Гамілія на XXVI ЗН, год С

"Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам." 

Дарагія браты і сёстры! 

У Евангеллі мы сёння пачулі прыпавесць пра багача і Лазара. Людзі двух абсалютна розных, а нават супрацьлеглых сацыяльных статусаў. Адзін з іх багач, другі – жабрак. Не ведаем усіх абставінаў, якія паўплывывалі на жыццё гэтых людзей: ці багач сумленна, запрацаваў сваё багацце, а таксама ці жабрак па імені Лазар, па сваёй віне перажыў сацыяльную дэградацыю, што ўрэшце рэшт прывяло яго да трагедыі галечы и голаду. 

Усіх гэтых падрабязнасцяў мы не ведаем, аднак зыходзячы з таго, кім гэтыя людзі з’яўляюцца на дадзены момант, давайце зараз спынемся і паразважаем над тым ці багацце адназначна з’яўляецца шляхам, які ніколі не прывядзе да Божага Валадарства, а беднасць стапрацэнтным рэцэптам пэўнасці нашага збаўлення? 

У сваім навучанні Езус вельмі часта кажа пра багацце як пэўную цяжкасць, а нават перашкоду ў імкненні да Божага Валадарства. Напэўна большасць з вас ведае урывак з Евангелля, калі багаты юнак падыходзіць да Езуса з пытаннем: як мне асягнуць вечнае жыццё? І пасля дыялогу з гэтым юнаком Езус звяртаецца да сваіх вучняў са словамі: “Дзеці! Як жа цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства нябеснае. Прасцей вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.” Так! Езус канкрэтна тлумачыць вучням, што багацце з’яўляецца сур’ёзнай цяжкасцю на шляху збаўлення, але само па сабе багацце не з'яўляецца гэтаму перашкодай. Езус кажа: як жа цяжка, але не кажа: "Немагчыма!" 

Мае дарагія! Таксама як беднасць не з’яўляецца праведнасцю сама па сабе, яна не адкрывае брамаў неба перад намі, але толькі стварае спрыяльныя ўмовы, каб мы да гэтай брамы дайшлі. А ці мы годныя таго, каб яе перад намі адкрылі, аб гэтым ужо не багацце ці беднасць сведчаць, але нашае жыццё. 

У Старым Запавеце, паводле габрэйскага мыслення, багацце з’яўлялася вынікам Божага благаслаўлення. І ў сувязі з гэтым такога багатага чалавека лічылі бліжэйшым да Бога, чым напрыклад нейкага бедняка ці жабрака. Вось менавіта таму хтосьці з апосталаў запытвае Езуса: дык хто можа быць збаўлены? 

Езус робіць унікальнае на той час адкрыццё, пэўную рэвалюцыю погляду на канцэпцыю збаўлення: ані які чалавек сам па сабе не здольны збавіцца. Таму ніхто не павінен абапірацца на багацце як гарант свайго збаўлення, таксама як і не павінен губляць надзеі, той хто нямае граша за душой. Надзею уласнага збаўлення нам трэба даверыць Богу: “У людзей- як казаў Езус-гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма” 

Давайце падумаем ці гэты ўрывак Евангелля, які мы чулі не з’яўляецца выдатнай нагодай, каб зрабіць рахунак сумлення са свайго хрысціянства. З тога хрысціянства, якое не толькі вызнаем у словах, падчас літургіі, або падчас асабістай малітвы, але яшчэ з тога хрысціянства, у якім існуюць канкрэтна нашыя паводзіны, наша пастава перад іншым чалавекам. 

Бывае так, што мы становімся абыякавымі да іншых, не заўважаем нашых братоў і сясцёр, якім патрэбна нашая дапамога. Як часта мы толькі робім выгляд, што ўсё ў парадку, а дзесьці глыбей у сэрцы тога парадку няма. Бо чалавек патрабуе не толькі чагосьці матэрыяльнага: рэчаў, дабротаў, маёмасці. Ён таксама патрабуе ўвагі, хвіліны часу, які мы шчыра можам прысвяціць іншым, ці нават іншы чалавек патрабуе проста кроплю нашай зацікаўленасці. Гэта таксама няменш важна, чым матэрыяльныя даброты ці нават маёмасць. 

Калі мы ўсведамляем гэты недахоп з нашага боку, варта зрабіць першы крок, каб яго выправіць, каб станавіцца падобным да добрага самараніна, які не ігнорыць сваіх бліжніх, а асабліва тых, якія патрабуюць клопату і апекі. Дык што тады нам трэба рабіць, каб нас не сустрэў лёс багача з сённяшняй прыпавесці? 

Па-першае: варта адкрыць вочы на патрэбы бліжніх. Варта наогул вучыцца заўважаць людзей у сваім жыцці. Не толькі бачыць сябе са сваімі праблемамі. Але вельмі важна навучыцца заўважаць патрэбы і праблемы бліжніх. Асабліва тых, якія побач. Калі навучымся так бачыць, то гэта істотны крок наперад у бок міласэрнасці. Па-другое: важна даверыць сябе і свой лёс Богу. Таксама празмерна не прывязвацца да выгоднага жыцця, але як за дабрабыт так і за нястачу ўмець у сэрцы шчыра дзякаваць Богу. 

Дарагія! Думаеце, што багацце стала асноўнай праблемай на шляху збаўлення ў жыцці багача з сённяшняй прыпавесці? Не, зусім не багацце. Менавіта сапраўднай міласэрнасці адносна бліжніх, а таксама паслухмянасці Божаму слову - вось чаго не ставала ў жыцці багачу. Бо у той час, калі ён апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў, жабрак па імені Лазар жадаў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Вось менавіта сапраўднага сэрца не хапала багачу, бо ён у сваім банкетаванні нябачыў ніякага Лазара. Убачыў ён яго значна пазней ды і то не ў гэтым жыцці. А недахоп паслухмянасці Божаму слову выразна бачны ў словах Абрагама скіраваных да пакутуючага багача: "Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць." 

Дарагія браты і сёстры! Праз сённяшнюю прыпавесць Езус жадае ажывіць нашую веру. Ён таксама хоча, каб мы навучыліся бачыць іншага чалавека, аб'ектыўна, а не праз прызму сваіх патрэбаў і праблемаў. Ён хоча нам паказаць, што няможа быць абстрактнай веры, няможа быць веры напаказ, але калі яна ёсць, то вельмі канкрэтная і звязаная з нашым жыццём, з нашымі думкамі, словамі і учынкамі. І калі мы здольныя не толькі бачыць іншых, але ім дапамагаць, суперажываць ім, браць цяжар іншых на свае плечы, то адначасова з гэтым удасканальваецца нашая вера, а гэта ў сваю чаргу адкрывае перад намі перспектыву збаўлення. Што дай Божа кожнаму. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В