Гамілія на І НА, год А
"Будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце."
Дарагія браты і сёстры!
Зараз у літургіі Касцёла распачаўся перыяд, які характарызуецца чаканнем Пана – называецца ён, як вы ўсе добра ведаеце, Адвэнт. Аб гэтым чаканні мы можам разважаць у розных аспектах, перадусім у аспекце чакання, якое цеплілася ў сэрцах людзей часоў Старога Запавету, якія чакалі прыйсця Месіі Збаўцы. Таксама Адвэнтавае чаканне закранае і Парузію –другое прыйсце Хрыста на прыканцы вякоў.
Божае Слова у гэты перыяд адкрывае вельмі шмат прароцтваў, дзе распавядаецца аб прыйсці Езуса Месіі, каб ў нашых сэрцах абудзіць трывалую надзею, моцнае прагненне і патрэбу Бога. Абяцанні, якія змяшчаюцца ў прароцтвах Старога Запавету рэалізоўваюцца праз Таямніцу Уцелаўлення і Нараджэння Езуса Хрыста. Такім чынам чаканне Старога Запавету цалкам адлюстроўваецца ў Новым.
Сёння Літургія слова заахвочвае нас да чування, да гатоўнасці на прыйсце Пана, да спаткання з Ім, каб навучыцца Яго шляхам. Гэта думка вельмі выразна бачная ў першым чытанні з кнігі прарока Ісаі: “Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана…і навучыць Ён нас сваім шляхам.” Прароцтвы гэтыя апавядаюць аб Хрысце, які прынясе святло іншым народам не толькі выбранаму і спазнаюць святло Божага збаўлення. Чуем гэта сёння ў словах заахвоты: “Прыйдзіце, і пойдзем у святле Пана.”
Дарагія! Ці мы гатовыя стаць перад абліччам Хрыста? Ці мы гатовыя, як напісана ў сённяшнім першым чытанні: перакуюць мечы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; ці мы здольныя стаць у праўдзе перад сабою, бліжнім і Богам і ці здольныя ад сэрца прабачыць. Вось добрыя пытанні на пачатак новага літургічнага перыяду.
Святы Павел у пасланні да Рымлянаў заахвочвае, каб мы адкінулі ўчынкі цемры, і апрануліся ў зброю святла. Іншымі словамі Апостал народаў хоча, каб веруючы ў Хрыста чалавек заўсёды быў падрыхтаваны, да перспектывы вечнасці, якая яго чакае. Бо тое прагненне і чаканне, якое было яшчэ ў Старым Запавеце, ўжо адбылося, рэалізавалася і мы пакліканы да Святла, якім ёсць Хрыстус Збаўца. І таму нельга сябе весці як быццам бы была цемра безнадзейнасці: нельга праводзіць жыццё ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці. Зброя Святла - гэта нішто іншае, як сам Езус Хрыстус, у якога апранаецца чалавек, калі прымае Хрыста і жыве адпаведным стылем. Ды й сам Хрыстус у Евангеллі сёння кажа: чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе.
Мае дарагія! Паставай чування напоўнена ўся сённяшняя Літургія слова: чуваннем на прыйсце Пана. І яно нам прынясе не асуджэнне і пакаранне, але радасць, спакой і выкананне ўсіх нашых добрых і карысных мараў. Словы прарокаў не маюць на мэце нас запалохаць, а святыя Новага Запавету зусім не ставяць невыканальных патрабаванняў на шляху да святасці. Таму ўсё ў нашых руках. А гэта дае нам надзею і матывацыю, каб ў радасці і спакоі духа перажываць сваё хрысціянскае пакліканне.
Дарагія браты і сёстры! Гатовымі на прыйсце Пана мы павінны быць заўсёды. Час Адвэнту - гэта толькі акрэслены Літургічны перыяд, які нам яшчэ раз нагадвае аб гэтай праўдзе. Ад нас залежыць пастава гатоўнасці і чування. Дзякуючы Эўхарыстыі гэтая падрыхтоўка становіцца моцнай і сапраўднай, а нашае чуванне пастаянным. Езус сёння кожнага з нас запрашае на гару перамянення сэрца, да навяртання. Каб мы пакінулі ўсё тое, што перашкаджае гэтаму спатканню. Каб мы ішлі да Хрыста з радасцю, бо мэта нашай хрысціянскай вандроўкі заключаецца ў збаўленні і вечным шчасці. А зараз гэты час Адвэнту весціць аб Божым Нараджэнні.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment