Гамілія на XVIII ЗН, год С

"Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога."


Дарагія браты і сёстры! 

Сёння Езус заклікае нас, каб мы ўпарадкавалі свае прагненні. Каб мы сваю ўвагу ў жыцці канцэнтравалі не толькі на дабротах матэрыяльных, прамінальных, але, што вельмі важна, каб памяталі пра вечныя даброты, з якімі мы можам увайсці ў Валадарства нябеснае. Таму сёння ў Евангеллі чуем даволі катэгарычныя словы, над сэнсам якіх кожнаму з нас варта задумацца: "Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці!" 

Чаму менавіта прагнасць, чым яна так для нас небяспечная? Па-першае Езус добра ведае нашую чалавечую натуру, Ён ведае нашыя планы, нашыя жаданні, Ён ведае кожнага з нас. Па сваёй натуры кожны чалавек мае жаданне мець нейкія даброты выключна для сябе, якія патрэбныяму не толькі дзеля самарэалізацыі, але яшчэ дзеля таго, каб імі карыстаючыся упрыгожываць сваё жыццё. 

Па-другое: гэтыя прагненні, якія ўпісаныя ў натуру чалавека, дасвядчае кожны з нас: дастаткова прайсціся па крамах, па кірмашах, па розных кіёсках ці супермаркетах: маем з сабою невялічкі лісцік, на якім ёсць спіс таго, што нам трэба, а вачыма неаднойчы хацелі б скупіць добрую палову супермаркета. Такая праўда. Але не гэта самае горшае. Для нас жаданне нешта планаваць, марыць, паціху рэалізоўваць свае планы не з’яўляецца чымсьці дрэнным. Па сутнасці гэта нармальна. Вялікай заганай з’яўяецца прагнасць, ад якой нас сёння перасцерагае Езус.

Дык чым жа так небяспечная прагнасць? Давайце паглядзім што аб гэтым кажуць айцы Касцёла. Святы Анзэльм акрэслівае прагнасць як “агідная хвароба душы”. А вялікі доктар Касцёла, св. Тамаш Аквінскі, аб прагнасці кажа больш шырока: такім чынам, прагнасць паводле яго ў шырокім значэнні з’яўляецца "неўмеркаваным пажаданнем якой небудзь рэчы". У вузкім значэнні, гэта неўмеркаванае ўмілаванне усялякага роду маёмасці, таксама і грошай. Гэтае умілаванне матэрыяльных дабротаў, па сваёй сутнасці, моцна прывязвае чалавека. Забірае ў яго свабоду. Вось менавіта неўмеркаванае пажаданне.

Можам запытацца: ці зло заключаецца ў тым, каб мець нейкія матэрыяльныя даброты, ці злом з’яўляецца той факт, што існуюць багатыя людзі? Канешне не. Не пярэчаць гэтаму нават словы, якія Езус скіраваў калісьці да багатых людзей: “Гора вам багатыя, бо маеце суцяшэнне вашае” Тут як таксама і ў сённяшнім урыўку з Евангелля мова ідзе аб неўпарадкаванай прывязанасці, якая і з’яўляецца гэтым горам для чалавека залежнага ад прагнасці. Таксама, калі багацце нажыта не зусім сумленным чынам, яно па сваёй сутнасці з'яўляецца горам для багацея, бо абцяжарвае яго несумленнасцю і усялякага роду крыўдай. Гэта брудное багацце, ад якога чалавек хутчэй пакутуе, чым атрымоўвае асалоду і супакой.

Заўважце, што Езус у сваім навучанні не ўзгадваў, што багацце само ў сабе з’яляецца злом, ці грахом. Езус не асуджае непасрэдна багатых і багацце. Галоўная рыса, на якую Езус хоча звярнуць увагу – гэта, менавіта, прагнасць. Бо яна параджае іншыя недасканаласці і грахі, дыструктыўна уплывае на жыццё чалавек. Бо той жа чалавек, які паддаецца спакусе прагнасці, стаўшы яе нявольнікам, становіцца адначасова ворагам сваіх бліжніх. Учынкі такога чалавека крыўдзяць бліжніх, прыносячы ім шкоду. Вось таму прагнасць ніколі не можа стаць цнотай. І ў нашым жыцці яна не з’яўляецца нармальнай з’явай. Ну а што вынікае з прагнасці мы ўсе добра ведаем: у першую чаргу зайздрасць, потым крывадушнасць, і злосць, і канешне нянавісць, і многае іншае таму падобнае.

Як бачым, прагнасць з’яўляецца вельмі вялікай памылкай, з-за якой можа ўзнікнуць шэраг іншых, не менш небяспечных памылак у нашым жыцці. Дык як нам кіравацца ў жыцці, каб падобных памылак не здзяйсняць? Адказ на гэтае пытанне дае нам сёння Езус у Евангеллі, распавдаючы прыпавесць аб багацеі. Агульна існуюць два шляхі, на якіх мы можам адкрыць як належыць мудра адносіцца да матэрыяльных дабротаў, каб мною не кіравала прагнасць. 

Першая дарога вельмі кароценькая: ёй з’яўляецца нашая свядомасць адыходу з гэтага свету. Гэта смерць. Бог забірае жыццё, а чалавек, у гэты час, мае магчымасць адкрыць сваю памылку. Так як сёння ў евангельскай прыпавесці. Не хопіць шмат сабраць у гэтым жыцці, яшчэ патрэбна моцнае здароўе, добрыя нервы, каб усё сабранае ўтрымаць. Рукі, у якіх няма жыццёвай сілы, няздольныя ўтрымаць ніякай маёмасці. 

І чалавека, які здзяйсняе падобную памылку, Езус называе неразумным. Вось тыя словы, якія мы пачулі: “Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” І нятрэба гэтаму здзіўляцца. Калі бярэм пад увагу свае магчымасці, сваё здароўе і адпаведна працуем – то ўжо гэта з’яўляецца элементарнай паставай мудрасці, якой належыць кіравацца ў жыцці. А перашкодзіць гэтай мудрасці можа толькі – прагнасць.

Мае дарагія! Той, хто не хоча быць падобным да багацея з сённяшняга Евангелля павінен падрыхтаваць сябе да таго, каб пайсці другой дарогай: заключаецца яна таксама ва ўтраце, але не жыцця… Ведаеце чаго? Так. Тых засекаў, пра якія кажа сённяшняе Евангелле. І гэтае сабранае багацце можа быць не толькі ў форме матэрыяльных дабротаў, яно больш шырокае: здароўе, сябры, алкагольная ці іншая залежнасць, дзеці, муж, жонка, праца, добрае імя і г.д.Цяжкасці і цярпенні якія мы сустракаем у сваім жыцці хоць не пажаданыя, але патрэбныя для таго, каб мы былі гатовыя замяніць засекі з матэрыяльнымі дабротамі на засекі з духоўным багаццем, якое таксама збіраем на працягу свайго жыцця. А часам чалавек пазбаўляецца ўсяго, магчыма, каб лепш зразумець, што сэнс жыцця не заключаецца ў тым, каб шмат мець, але каб быць па жыцці мудрым і падрыхтаваным.

“Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць. Але збірайце сабе скарбы на небе… Бо дзе скарб твой там будзе і сэрца тваё” Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В