“МАІМ НЕБАМ БУДЗЕ ЧЫНІЦЬ ДАБРО НА ЗЯМЛІ!”


“МАІМ НЕБАМ БУДЗЕ ЧЫНІЦЬ ДАБРО НА ЗЯМЛІ!”
Дарагія браты і сёстры!
Мяркую большасць з вас ужо здагадалася: хто з’яўляецца аўтарам вышэй узгаданых словаў. Іх калісьці напісала св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус. У гэтых словах заключаецца тое прагненне святой Тэрэзы, якое яна паспяхова рэалізавала і не перастае рэалізоўваць.
Напэўна кожны з нас у сваім жыцці шукае той адзіны шлях, на якім можна паспяхова здзейсніць нейкія свае асабістыя планы.  Чаму?  Бо, як мне здаецца, нельга жыць без мэты.
Св. Тэрэза вельмі паспяхова рэалізавала свае прагненні і планы. Як ёй гэта атрымалася? Я лічу, што яна знайшла ўласцівы шлях і мэту. А выканаць усё тое, што было ў яе сэрцы дапамог Езус, якому яна без рэшты даверылася.
Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус паказвае нам сёння дарогу, як знайсці паўнату свайго жыцця. Яна, кармэлітка, якая пастаянна жыла ў кляштары, стала місіянеркай. Яна, якая ніколі не выходзіла нікуды па-за кляштар. Як гэта? Усё вельмі проста. Сваё сэрца св. Тэрэза даверыла Богу, а Ён напоўніў яго Сабою і сваімі дарамі, учыніў плённным і руплівым так, што яна, ніколі не выходзячы з кляштара, заўсёды несла дапамогу, суцяшэнне і падтрымку.
Святая Тэрэза нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Аленкон у Францыі. Была яна дзявятым дзіцём у сям’і Зэліі і Людвіка Мартэн. Яе бацька быў майстрам гадзіннікаў, маці займалася швейнай справай. Будучы апошнім дзіцём, Тэрэза была асабліва любімай дачкой у бацькоў. Сям’я яе была вельмі рэлігійнай менавіта таму малітва, павага і  ўзаемны клопат заўсёды ў ёй прысутнічалі. Ужо з дзяцінства Тэрэза ўдзельнічала з бацькамі ў св. Імшы і іншых набажэнствах.
Калі ёй было 4 гады, памерла яе маці Зэлія. Тэрэза вельмі драматычна перажыла гэтыя цяжкія падзеі. Аўдавелы бацька перасяліўся разам з дзецьмі ў Лізье, дзе Тэрэза ва ўзросце 8 гадоў распачала навучанне ў школе сясцёр бэнэдыктынак. У гэты час яе старэйшая сястра Паўліна паступіла ў Кармэль. Гэта быў кляўзуровы кляштар сясцёр кармэлітак босых. Тады Тэрэза пазнала жыццё сясцёр кармэлітак і пачала разумець, што быць манахіняй азначае жыць з Езусам і для Езуса.
Калі Тэрэзе споўнілася 9 гадоў, яна ўпершыню дэкларуе сваё ўступленне ў Кармэль і ўжо тады выбірае сабе манаскае імя: Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Маючы 11 гадоў, Тэрэза прыступае да Першай святой Камуніі, і, як сама падкрэсліла, гэта была для яе найвялікшая падзея ў жыцці. Тады яе другая сястра Марыя таксама ідзе ў Кармэль.
Праз пэўны час Тэрэза выказвае сваё прагненне таксама як яе старэйшыя сёстры паступіць ў кляштар кармэлітак босых, аднак сустракае цяжкасці. Хаця яе бацька, які называў яе «малой каралевай», лічыў гонарам, што Бог патрабуе аддаць дачок у кляштар, аднак па прычыне маладога ўзросту Тэрэза не магла быць прынята да Кармэлю.
Поўная рашучасці, Яна, нягледзячы ні на што, упэўнена імкнецца да мэты, вырушае нават у пілігрымку ў Рым, дзе асабіста просіць Папу аб дазволе на паступленне ў кляштар ва ўзросце 15 гадоў. Гэта быў проста гераічны ўчынак з боку маладой дзяўчыны, якая ўсе свае прагненні імкнулася аддаць Езусу. А тым месцам дзе ёй гэта можна было паспяхова рэалізаваць яна бачыла менавіта супольнасць кляўзуровых сясцёр з Лізье. На прыватнай аўдыенцыі Святы Айцец сказаў Тэрэзе: «Што ж, маё дзіця, рабі тое, што скажуць настаяцелі». У 1888 г. Тэрэза нарэшце атрымала згоду біскупа і распачала манаскае жыццё кармэліткі босай. 
У Кармэлі Тэрэза зразумела, што любоў з’яўляецца сэрцам усяго і толькі любоў вядзе да з’яднання з Богам. Адкрыла таксама, што Касцёл мае сэрца, і ў гэтым сэрцы кожны можа знайсці месца для сябе. Тэрэза пазнала Бога як «Міласэрную Любоў». Гэта было наватарствам у тагачасным разуменні Бога, якога звычсайна разумелі ў кантэксце справядлівасці.
Паводле св. Тэрэзы, кожны пакліканы да святасці і да неба, якое можа асягнуць дзякуючы абдымкам Езуса, а іх яна параўнала са свайго роду ліфтам.  Гэта так званая «малая дарога», якую адкрывае святая Тэрэза. Чым з’яўляецца гэтая дарога? Яна падобная да паставы малога дзіцяці, якое цалкам давярае Богу Айцу.
Пад канец 1894 г. настаяцельніца кляштара маці Агнешка папрасіла Тэрэзу напісаць успаміны з дзяцінства. На што Тэрэза ў духу паслухмянасці пакідае для наступных пакаленняў цэлую аўтабіяграфію, свайго роду сведчанне свайго жыцця і прапанову духоўнай дарогі не толькі для сябе, але і для іншых, якую яна назвала “Дзеі Душы”. Тыя, хто даследваў пісменніцкую дзейнасць Тэрэзы падлічылі, што яна з’яўляеца аўтарам 266 лістоў скіраваных да яе родных і блізкіх. Таксама яна напісала 54 вершы, 21 малітву разважанне і ўзгаданыя вышэй дзеі душы.
У 1896 г. Тэрэза раптоўна захварэла на туберкулёз. Пражыўшы ў Кармэлі 9 гадоў, яна памерла 30 верасня 1897 г., цалкам аддаючы сябе ў рукі міласэрнаму Езусу. У 1923 г. Тэрэза была абвешчана благаслаўлёнай, у 1925 г. святой, а ў 1927 г. апякункай каталіцкіх місій. У 1997 г., у сотую гадавіну смерці Тэрэзы, благаслаўлёны папа Ян Павел ІІ абвясціў яе Доктарам Касцёла.
Як бачым за сваё нядоўгае жыццё Тэрэза змагла адкрыць і развіць у сваім сэрцы шматлікія Божыя дары. Сваёю асобай яна паказвае, што сапраўды вялікім можна стаць толькі тады, калі ў сваім сэрцы выпрацуеш паставу быцця маленькім. Ці не гэтую праўду казаў некалі Езус сваім апосталам, калі двое з іх хацелі быць першымі.
Святая Тэрэза кажа нам, што насамрэч мае сапраўдную і вялікую каштоўнасць у Божых вачах: «Не знешняя веліч і цуды гэтага свету, не скарбы гэтай зямлі, ніякія часовыя даброты, якія, здавалася б, нас задавальняць. Праўдзівы скарб знаходзіцца ў нас — Бог шукае яго ў нашым сэрцы»
Святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус называем найвялікшай святой нашага часу. А ведаеце чаму? Таму што яна, будучы малой і незаўважальнай, многіх навучыла простай і лёгкай дарозе да Езуса. Яе дарога, называная «малой дарогай», стала шляхам да навяртання і набліжэння да Хрыста незлічонай колькасці вернікаў.
Дарагія! Калі нас зацікавіць яе духоўнасць і мы не будзем абыякавымі да яе перажыванняў і духоўнага досведу; каліі мы адкрыем і пачнем чытаць старонкіе яе «Дзеяў душы», адназначна пачуем словы, скіраваныя асабіста да нас: палюбі малыя рэчы, палюбі штодзённасць.
Сёння так і хочацца сказаць, што Тэрэза хацела, каб усё было малым і ўсё сваё жыццё хацела такім ўчыніць.  І ёй гэта атрымалася. Як сама сцвярджала, яна не мела здольнасці да вялікіх цнотаў, а выбірала «маленькае» дабро. Каб не быць галаслоўным, дазволю сабе ўзгадаць, як часта яна любіла дыскрэтна складаць плашчы сясцёр пасля начной малітвы, калі тыя хутчэй спяшаліся спаць. Яна, быццам бы сама разумела, што шчасце ляжыць ва ўкрытасці. А Айцец бачыць патаемнае і аддае шчодра.
Тэрэза адкрывала таямніцу сэрца. Быў такі час, калі, як Марыя Магдалена яна шукала ля магілы адказу на пытанне, чым ёсць яе пакліканне, якім яно павінна быць, якім чынам яго рэалізаваць. Аднак доўгі час Тэрэза не магла знайсці гэтага адказу. Хачу быць місіянеркай, святаром, апосталам, але ж як гэта магчыма? Як магчыма, каб быць усім адразу, асабліва калі св. Павел на старонках Новага Запавету  кажа пра падзел абавязкаў у Касцёле. То як гэта магчыма?
 Прайшло не так шмат часу і вось Тэрэза адкрывае сэрца Касцёла, сэрца як дыскрэтнае і найбольш шляхетнае месца, і што гэтае сэрца палае любоўю, і што толькі любоў пабуджае яго да жыцця.
Мае дарагія, паглядзіце, якім геніяльным і цудоўным было гэтае адкрыццё св. Тэрэзы. З вялікай доляй энтузіязма і захаплення яна сцвярджае, што тут, у сэрцы Касцёла, магу быць усім: і святаром, і місіянерам, і доктарам, бо ў сэрцы, перапоўненым любоўю, змяшчаюцца ўсе гэтыя пакліканні. У сэрцы Касцёла хачу любіць і сыпаць кветкі да трону Умілаванага Езуса. Што гэта за кветкі, пра якія кажа Тэрэза? Умілаваныя! Усё тое, што выходзіць з любячага сэрца, менавіта малыя нагоды, позіркі, словы, найменшыя жэсты. А нават больш: Тэрэза верыць, што найменшы акт чыстай любові ёсць большы, чым усе справы Касцёла разам узятыя.
Дзіўна, як можна некага так любіць, каб перанесці нават найбольшыя пакуты. Чытаем у Евангеллі, што ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў. «Баюся ўсяго таго, што ты любіш», — сказала адна з сясцёр Тэрэзе. Але ж яна любіла толькі тыя рэчы, якія былі каштоўнымі для Хрыста. Наша святая хоча паміраць ад любові, веручы, што нішто так не патрэбна, ні вялікія справы, ні велізарныя маніфестацыі, нішто так не патрэбна, як наша любоў.
Прабыванне з Богам, які спальвае яе да рэшты, было для Тэрэзы асабліва блізкім падчас апошніх дзён яе жыцця, калі выпрабоўвалася хваробай. Дазвольце, што тут аднясуся да слоў благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які, звяртаючыся да хворых і церпячых, казаў, што гэта яны з’яўляюцца найкаштоўнейшай і ўмілаванай часкай Касцёла, а іх ложкі, на якіх церпяць, з’яўляюцца быццам бы алтарамі, на якіх здзяйсняецца штодзённая ахвяра іх пакутаў.
Напэўна, свет пра іх сёння забыўся. Забыўся, што цярпенне мае найглыбейшы сэнс і заўсёды прадказвае змёртвыхпаўстанне і пра-сапраўднаму шчаслівае будучае. Гэта дасканала разумела св. Тэрэза і ўчыніла з цярпення самы каштоўны скарб для сябе. Яна кажа нам, што цярпенне з’яўляецца нечым вельмі істотным, калі накіруем яго ў адпаведным напрамку.
Цярпенне можа мець таксама іншае вымярэнне і можа прыняць паставу штодзённага клопату. Устаючы раніцай, Тэрэза казала Езусу: «Ты ўжо напрацаваўся, досыць наплакаўся падчас трыццаці трох гадоў свайго жыцця на зямлі. Сёння адпачні сабе. Цяпер мая чарга змагацца і пакутаваць»
Дарагія браты і сёстры! Клопатам Езуса з’яўляецца чалавек, трываючы ў граху. Пра гэта ведала Тэрэза, хоць многія навокал пераконвалі ў тым, што Бог не патрэбны чалавеку. Так, казалі, што Бог ёсць, але Ён нейкі далёкі і не сяброўскі, наадварот, гэта непрыяцель чалавека. Не можа быць сябрам чалавека, калі адбірае ў яго свабоду, прастору жыцця. Тады казалі, што Бога трэба выгнаць з мыслення такім чынам, каб чалавек узяў зямлю ў сваю ўласнасць. Але той жа чалавек не заўважыў, што, аб’яўляючы смерць Бога, стаў непрыяцелем самога сябе і знішчыў самога сябе. У такіх нялёгкіх часах жыве Тэрэза, таму яе салідарнасць з грэшнікамі не мае межаў.
Быў такі выпадак, яшчэ за год да ўступлення ў Кармэль, калі Тэрэза  горача моліцца аб збаўленні для асуджанага на смерць Пранзіні. І ведаем, што гэты жудасны чалавек навяртаецца і цалуе перад смерцю крыж. А для Тэрэзы гэтага дастаткова, каб быць упэўненай у яго збаўленні і сваім пакліканні, заступацца за тых, якія грашаць і, магчыма, не бачаць для сябе ніякага паратунку. Яна ведала, што Пан Езус не адмаўляе ні ў чым, хто Яго любіць і просіць.
Калісьці яна напісала: «Не ведаю, што можна мець пасля смерці больш, чым тое, што маю ў гэтым жыцці.  Калі маю быць з Езусам, то я ўся Ягоная на зямлі». Будучы ў небе, буду яшчэ бліжэй, бо неба блізка, бо неба — гэта любоў, бо неба — гэта не ўцёк ад свету, але спосаб, каб яшчэ больш любіць сваіх братоў і сясцёр, а перадусім тых, якія сталіся марнатраўнымі сынамі.
Тэрэза хоча быць у небе, як кажа, не дзеля таго, каб адпачываць, але каб гэтае неба наблізіць для кожнага чалавека, для нас з вамі таксама. Яна хоча затрымаць адкрытае неба так доўга, як гэта будзе патрэбна, ажно да апошняга. Гэта цудоўны плён быцця любоўю ў сэрцы Касцёла, каб ніхто не быў асуджаны.
"Хачу маё неба перажыць на зямлі, аж да сканчэння свету. Так, хачу, каб маім небам было чыніць дабро на зямлі…"

 Дарагія браты і сёстры! Бог адзін дасканала ведае сэрца і багацце чалавечай асобы і бачыць здольнасці кожнага чалавека. Ён прагне, каб мы знайшлі свой уласцівы шлях. Каб на гэтым шляху мы не толькі маглі рэалізаваць свае прагненні, але яшчэ быць з-за гэтага шчаслівымі.  А без Бога чалавек няможа быць даканца шчаслівым. Таму прыклад св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, прагненні якой  узнімаліся па-над звычайным жыццём, няхай будзе для нас узорам, як належыць шукаць адказы на ўнутранныя прагненні сэрца, як ўсёй сваёй асобай адказваць на Божы заклік, як крочыць па жыццёвай дарозе, каб быць па-сапраўднаму шчаслівым. Амэн

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В