Гамілія на 14 ЗН, Год С
“Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала,
таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.”
Дарагія
браты і сёстры!
Гэтыя
словы з сённяшняга Евангелля з’яўляюцца сваеасаблівым дэвізам для тых, хто
пакліканы да Божай службы. І часцей за ўсё, калі мы чуем гэтыя словы то
ўспрымаем іх як заклік да малітвы ў інтэнцыі святароў, за святароў і кансэкраваных асобаў і канешне ж за новыя
пакліканні. Але не толькі. Гэтыя словы змяшчаюць зварот Хрыста да кожнага
веруючага чалавека. І сёння разам з вамі хачу крыху над гэтым паразважаць.
На
пачатку сённяшняга ўрыўку з Евангелля як мы чулі Езус пасылае іншых семдзесят
двух вучняў, па двое, у розныя месцы, дзе сам меў намер прыйсці. Як бачым гэта
не былі Апосталы, але іншыя яго вучні. Гэта значыць што ў Езуса была свая
школа, у якой былі не толькі Апосталы. Прынцып школы Езуса быў падобны да школы
вандруючых настаўнікаў.
У
старажытнасці, калі чалавек атрымоўваў аўтарытэт настаўніка: лічыцца, што
павінен быў мець не менш 30 год, ён мог збіраць вакол сябе вучняў і
прапаведваць мудрасць сваёй навукі. Вядомая справа, што Езус быў не адзіным
вандруючым настаўнікам, было іх значна больш. Але схема Яго навучання і
арганізацыі была вельмі падобнай.
Такім чынам Езус спачатку збірае вакол сябе Апосталаў,
трох з якіх, як ведаем, асабліва ўтаямнічвае ў сваю місію: гэта былі Пётр, Якуб
і Ян, затым былі ўсе астатнія Апосталы, якім Езус тлумачыў значэнне сваіх
прыпавесцей і іншых навукаў, а потым ужо тлумачыў сваім вучням. Да народу Езус
звяртаўся ў форме прыпавесцей і тлумачыў далёка не ўсё. Але гэта быў тагачасны
прынцып навучання. Калі чалавек хацеў бліжэй пазнаёміцца з навучаннем Хрыста,
то патрэбна было стаць Яго вучнем.
Вось такая больш менш была Іерархія ў школе
Езуса. І канешне гэтая школа мела сваю фармацыю. Як бачым гэтыя семдзесят два
вучня былі дастаткова падрыхтаванымі, каб ад імя Езуса абвяшчаць Добрую Навіну
аб збаўленні, а таксама распавядаць пра свайго Настаўніка. Вучні, якіх паслаў
Езус павінны былі падрыхтаваць жыхароў тых месцаў, дзе неўзабаве меў намер
прыйсці Езус. Па-іншаму яны рыхтавалі глебу у сэрцах людзей, пад зерне Божага
Слова, якое меў намер засейваць сам Езус. Тое што Езус адпраўляў сваіх вучняў
па двух гэта таксама было вельмі мудра: па-першае гэта сведчыла пра
верагоднасць вучэння, якое абвяшчалі вучні. Па-другое ўдваіх заўсёды лягчэй
перажываюцца цяжкасці і выпрабаванні звязаныя з місіяй прапаведвання.Па аднаму
вучні маглі б згубіцца. І гэта Езус добра ведаў.
Дарагія!
Школа Езуса Хрыста працуе і надалей. Змяняецца толькі яе форма, але істота
застаецца тая ж. Школай Хрыста можна назваць як семінарыю, кузніцу пакліканняў,
так і кожную парафію і ўвесь паўсюдны Касцёл. Наша парафія таксама з’яўляецца
школай Хрыста. Толькі місію Настаўніка з Назарэту выконваюць Святары, а ў сваю
чаргу, кожны вернік з’яўляецца вучнем Хрыста.
Таму
як некалі так і зараз Езус звяртаецца да кожнага з нас з заклікам абвяшчэння
Евангелля. Бо, мае дарагія, Евангелле можа абвяшчаць не толькі святар з амбоны,
заданне абвяшчэння Евангелля належыць да кожнага ахрышчанага чалавека. Бо праз
сакрамэнт Хросту, кожны ўдзельнічае ў паўсюдным Святарстве Езуса Хрыста. Таму
кожны з нас пакліканы выконваць апостальскую місію абвяшчэння Добрай Навіны.
Запытаеце
як можа чалавек свецкі абвяшчаць Евангелле. Адкажу адназначна. Не горш за
святара, калі сведчанне Евангелля будзе даваць сваім уласным жыццём. Сучасны
свет адкідвае трыдыцыю і аўтарытэты. Праз гэта многае губляе, калі не ўсё
нават. дзякуючы Трыдыцыям веры, чалавек удасканальвае сваю асобу. Не думайце,
што сучасная мода і стыль жыцця, які выглядае нібы свабодным, здольны зрабіць
чалавека больш шчаслівым, чым стыль які існаваў дагэтуль і па словам іншых
з’яўляўся толькі абмежаваннем чалавека.
Зараз
што мы бачым: тое, чаго чалавек павінен сароміцца і асцерагацца зараз стала правілам
і нормай. Псеўдасвабода стала прычынай бессаромнага стылю жыцця, разбіцця
сям’і, легалізацыі аднаполых бракаў, аборцы, эўтаназіі і гэтак далей. Чалавек
губляючы адвечныя каштоўнасці –губляе сябе. Калі мы адмаўляемся ад традыцыі,
якой жылі нашыя бацькі, калі прыклад веры нашых продкаў, які яны здабывалі
шляхам самаадрачэння і цяжкай працы над
сабою, заменім тымі вартасцямі або псеўдавартасцямі, якія дае сучасны свет, то
мы згубім нашу тоіснасць. Будзем людзьмі без каранёў. Падумайце як доўга можа
вытрымаць дрэва без каранёў, ці будзе яно развівацца і расці далей?
Умілаваныя
браты і сёстры! Нашыя продкі фармаваліся ў школе Хрыста, таму і нам трэба, не
гледзячы ні на што, пазнаваць, жыць і
развіваць веру ў нашым жыцці. Асабліва сёння ў абліччы цяжкіх выпрабаванняў
цяперашняй эпохі, кожны з нас павінен мець адказнасць за скарб веры які мы
атрымалі. Ці ёсць у нас гэтая вера? Ці мы можам ёй падзяліцца? А Езус сёння да
кожнага з нас звяртаецца: “Ідзіце, вось
Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.” Не было лёгка прапаведваць ў часы
Езуса, не ёсць лёгка і зараз. Але важна не губляць адвагі, бо на гэтай дарозе
мы не самі.
Сёння
Езус звяртаецца да нас святароў, каб мы сваё жыццё па-сапраўднаму прысвячалі
службе Богу і бліжнім, каб не баяліся жыць тымі вартасцямі, якія абвяшчаем. Бог
патрабуе нашых рук, каб благаслаўляць, патрабуе нашага сэрца, каб любіць,
патрабуе нашага голасу каб навучаць. Да гэтага асаблівым чынам святары пакліканы.
Але Езус сёння звяртаецца таксама да кожнага з вас, дарагія браты і сёстры. Каб
кожны з нас у сваім жыцці мог паўтарыць за св. Паўлам: “Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста,
праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету.” Амэн.

Comments
Post a Comment