Гамілія на XXX ЗН, год С
"Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка."
Дарагія браты і сёстры!
Апошнія радкі сённяшняга Евангелля прымушаюць нас яшчэ раз прыглядзецца і задумацца над уласным жыццём, учынкамі, паставай перад нашымі бліжнімі. “Хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.” Як нам разумець гэтыя словы? Што значыць прыніжаць сябе, і што значыць сябе ўзвышаць?
Дарагія! Гэтыя словы належыць разважаць у кантэксце вышэй узгаданай прыпавесці аб фарысеі і мытніку. Яна шмат чаго нам тлумачыць. Езус ставіць перад намі два вобразы: вобраз фарысея, і вобраз мытніка. Давайце прыгледзімся да іх бліжэй.
Хто такі мытнік? Мытнік за часоў Езуса Хрыста – гэта быў чалавек, які збіраў падаткі ад свайго народа. Мытнікі працавалі на карысць пракуратара Юдэі, па-іншаму гэтыя падаткі аддавалі Рымскім акупантам. Можам сабе ўявіць як адносіўся просты народ да гэтых людзей. За такую працу іх лічылі здрайцамі і грэшнікамі. З імі не толькі ніхто не хацеў сябраваць, але напэўна было мала такіх, хто з імі размаўляў. Уявіце, што адчувалі гэтыя людзі, калі знаходзіліся ў асяроддзі свайго народу.
А вось з фарысеямі было па-іншаму. Гэта былі ўплывовыя людзі, аўтарытэтныя настаўнікі Ізраэльскага народу, якіх паважалі і з якімі лічыліся. Яны скрупулёзна імкнуліся выконваць усе традыцыйныя прадпісанні, якія змяшчаў ў сабе закон Маісея і патрабавалі гэтага ад іншых. Таму бачым наколькі адрозніваліся яны між сабою: фарысей і мытнік.
І, напэўна, перад вачыма людзей, якія знаходзіліся ў святыні, на большую павагу заслугоўваў канешне фарысей, які ўжо толькі адным сваім відам рабіў уражанне глыбока духоўнай і маральнай асобы. Ніхто не смеў нават і сумнявацца ў яго праведнасці. Іншая справа мытнік. Тыя, хто яго бачыў маглі задаць сабе такое пытанне: а чаго ён тут забыўся, здрайца, няхай хутчэй адсюль выходзіць.
Мае дарагія, напэўна да гэтага мытніка іншыя людзі адносіліся далёка не з энтузіязмам. І вось сапраўды дзіўная сцэна, якую мы сёння чуем з вуснаў Езуса: у святыні фарысей і мытнік разам. Абодва сюды прыйшлі, каб памаліцца. Як адзін, так і другі, прыйшлі сюды, каб праз малітву звярнуцца да Бога. І напэўна ў іншых людзей, якія прысутнічалі тады ў той момант у святыні не было іншага меркавання як толькі тое, што малітва фарысея, яго пануры твар, твар такога дастойнага пакутніка, яго ўрачыстая вопратка усё гэта стварала атмасферу захаплення яго пабожнасцю, бачнай усім звонку, што толькі яго малітва прынятая Богам. А на мытніка напэўна ніхто і не зважаў. Можам сказаць, што мытнік быў персонай нон-грата ў святыні, дзе месца толькі пабожным і праведным. Калі да яго у святыні варожжа не адносіліся, то напэўна рабілі выгляд, што яго не заўважаюць.
Але Пан – справядлівы суддзя, які не зважае на асобы - што мы чулі ў першым чытанні. Чалавек бачыць і судзіць паводле знешняга захавання, паводле таго, што бачыць і чуе, Бог жа ведае сэрца кожнага. І толькі Ягоны прысуд па-сапраўднаму справядлівы.
Калі прыгледзіцца да малітвы фарысея, то асабіста ў мяне складваецца ўражанне, ці яму наогул патрэбна было Божае прабачэнне? Я бы яго малітву назваў малітвай самапраслаўлення: Божа, дзякую, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, нясправядлівыя, распуснік і гэтак далей…
Ці такую малітву можна назваць шчырай малітвай удзячнасці? Мне здаецца нельга. Гэта малітва ўзвышэння над іншымі людзьмі. У ёй фарысей хоча сказаць, што ён лепшы за іншых, і пытаецца падзякаваць Богу, толькі невядома за што, бо з яго слоў вынікае, што менавіта дзякуючы ўласным намаганням, выключна ўласнай працы над сабою, фарысей такі выдатны, пабожны, паспяховы.
Затым да гэтай літаніі самапраслаўлення фарысей дадае, што ён посціцца два разы на тыдзень, дае дзесяціну з усяго што набывае. Чым не прыклад да наследвання? Здаецца, што яму няма роўных ва ўсіх сферах жыцця: грамадскай, рэлігійнай, маральнай. Але гэтыя словы, якія прамовіў фарысей у сваёй малітве да Бога, насамрэч малітвай не з’яўляюцца. Хутчэй гэта антыпрыклад малітвы. Як нельга маліцца да Бога.
Дарагія! Паглядзіце як моліцца мытнік. Ён усведамляе сваю грэшнасць. Гэтая свядомасць сваёй слабой чалавечай натуры, свядомасць віны супраць Бога і бліжняга, не дазваляе мытніку нават вачэй падняць да неба. У яго няма ані воднага слова апраўдання ў свой адрас. Ён мог бы некаторыя свае учынкі пачаць апраўдваць перад Богам, спісваючы на жыццёвыя акалічнасці. Нават можа меў бы і рацыю ў некаторых сітуацыях, але гэтага не ўчыніў.
Сапраўдная пакора, з якой прыступіў той мытнік да Бога, прымусіла яго з вяліай скрухай біць у грудзі, кажучы: Божа, будзь міласцівы да мяне грэшніка. Па –іншаму мытнік усведамляе, што ў яго нічога няма ў сваё апраўданне. Адзінае, чаго ён патрабуе, дык гэта апраўдання ад самога Бога. Мытнік прагне Божага прабачэння. Заўважце, што толькі фарысей, у сваёй псеудамалітве, параўноўвае сябе з іншымі людзьмі. Мытнік жа цалкам сябе даручае Божай міласэрнасці, нікога не крытыкуючы, ні з кім сябе не параўноўваючы. Таму менавіта ён і быў апраўданы перад Богам, а не фарысей.
Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Божае слова вучыць нас быць пакорнымі ў жыцці, вучыць прызнавацца да сваіх памылак. У гэтым і заключаецца сапраўднае прыніжэнне перад Богам: каб усвядоміць сваю людскую слабасць і адчуць неабходнасць Божага прабачэння. Не пералічваць перад Богам усе свае добрыя якасці, Ён і так без нас добра іх ведае, але прадставіць яму тое, што патрабуе направы ў нашым жыцці. Толькі так мы здольныя атрымаць Божае прабачэнне. Заўважце, што фарысей, з сённяшняй прыпавесці, насамрэч не патрабаваў Божага прабачэння. Ён прыйшоў Богу пахваліцца сваімі жыццёвымі дасягненнямі, нічога больш. А сапраўднае прабачэнне патрэбна было толькі мытніку.
Таму няхай сённяшняе Божае Слова і Эўхарыстыя дапамогуць нам адкрыць у сабе малітву мытніка, у якой мы адчуем патрэбу Божага прабачэння, каб кожны з нас мог таксама ў сваім сэрцы шчыра прамовіць: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка.” Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment