Казанне на Пастэрку


           
"Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан."       

Дарагія браты і сёстры!

У гэтую Святую Ноч Божага Нараджэння, мы чарговы раз збіраемся разам з мільёнамі іншых людзей на зямлі, каб яшчэ раз, падчас гэтай літургіі, пачуць словы, якія некалі прагучалі ў прысутнасці габрэйскіх пастухоў, якія вартавалі статак. Абвяшчаю Вам вялікую радасць – пачулі яны голас – сёння нарадзіўся Вам Збавіцель!

Дарагія! Сёння адзначаем яшчэ адну Пастэрку ў нашым жыцці. Па сваёй сутнасці яна такая ж, якой была ў мінулым годзе, але ўсё такі крыху іншая. Чаму Такая ж? Бо тое ж самае Божае Дзіця, якому аддаём пашану; крыху іншая - бо іншыя мы, іншым з’яўляецца асяродзе, якое мы ствараем зараз. Усё гэта робіць нашу сёлетнюю Пастэрку асаблівай і непаўторнай. Сёння мы становімся сведкамі незвычайнай падзеі, аб якой так доўга марылі людзі.

Ва ўрачыстым перажыванні Таямніцы ўцелаўлення нам спадарожнічае Божае Слова. Менавіта яно стварае спрыяльную і велічную атмасферу сённяшняй урачыстасці, каб наблізіць да нашых сэрцаў яе асноўны змест. Давайце ж пастараемся засяродзіцца на Божым слове, якое здольнае нам дапамагчы лепш зразумець і успрыняць тыя радасныя падзеі, якія мы перажываем падчас гэтай святой Імшы.

Вернемся да словаў з кнігі прарока Ісаі, якія мы пачулі літаральна некалькі хвілінаў таму: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло...”. Аб якім святле распавядае прарок? Напэўна цемру тут можам асацыраваць з грахом, са смерцю. Чалавек, які трывае без Бога, народ, які жыве без Бога ходзіць у цемры. А гэта значыць нямае ў сабе жыцця. Аднак чаканне і надзея - гэта тое, што дапамагло людзям спаткаць святло сапраўднае, калі Божае Слова сталася целам і пасялілася між намі.  У гэты час у нашых сэрцах ззяе вялікае святло, аб якім кажа прарок. Нарэшце заззяла надзея нашага збаўлення.

Гэта Хрыстус, які ёсць нашым Збаўцам, Ён прыйшоў на гэты свет, поўны цемры граху і сваім словам і дзеяннем змяніў яго, распраменіў. У гэту ноч заззяла святло для ўсяго свету. Усіх людзей можна падзяліць на тых, якія трываюць у цемры, і тых, якія застаюцца ў святле. Божае Слова, мае намер з’яднаць, пагадзіць і асвяціць усіх людзей на зямлі, але няможа гэта здзейсніць у адно імгненне.

Людзі цемры, гэты людзі, якія не ведаюць, што такое дабро, а што зло, не ведаюць сваёй мэты і дарогі, якая вядзе да святла. Не ведаюць і не жадаюць ведаць. Таму жывуць у цемры граху і імкнуцца да вечнай цемры. Усё гэта таму, што не ведаюць праўдзівага Бога.

Іншымі ёсць людзі святла, ці як яшчэ кажа пра іх Езус: ”Сыны святла”. Яны ведаюць сваю канчатковую мэту. Ведаюць і спазналі Бога. Ведаюць, што спатканне з Ім у малітве і Святой Камуніі азначае асвячэнне. Таму нараджэнне Хрыста можна параўнаць са святлом, бо той, хто не ведае Бога ходзіць у цемры. Хрыстус сам пра сябе пазней скажа:”Я ёсць Святло свету. Хто ідзе за мною не будзе блукаць у цемры, але будзе мець святло жыцця”. Падзел гэты існуе і зараз, у наш час. Дастаткова толькі паглядзець навокал.

Колькі існуе ў свеце тэрору, забойстваў, аборцыі, непаразуменняў, зласлівасці і нянавісці паміж людзьмі. Добра пераказваюць гэта словы евангелля ад Яна: ”Святло прыйшло на гэты свет, але людзі не прынялі яго, больш палюбіўшы цемру.”

Нічога дзіўнага няма ў тым, што ў нас з’яўляюцца пытанні, якія мы можам ставіць перад сабою: Чаму так сталася? Чаму людзі больш любяць цемру, чым Святло, якое прыйшло на гэты свет? Адказам на гэта з пэўнасцю могуць быць словы Хрыста: ”Кожны, хто грашыць, ненавідзіць святло і не набліжаецца да яго, а толькі трывае ў цемры, каб не былі асуджаны яго ўчынкі.”

Чалавек альбо ачышчаецца ад свайго бруду, альбо адкідае навуку Хрыста аб святле. Бо ачышчэнне  - гэта вельмі цяжкая і балючая справа. Таму шмат людзей да гэтай пары жыве ў цемры. Язычніцкі свет ёсць усюды, дзе не ззяе Святло, якое калісьці засвяціла ў Бэтлееме, у халоднай стайні. Гэтае Святло Ёсць у Амерыцы, Еўропе, Беларусі, а перадусім ведаеце дзе? Так. У сэрцы кожнага з нас. У маім, у тваім сэрцы, дарагі брат, дарагая сястра. Калі мы яго падрыхтавалі, або імкнемся падрыхтаваць для Бога, то гэтае святло зараз ззяе у нашых сэрцах, і няма там месца для цемры.

Вельмі важна, каб святло Божага Нараджэння не засланялася падарункамі, справамі толькі знешнімі і матэрыяльнымі. Без сумніву яны важныя, яны падтрымліваюць святочны настрой, але не могуць стаць на першае месца. Дазвольце ў гэтыя святы Божага Нараджэння, галоўнае месца падрыхтаваць для Хрыста. Трэба, каб Ён быў у цэнтры нашага жыцця. Бо гэтыя знешнія ўпрыгожанні могуць закрыць перад намі сапраўднае святло, якое гарэла ў нашых сем’ях, сярод нашых продкаў некалькі вякоў таму.

Можа гэта крыху горкія словы для сённяшняй Урачыстасці... Але мы – слугі святла, якое з’явілася на свет у постаці чалавека і абвяшчэнне Яго – сэнс нашага жыцця. Але, калі станем ў праўдзе перад Богам – ці не скажа Ён нам тое самае? Я быў сярод Вас, але вы не падрыхтавалі для Мяне месца, не сустрэлі Мяне, не прынялі ў свой дом. Нашы дамы, кватэры, могуць быць вельмі прыгожа дэкараванымі, майстэрска упрыгожаны ялінкамі, мігатлівымі герляндамі, цацкамі... Але ці ва ўсім гэтым ёсць месца для нованароджанага Збавіцеля?

Для нас, якія прыналежым да катэгорыі людзей святла – гэта ноч, ноч перамянення. Езус кожны дзень сярод нас, адзін раз нарадзіўся і застаўся з намі назаўсёды. Ён – нашае святло, зараз і тут прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ён пераможца цемры.

Даражэнькія! Напаўняйце, напаўняйце гэтым Святлом, якое сёння Нарадзілася, свае сэрцы, нясіце яго ў свет, у свае сем’і, гарады і вёскі, у сваё жыццё. Не бойцеся, бо як кажа Хрыстус – Я з вамі ажно да сканчэння свету. З Ім пераможам цемру, якая нас акружае, толькі з Ім. Святкуйце ў ззянні Святла! Вясёлых вам Святаў, дарагія вернікі!

Няхай сённяшняя Эўхарыстычная літургія дазволіць кожнаму з нас адчуць і перажыць нараджэнне  Хрыста ў сваім сэрцы, каб выходзячы з гэтай святыні да сваіх сем’яў кожны мог дзяліцца радасцю і святлом самога Бога, які з намі. Святлом, якое дазваляе глядзець хоць і ў нялёгкую будучыню, але галоўнае -  з надзеяй. Амэн.


Чытанні: Літургія Божага слова





Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В