Гамілія на ўрачыстасць Багародзіцы Марыі

"Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне."
Дарагія браты і сёстры!
Словы з сённяшняга другога чытання выдатна характарызуюць сённяшняю ўрачыстасць у гонар Багародзіцы Марыі. Яе асоба выразна ўпісана ў Гісторыю Збаўлення. Нават на старонках Старога Запавету у кнізе Роду у так званым Протаевангеллі мы можам як бы здалёк заўважыць Найсвяцейшую Панну Марыю, у словах прароцтва, якое аб Ёй кажа. Яна ёсць той жанчынай, якая знішчае галаву змея. Бо менавіта Яна з’яўляецца Маці, якая выдала на свет Збаўцу Езуса Хрыста.
Сёння таксама першы дзень Новага 2017 года. Гэта чарговы год трэцяга тысячагоддзя хрысціянства і перад намі зноў вялікія перспектывы і магчымасці, планы, праекты, заданні і г.д. Сённяшняя урачыстасць накіроўвае нашу ўвагу на мацярынства, бо на пачатку кожнага жыцця заўсёды знаходзіцца маці. Усведамляючы самбе вялікае значэнне гэтай праўды Касцёл нездарма прысвячае першы дзень новага году 1-га студзеня менавіта мацярынству Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды калісьці, дакладна 8 снежня 2000 году, святы папа Ян Павел ІІ, у той час будучы на іспанскай плошчы прамовіў малітву, якую сёння хачу паўтарыць:
"Беззаганная Марыя, узносім да Цябе нашыя позіркі і пакорна просім, падтрымлівай нас у змаганні з сіламі зла і ўмацоўвай нас на карысць дабра. Захавай нас у тваёй матчынай апецы Дзева Святая і Прыгожая! Будзь нам успамогай, каб мы, ўвайшоўшы ў трэцяе тысячагоддзе, апрануліся ў пакору, дзякуючы якой Ты, о Маці, стала выбранай перад вачыма Усемагутнага, Які вялікія рэчы ўчыніў для Цябе. Няхай плёны новага Году ў гэтым трэцім тысячагоддзі не будуць знішчаны."
Прамінуў чарговы год трэцяга тысячагоддзя, для кагосьці хутка і незаўважальна, а для кагосці марудна і доўга. Аднак няможа ён застацца толькі пустым успамінам, а новы год, які распачаўся, няможа быць толькі адным святкаваннем. Заўсёды на парозе новага году кожны з нас мае новы шанец даверыцца апецы Той, якую сам Бог выбраў, каб стала на пачатку Гісторыі Збаўлення. Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас скарыстаўся магчымасцю даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень новага году.
Умілаваныя! Кожнаму з нас варта гэта сабе ўсвядоміць: каб феерверк навагодніх забаваў не зацміў нам праўду хрысціянскага жыцця. Вельмі добра, што мы святкуем новы год, што умеем весяліцца. Толькі ці ўмеем гэта рабіць па-Божаму. Плёны сапраўднай радасці застаюцца на доўгі час, а якія плёны застаюцца ў нашых сэрцах? Ці мы радуемся, калі сустракаем іншага чалавека, калі можам з ім паразмаўляць шчыра сардэчна, павесяліцца ад душы. Вось давайце падумаем аб тым, што нас аб’ядноўвае і збліжае ў час такога свята: ці іншы чалавек, яго асоба ці штосьці іншае…
Варта яшчэ задумацца аб адной справе: вось паглядзіце, прайшло ўжо больш чым 2000 год ад нараджэнна Князя Супакою – Божага Сына, чаму ад тога часу аж да сённяшняга дня на зямлі надалей няма супакою? Чаму чалавек зноў паўтарае тыя ж памылкі, чаму на іх не хоча вучыцца? Як паглядзім навіны па тэлебачанні ці паслухаем радыё дык проста жах, дзесьці стыхійныя бедствы пашкодзілі чалавечаму дабрабыту, а пазбавілі людзей жыцця, яшчэ дзесьці тэракт з вялікай колькасцю ахвяраў, а дзесцьці грэбуюць правамі чалавека, замест яго выбіраюць ці жыць яму ці паміраць і гэтак далей.
Мае дарагія, немагчыма нават пералічыць усёй несправядлівасці, якая існуе ў свеце на дадзены момант, нават няма сэнсу ўсё гэта пералічваць, бо несправядлівасці шмат. Ці віной усяму вялікая палітыка і няўменне весці дыялог, каб знайсці паразуменне і ўпрагнёны супакой? Чаму няма супакою ў нашых сем'ях, у нашых дамах у нас саміх? Ці віной гэтага таксама ёсць вялікая палітыка?
Няхай сённяшняя ўрачыстая літургія ў гонар Багародзіцы Марыі, дапаможа нам у шуканні справядлівасці і супакою на парозе новага 2017 года. Каб нашыя сэрцы і нашыя сем’і напаўняліся Божай ласкай, а мы на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі ахвотна прымалі ўсё тое, чаго жадае ад нас Бог. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія Слова
Comments
Post a Comment