Гамілія на VII ЗН, год А

«Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.» 

Дарагія браты і сёстры!

Гэтыя словы, якія мы пачулі ў Евангеллі з'яўляюцца выразным заклікам Езуса Хрыста, звернутым да кожнага з нас. Таксама яны пераклікаюцца з сённяшнім фрагментам з кнігі Левіта: "Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш."  Прапаную спыніцца над гэтымі словамі і крыху паразважаць.

Сёння, як заўважаем, Божае слова ставіць націск на любоў да бліжняга: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе.» Таксама, няменш важным, на шляху да гэтай любові з'яўляецца нашае пазбаўленне ад нянавісці і помсты, хоцьбы нават па-чалавечы слушнай: «Не будзеш ненавідзець брата свайго...Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго.» 

Мае дарагія! Гэта важныя ўмовы, якія перад намі адкрываюць перспектыву Божай любові. Праз яе Бог кожнага з нас заклікае да святасці: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш.»
Іншая справа як нам гэты заклік да святасці ў сваім жыцці рэалізаваць. Мяркую вы згадзіцеся са мною, што вельмі важным з'яўляецца ўменне ад сэрца прабачыць. Бо насамрэч, калі мы прыгледзімся, крыўдзіцель знаходзіцца ў значна горшай сітуацыі чым той, каго крыўдзяць. Гучыць парадаксальна, ведаю, але гэта праўда.

Нашыя пачуцці могуць абвінавачваць крыўдзіцеля, дамагацца расплаты над ім, слушнага асуджэння. Але! Калі нашае сэрца адкрые ў сабе дар прабачэння, то мы выразна ўбачым тое, што наш крыўдзіцель знаходзіцца ў значна горшым стане чым мы. І тады мы не станем праклінаць тога вінаватага чалавека, але нават будзем прасіць Бога, каб Ён прабачыў яму гэтую несправядлівасць. Канешне такое прабачэнне - плён дзеяння Духа Святога ў нашых сэрцах.

Прабачэнне нас робіць падобнымі да Езуса Хрыста, які аб'явіў Божую любоў не толькі словамі, але сваім стылем жыцця і нават смерцю. Зярніце ўвагу, якія былі апошнія словы Збавіцеля, калі Ён паміраў на крыжы? "Ойча прабач ім, бо не ведаюць што робяць."

Сённяшні свет, у якім мы жывем, мае шмат розных праблемаў і хваробаў. Аднак вельмі небяспечнай хваробай для сэрца чалавека з'яўляецца нянавісць і як вынік яе - каменнае сэрца, якому не цікавы боль іншага чалавека. У такое сэрца дар Божай любові амаль няможа пранікнуць. Таму што спачатку трэба вылячыць сэрца ад нянавісці, злосці і зайздрасці. Толькі так сэрца можа стаць зноў уражлівым і гатовым любіць.

Езус сёння нам дае вельмі важныя парады: «Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб...А Я вам кажу: Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую.» Па-іншаму не шукай помсты для таго, хто цябе пакрыўдзіў, бо гэта не вядзе да дасканаласці, а можа прывесці нават да нянавісці. Бо не такая ёсць воля Айца. Бог запрашае нас да святасці, а гэта значыць, што нам трэба кіравацца ў сваім жыцці іншымі катэгорыямі, якія істотна адрозніваюцца ад прынцыпу "вока за вока" і Езус сёння прапануе нам наследваць іншыя ідэалы,  па сутнасці сапраўдныя ідэала, пакінуць старыя прынцыпы, якія не вядуць да любові, а вызнаваць новыя, аб'яўленыя самім Збавіцелем. Вось што значыць быць святымі на ўзор самога Бога. 

Умілаваныя браты і сёстры! Езус Хрыстус запрашае нас да любві, нават больш: да любові нашых ворагаў: «А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах.» Хрыстус сваім жыццём паказаў, што гэтую любоў, да якой нас кліча Бог, можа кожны з нас рэалізаваць. Галоўнае  - гэта нашае жаданне і старанная праца.

Таму, даражэнькія, у першую чаргу кожнаму з нас трэба пазбавіцца зайздрасці, злосці, нянавісці і таму падобнага. Бо гэта хвароба нашага сэрца. А вядомая справа, што кожную хваробу трэба лячыць. А для паспяховага аздараўлення ёсць адзін сапраўдны лек, які здольны гэтую хваробу вылечыць і гэтым лекам з'яўляецца шчырае прабачэнне. Прабачэнне, якое дае нам Бог і якое мы ў стане даць іншаму чалавеку. І, калі мы пазбавімся зайздрасці, злосьці, нянавісці, то нашае сэрца будзе адкрыта на Божую любоў. Наш розум будзе выразна бачыць усю бессэнсоўнасць нянавісці і ёй падобнага, што было дагэтуль.

Умілаваныя! Нашая чалавечая натура накіраваная на тое, каб штосьці пазнаваць, чамусьці вучыца, кагосьці наследваць. Гэта сведчыць аб тым, што чалавеку па сутнасці ўласцівы працэс развіцця. Мы стараемся набываць для сябе тыя якасці, веды і каштоўнасці, якія лічым карыснымі і вартаснымі. Значна лягчэй працаваць над сабою, калі мы бачым уласныя недахопы і ведаем, якім чынам можам іх выправіць. А значна лепш чалавек развіваецца, а нават змяняецца, калі бачыць наглядны прыклад. Прыклад да наследвання. Таму Хрыстовая любоў не з'яўляецца нейкім тэарэтычным вымыслам ці ідэалогіяй, гэта выразны заклік, на які нам трэба даць адказ, практычны адказ, які без сумніву паўплывае на далейшае нашае жыццё.

Мае дарагія, Бог жадае, каб мы наследвалі Яго ў міласэрнасці і прабачэнні, якое Ён аказвае кожнаму чалавеку. Менавіта ў гэтым катэксце можам па-сапраўднаму зразумець пачутыя сёння словы Езуса: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.» Амэн.


Чытанні: Нядзельная Літургія слова



Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В