Гамілія на ўрачыстасць Маці Божай з Гары Кармэль

Дарагія браты і сёстры!
Сёння ўрачыстасць Маці Божай з Гары Кармэль чарговы раз скіроўвае погляд нашага сэрца на асобу Марыі, як пасрэдніцу ласкі, як Маці, якая асабліва разумее праблемы і клопаты кожнага з нас.
Умілаваныя! Мы так часта ўзгадваем Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і, адначасова, так няшмат пра Яе ведаем. І хоць На старонках Новага Запавету зусім трошкі напісана пра Марыю, аднак Яе асоба заўсёды прысутнічае ў самых асноўных падзеях Гісторыі Збаўлення.
Марыя была прысутнай у таямніцы Ўцелаўлення. Яе пастава пэўная рашучасці, адвагі  і даверу Богу, з’яўляецца больш чым гераічнай. Нягледзячы на цяжкасці, Марыя становіцца дасканалым узорам выканання Божай волі.
Таксама Найсвяцейшая Панна Марыя была прысутнай у Пасхальнай таямніцы. Разам са сваім Сынам яна дасведчыла прыніжэнне і боль Крыжовай Дарогі. А церпячы разам з Хрыстом Марыя становіцца Маці Балеснай, якая здольная зразумець кожную іншую маці на зямлі, асабліва тую, якая пакутуе і церпіць. Марыя з пакораю прымае з крыжа тэстамэнт свайго Сына “Вось Маці Твая!” Ці не адносяцца гэтыя словы і да кожнага з нас?
Таксама пасля Хвалебнага Уваскрасення і Унебаўшэсця Хрыста, Марыя застаецца прысутнай сярод апосталаў на малітве і чакае разам з імі абяцання ад Айца. І калі ў вячэрніку сыходіць Дух Святы у языках полымя і напаўняе ўсіх сваіімі дарамі, Марыя дае прыгожае сведчанне усім сваім жыццём, малітвай і дзейнасцю.
Аднак Марыя не перастае дзейнічаць і  пасля Пяцідзесятніцы, на працягу далейшай гісторыі. Яе мацярынская апека не знае межаў: ані прасторы ані часу. Сёння мы ўрачыста ўспамінаем той момант калі Найсвяцейшая Панна Марыя дае шкаплер – прывілей і абяцанні звязаныя з ім. А той хто духоўна злучаны са шкаплерам таксама злучаецца з кармэліцкай сям’ёй і удзельнічае ва ўсіх духоўных дабротах ордэну. Перадусім набажэнства да Маці Божай Шкаплернай – гэта той шлях на якім асабліва прысутная ўспамога Марыі і гэты шлях ляжыць да канчатковай мэты, якой і з’яўляецца нашае  збаўленне.
Благаслаўлёны папа Ян Павел ІІ некалі сказаў : “Шкаплер які вы носіце з’яўляецца зменшанай формай тога шкаплера, які носяць кармеліты босыя. Носячы яго, вы ўдзельнічаеце ў іх заслугах, а пасля смерці маеце надзею, што з чысцовага полымя нас вызваліць Панна Марыя – маці Божая. Пад плашчом апекі Марыі, без боязі, можам крочыць за Хрыстом. Сёння асабліва ў гэтую урачыстасць Маці Божай з Гары Кармэль мы яшчэ больш адкрываем сэнс нашай веры і сваю хрысціянскую тоіснасць”
Дарагія, калі мы задумаемся, што з’яўляецца крыніцай гэтай тоіснасці то Ян Павел ІІ дае адказ: “Давайце паслухаем словаў, якія да нас прамаўляе Найсвяцейшая Панна Марыя, а менавіта Яна сёння кажа: не бойцеся і не сумнявайцеся! Даверцеся словам майго Сына. Ён мае моц перамянення нашага жыцця. Ён мае моц перамяніць нас у людзей багатых на Божую ласку.
        Калі мы таксама прыгледзімся да вялікіх святых нашага ордэну то аналізуючы іх жыццё можам прыйсці да высновы, што яны выдатна разумелі гэтую праўду: яны дазволілі Хрысту перамяніць іх жыццё, яны даверыліся яго Маці і, як бачым, зрабілі правільнае рашэнне.
Святыя Ян ад Крыжа, св.Тэрэза Вялікая, св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, св. Рафал Каліноўскі і іншыя святыя кармэліцкага ордэну вучаць нас, што сапраўдная малітва і сузіранне з’яўляюцца тымі інструментамі, якія дазваляюць па-сапраўднаму трываць з Езусам і Яго Маці. Праз што можна не толькі цалкам спазнаць Божую волю, але і навучыцца яе выконваць. Так як Марыя слухаць Божае Слова і разважаць у сваім сэрцы. Нашыя святыя не былі выключна тэарэтыкамі, апрача сваіх працаў, якія мы можам прачытаць, яны пакінулі прыгожае сведчанне, дзякуючы якому святло веры маглі лепш убачыць мноства іншых людзей.  
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Сёння Маці Божая з Гары Кармэль нагадвае нам чарговы раз пра сваю асаблівую матчынаю апеку, і заахвочвае нас, каб мы смела звярталіся да Яе ў самыя цяжкія моманты свайго жыцця, але і не толькі. Яна хоча каб сведчанне і заступніцтва святых стала для нас сваеасаблівым арыенцірам у сучасным свеце, у якім не так і лёгка ўбачыць маяк збаўлення. Варта памятаць, што дарога на гару Кармэль, на вяршыню дасканаласці  і святасці, трэба прайсці праз манатоннасць і шэрасць паўсядзённага жыцця. А прайсці гэты шлях будзе значна лягчэй, калі даверым сябе асаблівай апецы Божай Маці.

Папросім жа Бога, каб Ён нас умацаваў у нашым хрысціянскім пакліканні, а мы былі вернымі, тым абяцанням, якія вынікаюць з гэтага паклікання. Няхай Езус І Марыя будуць нашымі спадарожнікамі на шляху да мэты, якую мы з вамі абралі і да якой крочым. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В