Гамілія на ХХХІІІ ЗН, год С
"Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае."
Дарагія браты і сёстры!
Трыццаць трэцяя звычайная Нядзеля, падчас якой збіраемся на гэтай супольнай Эўхарыстыі, пачынае паволі завяршаць літургічны год і таму літургія слова на працягу апошніх тыдняў закранае тэму вечнага жыцця і ўваскрашэння. Усё часцей прыгадвае Парузію – другое прыйсце Езуса Хрыста.
Таксама і сёння Божае Слова працягвае тэму вечнасці і закранае тэму Апошняга Суда. Сёння чуем словы, якія Езус скіроўвае да сваіх вучняў. Таму варта над імі засяродзіцца і паразважаць, бо словы гэтыя датычаць і нас.
Умілаваныя ў Хрысце! Кніга прарока Малахіі, а менавіта словы з сённяшняга першага чытання, становяцца быццам бы уступам да далейшага развіцця гэтай тэмы, якую мы з вамі пачулі ў Евангеллі. Будзе той дзень, калі ўсе тыя, хто чыніў беззаконні - ўсе ганарлівыя і бязбожныя, стануць як салома, а праведныя перад Панам - хто баіцца Божага Імя, тыя ўзыйдуць як сонца справядлівасці. Гэтыя параўнанні па сутнасці нам добра зразумелыя.
Па-іншаму, дадзенае прароцтва з кнігі Малахіі, апавядае пра будучую рэчаіснасць, пра дзень Божага Суда, дзе будзе выразны падзел на тых, хто несправядлівы і бязбожнік: і такіх чакае кара; таксама будуць і тыя, хто баіцца імені Пана, па-іншаму жыў пабожна, прыслухоўваючыся як да свайго сумлення так і да Божага Закону. Фарміруючы сваё сумленне, менавіта на Божым Законе.
Штосьці падобнае можам знайсці ў Евангеллі, калі Езус таксама кажа пра падзел, але ўжо на авечак і казлоў. Гэта нішто іншае як вобраз Апошняга Суда, які будзе мець месца ў будучым. Калі чытаем гэтыя аповеды аб Апошнім Судзе ў Старым Запавеце, то вобразы гэтай будучай рэчаіснасці прадстаўляюцца ў такіх незвычайных фарбах, якія нас не толькі могуць непакоіць, але могуць нават палохаць. Аднак Езус Хрыстус не хоча, каб мы баяліся гэтай будучай падзеі. Калі яно ўсё адбудзецца гэта канешне таямніца. Самае галоўнае, каб мы не забывалі аб праўдзе, якая датычыць нашай вечнасці.
Што самае галоўнае, у вобразе Апошняга Суда, аб якім мы чуем у першым чытанні? Напэўна Бог не хоча нас напалохаць! Бо Ён як справядлівы Суддзя, так і міласэрны Айцец. Гэта адназначна! Каб адказаць на гэтае пытанне варта прыслухацца да словаў, якія сёння да нас скіроўвае Езус: “Глядзіце, каб вас не звялі,”. Іншымі словамі глядзіце, каб вы не згубілі сваю веру ў якой трываеце і якую вызнаеце! Не згубіце яе! “ Бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы -гэта Я»
У чым была вялікая памылка габрэяў, сучаснікаў Езуса? Па-першае ў тым, што яны перасталі давяраць Богу. Па-другое фанатычна ставіліся да сакральнага будынку, да цэнтральнага месца Божага культу, якім была Ерузалемская святыня. Як гэта сталася?
У выніку неўласцівага стаўлення да Ерузалемскай святыні, вера габрэяў пачала слабець і ператварылася ў традыцыйныя забабоны. Канешне Ерузалемская Святыня выглядала велічна і прыгожа. Гэта быў велізарны будынак, куды веруючыя людзі прыходзілі, каб сустрэцца з Богам. І ў пэўным моманце сталася так, што габрэі пачынаюць святыню атаісамляць з Богам. Яны пачынаюць лічыць, што сама наяўнасць святыні можа забяспечыць ім спакой, дабрабыт і Божае благаслаўленне. І ўжо ім больш нічога нятрэба. Бачыце, якую вялікую памылку яны зрабілі: бо Святыня - гэта месца, гэта сродак, дзе чалавечая душа спатыкаецца з жывым Богам. Каменны будынак няможа быць сам ў сабе мэтай. А габрэі менавіта так пачалі адносіцца да святыні, робячы яе аўтаматычна гарантам сваёй веры.
І таму Езус, як чуем на пачатку сённяшняга Евангелля, звяртае ўвагу, тым людзям якія празмерна захапляюцца веліччу святыні, кажучы, што прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены. Бог нямае ўпадабання ў будынках, але хоча перадусім прабываць у чалавечых сэрцах. Таму словы Езуса, абвяшчаюць разбурэнне Ерузалемскай святыні, якое адбылося каля семідзесятага года.
Дарагія! Як жа важна ва ўсіх жыццёвых справах быць разважлівым і быць адначасова чалавекам веры. Давяраць Богу ў сваім жыцці, нягледзячы ні на што. Як бачым нашае жыццё насычана рознымі падзеямі, можа сёння яны не такія драматычныя, як калісьці. Можа сёння Бог ад нас не патрабуе, каб мы аддавалі сваё жыццё за веру. Але гэта не значыць, што нам нятрэба цікавіцца сваёй верай. Мы няможам быць да яе абыякавымі, нам трэба яе абараняць. У сённяшні быццам бы спакойны час існуе вельмі шмат спакусаў, вельмі вялікая колькасць розных небяспечных напрамкаў, тэндэнцыяў, якія пагражаюць нашай веры. Гэта можа быць як нашая лянота, абыякавасць, так і ўплыў на нас з боку бачных і нябачных ворагаў, якія не хочуць, каб мы мелі ў сабе вечнае жыццё.
Езус хоча, каб мы чувалі над сабою, каб мы былі пільнымі. Ці пераслед за веру ёсць ці яго няма – адно нам трэба быць уважлівымі ў жыцці. Каб не рабіць так, што жыццёвыя сродкі да мэты якой з’яўляецца збаўленне, станавіліся самой мэтай. Нельга рабіць так як габрэі са святыняй, бо інакш Бог разбурыць Яе.
Збавіцель сёння заклікае нас да вернасці праўдзе, да трывання ў супольнасці Касёла, якую ажыўляе Божы Дух. Мы не прыходзім у касцёл, каб захапляцца эстэтычнай яго прыгажосцю, а нядзельная святая Імша на якой гучыць арган не з’яўляецца нейкім музычным канцэртам. Хоць усё вышэй узгаданае можа спрыяць атмасферы малітвы і нашую ўвагу яшчэ больш канцэнтраваць на алтары, дзе адбываецца самы важны момант нашага хрысціянскага жыцця.
Дарагія браты і сёстры! Нам нятрэба палохацца будучай рэчаіснасці, якой напрыклад з’яўляецца Апошні Суд. Хоць яго вобразы на старонках Святога Пісання і малююца неяк хвалююча. Нас гэта не павінна непакоіць. Не страхам, не бояззю, але цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае – кажа сёння Хрыстус. Таму з адвагаю, з чуваннем і малітвай будзем крочыць у наступны год. Давяраючы ўсе справы, а самае галоўнае саміх сябе Богу. Бо пакуль жывем на зямлі, заўсёды маем шанс. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment