Гамілія на ХХХІІ ЗН, год С
"Езус Хрыстус — першародны сярод памерлых; Яму слава і моц на вякі вечныя."
Дарагія браты і сёстры!
Адну з тэмаў, якую сёння закранае літургія слова, з’яўляецца тэма ўваскрасэення і вечнага жыцця. Без сумніву, амаль кожны чалавек, раней ці пазней задумваецца аб тым, што яго чакае пасля смерці і нават інтуітыўна адчувае, што існуе нейкі працяг гэтага жыцця. Што яно не заканчваецца натуральнай смерцю. Тым больш, калі гэта чалавек веруючы, хрысціянін.
Хоць бываюць такія цяжкія моманты, калі чалавек сумняваецца, або мае нейкія іншыя свае спецыфічныя тлумачэнні, канцэпцыі жыцця і усяго таго, што адбываецца пасля яго. Не хачу зараз засяроджвацца на тым, як інтэрпрэтуюць смерць і жыццё пасля яе, іншыя філасофскія напрамкі або рэлігіі. Бо пераважна большая іх частка прызнае вечнае жыццё. Сёння больш хачу засяродзіцца на тым, каб паказаць не столькі непазбежнасць такой рэчаіснасці як смерць, колькі паразважаць над надзеяй вечнага жыцця, якую дае Езус Хрыстус. Ён з’яўляецца гарантам нашага будучага ўваскрасення і жыцця.
Дарагія! Ужо на старонках Старога Запавету можна заўважыць пэўныя спасылкі, якія датычаць ўваскрасення. Напрыклад, у сённяшнім першым чытанні з кнігі Макабэяў, можна выразна ўбачыць гэтую думку. Сведчанне братоў, якіх прымусілі пераступіць Закон Маісея: або яны згодзяцца на тое, каб пакаштаваць свініну, што закон Маісея выразна забараняў, або іх чакала мучаніцкая смерць.
Вельмі ўражвае сведчанне другога брата (Было іх сем, з імі была і падтрымлівала іх маці). Перад тым як памерці той другі брат кажа: “Ты, злачынца, забіраеш у нас цяперашняе жыццё. Аднак Валадар свету ўваскрасіць да вечнага жыцця нас, якія паміраюць за Яго Закон.” Вось гэтыя словы канкрэтна апавядаюць пра ўваскрасенне і вечнае жыццё. А паслухайце, што кажа чацвёрты брат, якога таксама чакала смерць: “Лепш памерці ад людскіх рук, а на Бога ўскладаць надзею, што зноў праз Яго будзем ажыўленыя.”
Першае чытанне са Старога Запавету, прыводзіць нам канкрэтны факт, ужо у той старажытны час, была сфарміраваная думка, адносна ўваскрасення. Веруючыя і практыкуючыя Юдаізм габрэі, не баяцца аддаць сваё жыццё, за вернасць праву, якое даў Бог. Па-іншаму вернасць закону Маісея атаісамляецца з вернасцю непасрэдна самому Богу. Ды і цяжка сказаць, каб людзі, якія няверылі, або верылі недаканца, маглі аддаць сваё жыццё за вызнаванне сваёй веры.
Як бачым браты гэтыя не згаджаюцца на пастановы язычнікаў, на іх ліхія выхадкі, і гатовыя панесці мучаніцкую смерць за праўду. Бачым, якое цудоўнае і моцнае не толькі рэлігійнае, але і маральнае выхаванне гэтых братоў. Яны паслухмяныя закону, які даў Бог праз Маісея, але таксама і верныя традыцыі сваіх продкаў. “Мы гатовыя хутчэй памерці, чым парушыць бацькоўскія законы.” – казаў адзін з братоў.
А як зараз з нашай вернасцю маральнай і рэлігійнай? Зараз у нас час, калі можам свабодна вызнаваць сваю веру, яе практыкаваць, практыкаваць таксама традыцыі нашых бацькоў, дзядуль бабуль, маю на ўвазе хрысціянскія традыцыі? Зусім нядаўна сутыкнуўся з такой сітуацыяй, калі бацькі нават забараняюць сваім дзецям хадзіць да касцёла і на катэхезу. А прыяжджае бабуля і упрошвае гэтых бацькоў, каб сваіх дзяцей пусцілі ў касцёл, або на катэхезу. Дзе падзелася вера той сям’і? Як бачым бывае па-рознаму. Таму Езус ў Божым Слове нас сёння заахвочвае да таго, каб мы абуджаліся са сну ляноты і бязвер’я, і пачыналі ажыўляць нашае рэлігійнае жыццё. Рэлігійнасць упісана ў натуру чалавека. Вера дадзена нам Богам. Варта над гэтым яшчэ раз задумацца.
Паколькі вера гэта дар, значыць мы павінны разлічыцца за яго, за тое як мы яго выкарыстоўваем. Ці змаглі яго развіць, ці ён застаўся на тым самым узроўні, на якім і быў нам дадзены, ці мы выпадкова не змарнавалі гэтага дару. Вось у чым пытанне. Цяперашні свет, культура, дасягненні могуць у нас заглушаць прагненне веры. Або могуць нас зрабіць лянівымі, на заклік Хрыста аб навяртанні. Трэба нам, дарагія браты і сёстры, быць вельмі ўважлівымі, каб справы гэтага свету не заглушалі зерня веры, якое пасадзіў Езус Хрыстус, у нашых сэрцах, ад моманту нашага Хросту.
Кожны дар, так сама і дар веры, дадзены нам для чагосьці. А менавіта, каб мы праз веру атрымалі вечнае жыццё. Бог жадае, каб мы бралі ўдзел у Яго радасці. Каб мы валадарылі разам з Ім. Па-іншаму, каб мы па-сапраўднаму былі шчаслівымі. Тут на зямлі мы таксама можам быць шчаслівымі. Нам з большага вядомы гэты стан: Што значыць быць шчаслівым. Магчыма мы нават неаднойчы дасвядчалі яго ў сваім жыцці.
Гэта вельмі ўзнёслы стан якому сапутнічае пэўная ўнутраная гармонія, супакой і радасць. Але шчасце ў фармаце вечнага жыцця, мы можам толькі злёгку прадставіць, яно бясконца пераўзвышае любое зямное шчасце. Многія святыя ў прыватнасці містыкі, крыху скаштавалі гэтага нябеснага шчасця, але ў поўні ім можна цешыцца толькі ў вечнасці. І Бог гэтага шчасця жадае кожнаму з нас. Як сам кажа што нямаю ўпадабання ў смерці грэшніка, але хачу каб жыў і меў вечнае жыццё.
Таму дарагія браты і сёстры! Маем моцную і трывалую надзею на Езуса Хрыста, які ўваскрос. Ён, як ніхто з нас людзей лепш спазнаў, што такое смерць, бо па-першае Ён сапраўдны Бог, па-другое Езус дасведчыўшы ўсе абмежаванні чалавечай натуры быў укрыжаваны і памёр і па-трэцяе Ён гэтую смерць перамог, уласным уваскрасеннем.
Езус нам не раскрывае падрабязна як гэтае вечнае жыццё выглядае. Адзінае, што можам даведацца са слоў Хрыста, што чалавек у вечнасці не будзе такім абмежаваным, як зараз. Яго натура зменіцца, магчыма нават законы фізікі знікнуць, адзінае, што не зменіцца так гэта наша асоба. Яна застанецца той жа, нашай. Таму нам не трэба баяцца смерці, не трэба палохацца вечнасці. Усё ў свой час. Вось аб чым па-сапраўднаму трэба было б нам клапаціцца, дык гэта аб свядомасці яе набліжэння, бо з кожным днём мы становімся бліжэй да вечнасці. Таму мы, як веруючыя, заўсёды павінны быць падрыхтаванымі да шчаслівай вечнасці, да якой нас запрашае Бог.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Не так важна, калі будзе ўваскрасенне, або ў якой форме яно адбудзецца. Важна што яно будзе! Калі? Рашаць не нам! Але быць падрыхтаваным да вечнасці нам заўсёды трэба. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова
Comments
Post a Comment