Гамілія на ІІ НА, год А

"Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму, і кожнае цела ўбачыць Божае збаўленне."

Дарагія браты і сёстры!

Уявіце сабе вялікі прыгожы сад, дзе шмат дрэваў. Які ён прыгожы, як радуе гэты сад наш позірк, асабліва вясною, калі пачынае квітнець. Прыгажосць і захапленне. Душа радуецца. І неабавязкова быць чалавекам сентыментальным ці рамантыкам, каб дацаніць гэтую прыгажосць. Думаю вы са мною згодныя. 

А зараз уявіце іншы сад, які нямае гаспадара, які закінуты і занядбаны, сярод якога ніхто не жыве, ніхто не даглядае гэты сад. Ён сам па сабе, чэгне ды сохне. Калі ён і квітнее, то не радуе позірк, а навеевае сум ды трывожыць сэрца. Сумна аглядаць такі сад, бо неўзабаве будзе выкарчаваны і след па ім згіне.

Мае дарагія! Нешта падобнае ёсць і у жыцці чалавека. Аб гэтым нам кажа апошні прарок Старога Запавету, Ян Хрысціцель: “Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь.” Нашае духоўнае жыццё чымсьці падобнае да саду. І ведаеце, калі ёсць Гаспадар гэтага саду, саду нашай душы, Ён будзе клапаціцца, каб гэты сад не толькі ззяў веснавой прыгажосцю, але каб прыносіў багаты плён.

Літургія Адвэнту, якую зараз мы разам перажываем, стварае спрыяльныя ўмовы і атмасферу да таго, каб пераасэнсаваць сваё хрысціянскае жыццё, знайсці ў ім яшчэ больш глыбокі сэнс, адкрыць сваё пакліканне і заданне. Адкрыць або аднавіць. Вось чаму нам неабходнае чуванне. Адвэнт – гэта па іншаму прыйсце, прыход. Калісці ў эпоху Рымскай Імперыі таксама існавала паняцце “Адвэнт”. 

І яно разумелася як прыбыццё ў нейкую мясцовасць цэзара або нейкага іншага высакапастаўленага чыноўніка Рыму, або сатрапіі, асобнай правінцыі. І да гэтага чакання людзі рыхтаваліся. Рыхтаваліся больш менш так, як зараз рыхтуюцца да прыезду напрыклад губернатара або міністра.

У нашым выпадку госць зачна большы –сам Бог да нас прыходзіць. Таму і падрыхтоўка павінна быць адпаведная. Чуванне і чаканне на прыход Уцелаўлёнага Слова. І таму ў дапамогу нашай падрыхтоўцы, сёння літургія прадстаўляе нам яшчэ адзін вельмі важны элемент, які далучаецца да нашага чування і чакання і, які ёсць вельмі важным у нашай адвэнтавай падрыхтоўцы, а менавіта: НАВЯРТАННЕ.

“Прынясіце ж годны плён пакаяння” – звяртаецца сёння да нашых сэрцаў Ян Хрысціцель. Іншымі словамі: Навярніцеся! Яго словы канкрэтныя і бескампрамісныя, бо адкрываюць Божую праўду: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае.” Ян Хрысціцель весціць надыход Пана, у свае вусны ўкладвае старажытнае прароцтва з кнігі Ісаі: “падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.”

Усе гэтыя словы, адкрываюць перад намі перспектыву збаўлення і патрэбу гатоўнасці гэтае збаўленне прыняць. Сам Ян вельмі выразна кажа не толькі пра Апошні Суд, параўноўваючы нас да дрэваў, але кажа пра жыццё згоднае з Хрыстом. Праз веру мы прыносім багаты плён, праз занядбанне, праз бязвер’е і маладушнасць мы чэгнем і сохнем, і тады нас чакае тое ж самае, што чакае сухое дрэва…

Святы Ян Хрысціцель хоча, каб мы штосьці сабе ўсвядомілі: прыдзе час, калі добра будзе бачна як мы пражылі не толькі сёлетні Адвэнт, але ўсё нашае жыццё. Па-іншаму: калі у сваім жыцці мы прыносім багаты плён, аб якім кажа Евангелле, то нашае жыццё не змарнаванае, яно мае глыбокі сэнс, бо закарэнена ў Самім Езусе Хрысце. Бяда, калі мы бясплодныя, калі забываем, хто такі хрысціянін і якім павінна быць яго жыццё, бо чакае тады нас лёс высечанага і спаленага дрэва.

Гэтая ж думка прысутнічае і ў перашым чытанні з кнігі Ісаі, якое распавядае аб прыйсці Месіі, Які будзе судзіць справядліва: “Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці, і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе”. Таму зараз час, каб стаць у праўдзе, ацаніць сваё жыццё, свае паводзіны, зрабіць работу над памылкамі… Адвярнуцца ад зла і палюбіць дабро. 

Святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні, якое мы пачулі, напісаў вельмі добрую думку, якая можа нам паслужыць матывацыяй да навяртання: “Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас на хвалу Божую.”

Умілаваныя ў Хрысце! Калі мы па-сапраўзднаму ўсведамляем тое, што мы грэшныя, калі свае правіны вызнаем, спачатку перад самім сабою, калі адчуваем патрэбу Божага прабачэння, калі нашае сэрца напаўняе жаль і жаданне выправіцца, то мы здольныя лепш зразумець нашых бліжніх, здольныя перамагчы крыўду – прабачэннем, а непаразуменне і раздзяленне – згодай і еднасцю. Вось нашае заданне на гэты Адвэнт. Адкрыць патрэбу навяртання, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Амэн.

            

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В