Гамілія на XXII ЗН, год С

«Сэрца разумнага разважае над прыпавесцю, а мець уважлівае вуха — гэта жаданне мудраца.»

Дарагія браты і сёстры!

На першы погляд, калі чуем сённяшняе Евангелле, нам можа здавацца, што Езус робіць маральныя павучэнні, выкладае правілы тагачаснага этыкету як сябе весці за сталом, калі цябе запрасілі на пасілак. Але, калі больш грунтоўна задумацца над гэтай навукаю, зразумеем, што тэма сённяшняга Евангелля значна шырэйшая і ахоплівае ўсё нашае жыццё, стыль нашых паводзінаў і адносінаў да іншага чалавека. Справы гэтыя актуальныя і зараз.

Словы з першага чытання, з кнігі мудрасці Сіраха выдатна пераклікаюцца з сённяшнім павучэннем Езуса, якое Ён некалі скіраваў да аднаго з фарысеяў і яго запрошаных, і таксама гэтыя словы накіроўвае зараз да нашых сэрцаў: ”Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана.”

Усё так проста і адначасова даволі складана. Асабліва, калі чалавек па сваёй натуры схільны ўзвышацца, а не ўпакорвацца. Значыць гэтая ласка ў вачах Пана каштуе нам нямалых намаганняў.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Калі мы паглядзім на сваё жыццё то можам убачыць, што ў ім адбываецца штосьці падобнае як з сённяшнімі запрошанымі гасцямі. Мы таксама выбіраем месцы. Канешне, калі да гэтага выбару прыглядзецца больш уважліва, то па сваёй сутнасці мы імкнемся і прагнем выбару лепшага месца, хоць не заўсёды гэтага заслугоўваем. І праблема неўласціва выбранага месца заключаецца менавіта ў тым, што мы няздольныя стаць у праўдзе перад сабою, ацаніць свае магчымасці, здольнасці і патрэбы якія маем, а ўдадатак да ўсяго гэтага далучаецца наш празмерны эгаізм і недахоп пакоры, што і прыводзіць нас да няправільнага выбару свайго месца ў жыцці, сваёй паставы і адносінаў да сябе, Бога і бліжніх.

Як навучыцца аб’ектыўна сябе ацэньваць? Езус дае параду: навучыцеся бачыць бліжняга і яго патрэбы. Проста заўважце тых, хто з вамі побач. Гэта ўжо вялікі крок наперад. Папа Францішак некалі сказаў такія словы: “Давайце выдзем з нашага эгаізма, з нашай закрытасці, ізаляцыі, з нашай абыякавасці ў адносінах да іншых людзей. Бо Езус асвятляе нашае жыццё святлом, якое ніколі не гасне…” Па-іншаму гэта і ёсць тая ласка ў вачах Пана. Бо, калі мы бачым бліжняга і яго патрэбы, калі не баімся і не саромеемся служыць нашым бліжнім, то гэта вялікі крок да умення быць па-сапраўднаму пакорным у жыцці.

А узгадайма зараз вельмі вядомы заклік Езуса Хрыста: “Вазьміце ярмо Маё на сябе, і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам.” Вось гэтыя словы з’яўляюцца сваеасаблівым ключом да зразумення сённяшняга ўрыўка з Евангелля. 

Умілаваныя! Сёння нам усім Езус дае лекцыю пакоры. А ці мы задумваліся калі, хто такі пакорны чалавек. Пакорны чалавек выдатна ведае, што сам з сябе нічога няможа, што збаўленне гэта Божы дар, які людзі атрымалі незаслужана і атрымалі непасрэдна ад Бога, які ёсць аўтарам і ініцыятарам збаўлення. Гэта Ён Бог робіць першы крок да чалавека, які доўгі час заставаўся ў цемры безндзейнасці. Таму пакорны чалавек ніколі не будзе прыпісваць сабе ані якой заслугі, таксама не будзе хваліцца нейкімі уласнымі дасягненнямі, бо ведае, што любоў і міласэрнасць Бога з’яўляюцца сапраўдным гарантам збаўлення, а не ўласныя заслугі, магчымасці і сілы.

Таму, калі чалавек пакорны, ён усё сваё жыццё і сваё збаўленне з даверам аддае Богу. А паколькі, дзякуючы веры, мае пэўнасць збаўлення, то такі чалавек ведае, каму павінен насамрэч быць удзячны і хто годны самага ўзнёслага і лепшага месца ў сэрцы.

Калі мы пакорныя, то ўмеем быць удзячнымі, можам па-сапраўднаму праслаўляць Бога, жыць Яго словам і воляй на кожны дзень, імкнучыся Яго наследваць. Вось у гэтым заключаецца сапраўдная пакора. А калі чалавек усё прыпісвае выключна сабе, то ён няздольны да ўдзячнасці, простасці, нават не памылюся кажучы, што няздольны да праўды. А пакора ў яго жыцці з’яўляецца ні чым іншым як толькі карыкатурай.

Таксама, дарагія браты і сёстры, узор пакоры дае нам сам Збаўца, кажучы: “Калі не станеце як дзеці не ўвойдзеце ў Валадарства нябеснае.” Бо дзеці заўсёды простыя, непасрэдныя і праўдзівыя. А мы нажаль не заўсёды такімі з’яўляемся. Нямаем у сабе столькі простасці і праўдзівасці; Прычына гэтага можа быць розная: можа у выніку дрэннага прыкладу з боку асяроддзя ў якім мы знаходзімся, ці таксама ў выніку недастаткова добрага выхавання, ці такой нашай натуры і характару. Таму адзіным лекам на гэта становіцца нашая сапраўдная пакора ў жыцці.

Езус звяртаецца да нашых сэрцаў, да нашых сумленняў, каб мы сталі ў праўдзе перад сабою, каб мы сталі пакорнымі і маглі выбраць уласцівае для саміх сябе, месца, згоднае з нашымі магчымасцямі, заданнямі, перад якімі ставіць нас Бог, каб выбіралі гэтыя месцы ў праўдзе і пакоры. Тады у глыбіні сваёй душы можам пачуць падобныя словы, якія да нас прамаўляе Пан:

Калі даверышся Мне і станеш пакорным, зможаш атрымаць усё, што толькі захочаш, нават больш, чым можаш сабе ўявіць. Але калі паспрабуеш абысціся без Мяне, калі захочаш сам здабыць сабе вечнае жыццё, тады будзеш падобны да тога ганарлівага чалавека, які самвольна заняў першае месца, а пасля з вялікім сорамам павінен быў з гэтага месца зысці.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Лекцыя пакоры, якую сёння нам дае Езус, вельмі патрэбная, каб мы маглі лепш зразумець сябе, свае плюсы і мінусы. Бо толькі так можна паспяхова зрабіць работу над памылкамі. Калі мы заўважаем нейкія свае ўласныя недасканаласці, то гэта крок на перад, каб іх пазбыцца. А каб гэтае нялёгкае заданне нам выканаць трэба ў пакоры даверыць свае сілы і магчымасці Богу, які сам нас зменіць. Дазволім жа Богу дзейнічаць у нашым жыцці! Амэн.





Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В