Гамілія на свята Узвышэння Святога Крыжа, 2014
Святы Тамаш з Аквіну калісьці сказаў: ”Хрыстус церпячы пакуты, а таксама паміраючы на крыжы, заплаціў доўг Адама, вярнуў доўг грэшнага роду людскога больш, чым было гэта патрэбна”.
Дарагія браты і сёстры!
Сёння, святкуючы узвышэнне Святога Крыжа, мы з вамі сузіраем таямніцу нашага збаўлення, таямніцу і сімвал нашай хрысціянскай веры, якім з’яўляецца Крыж Хрыста. Тое, што у эпоху Рымскай Імперыі было ганебным смяротным пакараннем, дзякуючы любові Езуса і Яго Ахвяры, стала славай і гонарам.
Святы Павел у лісце да Галатаў сцвярджае: “Мне не трэба хваліцца, хіба толькі Крыжам Пана нашага Езуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжавана, а я для свету”. Таму Крыж Хрыста мае ў сабе як таямніцу цярпеня і болю, так і таямніцу трыумфа і перамогі.
Умілаваныя! Калі глядзім на наш свет, у якім жывем, то бачым у ім столькі цярпення, болю, несправядлівасці; столькі шмат войнаў, хваробаў, голаду, смерці… І адразу ў нашых сэрцах узнікае пытанне: навошта? Ці Бог гэтага не бачыць? А як быць з Яго міласэрнасцю і справядлівасцю?
Справа ў тым, што недахоп нашай веры, спрыяе росту пэўнага роду бунту ў нашым сэрцы, калі бачым падобныя з’явы, асабліва, калі яны непасрэдна ўваходзяць у нашае жыццё і датычаць канкрэтна нас або нашых родных. Напрыклад цярпенне або смерць блізкага чалавека. Падобныя трагічныя жыццёвыя выпрабаванні не ўсе людзі здольныя пакорна і адэкватна перанесці. Многія, дасведчыўшы такіх выпрабаванняў, адвярнуліся ад Бога, прыпісваючы непасрэдна Яму віну ў нейкай асабістай трагедыі, або цяжкіх жыццёвых абставінах.
Дарагія! Сённяшняе свята адкрывае перад намі таямніцу як крыжа Хрыста, так і таямніцу кожнага цярпення ў нашым жыцці. Не заўсёды гэтае цярпенне звязана з нашай несправядлівасцю ці нейкай асабістай віною перад Богам і іншымі людзьмі. Напэўна мы не з’яўляемся нейкімі падвопытнымі суб’ектамі на якіх Бог эксперэментуе, спасылаючы нейкія цяжкасці і выпрабаванні.
Канешне, калі мы не жывем паводле Божых запаведзяў, калі ігнаруем Божую дапамогу ў жыцці, калі лянуемся ажыўляць сваю веру праз малітву, адпаведны стыль жыцця, праз ўчынкі міласэрнасці, то нават падсвядома мы чакаем гэтага Божага пакарання. Але як быць у такой сітуацыі, дзе чалавек рупліва выконвае ўсё, што можа з любоўю ў сэрцы, каб жыць па-Божаму і раптам у яго жыццё ўваходзіць нейкая трагедыя. Як тады гэта разумець? Як пакаранне!?
Мае дарагія! Таямніца Крыжа, якую сёння нам паказвае Езус сведчыць аб тым, што цярпенні ў нашым свеце існуюць не толькі як кара за нашыя грахі, але як праяўленне недасканаласці гэтага свету праз першародны грэх, у выніку чаго чалавек церпіць не заўсёды па сваёй віне. Аднак дзякуючы ахвяры Езуса Хрыста, кожнае людское цярпенне мае вельмі глыбокі сэнс па прычыне з’яднання з цярпеннямі Хрыста.
Мы веруючыя, маем магчымасць далучыць свае цярпенні да Хрыстовага Крыжа, праз што мы разам з Хрыстом удзельнічаем у адкупленні, якое Ён здзейсніў дзеля нас, якія на гэта не заслугоўваем. Аднак з’яднацца з Хрыстом ў гэтым цярпенні можна толькі праз веру. Бо калі яе няма мы будзем падобныя да тых, хто стаяў ля крыжа паміраючага Збавіцеля і крычаў: “Калі ты Сын Божы, збаў сябе і сыдзі з Крыжа, толькі тады паверым у Цябе”. Гэта па-іншаму акламацыя маладушнасці і бязвер’я.
Толькі таямніца крыжа і наш чынны ўдзел у ёй можа з нас зрабіць сапраўдных вучняў Хрыста: “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.”-кажа Езус.
Калі мы гладзім на крыж бачым выцягнутыя рукі нашага Збаўцы, любоў Якога вечная і безумоўная. Ён прабачае сваім ворагам і абяцае вечнае жыццё грэшнікам, якія каюцца. Крыж з'яўляецца важным сімвалам для веруючага хрысціяніна, бо менавіта ён перамог смерць, знішчыў грэх Адама, зруйнаваў пекла, даў сілы, каб узнесціся па-над штодзённасць, перамагчы смерць і стаць удзельнікам уваскрасення. Крыж адчыніў перад намі брамы раю і ўчыніў нас Божымі дзецьмі.
Крыж Хрыста для нас, мае дарагія, велічны і каштоўны. Велічны бо праз яго мы атрымалі шмат дабротаў. Каштоўны – бо з'яўляецца знакам мукі і адначасова трыумфу Бога. Бо гэта Хрыстовы крыж спрычыніўся да таго, што перамог грэх, шатана, пекла і смерць. А для ўсяго свету стаў паўсюдным знакам збаўлення.
Мае дарагія, тагачасны свет, зрэшты, як і свет цяперашні, шукаў і надалей шукае месію без крыжа, месію, які нічога не патрабуе, а толькі гатовы выконваць усялякае жаданне. Свет шукае такога месію, які будзе прыносіць поспех і дабрабыт. Такі месія-талісман, але зноў жа у гэты вобраз месіі не ўпісваецца крыж. Аднак апостал Павел кажа ў лісце да Карынцянаў, што Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых і кволае, каб пасароміць магутных… бо Юдэі дамагаюцца знакаў, Грэкі шукаюць мудрасці, а мы прапаведуем Хрыста Ўкрыжаванага, які з’яўляецца магутнасцю і мудрасцю Божай”.
Таямніца крыжа - гэта ў першую чаргу таямніца любові, а затым толькі таямніца цярпення. Гэтая таямніца актуальная і ахоплівае асобу Збаўцы, які складае ахвяру на Крыжы, ахвяру, якую Ён складае Айцу з Сябе, аказваючы Яму сыноўнюю любоў і паслухмянасць. Толькі дзякуючы любові дасканала рэалізуецца цнота паслухмянасці. Яна ўжо становіцца не толькі звычайнай паслухмянасцю запаведзям Бога – але гэта зусім новая паслухмянасць, якая пераўзыходзіць звычайную. Калі паслухмянасць перажываецца ў таямніцы Крыжа і ажыўляецца любоўю, то такая паслухмянасць набірае новы, больш глыбокі змест, яна ўжо становіцца не толькі звычайнай чалавечай цнотай паслухмянасці, але цнотай Божай, цнотай самога Хрыста. Паглядзіце! Праз паслухмянасць мы можам наследваць самога Хрыста, Яго Крыж.
Умілаваныя браты і сёстры! Менавіта любоў дазваляе перажываць жыццёвы Крыж пазітыўна, па-Божаму і гэтыя перажыванні робяць нашае сэрца мяккім, нашую чалавечую натуру больш шляхетнай, больш уражлівай на патрэбы і цярпенні іншага чалавека. Дзякуючы любові, таямніца Крыжа для нас становіцца таямніцай надзеі, а не роспачы. Сёння Хрыстус вучыць нас, на сваім уласным прыкладзе, што няма перамогі без змагання, няма цудаў без веры, так як няма уваскрасення без Крыжа.
Няхай сённяшняе свята Узвышэння Святога Крыжа дапаможа нам лепш засяродзіцца на таямніцы Крыжа Езуса Хрыста, як таямніцы любові, а таксама зразумець і прыняць кожнае нашае жыццёвае цярпенне ў духу паслухмянасці Божай волі на ўзор самога Езуса Хрыста. Амэн.

Comments
Post a Comment