Гамiлiя на 10 ЗН, год С
Сёння літургія Божага Слова ставіць у цэнтр два цуды ўваскрашэння: як у Старым, так і ў Новым Запавеце. Калі правесці паралель паміж першым і трэцім чытаннем, то можна ўбачыць не толькі тое, што падзеі ў чытаннях прадобныя, але можна ўбачыць тэму, якая іх асабліва злучае. І гэтую тэму я бы назваў: “Прароцкая місія веруючага чалавека.”
Зараз прапаную больш падрабязней прыгледзіцца чытанням, якія мы з вамі пачулі. Першае чытанне з кнігі Валадарстваў прадстаўляе нашай увазе аднаго з найбольш вядомых прарокаў Старога Запавету менавіта прарока Іллю. Ён прадстаўляецца як чалавек Божы, як той, хто цалкам даверыўся Богу. Таксама побач з постаццю вялікага прарока становіццапостаць ўдавы з Сарэпты Сідонскай. У якой цяжка захварэў сын і памёр. Яна хоць і папракае прарока Іллю ў тым, што ён прыйшоў нагадаць ёй аб яе правінах і праз гэта ўмярцвіць яе сына, але у глыбіні сваёй душы, яна верыць, што прарок Ілля заступіцца за яе і за сына перад Богам.
Дарагія! Паглядзіце Ілля поўны веры моліцца да Бога, просячы, кабУсемагутны вярнуў душу гэтага хлопца, па-іншаму, каб Бог яго ўваскрасіў. І што мы бачым? Моцная вера прарока і таксама вера той ўдавы паспрыяла таму, што здзейсніўся цуд: хлопец ажыў, а Ілля аддаў яго маці. Гэты цуд паслужыў доказам таго, што Ілля сапраўды з’яляецца Божым прарокам. Пасля ўваскрашэння хлопца жанчына выразна сказала: “цяпер я ведаю,што ты сапраўды з’яўляешся Божым прарокам і слова Пана ў тваіх вуснах праўдзівае”
А зараз прыгледземся Евангеллю. Паглядзіце! Адбываецца штосьці падобнае: калі Езус уваходзіць да брамаў гораду Наін, у той момант выносяць памерлага - адзінага сына маці, якая была ўдавой. У гэты час збіраецца вялікі натоўп, бо адныя ішлі за Еусам, а другія ў працэсіі за памерлым і яго маці. І Езус бачучы гэта зжаліўся, падтрымаў тую жанчыну словамі: не Плач! А потым звярнуўся да памерлага хлопца, загадваючы яму, каб той устаў і ў той момант да хлопца вяртаецца жыццё. Памерлы не толькі ажыў, але прыўзняўся і пачаў размаўляць.
Адносна гэтага Евангелля ёсць сваеасаблівы жарт. Памятаю, калі я вучыўся яшчэ ў пінскай духоўнай Семінарыі. Дакладна не памятаю але здаецца на лекцыі дагматыкі ксёндз прафесар Ян на пачатку адной са сваіх лекцый задаў нашаму курсу такое пытанне: які цуд у Евангеллі Езус да канца не здзейсніў. Доўга мы ламалі галаву, але так і не маглі ўзгадаць сабе што ж гэта быў за цуд, які Езус так да канца і не рэалізаваў. Усёаказалася вельмі проста. Кс. Ян усміхнуўся і сказаў: гэта цуд уваскрашэння сына ўдавы з Наін. Запытаеце чаму не даканца цуд здзейсніў Езус. Вы пачытайце ўважліва: Езус сказаў памерламу: хлопча, табе кажу, устань. А памерлы сеў і пачаў размаўляць. Гэта канешне такі жарт. Таму было весела.
Вяртаючыся да нашага разважання, а менавіта да Евангелля, праз цуд уваскрашэння, які здзейсніў Езус заўважаем пэўнае падабенства. Там Ілля ўваскрашае сына ўдавы, тут Езус таксама уваскрашае сына ўдавы. А ведаем, што Езус ніколі не здзяйсняў цуды проста так, у кожным цудзе Езуса ёсць глыбокі змест. Дык які змест ў гэтым цудзе?
Мае дарагія праз гэты цуд Езус хоча паказаць людзям сваю прароцкую місію. Людзі, якія сталі сведкамі гэтых падзеяў, пачынаюць асобу Езуса асацыіраваць з асобаю прарока Іллі, дакладней кажучы бачыць у Езусе падабенствы да вялікага прарока Старога Запавету. Улічваючы тое, што тагачасныя яўрэі даволі добра арыентаваліся ў Святым Пісанні, яны добра ведалі біяграфію і дзейнасць прарока Іллі. І калі падобныя рэчы ўчыніў Езус, то людзі аўтаматычна пачалі выказвацца аб Ім як аб прароку.
Аб гэтым сведчаць іх словы, якія мы чулі ў Евангеллі: “Усіх агарнуў страх у выніку здзейсненага Езусам цуда ўваскрашэння. Усе праслаўлялі Бога і казалі: вялікі прарок узнік сярод нас і Бог ласкава наведаў свой народ” І вестка аб гэтым разнеслася па ўсёй ваколіцы.
Аднак, мае дарагія, што гэта за прароцкая місія, аб якой нам хоча сказаць сёння Езус. Каб адказаць на гэтае пытанне давайце разам паразважаем над тым, што значыць быць прарокам наогул? Або хто такі прарок?
Каб быць прарокам, недастаткова толькі прыгожа і пераканаўча казаць. Трэба мець штосьці больш чым безліч прыгожых і захапляльных словаў. Трэба, каб быў яшчэ канкрэтны прыклад. Сапраўдны прарок не кідае словаў на вецер, ен пераказвае словы пачутыя ад Бога, а таксама жыве той дактрынаю, якую абвяшчае.
Вось Ілля, ён пераканаў у сваім прароцкім пакліканні бедную ўдаву з язычніцкага асяроддзя, уваскрашаючы яе сына. Езуса назвалі “вялікім прарокам” таксама пасля ўваскрашэння памерлага сына ўдавы. Значыць быць прарокам – гэта не толькі казаць прыгожыя словы, але і жыць, сведчыць сваімі ўчынкамі пра тое што кажаш.
Дарагія! З моманту хросту кожны з нас таксама атрымаў удзел у прароцкай місіі Хрыста. І каб мы маглі паспяхова выконваць гэтую місію,нам неабавязкова трэба здзяйсняць вялікія цуды. Дастаткова, калі мы верна будзем сведчыць пра Бога і пра Яго прысутнасць у нашым жыцці. Гэтага хопіць, каб быць прарокам нашага часу. Прарок сёння – гэта чалавек веры.І там, мае дарагія, дзе ёсць сапраўдны прарок, там напэўна ў чалавечых сэрцах народзіцца вера ў жывога Бога. Амэн.

Comments
Post a Comment