Гамілія на XXIX ЗН, год С
"Дапамога мая ад Пана, які стварыў неба і зямлю."
Дарагія браты і сёстры!
У старажытным Ізраэлі, вельмі старанна клапаціліся аб удовах, ці таксама сіротах, гэта можна заўважыць чытаючы Стары Запавет, напрыклад пяцікніжжа Маісея.
Напэўна жанчына, якая заставалася без мужа, удава, патрабавала асаблівай апекі ад іншых людзей, асабліва ад магутных і ўплывовых гэтага свету, бо самой жанчыне, многіх жыццёвых справаў вырашыць было проста не пад сілу. Магчыма таму ў сённяшнім урыўку Евангелля, Езус менавіта ўдаву ставіць у цэнтр сваёй прыпавесці. Давайце паразважаем чаму?
Напэўна Езус не хацеў сваім вучням яшчэ раз падкрэсліць грамадзянскі статус, які мелі ўдовы ў Ізраэлі. Вобраз гэтай ўдавы - гэта вобраз чалавека, які пастаянна трывае ў сваіх просьбах. Тут зноў жа ўзнікае кантраст, калі той нясправядлівы суддзя вырашыў урэшце рэшт абараніць бедную ўдаву, дапамагчы ёй у нейкіх жыццёва невырашальных справах, абараніць ад нейкага праціўніка, то тым больш як можа Справядлівы Бог не пачуць трывалыя малітвы веруючага чалавека, які патрабуе Божай дапамогі і шчыра аб ёй просіць?
Таму тэмай сённяшняга Евангелля безумоўна з’яўляецца трываласць на малітве: бо заўсёды трэба маліцца і не падаць духам. Напэўна ўсім нам добра вядомыя словы, якія некалі сказаў Езус. Менавіта яны выдатна ўпісваюцца ў кантэкст сённяшняга Евангелля: прасіце і атрымаеце, шукайце і знойдзіце, стукайце і адчыняць вам. Ці не сведчаць гэтыя словы пра трываласць для тых, хто моліцца?
Дарагія! Жывучы ў свеце, мы дасвядчаем столькі розных выпрабаванняў, цяжкасцяў, што мы ў нейкім сэнсе становімся падобнымі да Ізраэльскага народу, які вёў войны з язычнікамі, за абяцаную Богам зямлю. Напэўна бываюць такія моманты, у жыцці кожнага з нас, калі становіцца так цяжка змагацца з паўсядзённымі праблемамі, так складана іх вырашаць, што аж рукі апускаюцца. Чым больш праблем удалося вырашыць, тым больш з'явілася новых. Так як у Маісея, пра што мы чулі ў першым чытанні.
Дарагія браты і сёстры, Маісей, падняўся на ўзгорак, каб прасіць Пана аб дапамозе ў змаганні супраць язычніцкага народа, супраць Амалекітаў. Яго просьба выражалася ва ўзнятых угору руках. Гэта натуральны жэст просьбы звернуты да Бога. Дзякуючы гэтаму жэсту, ізраэльскае войска на чале з Езусам Навінам перамагала ворага. Калі Маісей апускаў рукі, перамагалі Амалекіцяне.
Паглядзіце: па-першае Маісей ідзе на гэты ўзгорак не адзін, разам з ім ідзе Аарон і Хур. І, калі Маісей няможа далей трымаць узнесеных угору рук, менавіта яны дапамагаюць Маісею, каб Бог пачуў і выслухаў іх просьбу аб перамозе, каб дапамог Ізраэлітам у гэтай нялёгкай барацьбе. І падобнага роду трываласьць спрычынілася да таго, што Ізраэль усё-такі перамог. Не была гэта барацьба лёгкай, але дзякуючы вытрымцы, стойкасці і можа нават упартасці перамога здзейснілася.
Па-другое: нам трэба падобным чынам дзейнічаць у сваім жыцці. Можа нам і здаецца, што мы няможам перамагчы нашыя цяжкія жыццёвыя сітуацыі, нашыя праблемы і выклікі, якія ставіць перад намі сучасны свет, лёс, жыццё ці іншыя людзі. Аднак нам гэта толькі здаецца. Бог заўсёды побач, і адзінае, чаго нам нехапае - дык гэта паставы трываласці, асабліва трываласці ў веры, трываласці на малітве.
Як жа часта ў нас апускаюцца рукі, бывае мы іх няможам ужо ўзняць угору, а бывае проста няхочам. Стаміліся і ўсё: будзь што будзе… А бывае і так, што мы няхочам чыёйсьці дапамогі, нам хочацца самім узнімаць рукі, каб ніхто апроч нас не дазнаў перамогі. Але, гэта немагчыма! Калі Маісею патрэбна была дапамога, то нам тым больш.
Вельмі важна, каб і ў кожнага з нас побач таксама былі такія людзі тыпу Аарона ці Хура, якія заўсёды здольныя нам дапамагчы ў самых розных сітуацыях, якія толькі могуць здарыцца ў нашым жыцці. Як кажуць адзін у полі не войн, патрэбна супольнасць. І гэтую супольнасць ствараем мы, дарагія браты і сёстры.
Ці мы здольныя падтрымаць бліжняга ў складанай для яго сітуацыі? Ці мы ў духоўным і маральным сэнсе здольныя ўбачыць такога чалавека, можа абяздоленага, гаротнага, які перажывае свой уласны канфлікт, але нямае сілы ўзняць угору рук? Ці мы здольныя яму дапамагчы, ці мы гэтага хочам, ці можа нам лягчэй, павіснуць на яго руках, каб яшчэ ён і нас трымаў.
Напэўна на гэтыя пытанні найлепш адкажа кожны ў сваім сэрцы. Бо, калі мы хочам лепш зразумець сябе, пачаць нешта мяняць у сваім жыцці, трэба распачынаць ад уласнага сэрца. Тады перамена будзе глыбокай і сапраўднай, а не выключна павярхоўнай. Нашая малітва будзе трывалай, калі ў сэрцы ёсць вера. Складаныя жыццёвыя сітуацыі таксама можна апанаваць, калі даверымся Богу, калі будзем больш давяраць Яго ўсемагутнасці, чым нашай слабасці і немачы. Калі будзем кіравацца такім прынцыпам даверу, то дакладна пераможам. Да ўсяго вышэй пералічанага належыць дадаць з нашага боку цярплівасць. Усё разам напэўна прынясе карысны плён, дзеля нашай перамогі.
І, яшчэ адно, мае дарагія: так як сябар пазнаецца ў бядзе, так вера пазнаецца праз жыццёвы досвед і нашую ў ёй трываласць. Нашае жыццё як акіян, сёння шціль, а заўтра можа быць бура. Нам трэба заўсёды быць падрыхтаванымі, каб складаныя жыццёвыя рэаліі не сустрэлі нас нечакана, і каб мы з-за гэтага не былі збянтэжанымі. Святое Пісанне вучыць нас быць мудрымі ў жыцці. Мэта, якую кожны веруючы ставіць перад сабою, без сумніву - гэта збаўленне праз веру ў Езуса Хрыста.
Святы Павел у другім чытанні пералічвае плюсы і карысці, якія вынікаюць з пазнання святога Пісання, якое натхніў сам Бог: што яно карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці. І ўсё гэта дзеля таго, каб быць дасканалым, каб крочыць менавіта тым шляхам, якім крочыў Езус Хрыстус і на гэтым шляху быць трывалым.
Гэта значыць, калі я ўвайшоў на шлях малітвы і веры, то мне трэба гэтым шляхам крочыць даканца, не разглядваючыся і не шукаючы іншых, лягчэйшых ці больш прыемных шляхоў. Бог зацікаўлены ў нашай перамозе на карысць веры, а ці зацікаўлены ў гэтым мы самі? Вось добрае пытанне, на якое карысна будзе кожнаму адказыць у святле сённяшняга Божага слова. А праблемы і складаныя жыццёвыя сітуацыі не толькі не перашкодзяць у адказе, але дапамогуць стварыць сапраўды шчырую атмасферу ў пошуках праўды. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment