Гамілія на XXVII ЗН, год С

"Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», — і яна б паслухалася вас."

Дарагія браты і сёстры! 

Уважліва слухаючы, або самастойна чытаючы Св. Пісанне, а менавіта Евангелле, можна звярнуць увагу на тое, што Езус неаднаразова крытыкуе апосталаў за недахоп веры ў іх жыцці. Памятаем хоць бы той момант, калі Езус крочыць па вадзе і загадвае Пятру да Яго падысці. Што адбываецца? Пётр, палохаючыся вялікіх хваляў і моцнага ветру, пачынае тануць, на што Езус працягвае яму сваю руку і кажа: “Чаму ты засумняваўся, чалавек малой веры?” 

Або можам прыпомніць яшчэ адзін падобны момант, калі апосталы плылі ў чаўне падчас шторму. Яны ў роспачы будзілі свайго Настаўніка, каб той ратаваў іх, якія апынуліся ў сітуацыі блізкай гібелі. Як скончылася гэтая гісторыя мы ўсе добра ведаем: Езус суцішыў лютую буру на Галілейскім возеры, а ў бок недаверлівых апосталаў скіраваў словы: “Чаго вы такія баязлівыя? Ці яшчэ нямаеце веры?” 

Шмат іншых сітуацый было, калі Езус папракаў сваіх вучняў у малаверстве. І гэта былі апосталы! Што тады пра нас казаць? Як бы сёння Езус мог ахарактарызаваць нашую з вамі веру? Напэўна быў бы індывідуальны падыход да кожнага з нас і, магчыма, мы былі б здзіўленымі, а можа і не…

Сёння ў Евангеллі можна заўважыць адну незвычайную рэч, а менавіта: апосталы звяртаюцца да Езуса, каб Ён дадаў ім веры. Напэўна вы са мною згодныя, што была гэта мудрая просьба з боку апосталаў. Іншая справа наколькі была свядомай і з якой канкрэтна мэтаю апосталы звярталіся да свайго Настаўніка аб памнажэнні гэтай цноты? Памятаем руплівасць сыноў Грома: Якуба і Яна, якія хацелі выклікаць агонь з неба, каб знішчыць негасцінных, упартых самаранаў; Або калі паглядзім на тых семдзесят двух вучняў, якія радаваліся атрыманай ад Езуса ўладзе, лячэння і выгнання злых духаў. Вера заўсёды звязана з учынкамі. Таму адзіны, хто ведаў інтэнцыю вучняў гэта быў Езус. 

Дарагія! Апосталы пачынаюць усведамляць недахоп сваёй веры. Чаму? Бо яны бачаць канкртныя ўчынка свайго Настаўніка, і параўноўваючы са сваімі ўчынкамі, прыходзяць да высновы, што веры ім ўсё такі не хапае. Яны пачынаюць разумець, што вера мае надпрыродны характар і зяўляецца Божым дарам. Гэтае адкрыццё і падштурхоўвае іх да просьбы аб узмацненні веры. 

Паглядзіце, Апосталы і вучні з увагаю назіраюць над усімі цудамі, аздараўленнямі, якія здзяйсняе Езус, са здзіўленнем прымаюць тое, што Езус нейкага там сотніка ставіць прыкладам у веры: “Сапраўды кажу вам, - кажа Езус-ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў большай веры”. Магчыма гэтае сцверджанне магло нават пакрыўдзіць апосталаў. Таму напэўна ўсё гэтае назіранне і прывяло ў рэшце рэшт апосталаў да патрэбы большай веры.

Толькі дасканала рэалізаваць гэтае памнажэнне веры вучні разам з апосталамі змаглі падчас Спаслання Духа Святога. У той момант яны па-сапраўднаму ўзмацніліся ў веры і пачалі ёю дзяліцца з іншымі. Яны ўжо не баяліся выходзіць са сваіх памяшканняў, са сваіх дамоў, каб паказаць свету вялікую Божую любоў і міласэрнасць. Яны сталі вестунамі Евангелля. А мы? Кім у плане веры з’яўляемся мы?

Умілаваныя! Разважаючы на тэму сённяшняга ўрыўку з Евангелля, а таксама назіраючы над апосталамі, аналізуючы іх паводзіны і жыццё, нам лягчэй зразумець саміх сябе, прынамсі пастарацца зразумець. На якім этапе свядомасці сваёй веры знаходзімся мы, на якім этапе знаходзіцца кожны з нас тут прысутны. Ці мы адчуваем патрэбу, якую адчувалі апосталы, калі звярталіся да Езуса? 

Вера – гэта дар, дэпазіт якой, мае кожны з нас, толькі ці мы імкнемся ўкладваць сваеасаблівы ўласны капітал у нашу веру: нашыя намаганні, старанні, канкрэтныя ўчынкі, каб з усяго гэтага атрымаць духоўныя дывідэнты. Асабліва самы галоўны. Ведаеце які? Так! Божае Валадарства. 

Дарагія браты і сёстры! Напэўна задаткі веры мае кожны чалавек на зямлі без выключэння, бо вера ўпісана ў натуру чалавека. Парадокс, але дарагія, няма ў гэтым сэнсе, няверуючых людзей. Кожны ў штосьці верыць, хтосьці ў свае сілы, хтосьці ў светлую будучыню, а хтосьці ў Хрыста і Яго Евангелле. Таму вера прысутнічае ў самой прыродзе чалавека і таму Езус яе параўноўвае да маленечкага гарчычнага зерня. Бо на пачатку гэтая вера малая, незаўважальная, але з цягам часу плёны веры нельга не заўважыць.

Толькі ў той момант, калі мы выбіраем праўдзівы шлях развіцця нашай веры, толькі тады адбываецца яе ўзрост. Нават гэты ўзрост больш залежыць ад Бога чым ад нас. Ад нас залежыць ці мы дазваляем Богу дзейнічаць на карысць нашай веры. Ці мы дазваляем Яму даваць гэтай нашай веры узрост. Калі так, то можа зараз той уласцівы час, каб сустрэўшыся з Езусам у Эўхарыстыі, разам з апосталамі ціха прамовіць: “Езу, дадай мне веры”. Амэн.







Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В