Гамілія на 17 ЗН, год С

"У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, павялічыў моц маёй душы."

Дарагія браты і сёстры! 

Кожны з нас у сэрцы мае свае прагненні, жаданне дабра для сябе і для іншых таксама. І мы адчуваем сябе па-сапраўднаму шчаслівымі, калі нам атрымоўваецца рэалізаваць гэтыя прагненні ў сваім жыцці. Колькі радасці і пазітыўных эмоцый мы тады адчуваем! Вельмі важна, каб гэтыя прагненні былі не толькі прыемнымі для нас, але і карыснымі, добрымі па сваей натуры. Ведаем, адчуваем, верым, што самыя глыбокія і шчырыя прагненні нам можа дапамагчы рэалізаваць толькі Бог. Бо некаторыя рэчы або абставіны нам самім здзейсніць не пад сілу. І што мы тады звычайна робім? Канешне, мы просім Бога, каб нам у гэтым дапамог. Мы молімся да Яго, просячы, каб пачуў і выслухаў нашую малітву, каб узглянуў на нашую просьбу і дапамог нам рэалізаваць гэтыя добрыя памкненні.

Паглядзіце, так робіць Абрагам. Ен мае ў сабе прагненні дапамагчы жыхарам Садомы і Гаморы,  тым, якія абралі жыццёвы шлях вернасці Богу, згодны з Яго воляй стыль жыцця. "Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?" - усклікае Абрагам. Ён жадае заступіцца за тых людзей і вядзе дыялог з Богам тыпова па-габрэйску: пытаецца ў Бога, ці Ён не пашкадуе жыхароў, калі там будзе пяцьдзесят справядлівых, потым 45, 40, 30, 20 і ўрэшце 10. Аднак з гэтага ўсяго вынікае, што не засталося там наогул ніводнага справядлівага чалавека, таму гэтыя гарады былі знішчаны.

Можна было б падумаць, што Аўраам маліўся бессэнсоуна. Але гэта не так. Ён даверыўся цалкам Божай волі, а для іншых жадаў толькі дабра. Толькі тыя людзі не былі здольныя прыняць гэтае заступніцтва. Ім ніхто не быў патрэбны - ні Бог з Яго Законам справядлівасці і міласэрнасці, ні Абрагам, які за іх заступаўся. Адзінае, што іх цікавіла - дык толькі ўласная пажадлівасць і грэх, які яны здзяйснялі. У іх былі прагненні, але не такія, як трэба. Прагненні, ад якіх яны даўно павінны былі адмовіцца. Бо іх грэшныя памкненні спрычыніліся да іх уласнай самаліквідацыі.

Мае дарагія! Кожны грэх мае тую ж паслядоўнасць. Кожны дрэнны ўчынак - ён замыкае нас у сабе, ізалюе нас ад іншых, хоць на першы погляд гэта не заўважальна. Зло, якое здзяйсняе чалавек, кожны ягоны грэх, змушае да таго, каб ніхто нам ні быў патрэбны, а ўжо асабліва Бог і Яго запаведзі. Такія прагненні насамрэч з'яўляюцца небяспечнымі для нас. І таму Езус для нас адкрывае перспектыву шчырай малітвы, скіраванай да Айца. У гэтай малітве заключаюцца ўсе самыя асноўныя прагненні чалавека, і толькі яны дазваляюць нам быць па-сапраўднаму свабоднымі, адчуваць сябе Божымі дзецьмі.

Калісьці быў час, дзе чалавек шукаў выканання сваіх мараў і прагненняў, але не бачыў выразнага шляху да іх рэалізацыі. Чалавек адчуваў прагненне таго, што было дзесьці вельмі глыбока ў сэрцы, але на гэтым шляху чалавеку спадарожнічаў вялікі непакой і боязь таго, ці ён дойдзе да мэты, ці рэалізуе тое, чаго жадае. Ці яго жаданні добрыя па сваей натуры?

Штосьці падобнае хвалюе і сучаснага чалавека. Толькі нам зараз значна лягчэй. Таму што Езус нам сёння паказвае тыя вартасці, якімі належыць жыць, Ен паказвае тыя прагненні і мары, якія прывядуць нас да сапраўднага шчасця, якія нас па-сапраўднаму узбагацяць. Езус не толькі вучыў гэтым вартасцям і прагненням, Ён сам гэтым жыў, Ён паказвае нам сення ў Божым Слове, што гэтым варта жыць: варта быць міласэрным, бо міласэрнасць атрымаем ад Бога. Варта любіць, шанаваць, паважаць бліжніх, бо і Айцец, які ў небе, таксама так з намі ўчыніць.

Езус нам сення адкрывае аблічча свайго Айца. Толькі Ён дасканала ведае, які Айцец. Толькі Ён можа нас навучыць як нам пазнаваць Айца ў сваім жыцці. Езус вучыць нас аб тым, што Бог святы, што Яму належыць хвала і падзяка, што праслаўляючы Яго, чалавек лепш пазнае сваю годнасць, свой вобраз, які ёсць вобразам і падабенствам самога Бога. Езус сення нам кажа, што Айцец ведае нашыя штодзенныя патрэбы, да такой ступені, што нам не трэба аб гэтым празмерна клапаціцца, дастаткова цалкам даверыцца. Гэтую праўду Езус выражае ў вобразе штодзеннага хлеба, які дае нам любячы Айцец,  ным, якія гэтага патрабуем. Бог ніколі нам не адмовіць у самым неабходным, у тым, чаго найбольш нам патрэбна ў жыцці, а тым больш таго, што нам будзе неабходным у далейшай перспектыве - збаўлення.

Менавіта дзеля гэтага Айцец і спаслаў свайго Сына, каб нашыя прагненні: быць разам са сваім Стварыцелем, маглі быць рэалізаваныя. Адным з асноўных прынцыпаў, якім мы павінны кіравацца ў сваім жыцці - гэта ёсць прынцып прабачэння. Езус заахвочвае нас да малітвы аб прабачэнні і да яго асабліва заклікае. Калі нашая малітва шчырая і сапраўдная, то менавіта прабачэнне ў ёй займае галоўнае месца. Бо калі яго не будзе, то губляецца сэнс нашай малітвы наогул. Дарагія! Мы здольныя прыняць і дасведчыць Божае прабачэнне толькі ў тым выпадку, калі самі міласэрныя і прабачаем.

Умілаваныя браты і сестры! Наш Пан і Настаунік Езус Хрыстус усім сваім жыццём паказвае неабходнасць малітвы ў рэалізацыі нашых добрых памкненняу і мараў. Малітва па сваей сутнасці магутная, паколькі магутным ёсць Бог, а мы часта гэта не ўсведамляем. Слабыя - дык гэта мы. Таму малітва патрэбная і неабходная ў нашым жыцці.

А паколькі рэалізацыю нашых мараў Бог зрабіў залежнай ад нашага супрацоўніцтва з Ім, то мы перад тым, каб штосьці прасіць у Бога, спачатку павінны быць вернымі і годнымі таго, аб чым просім. Безумоўна, сваю волю нам трэба падпарадкаваць волі Божай, каб лепш зразумець, што нам на дадзены момант па-сапаўднаму патрэбна. Таму прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць. Амэн.






Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В