Казанне на урачыстасць Аб'яўлення Пана

Дарагія браты і сёстры!
У сваім жыцці мы, як веруючыя хрысціяне, імкнемся да мэты якой з’яўляецца збаўленне ў Езусе Хрысце. На дарозе нашага жыцця мы  карыстаемся пэўнымі арыенцірамі, так як напрыклад мудрацы з Усходу, для якіх арыенцірам стала Бэтлеемская зорка.
Мы таксама маем Святло на нашым шляху, якое нам асвятляе дарогу: гэта святло Божых Запаведзей і Евангелле Хрыста. Дзякуючы гэтаму святлу мы можам беспамылкова дайсці да мэты. Аднак дарога гэтая не зяўляецца лёгкай. Напэўна на ёй ёсць або будуць пэўнага роду перашкоды, цяжкасці, непаразуменні, змаганні. Гэтага нікому не ўдасца пазбегнуць. Так як гэта было на шляху тых трох мудрацоў, аб якіх мы сёння чулі Літургіі Слова. Для нас вельмі важна не згубіць адвагу, а таксама арыенцір, які вядзе да мэты.
Усім нам вельмі вядомы метад дзейнасці зла, які паказаны ў сённяшнім Евангеллі. Ірад змагаўся з дабром пры дапамозе меча.
Насілле і крыўда – гэта менавіта той метад, якім карыстаецца зло на працягу вякоў. Нажаль у апошнія часы гэтага метаду таксама хапае. Асабліва калі ўзяць пад увагу ахвяры сусветных войнаў, дзе чалавечая годнасць нямела ніякага значэння.
Сёння зло крыху змяніла свой напрамак і пачало карыстацца так званым метадам памылковай зоркі. Але зло заўсёды застаецца злом. І гэты метад я бы сказаў не ўступае іншым, а нават у нейкай ступені з’яўляецца больш небяспечным і агрэсіўным.
Зорка, будучы крыніцай святла, павінна весці да праўды, паказваць уласцівы напрамак. Яна сваеасаблівы компас, арыенцір для тых, хто ў дарозе. Але калі такая зорка, адводзіць нас ад праўды, паказваючы памылковы шлях – то гэта прыводзіць да трагедыі.
Разважаючы сённяшняе Евангелле, я хачу паказаць тры такія памылковыя зоркі, якія з’явіліся на небе сучаснага свету, на нашым небе таксама і  шмат каго падманваюць сваім фальшывым святлом.
         Першая такая зорка – гэта секты. Усе яны маюць намер адвесці людзей ад Эўхарыстыі. Ніякая секта нямае гэтага велічнага дару самога Бога і людзі, якія ствараюць і кіруюць сектамі, імкнуцца знішчыць сапраўдную хрысціянскую еднасць, якая мае крыніцу ў Эўхарыстыі.
         І сапраўды дзейнасць такіх сектаў вельмі дэструктыўна уплывае на  людзей, у якіх вера не моцная: шмат хто з такіх веруючых пакідае Касцёл, яго шматвяковую традыцыю, а перадусім пакідае сапраўднага Бога, невядома дзеля чаго: ці то дзеля прыгожых брашурак, узнёслых ідэй, матэрыяльных сродкаў ці яшчэ дзеля чагосьці…
         Нам могуць быць вядомыя секты, якія базуюць на крытыцы Касцёла, на крыху нездаровым разуменні кнігі Апакаліпсісу, такія як Сведкі Яговы, але існуюць секты з вельмі вялікім узроўнем культуры і інтэлігенцыі, якія нібы да ўсіх настаўлены пазітыўна – але іх мэта адна: адвесці людзей ад Эўхарыстыі.
Другой памылковай зоркай з’яўляюцца рэлігіі ўсходу. Праяўляюцца яны ў розных формах. Такімі з’яўляюцца: Індуізм, Буддызм, Сінтаізм і гэтак далей… Хачу ўзгадаць, што індусы лічацца адным з найбольш рэлігійных народаў свету. Яны трываюць у адарацыі абсалюту. Аднак Бог, жадаючы пераказаць свету праўду, не выбраў індусаў, але параўнальна невялікі народ, ментальнасць якого была далёка ад кантэмпляцыі – гэта Ізраэльскі народ. Народ, які часта вандраваў, быў можна сказаць непаседлівым, вёў шматлікія войны. Менавіта гэты народ выбраў Бог. А небяспека рэлігій Усходу заключаецца ў тым, што яны адводзяць чалавека ад Хрыста, сапраўднага Збаўцы. І замест гэтага даюць неакрэслены абсалют, у якім  немагчама ўбачыць асобу. Гэта нейкая невядомая безасабовая сіла.
Ва ўсходніх рэлігіях Бог ніколі не сыдзе на зямлю, не паселіцца сярод людзей, а тым больш не аддасць за іх сваё жыццё. Уцелаўленне для рэлігій Усходу з’яўляецца чымсьці парадаксальным і незразумелым. Таму вельмі цяжка для людзей, якія жывуць у гэтай усходняй ментальнасці, прапаведваць Евангелле. Да іх яно цяжка даходзіць. А гэтыя ж рэлігіі становяцца вельмі папулярнымі ў свеце і распаўсюджваюцца вельмі хутка, асабліва сярод моладзі. І гэтыя людзі захопленыя узнёслымі ідэямі і медытацыямі хутка губляюць веру ва ўцелаўлёнае Слова, губляюць веру ў Хрыста.
         І ўрэшце трэцяя памылковая зорка – гэта псіхааналіз, дзейнасць у нейкай ступені на падсвядомасць чалавека. Пры гэтым няважна ці верыць чалавек у Бога ці не, галоўнае, каб у яго прысутнічала ўнутраная раўнавага і гармонія. Становіцца непатрэбнай споведь, а за тое узрастае папулярнасць наведваць псіхааналітыка, які і будзе для такога чалавека збаўцам. Такі псіхааналітык будзе старацца зрабіць парадак у тваім розуме, папулярна кажучы прамые мазгі і апраўдае цябе з усіх тваіх чынаў, слоў і думак. Псіхааналіз з’яўляецца сур’ёзнай небяспекай, бо адрывае веруючага ад Бога і канцэнтруе ўвагу непасрэдна на самім чалавеку, перакрэсліваючы ўсялякае Божае дзеянне і ласку.
Мае дарагія Захад ужо дасведчыў дзеянне гэтых памылковых зорак, можна сказаць распазнаў іх. Але і на нашым небе гэтыя зоркі даволі ярка свецяць і сваім бляскам спакушаюць людзей слабой веры.  А паколькі мы нібы тыя мудрацы з Усходу прыйшлі на бляск праўдзівай зоркі, якая нас вядзе да Хрыста, да Эўхарыстыі, то варта ад усяго сэрца падзякаваць Богу за веру і прасіць Бога аб тым, каб не сысці з гэтага шляху праз дзеянне святла памылковых зорак, якія існуюць і на нашым небе.
         Мудрацы, пры дапамозе святла Бэтлеемскай Зоркі дайшлі і ўбачылі Хрыста. Сёння людзей прыцягвае святло памылковых зорак, а вынік гэтага – адыход ад веры і шуканне збаўлення там, дзе яго няма. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В