Гамілія на XXIV ЗН, год С
Бенедыкт XVI у кнізе „СВЯТЛО ЖЫЦЦЯ”, адносна навяртання так сказаў: „З ласкай навяртання звязана неабходнасць, каб Бог зноў быў на першым месцы. А таксама, каб нанова прагнуць услухоўвацца ў Божае слова, каб прымаць яго як штосьці сапраўднае і рэальнае, і дазволіць яму асвятліць наша жыццё…”
Дарагія браты і сёстры!
Вялікая радасць Бога і ўсяго Нябеснага Валадарства ўзнікае па прычыне навяртання нават аднаго грэшніка. Аб гэтым, зрэшты, чуем у сённяшнім Евангеллі. Каб падкрэсліць важнасць гэтай тэмы навяртання, св. Лука Евангеліст змяшчае нават тры навукі Езуса, тры прыпавесці, якія ідуць па чарзе і раскрываюць тэму Навяртання.
Тэма гэтая вельмі актуальная ў перыяд Вялікага Посту, але не толькі. Жыццё паказвае, паколькі нам трэба аднаўляць сваё асабістае навяртанне кожнага дня, таму і тэма гэтая актуальная у кожны момант. Божае слова сёння нас заахвочвае, каб мы засяродзіліся і яшчэ раз паразважалі аб навяртанні.
Спачатку давайце прыгледзімся да каго Езус скіраваў гэтыя прыпавесці: “Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць…” Значыць, менавіта яны, становяцца першымі адрасатамі сённяшняй навукі Езуса Хрыста. Але не апошнімі і канчатковымі. Калі мы больш уважліва праразважаем над гэтымі словамі, то зразумеем, што прыпавесці пра заблуканую авечку, пра згубленую драхму і пра марнатраўнага сына датычаць таксама кожнага з нас. Якім чынам запытаеце?
Езус знаходзіцца ў асяроддзі мытнікаў і грэшнікаў, якімі звычайна пагарджалі не толькі фарысеі і кніжнікі, але і простыя звычайныя людзі. Іншая справа, што фарысеі і кніжнікі лічылі сябе аўтарытэтамі і духоўнымі лідэрамі ў габрэйскім грамадстве, пра іх таксама скажа Езус: “Гора вам, якія займаеце першыя месцы ў сінагогах, якія моліцеся напаказ, і аб’ядаеце дамы ўдоваў.” Вось такія лічылі сябе праведнікамі. Але што агульнага можа мець хлусня з праўдай? Езус амаль заўсёды іх крытыкаваў. Толькі да некаторых з іх звяртаўся падобнымі словамі: “Недалёка ты ад Валадарства нябеснага.”
Сённяшняя навука Езуса стала адказам на нараканне гэтых аўтарытэтных асобаў, для якіх, прысутнасць Езуса сярод мытнікаў, быццам бы іх горшыла. І Езус скіроўвае да іх гэтыя прыпавесці. У іх выразна адчуваецца кантраст: Езус хоча паказаць наколькі важны для Бога кожны чалавек, нават грэшнік. Бо звычайна такімі людзьмі пагарджалі, яны нікому не былі патрэбнымі. І таму, каб аднавіць годнасць тога ж грэшніка, Езус малюе гэты кантраст: дзевяноста дзевець авечак, якіх пакідае пастыр, і адна заблуканая, той грэшнік, пошукам якога зараз зацікаўлены Бог.
Ці тая згубленая драхма. Паглядзіце, ці шукала б на самой справе жанчына тую драхму аж так старанна: запальваючы свечку, вымятаючы дом, у пільным пошуку? У рэальнасці напэўна не. Таксама ці пастыр пакінуў бы ў рэчаіснасці дзевяноста дзевяць авечак без нагляду адных – немаленькі статак. Калі і пакінуў бы, то напэўна вызначыў адказнага за статак, каб яго прыпільнаваў. Але праз гэтыя вобразы Езус паказвае з якой любоўю і энтузіязмам Бог шукае кожнага, хто патрабуе навяртання. Што Бог шукае нават такіх, якіх ніхто ніколі не шукаў бы.
Фарысеі і кніжнікі не лічылі, што ім патрэбна нейкае навяртанне, яны сябе адчувалі ў большасці задаволенымі з жыцця якое, на іх думку было праведным перад Богам. І таму, каб яны з большым поспехам маглі зразумець сэнс навукі Езуса, Ён апавядае ім трэцюю прыпавесць пра марнатраўнага сына. І пачуўшы яе, фарысеі не маглі не зразумець, якое месца яны займаюць у гэтай прыпавесці. Што ёсць і ў іх “праведным” жыцці над чым можна задумацца і што належыць выправіць.
Дарагія! Езус Хрыстус хоча сёння і да нашых сэрцаў дастукацца. Таму навуку, якая заключаецца ў сённяшніх прыпавесцях, Ён скіроўвае і да нас.
Па-першае Езус хоча, каб мы адкрылі ў сваім жыцці патрэбу навяртання. Што праз кожны здзейснены грэх, мы становімся падобнымі да марнатраўнага сына, які забірае належную сабе маёмасці і адыходзіць далёка ад свайго айца. Па-іншаму адбываецца здрада той любові, якую да нас мае Бог.
Дарэчы, натура гэтай здрады вельмі выдатна паказваецца ў сённяшнім першым чытанні з кнігі Зыходу: Бог, які любіць свой народ, які вывеў яго з егіпедскай няволі, здзейсніў столькі цудаў і знакаў на пустыні, зараз у адсутнасці Маісея, гэты ж народ ля падножжа Сінаю здзяйсняе можам так сказаць самы сташны грэх: здраджае Божую любоў праз ідалапаклонніцтва. Толькі заступніцтва Маісея і жаданне народу адвярнуцца ад гэтага граху спыняюць Божы гнеў.
Умілаваныя! Нашым заступнікам перад Айцом з’яўляецца Хрыстус! Паглядзіце! Маісей быў звычайным чалавекам, Бог яго паслухаў. То ці не паслухае свайго Умілаванага Сына, Той, які заўсёды заступаецца за нас? Адзінае, што нам застаецца, дык гэта прызнаць у сваім сэрцы патрэбу навяртання і імкнуцца яго выканаць. Так як гэта - паводле прыпавесці Езуса- зрабіў марнатраўны сын.
“Устану і пайду да айца свайго!”Гэта імпульс да навяртання. Заўважце, што сын не кажа можа мне пайсці да айца, але устае і ідзе, канкрэтна рэалізуе сваё навяртанне.
Па-другое: Езус сёння кажа нам, што сапраўднае навяртанне гэта не толькі канкрэтны чын, які важны сам па сабе, але навяртанне гэта трывалы працэс, майго сталага прыбывання, трыванне ў Божай праўдзе. Шчырае навяртанне – гэта не толькі жыццё па агульнапрынятаму шаблону, якое упісваецца ў нейкія знешнія рамкі, але гэта унутраны імператыў сэрца, дзякуючы якому я вяртаюся дадому, да свайго айца. Марнатраўны сын ў абдымках свайго айца – гэта той уласцівы вобраз, які адлюстроўвае істоту навяртання. Быў той сын у рванай вопратцы, бедны, галодны але перажываў сваё аўтэнтычнае навяртанне.
Яго старэйшы брат быў можа “пад гальштукам”, прыгожа апрануты, багаты, сыты, але не адчуваў патрэбы навяртання. І хоць жыў пад адным дахам са сваім айцом, то ў рэчаіснасці быў ад яго вельмі далёка.
Заўважце дарагія браты і сёстры адну цікавую рэч. Пасля першароднага граху Бог кліча Адама: “Дзе ты ёсць?” Не кажа яму: што ты нарабіў, як ты пасмеў, але дзе ты ёсць?
Справа ў тым, што кожны грэх, гэта парушэнне сувязі з Богам, дакладна кажучы, разрыў гэтай сувязі і адыход ад Бога. Навяртанне – гэта аднаўленне гэтай сувязі, гэта нашае вяртанне ў абдымкі Бога. І гэтая сувязь наладжваецца праз нашую свядомасць патрэбы навяртання, а таксама праз нашыя канкрэтныя крокі на шляху да паяднання з Богам. Праз Божае Слова, праз малітву, праз прыняцце Эўхарыстыі мы ўмацоўваем нашу сыноўнюю вернасць да Бога, які нас любіць.
Няхай сённяшняе Божае слова, у прыватнасці навука Езуса, стане для нас крыніцай навяртання, адкрые нашыя сэрцы на яго патрэбу і дапаможа вярнуцца ў абдымкі любячага Айца. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment