пазнаць Евангелле, але ім жыць.
Яна якбы нанова запрапанавала адчытаць евангельскі ідэал Божага дзяцінства і
таму прыдумала “малую дарогу” да святасці, якая ў яе разуменні азначала дзіцячы
давер Богу як Айцу.
Вельмі многіх захапляе
духоўнасць гэтай манахіні. Вобразам малой дарогі таксмама становіцца пастава
дзіцяці, якое назаўсёды прытуляецца да свайго Айца. Вельмі падобны вобраз будзе
пазней прысутнічаць у духоўнасці іншых
святых. Тэрэза змагла сваю малую дарогу зрабіць папулярнай, зразумелай і
даступнай кожнаму.
Дарога Тэрэзы ёсць ні што
іншае, як спрошчаны варыянт евангельскай дарогі Езуса, паводле якой святасць не
заключаецца толькі ў здзяйсненні цудаў, або на адданні сябе на ахвяру
ўсеспалення. Усё значна прасцей: святасць – гэта ўменне быць Божым дзіцём,
уменне ўсвядоміць сваю маленькасць. Быць Божым дзіцём - значыць крочыць малой
дарогай, любячы Бога і людзей, а таксама
адкідваючы марнасць гэтага свету з усімі
яго пажадлівасцямі. Гэта мудры выбар кожнага чалавека, таму што свет прамінае,
а з ім прамінае і яго пажадлівасць. Адзінае - гэта любоў. Толькі яна трывае
навекі.
Таксама і ў наш час тыя
людзі, якія пазналі “Дзеі душы” Тэрэзы, жадаюць дайсці да Бога простай дарогай,
кіруючыся рэкамеднацыяй Езуса для дарослых: “Дазвольце дзецям прыходзіць да
Мяне і не перашкаджайце ім, бо да такіх належыць валадарства Божае”. Такім
чынам гэта ёсць цудоўны спосаб рэалізацыі ”сцежкі” святасці. Ён не патрабуе
суровых пакутаў і адрачэнняў, або доўгіх гадзінаў медытацыі, нягледзячы на тое,
што праз усё кароткае жыццё Тэрэзы цярпенняў усё такі хапала.
Дарагія! Тэрэза ў сваёй
малой дарозе кожнаму прапануе паставу малога дзіцяці. І першым крокам на гэтай
дарозе ёсць прызнанне ўласнай слабасці, у пэўным сэнсе бязраднасці, і адначасова - моцны давер да айцоўскіх рук, дзеля таго, каб пазней стаць бескарысным дарам для
Бога і бліжніх.
Сёння Тэрэза хоча прыгадаць,
што нам трэба прыняць уласнае абмежаванне і недасканаласць, што па гэтай дарозе
трэба ісці да Бога з любоўю і верай, каб менавіта Ён - Бог, мог нас узняць сваёй
любоўю і ўдасканаліць сваёю ласкай.
Малая дарога Тэрэзы насычана
надзеяй на тое, што нас не павінны знеахвочваць рознага роду цяжкасці і
слабасці чалавечай натуры ў дарозе да Бога. Уся цяжкасць малой дарогі зводзіцца
да таго, каб перамагчы свой уласны эгаізм, пазбыцца празмернага гонару і
празмернага спадзявання толькі на свае ўласныя сілы і магчымасці.
Прыгажосць духоўнасці св.
Тэрэзы ад Дзіцятка Езус грунтуецца на тым, што паказвае веліч і неабходнасць
айцоўскай любові Бога.
Умілаваныя! Калі
прыгледзіцца і паразважаць над жыццём св. Тэрэзы, няцяжка заўважыць, што ў гэтых
24 гадах жыцця змяшчаецца мудрасць, якая ёсць плёнам Божай ласкі. Памятаем яе святую
сямью, яе святых сясцёр. А яе манаскі прэдыкат ад Дзіцятка Езус таксама шмат аб
чым гаворыць. Менавіта ад Езуса Тэрэза вучылася быць малой, святой і, дзякуючы
Яму, Тэрэза паказала ўсім, што трапіць у рукі любячага Айца зусім няцяжка.
Малая дарога святасці, канешне, не была цалкам ружовай ды дзяціннай, як гэта можа здавацца, калі чытаем Дзеі
Душы, і канешне да святасці Тэрэзы –як і ў выпадку многіх іншых святых - руку
прыклалі людзі Касцёла. Аднак гэта быў цудоўны спосаб рэалізацыі жадання Тэрэзы
” хачу быць святой”.
Няхай асоба св. Тэрэзы ад
Дзіцятка Езус, а таксама яе духоўнасць, у прыватнасці, малая дарога, дапамагае
кожнаму з нас крочыць уласцівым шляхам да Бога. Няхай дазволіць Яму ўзяць нас
на рукі - тады крочыць будзе значна прасцей. Амэн.
***
Дарагія
браты і сёстры!
Напэўна ёсць такія моманты ў
жыцці кожнага, магчыма больш гэта ў перыяд маладосці, калі ў нас з’яўляецца
шмат розных мараў, планаванняў будучага.
І гэта нармальна. Хто ж з нас не марыць?
Добрыя мары, уяўленне сваёй будучыні,
прагненні дабра для сябе і для іншых проста неабходныя ў нашым жыцці. Без іх
немагчыма, бо яны дазваляюць нам жыць поўным жыццём. Нераз такія прагненні ды
мары натхняюць нас да добрых справаў, для таго, каб жыць і дзейнічаць на
карысць дабра.
Падобныя натхненні патрэбныя
як у нашым звычайным жыцці, так і ў жыцці духоўным: калі чытаем Біблію, калі
слухаем Божае Слова, слухаем заахвочванне святароў, прапаведнікаў атрымоўваем
як бы імпульс, які нас пабуджае да таго, каб мы марылі і планавалі свой уласны
ўдзел, уклад у жыццё Касцёла. Калі мы адчуваем прагненне больш глыбокага
духоўнага жыцця, то без сумніву раней ці пазней гэтае прагненне рэалізуем…
У Старым Запавеце ў кнізе
прарока Ёэля ёсць такія словы: “Старцы вашыя будуць сніць, а юнакі вашыя будуць
мець візіі" (Ёл. 3,1) Калі гэтыя словы перанесці на нашу цяперашнюю рэчаіснасць,
то гэты наш досвед ёсць ні што іншае як натхненне Святога Духа, які і ёсць крыніцай нашых
прагненняў, планаў і мараў.
Святая Тэрэза ад Дзіцятка
Езус, будучы маладой дзяўчынай, потым сястрой кармеліткай, таксама марыла.
Марыла яна аб вялікіх чынах, якія жадала здзяйсніць дзеля Езуса. Свае жывыя
прагненні, мары яна адлюстравала ў адным вельмі шчырым вызнанні: Адчуваю ў сабе
пакліканне ваяра, святара, апостала, доктара, мучаніка… Адчуваю ў сваім сэрцы
адвагу крыжаносца, папскага жаўнера, прагну памерці на полю бітвы, абараняючы
Касцёл…
Дарагія! Калі прыгледзіцца
да нашых мараў і прагненняў, то яны нагадваюць нам квітнеючыя сады. Шмат
кветкаў з якіх павінны апасці, толькі з некаторых праз пэўны час можна будзе
дачакацца пладоў. Такім ёсць жыццё. Нешта падобнае адбываецца і ў сферы нашых
прагненняў. Не ўсе яны спаўняюцца.
Напрыклад у жыцці св.
Тьэрэзы споўнілася шмат мараў, яна стала манахіняй. Але адчувала нейкі недахоп
у выкананні сваіх прагненняў. У сваім жыцці Тэрэза шукала нейкага больш
глыбокага сэнсу, нейкага канкрэтнага паклікання, каб адчуць і перажыць цалкам
тую радасць з выканання сваіх прагненняў. І гэтую каштоўную жамчужыну
самарэалізацыі св. Тэрэза знаходзіць у Евангеллі.
Езус, у апошніх гадзінах
свайго жыцця, стараўся прыгадаць апосталам аб тым, што было найважнейшым у Яго
жыццёвым пакліканні. Настаўнік і Пан абмыў сваім вучням ногі. Паводле яўрэйскай
традыцыі гаспадар абмываў ногі гасцям толькі тады, калі ганарыўся іх
прысутнасцю. Калі госці былі вельмі важнымі.
Увесь час, калі Езус
размаўляў, настаўляў сваіх вучняў. Ён абвяшчаў Божае валадарства, дакладна
кажучы, яно і з’яўляецца прыарытэтам у
нашым жыцці. Найважнейшым з’яўляецца Божае валадарства да якога мы і павінны
імкнуцца. І гэтае запрашэнне да Божага Валадарства датычыць усіх людзей.
У Божым Валадарстве мы не губляем сваёй тоеснасці, мы
заўсёды застаемся сабою, але пры гэтым разам з іншымі ствараем еднасць, якая
з’яўляецца Целам Хрыста.
Падчас Апошняй Вячэры Езус
хацеў падцвердзіць праўду аб тым, што Валадарства Божае з’яўляецца валадарствам любові. Дзе няма
месца людзкой зайздрасць, бязлітаснай канкурэнцыі, заўзятага змагання за тое
хто лепшы і г.д. Для Езуса было важным, каб яго вучні, таксама і мы зараз, зразумелі прынцып, які
вядзе да Божага валадарства і які быў выражаны ў абмыцці ног.
Езус запытваў сваіх вучняў:
“ Ці разумееце што Я вам учыніў? Вы мяне называеце Настаўнікам і Панам і добра
кажаце бо Я ім з’яўляюся. І калі Я Пан і Настаўнік абмыў вам ногі, то і вы
павінны сабе наўзаем абмываць ногі. Я
даў вам прыклад, каб вы так чынілі, як Я вам учыніў…”
Прынцыпова
важнай умовай ўваходу да Валадарства Божага з’яўляецца выбар любові, як
асноўнага прынцыпу жыцця. Любоў ёсць тым адзіным распазнавальным знакам: Па
гэтым усе пазнаюць, што Вы мае вучні, калі будзеце мець любў адзін да аднаго.
Адзінай сілай у Валадарстве Божым ёсць сіла любові, а не сіла аргумента, ці
аргумент сілы.
Святая Тэрэза ад Дзіцятка
Езус калісьці напісала такія словы: “Я зразумела, што паколькі Касцёл з’яўляецца
Целам, які складаецца з многіх членаў, то ён заўсёды мае ў сабе сэрца. І гэтае
сэрца палае любоўю… Я зразумела, -піша далей Тэрэза, -што любоў уключае ў сабе ўсе
пакліканні, любоў з’яляецца ўсім, яна ахоплівае ўсе часы і ўсе месцы… Адным
словам любоў вечная! Таму захапляючыся веліччу гэтай любові, я не магу не
ўсклікнуць з радасці: О Езу, мая любоў… Нарэшце я знайшла маё пакліканне. Маім
пакліканнем з’яўляецца любоў. У сэрцы Касцёла, маёй Маці, буду любоўю і такім
чынам усе мае мары споўняцца!"
Умілаваныя! Святая Тэрэза ад
Дзіцятка Езус адчувала ў сваім сэрцы глыбокую радасць, таму што зразумела адну
вельмі важную рэч: яе мары, прагненні бралі пачатак з адной крыніцы, якой была
менавіта любоў. І гэтая любоў была яе пакліканнем. Адказваючы на заклік любові
Тэрэза не толькі зберагла, але і рэалізавала усе свае мары і прагненні. Ёй
атрымалася дайсці да самага каштоўнага скарбу, які быў укрыты ў яе сэрцы. І калі
Тэрэза гэты скарб адшукала, то адначасова адшукала сябе.
У сваёй
першай энцыкліцы „Redemptor hominis” папа Ян Павел ІІ напісаў: "Чалавек няможа
жыць без любові. Чалавек застанецца для самога сябе незразумелай істотай, а яго
жыццё будзе пазбаўлена сэнсу, калі яму не аб’явіцца любоў, калі ён не
спаткаецца з любоўю, калі да яе не дакранецца і не зробіць яе нейкім чынам
сваёй уласнай, калі не знойдзе ў ёй свайго жывога ўдзелу, да той пары чалавек
не зможа цалкам сябе зразумець."
Дарагія браты і сёстры!
Сёння гэтая святая асаблівым чынам жадае падзяліцца з намі сваім адкрыццём, не
толькі таго, што змешчана ў аўтабіяграфіі пад назвай “Дзеі Душы”. Але сваёю
асобай, дзейнасцю і духоўнасцю, асаблівай прысутнасцю сярод нас, якія прымаем
Яе рэліквіі, св. Тэрэза жадае падзяліцца праўдай аб пакліканні, якую яна сама у
сваім жыцці адкрыла і якою жыла.
Сёння, дарагі брат і дарагая
сястра, св. Тэрэза запрашае каб і ты ў сваім жыцці мог знайсці той утоены у
сэрцы скарб, каштоўную жамчужыну: той заклік да любові, бо кожны з нас без
выключэння пакліканы да Божай любові.
Няважна ці ты святар, ці манах, ці айцец ці
маці, ці проста адзінокі чалавек. У любові мы заўсёды можам рэалізаваць і
знайсці сябе. Яна ёсць дарам, які таксама абавязвае, патрабуе адказнасці.
Дарагія, менавіта Божая любоў здольная не толькі зберагчы ўсе нашыя мары і
прагненні, але яна можа надаць сэнс нашаму жыццю і рэалізаваць усе тое добрае,
што ёсць у нашым сэрцы. “Маё пакліканне – гэта любоў” Няхай гэтыя словы св.
Тэрэзы ад Дзіцятка Езус стануць і нашым дэвізам у жыцці. Амэн.



Comments
Post a Comment