Гамілія на VI ЗН, год А

"Шчаслівыя, хто ходзіць у Законе Пана."
Дарагія браты і сёстры!
Сёння Езус звяртаецца да нашых сэрцаў, кажучы аб тым як належыць выконваць Божыя запаведзі: «калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». 

Першае чытанне нядзельнай літургіі асаблівы націск ставіць на свабодны выбар волі чалавека адносна выканання Божых запаведзяў. Бог не прымушае, каб чалавек іх выконваў, але хоча для чалавека дабра: «Калі захочаш, захаваеш запаведзі і застанешся верным Яго ўпадабанню.», а гэта мае на ўвазе быць верным адноста Божага Закону: «Шчаслівыя, хто ходзіць у Законе Пана.» - як чуем у рэфрэне сённяшняга псальму. Бо «Ён нікому не загадваў быць бязбожным і нікому не даваў дазволу грашыць.»

Чалавек ад моманту нараджэння, калі пачынае карыстацца розумам, мае ў сабе пэўныя крытэрыі такія як: дабро, справядлівасць, прыгажосць, праўда і г.д. і у сваім жыцці імкнецца адпавядаць гэтым крытэрыям. Напрыклад чалавек адчувае, калі робіць дабро, а калі зло. 

Таксама ў кожнага, не толькі веруючага, ёсць голас сумлення, які сігналізуе аб парушэнні гармоніі, якая існуе ў чалавеку. Натуральна, калі чалавек здзяйсняе нейкі дрэнны ўчынак, яго пачынае мучаць дакор сумлення, такі глыбокі ўнутраны непакой, які ўносіць дысгармонію і патрабуе пэўнай кампенсацыі, каб чалавек направіў па магчымасці тое, што ён учыніў не так. 

І ўрэшце, дзякуючы Божаму Аб'яўленню ёсць трэці элемент, які рэгулюе чыны, паводзіны, думкі і словы чалавека: менавіта гэта Дэкалог - дзесяць Божых запаведзяў. І асабліва на іх сёння Езус Хрыстус прапануе звярнуць увагу. Нас можа зацікавіць чаму такія вострыя словы Хрыстус скіроўвае ў бок фарысеяў і кніжнікаў: «Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў...»

Мае дарагія, гэта яшчэ не самыя горшыя словы, якіх удастоілася гэтая габрэйская эліта. На іншым месцы ў св. Мацвея ёсць наступнае: «Гора вам кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі... Сляпыя правадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда...» Справа ў тым, што гэтыя ізраэльскія настаўнікі вельмі часта жылі зусім іншым жыццём, чым абвяшчалі ў сваіх навуках. Затое іншым было навучанне Езуса. Памятаеце, што многія дзівіліся, кажучы што гэта за навука Езуса, якая карэнным чынам адрознівалася ад навукі фарысеяў. Чаму? Бо разам з навукай Езус сведчыў сваім жыццём ды і ўсімі знакамі і цудамі, якія Настаўнік з Назарэту здзяйсняў паводле веры. 

А ў выпадку фарысеяў і кніжнікаў Езус, бачучы іх сэрцы, здымаў з іх маску пабожнасці, пабожнасці, якая па сваёй сутнасці не была сапраўднай, але вельмі часта дапамагала схаваць, замаскіраваць жыццё, часамі далёкае ад Бога. Вось і сёння Езус зноў папракае гэтых магутных аўтарытэтаў, робячы іх кропкай адліку, «калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». У гэтых словах выразна бачны сэнс навукі Езуса: не раскошныя цырымоніі і абрады, але любоў і справядлівасць, і вера, з якой гэтыя цноты выплываюць - вось якім павінна быць сэрца сапраўднай пабожнасці. 

Гэта зусім не выключае існаванне абрадаў, традыцый і формаў, праз якія выражаецца пабожнасць, але калі традыцыя пазбаўлена сэрца, то яе цяжка назваць жывой і сапраўднай. Вось перад чым нас сёння перасцерагае Езус: «Гора вам фарысеі і кніжнікі, крывадушнікі, таму што даеце дзесяціну з мяты, анісу і клемену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру!» І паколькі падобная фарысейская пабожнасць мае характар павярхоўнасці і дэкарацыі Езус скажа: «Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах.

Умілаваныя! Божае Слова, у прыватнасці вострыя словы Езуса, якія мы пачулі ў Евангеллі, накіраваны не столькі ў бок крытыкі фарысеяў і кніжнікаў, бо яны ў большай ці меншай ступені самі сябе раскрытыкавалі, асабліва праз крывадушнасць. Езус сёння хоча накіраваць гэтыя словы ў бок нашых сумленняў, даючы нам слушны напамін: першае - варта старацца выконваць усе Божыя Запаведзі, бо яны для нас і нашага дабра. Другое — выконваць іх належыць кіруючыся сэрцам, а не самой традыцыяй: г.зн. шчыра, цалкам і па-сапраўднаму.

Дарагія! Езус вучыць нас як ўласціва адносіцца да запаведзяў: не толькі тэарытычна, але тэорыя павінна быць падмацавана практыкай. Канешне, для выканання запаведзяў, Збаўца ставіць вельмі высокую планку, але не для таго, каб мы апускалі рукі і адыходзілі як той багаты юнак, але каб мы гэтую планку заўважылі і кіруючыся цярплівасцю, вернасцю і стараннасцю, раней ці пазней смела маглі яе ўзяць.

Ведаеце, розныя прыгожыя традыцыі дапамагаюць развіваць пабожнасць, але толькі ў тым выпадку калі знаходзяцца на ўласцівым месцы, калі не супярэчаць Божаму праву, калі па сутнасці згодныя з навукай Касцёла. У іншым выпадку калі традыцыя дзеля традыцыі, то яна становіцца асновай, у выніку якой можа згубіцца яе змест, тое, што пераказвая тая ці іншая традыцыя. Тады пабожнасць можа трансфармавацца ў рэлігійны фальклор, а мы, у сваю чаргу, можам спаткацца з той жа праблемай, якая існавала ў жыцці фарысеяў і называлася «ПАКАЗУШНАСЦЮ» Каб гэтага пазбегнуць, трэба кожнаму з нас прыслухацца да сённяшніх словаў Езуса Хрыста, а прыслухаўшыся і ўзяўшы іх да сэрца, пастарацца гэтыя словы ажыццявіць. 

Няхай сённяшняя нядзельная Эўхарыстыя і наш у ёй свядомы ўдзел, спрычыняцца да таго, каб мы ахвотна імкнуліся пазнаваць і выконваць Божае права ў сваім жыцці, кіруючыся міласэрнасцю, справядлівасцю і вернасцю. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В