Гамілія на XXVIII ЗН, год С

За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце.

Дарагія браты і сёстры! 

Над гэтымі словамі з сённяшняй акламацыі варта засяродзіцца.

Удзячнасць у нашым жыцці сведчыць не толькі аб тым, што мы людзі ветлівыя і культурныя. Быць удзячным - гэта ўменне ўсвядоміць дабро, якое я атрымоўваю ад іншай асобы і ўменне на гэтае дабро адрэагаваць. У сувязі з гэтым узнікае мая канкрэтная пастава адносна гэтай асобы. І гэта будзе менавіта пастава ўдзячнасці. Свядомасць дабра, якое я атрымліваю ў сваім жыцці. Ці мы здольныя быць удзячнымі? Давайце падумаем, робячы кароценькі анонс з жыцця чалавека.

Першы дар, атрымалі ад Бога ёсць нашае жыццё. Яно з'яўляецца дабром само па сабе. Для дзіцяці, якое яшчэ ва ўлонні сваёй маці, кожная пражытая хвіліна, увесь час гэтага прабывання ва ўлонні - з’яўляецца дарам. А як жа часта ў нашым жыцці гэты момант забываецца. А кожны з нас праходзіў гэтую стадыю развіцця, калі ўзрастаў ва ўлонні сваёй маці.

Наступны этап, які мы таксама наўрад ці памятаем - гэта нашае нараджэнне. Клопат пра дзіця, якое нарадзілася, потым яго выхаванне ў сям’і - усё гэта сведчыць аб вялікім і адказным укладзе бацькоў, аб іх старанні і клопаце пра сваё дзіця. Затым школа, навучальная ўстанова, дарослае жыццё - сям’я, і ланцужок паўтараецца. 

Бачыце, колькі ўдзячнасці павінна быць адносна нашых бацькоў. Можа зараз у жыцці, яны з намі у чымсьці не згаджаюцца, можа іх погляды адрозніваюцца ад нашых, а можа мы яшчэ не дастаткова выраслі, каб зразумець нашых бацькоў, каб паставіць сябе на іх месца. 

Дарагія! Бывае так, што пакуль чалавек стане дарослым, ён добра апануе майстэрства ўдзячнасці. А бывае і наадварот. Вырастае такі чалавек і з вуснаў яго вельмі рэдка пачуеш слова дзякуй. Калі яно і ёсць, то нейкае няшчырае ды фармальнае. І адназначна вінаватых у гэтым цяжка знайсці. Бывае, што прычынай гэтага становіцца кепскае асяроддзе: уплыў выхавання вуліцы, разбітыя або праблебныя сем’і, дрэннае самавыхаванне або наогул яго адсутнасць. Усё гэта і спрычыняецца да таго, што такі чалавек незнаёмы з паняццем спачування і удзячнасці.

Таксама, калі чалавек не ўсведамляе вартасці атрыманага дабра ў сваім жыцці, яму вельмі складана па-сапраўднаму быць удзячным. Такі чалавек імкнецца здабываць пэўныя даброты ў сваім жыцці, але ён не задумваецца, каб шчыра падзякваць за іх Богу або чалавеку, толькі пастаянна імкнецца наперад у здабыванні нейкага дабра для сябе.

Удзячнасць, мае дарагія, няможа быць прымусовай, яна павінна выходзіць з сэрца. А як жа часта у нашым жыцці месца ўдзячнасці займаюць прэтэнзіі, нараканні, скаргі, жаданне чагосьці за ўсялякі кошт, як быццам яно мне цалкам належыць. Замест звычайнага простага і шчырага слова “Дзякуй” у нас атрымоўваецца неўмеркаванае жаданне, каб перад намі спыняліся, здымалі шапку і схілялі галовы. Шмат ёсць такіх, хто заканчваючы школу неразумее сэнсу ўдзячнасці, заканчвае навучальную ўстанову і няздольны сказаць іншым шчырае дзякуй, але ў жыцці застаецца толькі мітусня ды прытэнзіі… Атрымоўвае такі чалавек дабро, а пра падзяку забывае. 

Ці не так адбылося сёння ва ўрыўку з Евангелля з дзесяццю пракажоннымі, якія атрымалі ад Езуса ласку аздараўлення ад гэтай невылечнай хваробы, а пры гэтым забыліся падзякаваць. Толькі адзін з іх прыйшоў і ўпаўшы да ног Езуса шчыра выказаў сваю ўдзячнасць, праслаўляючы Бога! І то быў гэта чужаземец. Іншыя не дадумаліся. Або настолькі былі ўзрадваныя і ўсхваляваныя сваім аздараўленнем, што забыліся сказаць звычайнае Дзякуй, а хутчэй пабеглі паказацца святарам, каб зноў вярнуцца і быць паўнацэннымі грамадзянамі, а не ізаляванымі пакутнікамі.

Ведаеце, людзі якія сур’ёзна хварэлі праказай, былі ізаляваныя ад усяго гнрамадства і жылі ў спецыяльных паселішчах для пракажонных. Да іх нельга было не толькі дакранацца, але сустракацца і размаўляць з імі, таксама было забаронена. Гэтыя людзі моцна пакутвалі і не толькі ад праказы, але ад такога ладу жыцця, бо у сваім сэрцы адчувалі сябе пакінутымі і непатрэбнымі. Можам сабе ўявіць, якія цяжкія гэта былі пакуты на целе і душы.

Дарагія, звярніце ўвагу, пасля таго як Езус аздаравіў дзесяць пракажонных і да яго вярнуўся адзін з іх, Езус Хрыстус скіроўвае наступнае пытанне: “Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?” У гэтым пытанні можна убачыць глыбока схаваны боль Настаўніка з Назарэту адносна сваіх землякоў і суайчыннікаў, якія так і не апанавалі майстэрства ўдзячнасці. Не навучыліся слову “Дзякуй” І словы Езуса, якія заключаюцца ў гэтым пытанні, сведчаць аб тым як важна ўмець быць удзячным у сваім жыцці Богу і людзям.

Калі мы ў нашай штодзённасці будзем кіравацца толькі нараканнем, нездаровай крытыкай, прэтэнзіямі, то далёка не даедзем. Недахоп удзячнасці зачыніць нашыя сэрцы, зробіць нас глухімі і недаступнымі да Божай ласкі, а таксама створыць бар’ер да іншыга чалавека. Ды і агульна, як людзі, я неўпэўнены, што мы будзем прыемнымі іншым. Той, хто жыве выключна для сябе, няўмее дзякаваць, але толькі чакае наступную порцыю дару ад іншых, якія яго акружаюць.

Мае дарагія! Эўхарыстыя, у якой мы удзельнічаем, кожную нядзелю, а можа і часцей, ёсць найвышэйшым дарам і падзякай для кожнага з нас. Менавіта праз Найсвяцейшы Сакрамэнт, Бог нас вучыць быць удзячнымі. Бо калі спакойна прыгледзімся да нашага жыцця і сур’ёзна над ім паразважаем, сапраўды ёсць за што дзякаваць. 

Няхай сённяшняе Божае слова дапаможа кожнаму з нас задумацца над паставай удзячнасці ў нашым жыцці і таксама ў гэтым жа духу перажыць сённяшнюю нядзельную Эўхарыстыю. Амэн.






Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В