Гамілія на XIX ЗН, год С

"Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы."

Дарагія браты і сёстры! 


Давайце паразважаем над даўжэйшым фрагментам сённяшняга Евангелля, а менавіта пра тое, што нам сёння хоча сказаць Езус, калі кажа: дзе скарб ваш, там і сэрца вашае. Што для нас сёння азначаюць гэтыя словы? 

Паглядзіце, прыпавесць якую прамовіў Езус, у сённяшнім Евангеллі, нават да канца не зразумелі Апосталы: Пётр пытаецца: "Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці ўсім людзям?"  Езус адказвае на гэтае пытанне апавядаючы наступную прыпавесць падобнага зместу, толькі больш шырэй разгортваючы тэму. А вось якую тэму, над гэтым зараз мы з вамі засяродзімся.

Сёння без сумніву Езус нам кажа аб Валадарстве, якое Айцец дае веруючым і што гэтае Валадарства здабываюць убогія духам: "прадайце, што маеце і дайце міласціну." Ці Езус хоча, каб мы сапраўды так радыкальна паступалі ў сваім жыцці: усе свае даброты прадавалі і раздавалі ўбогім? Напэўна словы Езуса маюць больш глыбокае значэнне, іх мы да канца не зразумеем, калі будзем глядзець выключна павярхоўна. Трэба ўзглянуць шырэй, Матэрыяльныя даброты самі па сабе не з’яўляюцца злом, але служаць дзеля развіцця чалавека. Яны таксама сведчаць аб яго працы, праз матэрыяльнае дабро выражаецца годнасць чалавека. Гэтая годнасць робіць яго больш шляхетным, асабліва калі ён умее дзяліцца сваім дабром з іншымі, з тымі, хто патрабуе. Дык як зразумець словы: Прадайце, што маеце? 

Дарагія! Апрача матэрыяльных дабротаў, існуюць даброты духоўныя. Можа іх нельга адчуць праз дотык, можа нельга убачыць іх форму. Ведаеце чаму? Бо яны знаходзяцца ў сэрцы чалавека. Духоўныя даброты нябачныя, але бачны іх вынік, бачна іх прысутнасць у чалавеку. І ў першую чаргу вось да такіх скарбаў заклікае нас сёння Езус: Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах. А дзеля таго, каб зрабіць месца для падобных скарбаў, трэба пазбыцца усяго лішняга, што перашкаджае сэрцу ў набыванні вечнага скарбу. І гэтым месцам для нас з'яўляецца нашае сэрца. 

У Бібліі слова "сэрца" часта ўжываецца ў двух значэннях: ў значэнні прамым, а таксама пераносным. У прамым значэнні сэрца азначае цялесны орган чалавека, ў якім заключаецца яго моц і жыццядайная сіла. У пераносным значэнні сэрцам з’яўляецца цэнтр духоўнага жыцця чалавека, найглыбейшыя закамаркі яго душы. Таксама сэрца - гэта месца прабывання пачуццяў, думак і волі. Вядомая справа, што ў святым Пісанні часцей за ўсё слова "сэрца" ўжываецца менавіта ў пераносным значэнні.

Сённяшняе Евангелле звяртае ўвагу на асаблівае значэнне сэрца ў нашым жыцці: менавіта яно з’яўляецца тым каштоўным начыннем для скарбу, які нам дае Бог. Дзе мой скарб? Чым з’яўляецца гэты скарб? Калі ім не з’яўляецца зямное дабро- то што тады? 

Дарагія! Гэты наш скарб, які ўкрыты ў глыбіні нашых сэрцаў, кожны з нас можа адкрыць і адчуць. Мы можам адчуць тое, што ён у нас ёсць. Напрыклад можам задаць сабе такія пытанні: як я праводжу свой час, які дадзены мне Богам? Ці я яго добра выкарыстоўваю ці марную? Як я карыстаюся тымі дабротамі, якія маю. Ці я выкарыстоўваю сваё ўменне, свае навыкі на карысць для сябе і іншых людзей? Або што ў жыцці робіць мяне шчаслівым?

Шэраг гэтых і падобных пытанняў можа нас неаднойчы ставіць у тупік. Можа адказ мы не адразу знойдзем, важна тое, што мы яго шукаем. Прыдзе час, калі тое, што я назбіраў у сваім жыцці мне ўжо не будзе патрэбным, у лепшым выпадку гэтым пакарыстаюцца іншыя, але ўжо не я. І калі ў сваім жыцці мы не забывалі пра скарб, якім з’яўляюцца вечныя даброты, непрамінальныя, то такі скарб заўсёды будзе са мною, яго ніхто не забярэ, нават смерць. Ён будзе пры мне. Бо гэты скарб стане часткай мяне. А ў кладавую майго сэрца ніхто нямае доступу, апрача Бога: бо туды злодзей ужо не пранікне і моль там не знішчыць. Таму так важна клапаціцца пра сэрца, каб менавіта туды збіраць непрамінальнае дабро. 

Ведаеце, ужо само жыццё чалавека з’яўляецца скарбам. І створанае яно Богам не дзеля таго, каб гэтае жыццё пражыць абыяк, бо яго вельмі лёгка можна змарнаваць і знішчаць праз дрэнныя звычкі, паводзіны, занядбанні і г.д. Але створанае дзеля таго, каб яго годна пражыць на гэтай зямлі. Каб выканаць тое заданне, якое дае мне Бог: у сям’і быць верным мужам, жонкай, клапатлівым бацькам, маці; адказна прымаць рашэнні не толькі за сябе, але з клопатам пра сваю сям’ю. Бо не толькі важныя нашыя патрэбы, але і тых, з кім я побач. Я павінен з гэтым лічыцца. Бо перад такім, а не іншым жыццёвым заданнем ставіць мяне Бог.

Дарагія! Нельга марнаваць дадзенага нам жыцця. Так, яно нам даецца толькі адзін раз, але даканца яно не ёсць нашае. Мы адказныя за сябе і за іншых і таму заўсёды павінны быць падрыхтаванымі, каб разлічыцца за тыя скарбы і даброты, якія мы атрымалі ад Бога. А тое, што належыць быць заўжды падрыхтаванымі сведчаць словы Езуса: Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыдзе Сын Чалавечы.

Мае дарагія! Можа мы самі дасканала няможам зазірнуць у нашыя сэрцы, каб там усё дакладна разглядзець. Але гэта можа паспяхова ўчыніць Бог, якому мы даручаем нашыя сэрцы. Толькі Ён адзіны дасканала іх ведае. І нічога мы ад Яго не ўкрыем. Гэта мы, людзі, глядзім на знешнасць, на тое што бачнае звонку і, абапіраючыся на ўбачанае, робім высновы і прысуды. Бог жа заглядае ў глыбіню нашага сэрца і дасканала ведае наш стан, нашыя пачуцці і эмоцыі. Ён ведае ўсю праўду пра нас. Таму толькі Бог здольны па-сапраўднаму перамяніць нашае сэрца. Учыніць духоўную трансплантацыю. Але без нашай згоды і супрацоўніцтва Ён гэта не учыніць ніколі. 

Бог, які стварыў гэты прыгожы свет, які мы з вамі можам назіраць і захапляцца створанай прыгажосцю, стварыў чалавека, кожнага з нас на свой вобраз і сваё падабенства, таму Толькі Бог здольны стварыць “чыстае сэрца”. Аб гэтым вельмі прыгожа напісана ў кнізе прарока Эзэхіі: “Я ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх.”

Дарагія браты і сёстры! Божае Слова, якім мы кормімся кожную Нядзелю, або і часцей, здольнае перамяніць нашае мысленне. А калі ўдзельнічаем у літургіі, калі спажываем Эўхарыстыю, то перамяняюцца нашыя сэрцы, памнажаюцца ў іх нашыя духоўныя скарбы, якія калісьці будзем прадстаўляць Богу. Споведзь і Эўхарыстыя – гэта тыя сакрамэнтальныя сродкі, якія дазваляюць нам стаць больш багатымі, больш напоўненымі Богам. Дзякуючы гэтаму мы зможам адкрыць у сабе большыя здольнасць, каб быць міласэрнымі, справядлівымі і здольнымі на прабачэнне і на любоў Бога і бліжняга. Ці гэта не ёсць сапраўдны скарб, аб якім павінен клапаціцца кожны з нас? Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В