Урачыстасць Унебаўзяцця НПМ_2013
“Яе
ўнебаўзяццю радуюцца Анёлы і разам з Ёю праслаўляюць Сына Божага.”
Дарагія браты і сёстры!
Гэтыя
словы, змешчаныя ў адной з антыфонаў на
ўваход, выражаюць таксама нашу радасць і праслаўленне Божага Сына. Мы
сёння збіраемся тут у гэтым утульным парафіяльным касцёле, каб чарговы раз
падзякаваць Богу за дар Найсвяцейшай Панны Марыі ў таямніцы Яе Унебаўзяцця.
Гэтая
таямніца ўзгадвае той узнёслы момант, калі Найсвяцнейшая Панна Марыя была з целам
і душою ўзята да Неба; а разам з гэтым адначасова прыпамінае нам мэту нашай
зямной вандроўкі. Як напісана ў лісце да Габрэяў: “нямаем тут трывалага горада, але шукаем будучага”.
Сённяшняя
ўрачыстасць адкрывае перад намі сэнс нашага чалавечага існавання: перамога над
смерцю, каб вечна жыць з Богам. Прыкладам гэтага без сумніву з’яўляецца
Найсвяцейшая Панна Марыя, асоба якой займае ключавую ролю ў Гісторыі Збаўлення.
Марыя з’яўляецца той, якая прымае запрашэнне Бога, каб стаць Маці Збавіцеля і
праз гэта даць чалавецтву трывалую надзею на збаўленне ў Езусе Хрысце.
Дарагія!
Належыць узгадаць той факт, што супольнасць з Езусам Хрыстом - гэта супольнасць
Крыжа і Ўваскрасення. Марыя была асабліва блізка да Езуса, Яна найбольш
дасканала Яго наследвала ідучы той жа дарогай што і Яе Сын. І на гэты шлях
пакліканы кожны з нас, кожны веруючы. А на моцы гэтай блізкай сувязі Марыі з
Хрыстом здзейснілася тое, да чаго мы ў будучым пакліканы, а менавіта:
ўваскрасенне цела.
Аднак
існуе прынцыповае адрозненне: ў выпадку Езуса Хрыста мы кажам пра Яго
ўнебаўшэсце – Ascensio
Christi, бо да нябеснага Айца
Хрыстус вяртаецца ўласнай моцаю. У выпадку Панны Марыі, Маці Хрыста, кажам –
унебаўзяцце Аssumptio Mariae-што
выражае праўду аб тым, што яна
з’яўляецца першым чалавекам, які быў узяты з целам і душой да Божай Хвалы.
Умілаваныя!
Таямніцу Унебаўзяцця можна разглядаць у святле дару, атрыманага ад Бога ў асобе
Панны Марыі. Яна атрымала ад Бога поўню Божага дару, поўню ласкі, бо сам Бог
выбраў яе на Маці свайго Сына. Праз тое, што Марыя стала Божай Маці, Яна
атрымала прывілей Беззаганнага Зачацця і засталася заўсёды Дзевай. Словы
сённяшняй прэфацыі таксама выражаюць гэтую праўду:
“Бо па Тваёй волі была захаваная
нятленнай Панна, ад якой цудоўным чынам прыняў цела і нарадзіўся Твой Сын,
даўца ўсялякага жыцця”
Літургія
сённяшняй урачыстасці адкрывае перад намі вобраз змагання дабра і зла ў
апакаліптычнай візіі. Перад нашымі вачыма ўзнікаюць постаці цмока і жанчыны:
зло гэтага свету і Хрыстовы Касцёл, жыццё і смерць. Вядома ж, што вобраз цмока
– гэта зло, шатан, цывілізацыя смерці. Усё тое што дыструктыўна ўплывае на
парадак, створаны Богам.
Жанчына
- гэта вобраз супольнасці Касцёла, які церпіць пераслед, аднак які нараджае
новых дзяцей, новых вызнаўцаў, новае жыццё ў Хрысце. Таксама гэты вобраз
цудоўна ўпісваецца і асацыіруецца з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, якая нараджае
збавіцеля – Езуса. І як чуем у першым чытанні цмок хоча знішчыць жанчыну і яе дзіця.
Звычайна
перамагае мацнейшы. Але не ў гэтым выпадку. Тут перамагае той, хто з Богам. Бо
толькі Бог з’яўляецца сапраўдным пераможцам. Зло ніколі нас не здолее
перамагчы, калі мы адкрытыя на збаўчае дзеянне Бога ў сваім жыцці.
Апакаліптычную бітву выграе Бог - цмок
не здолеў знішчыць ані жанчыны ані яе патомка. Таму дабро і Бог трыумфуюць.
Умілаваныя
браты і сёстры! Бог нам дазваляе ўдзельнічаць у гэтай вялікай перамозе. І пасля
ўваскрослага Хрыста, які перамог грэх, смерць і шатана, першай хто удзельнічае
ў гэтай перамозе ёсць Найсвяцейшая Панна Марыя. Сённяшняя ўрачыстасць цудоўна
выражае перамогу ўваскрослага Хрыста. Святкуючы Ўнебаўзяцце Марыі мы святкуем
перамогу жыцця. Марыя паказвае нам праўду, што нашае жыццё знаходзіцца ў
надзейных руках, у руках Бога, які да нас не абыякавы. Так як Ён не дазволіў
цмоку знішчыць жанчыны, так не дазволіць, каб нас зло знішчыла.
Апрача
гэтага Марыя Ўнебаўзятая вучыць нас адкуль браць надзею і патрэбныя сілы ў
цяжкія хвіліны нашага зямнога жыцця, калі нам пагражае небяспека, калі мы
дасвядчаем нейкія цярпенні, прыніжэнні, пакуты, калі нам здаецца, што зло
пачынае рабіцца мацнейшым за нас. Дарагія! Мы ў гэтых змаганнях не адныя! Наш
лёс у Божых руках, у руках даўцы ўсялякага жыцця.
Жанчына
аб якой апавядае апакаліпсіс перамагае зло, таму што блізка свайго сына, таму
што яна з’яднаная са сваім сынам. Таму супольнасць Касцёла ў якім прысутны Езус
Хрыстус – пераможца смерці, ніколі злом не будзе пераможана. Таксама як і
веруючы хрысціянін, які трывае ў Езусе, які з Ім з’яднаны, заўсёды застаецца цвёрды
і непахісны і ніколі не ідзе на кампраміс са злом.
Калі Бог з намі, то хто супраць нас,
кажа св. Апостал Павел, бо паглынулася
смерць перамогаю. Смерць дзе твая перамога, Смерць дзе тваё джала?
Дарагія
браты і сёстры! Марыя Ўнебаўзятая дае нам адвагу, каб мы не баяліся жыццёвых
выклікаў і розных цяжкасцяў, якія сустакаем, або якія яшчэ сустрэнем у сваім
жыцці. Марыя асабліва добра нас разумее, бо яе жыццё не было пазбаўлена рознага
роду выпрабаванняў.
Божая
Маці заўсёды з намі салідарная. І ўвайшоўшы ў радасць Божага Валадарства Яна не
перастае быць разам з намі на зямлі. Праз таямніцу ўнебаўзяцця Марыя вучыць нас
вернасці і пакоры, што ў сваю чаргу вядзе да Вечнай радасці. Няхай нас не
знеахвочваюць і не палохаюць жыццёвыя абставіны, і цяжкасці з імі
звязаныя. Бо Марыя заўсёды спадарожнічае
нам у зямной пілігрымцы і чувае над
сваімі дзецьмі, напаўняючы нас патрэбнымі ласкамі.
Няхай
сённяшняя ўрачыстасць дапаможа нам усвядоміць тую збаўчую перамогу жыцця,
удзельнікам якой становіцца кожны з нас, Хто па прыкладу Марыі шчырым сэрцам
верыць і наследуе Хрыста ў сваім жыцці. Амэн.

Comments
Post a Comment