Гамілія на XXV ЗН, год С

"Не можаце служыць Богу і мамоне."

Дарагія браты і сёстры!


Чарговая лекцыя, якую сёння да нашых сэрцаў скіроўвае Езус Хрыстус у Божым слове, ёсць Яго навука аб вернасці і адказнасці. Менавіта гаворка ідзе пра выбар кожнага з нас, выбар адпаведных вартасцяў,  які мы здзяйсняем, на якіх мы хочам і можам добра пабудаваць сваё жыццё. Не толькі запланаваць, але рэалізаваць усё запланаванае. 

Ведаю, гучыць гэта вельмі ўзнёсла і неадназначна, асабліва тое апошняе слова: РЭАЛІЗАВАЦЬ. Але згадзіцеся, каб гэта адбылося, каб нам атрымалася у жыцці здзейсніць тое, што мы запланавалі, трэба спачатку чагосьці жадаць, мець імкненні, рабіць планы. Мае дарагія, нельга дайсці да мэты, калі мы яе не паставілі перад сабою. Канешне цяжка, калі нашыя планы руйнуюцца, калі жыццё складваецца па-іншаму, чым мы гэта сабе ўяўлялі. Але не трэба з-за гэтага панікаваць. Бо не ўсё так кепска, як нам бывае здаецца.

Езус сёння кідае промень святла на праўду адносна нашай жыццёвай паставы, менавіта паставы вернасці. Даражэнькія, гэтая цнота вернасці павінна ахопліваць не толькі нашае рэлігійнае жыццё, уплываючы на нашую пабожнасць, хоць гэта вельмі важна; вернасць датычыць усіх сфераў нашага жыцця, асабліва нашых адносінаў з іншымі людзьмі. 

Давайце падумаем ці мы здольныя трымаць сваё слова, ці мы толькі шпаркія на абяцанні. Першае, праз што правяраецца, даследуецца нашая вернасць, дык гэта ці мы выконваем тое, што абяцалі. Бо, калі нашыя абяцанні не выразіліся ў адпаведных учынках, то нашыя словы, нішто іншае, як пустазвон. Тут паабяцалі, там не выканалі. Проста кінулі словы на вецер. І звычайна да абяцанняў такіх людзей ставяцца вельмі скептычна. Бо тады ўсім добра вядома, чым гэтыя абяцанні скончваюцца.

Калі мы у сваім жыцці кіруемся прынцыпам вернасці, гэта будуе не толькі наш дух, але агульна усю нашую асобу. І, як другі бок гэтага медаля, існуе АДКАЗНАСЦЬ, яна, можам так сказаць, ідзе ў пары з вернасцю. Бо калі чалавек верны, ён адначасова і адказны. Калі мы павінны нешта выканаць, напрыклад камусьці дапамагчы ў нейкай справе, то мы адказныя за гэта і няможам ігнараваць патрабуючаю асобу. І гэты прынцып датычыць не толькі нейкіх вялікіх рэчаў, але ў першую чаргу самых дробных. Бо менавіта з гэтых дробезяў і складаецца ўся мазайка нашага жыцця.

Уявіце сабе, дарагія браты і сёстры, калі б цэгла, якая патрэбная на будову дому была неякаснай, добра калі трапіцца пару такіх цэглін, заўсёды можна замяніць, замазаць і не толькі бачна гэтага не будзе, але на якасць дому гэты брак істотна не паўплывае. А вось калі такі прынцып недабрасумленнага вырабу цэглы распаўсюдзіць і уся цэгла будзе такой неякаснай, то які дом з яе атрымаецца – доўга не настаіць, але рухне і застануцца толькі руіны.

Мае дарагія! Так сама і ў духоўным жыцці. Калі мы няверныя ў малых рэчах: калі напрыклад занядбоўваем уласную малітву, калі лянуемся удзельнічаць на нядзельнай Імшы, то як мы можам сябе лічыць людзьмі вернымі, вернымі тым хрысціянскім абяцанням, якія мы павінны выканаць. Паколькі мы абралі шлях веры, нельга быць летнім: трэба быць або гарачым, або халодным, як піша св. Ян у кнізе Адкрыцця.

Дарагія, калі мы лічым сябе веруючымі людзьмі, нам трэба выконваць тое, што сведчыць аб нашай веры. Яна ў сваю чаргу злучаецца з нашымі учынкамі. Нельга быць веруючым дзесьці глыбока ў сэрцы. Сапраўдную глыбокую веру нельга затрымаць у сэрцы, яна і так вырвецца адтуль і праявіцца ў нашых паводзінах і ва ўсім нашым жыцці. А вось калі гэтага праяўлення няма, то наўдад ці ёсць гэтая вера глыбока ў нашых сэрцах, хутчэй гэта самападман, або спроба апраўдаць сваю духоўную ляноту. Бо ані вернасці ані адказнасці тады ў такога зімнога хрысціяніна няма.

У сувязі з гэтым у мяне пытанне: ці звярнуўся б хто небудзь з вас, да такога ўрача, які толькі лічыць сябе ўрачом у сэрцы, але нямае ані лекарскай практыкі, ані нават азоў медыцыны не ведае, толькі лічыць што ўмее лячыць? Мне здаецца адказ відавочны. Тое ж мае дарагія і ў справах звязаных з верай, калі я веруючы чалавек, то буду наведваць касцёл, троху часцей чым на Вялікдзень, а можа нават і рэгулярна кожную нядзелю і ўрачыстасці, бо я адказны за дар збаўлення, які атрымаў ад Бога. Я адказны за сведчанне, якое даю іншым людзям у першую чаргу сваёй сям’і і блізкім. 

Езус казаў у адной з прыпавесцяў, што вера падобная да маленькага гарчычнага зерня, якое калі вырастае, становіцца вялікім дрэвам, у галінах якога нават птушкі могуць віць гнёзды. І гэты дар веры мае кожны, хто вызнае Хрыста, хто прыняў прапанову Божага збаўлення, увайшоўшы праз браму хросту. 

Як жа часта бывае так, што мы бачым гонар нашага паклікання ў Хрысце, але не заўсёды бачым, свайго уласнага удзелу ў гэтым пакліканні. Мы лічым сябе Хрысціянамі - гэта значыць вучнямі Хрыста, мы адчуваем гэтае ўзнёслае права быць хрысціянінам, але ці адчуваем абавязкі, якія выплываюць з гэтага права? Ці адчуваем адказнасць за сябе і за сваіх блізкіх у справах веры, у справах рэлігійнага выхавання, катэхізацыі? Хто у сям'і з'яўляецца першым катэхетам? Безумоўна бацькі. А зараз давайце падумаем якія катэхезы вы сваім жыццём пераказваеце сваім дзецям, які іх змест? Ці там наогул ідзе гаворка пра Бога...

Умілаваныя! Езус сёння выразна кажа: калі ты верны ў малым і ў вялікім будзеш верны, а калі несправядлівы ў малым, то будзеш несправядлівы і ў вялікім. І гэта, ані гульня словаў, ані нейкія ўзвышаныя эпітэты. Гэта рэальны прынцып, без аніякага перабольшвання, праз які Збавіцель нас заахвочвае да вернасці і перасцерагае ад несправядлівасці. Езус сёння гэтымі словамі звяртаецца да кожнага з нас, дарагія браты і сёстры, каб мы імкнуліся быць вернымі нават у дробязях, бо гэта у сваю чаргу ўплывае на тое, каб мы станавіліся добрымі людзьмі, а таксама дае адпаведную глебу, каб мы не толькі лічылі сябе веруючымі хрысціянамі, але каб насамрэч імі былі. Амэн.







Comments

  1. Дзякуй вялікі за карысны блог і цікавыя разважанні!

    ReplyDelete

Post a Comment

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В