Казанне на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ
“Вітай
Марыя поўная ласкі Пан з Табою.”
Так
часта мы вымаўляем гэтыя словы. Асаблівым чынам сёння, калі адзначаем
урачыстасць Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Настрой павагі і задумы, які характэрны ў часе Адвэнту, сёння змяняецца на больш
радасны і скіроўвае нас да асобы Марыі.
Святое Пісанне прадстаўляе час чакання на прыйсце Месіі,
Збавіцеля, як ноч. Трывала гэтая ноч не адно стагоддзе. І першым вестуном узыходзячага
сонца было нараджэнне дзіцяці – дзяўчынкі-Марыі.
Гэта менавіта з моманту Яе нараджэння, пачынае
здзяйсняцца Божы план збаўлення для ўсяго чалавецтва. Вось чаму, так часта, мы
называем Марыю Ранішняй Зоркай, якая засвяціла ў гэтай цемры ночы і абвясціла
надыходзячы дзень – дзень ласкі нараджэння Месіі.
У гэтай блізкай лучнасці Збавіцеля з Яго Маці, узнікаюць
шматлікія прывілеі і ласкі, перш за ўсё
ласка Беззаганнага Зачацця -гэта значыць поўнай свабоды ад першароднага
граху.
Вельмі часта, Айцы Касцёла прадстаўлялі Марыю ў вобразе
ранішняй зоркі. Зоркі, якая нараджае сонца. Бо з улоння Марыі выйшаў яе ўласны
Стварыцель. Сын Божы, Які са сваёй поўні Боскасці апрамяніў ласкаю душу Той,
якая мелася стаць Яго Маці. Таму Марыя знаходзіцца на паграніччы двух Запаветаў:
Старога і Новага, як вобраз мінулай велічы чалавека – велічы, якую ён згубіў
праз грэх і як ідэал будучай велічы, здабытай праз адкупленне.
З усіх людзей, якія нарадзіліся на зямлі ў стане
першароднага граху, толькі Найсвяцейшая Панна Марыя была захаваная ад гэтай грахоўнай
сапсаванасці. Таму Анёл, калі вітаў Яе прамовіў “Поўная ласкі!”
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
першапачаткова не мела сувязі з Адвэнтам, але была ўстаноўлена на гэты дзень з
увагі на перыяд дзевяці месяцаў, які аддзяляе гэтае свята ад свята Нараджэння Марыі.
Аднак сённяшняя ўрачыстасць вельмі цесна звязана з адвэнтовай думкай, бо калі
чакаем Збаўцу, імкнучыся ўмацоўваць і развіваць нашую добрую волю, Найсвяцейшая
Панна Марыя становіцца для нас дасканалым узорам на адвэнтавую падрыхтоўку.
Марыя даскаланым чынам з’яўляецца святой. Плады
адкуплення ззяюць найбольш выразна ў Яе асобе. Прывілей быцця Поўнай Ласкі,
якім Дзева Марыя цешыцца, ўзнёс Яе па-над рэшту ўсіх людзей на Зямлі. Але не
для таго, каб Яе ад нас аддаліць, наадварот, каб Марыя была для нас як мага
бліжэй.
Менавіта па прычыне Беззаганнага Зачацця (усёй сваёй
святасці), Марыя стала дасканалай слугой
Пана Бога і людзей. Разважаючы веліч святасці Марыі нельга забываць аб тых
вялікіх рэчах, якія для Яе ўчыніў Усемагутны. Шэдэўр, найпрыгажэйшы плод
адкуплення, якім з’яўляецца Марыя, заахвочвае нас сёння да захаплення геніем
Самога Мастака – Бога. Хрыста, як адзіную крыніцу адкупіцельнай ласкі.
Для нас веруючых, асабліва для нас, якія крочым да Айчыны
Нябеснага Айца, гэтыя словы: Поўная ласкі і пастава пакоры Марыі– з’яўляюцца
ўзорам для наследвання ў нашым штодзённым жыцці. Гэта не абстрактны тэрмін, але
рэчаіснасць, якую можа і павінен развіваць у сабе кожны веруючы чалавек. Бо да
гэтага ён і пакліканы.
У свім жыцці звычайным і простым, нам варта вучыцца
ўдасканальваць сябе, праз супрацоўніцтва з Божай ласкай на ўзор Маці
Стварыцеля. Бо жыццё ў Божай ласцы з’яўляецца
нармальным станам жыцця веруючага чалавека. Іншымі словамі кажучы, пастаяннае
сяброўства з Езусам, Які жадае весці нас да Айца- гэта рыса новага чалавека, Адноўленага,
адкупленага Езусам.
Ужо ад моманту хросту, нас Бог вызваліў ад бруду
першароднага граху, напоўніў сваёю ласкай, паклікаў да вечнага жыцця ў Сваім
Валадарстве. Аб гэтым мы павінны заўсёды памятаць, бо немагчыма належным чынам
ушаноўваць Поўную Ласкі, без шанавання ў самім сабе Божай ласкі.
Дарагія! Асоба Найсвяцейшай Панны Марыі заўсёды была ёсць
і будзе заахвочаннем для вучняў Езуса, для нас з вамі, каб таксама як і Яна, мы
вучыліся аддаваць сябе Богу поўнасцю.
З Яго рук мы выйшлі і да Яго пілігрымуем праз усё нашае
жыццё. Уся Святая, Беззаганназачатая Марыя ёсць і няхай заўсёды застаецца нашай
заступніцай, найлепшай Маці, Той, да
Якой прыходзіць увесь свет, у Якой паратунку просіць. Амэн.

Comments
Post a Comment