Гамілія на 15 ЗН, год С
"Словы Твае, Пане, — гэта Дух і жыццё;
Ты маеш словы вечнага жыцця."
Ты маеш словы вечнага жыцця."
Дарагiя браты i сестры!
Сенняшняе Божае Слова мае ў сабе тэматыку запаведзей Бога. Давайце зараз разам задумаемся дзеля чаго Бог нам дае гэтыя запаведзі і навошта нам іх выконваць.
Мае дарагія! Ствараючы чалавека, Бог пакiнуў у яго сэрцы маральны кодэкс, дзякуючы якому чалавек можа адрозніваць, што есць дабро, а што ёсць зло; таксама як адрознівае правую руку ад левай. Кожны чалавек мае сумленне i гэтае сумленне абсталявана асаблівай здольнасцю, уражлiвасцю на думкі, словы i учынкi.
Аднак у выпадку першароднага граху, чалавечае сумленне стала дэфармавацца, прывыкаць да зла, быць менш уражлiвым, абыякавым, а нават, самападманлівым i гэта, мае дарагія, спрычынiлася да таго, што ў Старым Запавеце Бог не пакiдае чалавека з яго грахоўнасцю, але першы iдзе насустрач, заключаючы запавет з чалавекам.
Запавет Бог заключае з чалавекам неаднаразова: мiж iншым ведаем пра запавет з Ноем, з Аўраамам i, канешне, запавет дадзены на гары Сiнай Майсею. Там Бог прыпамiнае чалавеку яго маральны кодэкс, якi ад пачатку быў дасканала ўпiсаны у чалавечую натуру сумлення, каб яго прыпомнiць чалавеку, Бог дае дзесяць запаведзяў, дэкалог, дзякуючы якому можна весці жыцце справядлiва i быць блiзка Бога.
Таму, мае дарагія, Божыя запаведзі не з'яўляюцца па сваей сутнасці абмежаваннем чалавека і яго свабоды. Яны наадварот, яшчэ глыбей раскрываюць сутнасць свабоды чалавека, яго годнасць, заклікаюць да сыноўняй вернасці Богу як Айцу і таксама тыя ж запаведзі дазваляюць чалавеку выхоўваць сябе ў праўдзе, паляпшаючы адносіны да самога сябе, да бліжняга, да Бога і ўсяго асяроддзя наогул, у якім чалавек жыве. Таму запаведзі - гэта той жыццевы арыецір, без якога нам, людзям веры, самастойна не знайсці шлях да Бога. Гэта компас кожнага сумлення.
Таксама, як чуем у першым чытанні з другазаконня, запаведзь не з'яуляецца чымсці немагчымым да выканання, Бог не жадае ад нас немагчымага. "Гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе." Але надварот: "Гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго." Значыць, кожны з нас без выключэння пакліканы да жыцця паводле Божых запаведзяў.
Умілаваныя, сенняшняе Евангелле раскрывае асноўную мэту і сэнс дадзеных Богам запаведзяў. Дапамагае сёння нам гэтую прауду зразумець Езус, якога вырашыў выпрабаваць кніжнік. Ён добра ведаў, як атрымаць у спадчыну жыцце вечнае, таму запытаў аб гэтым Езуса толькі з адной мэтай: каб знайсці ў Яго мове, у Яго навучанні нейкую зачэпку, каб пазней было ў чым абвінаваціць.
І калі Езус яму мудра адказаў пытаннем на пытанне, той зацытаваў урывак з запаведзяў Торы, якіх было аж 613. Кніжнік адказаў добра: "Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе." І Езус сказаў яму: "Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць." Вось той адказ на пытанне кніжніка, які ен ведаў. Але, каб апраўдацца перад Езусам, кніжнік робіць выгляд быццам бы не ведае, хто яго бліжні. Таму другое пытанне кніжніка было ўжо не выпрабоўваннем Езуса, а спробай нейкім чынам згладзіць, схаваць свой дрэнны намер, які ён меў на пачатку.
А Езус, Які выдатна ведае намеры і прагненні сэрца, не дазваляе існаваць крывадушнасці і няпраўдзе. Ен, Які есць святлом, разганяе цемру ўсялякай няпрауды. Езус распавядае яму прыпавесць пра добрага самараніна. Звярніце ўвагу, дарагія браты і сестры, на адну адметнасць. Габрэі не любілі самаран, не цярпелі іх наогул і не толькі з імі не размаўлялі, але па магчымасці стараліся нават не сустракацца. Гэтая непрыязь была узаемнай.
Памятаеце, калі Езус са сваімі вучнямі хацеў увайсці ў адну з самаранских весак, каб там адпачыць у дарозе да Ерузалему, то жыхары гэтай вескі іх не прынялі, і тады Якуб і Ян хацелі выклікаць агонь з неба, каб іх знішчыў. Такім чынам між юдэямі і самаранамі існавала непрыязь.
А Езус у гэтай прыпавесці ставіць самараніна ў прыклад. Вымушае кніжніка здаровай чалавечай логікай прыйсці да высновы, што менавіта нейкі там самаранін з'яўляецца бліжнім, з'яўляецца героем гэтай прыпавесці, якога Езус ставіць яму ў прыклад. Не святара, не левіта, а нейкага там самараніна, якога ніхто не цярпеў. Уявіце сабе, як павінен быў упакорыцца той кніжнік, каб вызнаць гэтую праўду : "Той, хто паступіў з ім міласэрна. Той з'яуляецца бліжнім." А на заканчэнне гэтай размовы з кніжнікам Езус што кажа: "Ідзі і ты рабі таксама."
Мае дарагія! Сення Езус кожнаму з нас прыпамінае асноўную запаведзь, якая павінна быць прынцыпам нашага хрысціянскага жыцця: "Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе." Калі мы гэтыя словы прымем да сэрца, калі зразумеем канчатковую мэту і сэнс Божых запаведзяў, калі усвядомім, хто ёсць наш ближні, то выконваць гэтую запаведзь будзе значна лягчэй. А праз яе мы рэалізуем нашае агульначалавечае пакліканне да святасці і да сапраўднага хрысціянаскага жыцця. Таму і сёння Езус у нас пытаецца: Хто твой бліжні? Калі мы знойдзем у сабе адвагу адказаць на гэтае пытанне то і да нас Езус звернецца падобнымі словамі: ідзі і будзь міласэрным. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment