Рэкалекцыйная навука на Вялікі Пост_2014
Што
я шукаю
***
Адзін
чалавек заблукаў на пустыні і некалькі дзён скітаўся па бяскрайныяй прасторы
распаленага сонцам пяску. Быў ледзьве жывы. Раптам непадалёк сябе ён убачыў
чалавека, гандляра гальштукаў, які нічога пры сабе нямеў апрача мноства разнастайных
гальштукаў. І калі падыйшў да яго бліжэй, той яму запрапанаваў, што прадасць
яму адзін з іх, чалавеку, які ледзь не паміраў ад смагі. Для тога змучанага
вандроўніка гандляр гальштукамі здаваўся быць шалёным. Ну падумайце, хто маючы
здаровы розум будзе прадаваць гальштук чалавеку, які адзінае чаго прагне - гэта вады? Ад якой нават залежыць яго жыццё.
Гандляр
гальштукамі паціснуў плячыма, запакаваў свой тавар і пайшоў далейшым шляхам. А
перад змораным вандроўнікам была нязведаная дарога, па якой ён крочыў
выбіваючыся з апошніх сілаў. Калі прайшло крыху часу і ўжо пачало цямнець,
вандроўнік той ледзь жывы крочыў наперад у невядомае, цяжка перабіраючы нагамі
аж урэшце спыніўся, падняў галаву і проста нямог паверыць: ён стаяў перад
дарагім рэстаранам, каля якога на паркінгу знаходзілася мноства рознага
транспарту, а вакол паркінгу і будынку прасціралася на усе бакі бязлюдная
пустыня.
З вялікай цяжкасцю той вандроўнік дабраўся да ўваходных дзвярэй, адчыніў іх і ледзь не губляючы прытомнасць напраўголас прамовіў:
- дайце вады!
- прабачце, адказаў яму, стоячы непадалёк афіцыянт,
- мы не прымаем гасцей без гальштука!
Дарагія
браты і сёстры! Гэты маленечкі аповед, аўтарам якога з'яўляецца Бруна Фэррэра,
можа стаць для нас добрым разважаннем у нашых жыццёвых пошуках. Час Вялікага
Посту - гэта таксама мая маленькая вандроўка на пустыню у якой я магу адчуць
дыскамфорт, а таксама цяжкасці і
выпрабаванні звязаныя з гэтым падарожжам. На маім шляху можа нараджацца безліч
пытанняў, на якія я хацеў бы атрымаць адказы. Што я шукаю на пустыні, калі
крочу па ёй у час Вялікага Посту ці наогул па жыцці?
Перадусім
я імкнуся наследваць свайго Настаўніка Езуса Хрыста, які перадамною адкрывае
неабходнасць гэтай пустыні. Не столькі ў плане геаграфічным, колькі ў духоўным.
Яна датычыць духоўнага жыцця ў якім мне дапамагае Дух Святы. Ён кіруе і вядзе
мяне па гэтай пустыні, каб праз Хрыста лепш пазнаць Айца і Яго волю.
На
дарозе веры ад досведу пустыні мы нікуды не дзенемся. Нам раней ці пазней
прыдзецца з ёй сутыкнуцца. Калісьці мы былі пэўныя ў сваёй веры, маглі ў нейкім
сэнсе адчуваць яе эмацыйна, нам здавалася, што да Бога можам амаль
дакрануцца, як раптам аказваемся ўсяго гэтага пазбаўлены.
Мы
пачынаем перажываць іншы досвед: няма ўжо мінулага энтузіязму на малітве,
эмоцыі нашы нічога не адчуваюць, што было раней. Нам становіцца цяжка выразіць
удзячнасць і праслаўленне Бога падчас малітвы. Мы таксама адчуваем цяжкасці ў
адносінах да бліжніх.
Здаецца
мы не сталі горшымі, толькі тое мінулае пачуццё блізкасці Бога кудысьці
бясследна знікла, а Яго любоў стала неадчувальнай. І смага нашай духоўнай
пустыні заключаецца ў прагненні Божай прысутнасці. Мы хочам зноў вярнуць сабе
пэўнасць таго, што Бог побач. Нам хочацца з лёгкасцю маліцца, служыць іншым,
каб зноў дасведчыць Яго моц і дзейнасць
у нас, у нашым жыцці і ў іншых людзях.
Пустыня
з'яўляецца часам выпрабавання і спакусаў. Чаму выпрабаванняў? Таму што Бог
жадае нам паказаць канкрэтна нашую веру, яе ўзровень і на чым яна па
сапраўднаму грунтуецца. Наколькі моцная нашая вера. Ён хоча, каб мы ўбачылі ці
сапраўды мы абапіраемся на Богу і Яго любові, ці ў нас ёсць нейкі іншы
альтэрнатыўны грунт.
Ведаючы
ўсе нашыя слабасці, злы дух імкнецца, каб мы трапілі ў пастку свайго ўласнага
эгаізму. Таму нельга забываць пра айца хлусні, які таксама прысутны на пустыні,
каб нас спакушаць як некалі спакушаў Езуса: «Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб
д’ябал выпрабоўваў Яго.» (Мц 4, 1)
Значыць
на пустыні, якую мы перажываем у сваім жыцці, нам трэба быць чуйнымі, бо не
заўсёды нас шатан будзе спакушаць непасрэдна да злога, ён можа лёгка змяніць
сваю тактыку, каб нас заблытаць і ўвесці ў падман. Вельмі часта ў досведзе
пустыні злы дух ператвараецца ў «анёла святла» і спакушае нас пад выглядам
дабра. Яму тады лягчэй да нас даступіцца. Менавіта ён, злы дух, у нашым
досведзе пустыні падшэптвае нам думкі, якія нас могуць схіліць да суму, ляноты
і бессэнсоўнасці. І нам пад уплывам гэтых думак можа здавацца, што досвед гэтай
пустыні нямае сэнсу, што нашае дуоўнае жыццё даўно легла ў руінах і няма сэнсу
стараццца яго аднаўляць. Няма таксама і сэнсу знаходзіць час для Бога.
Дарагія! Досвед пустыні нялёгкі,
а нашыя пошукі нямогуць быць дарэмнымі. Калі мы абапіраемся толькі на Бога, не
на эмоцыі, не на пачуцці. Калі мы толькі Богу давяраем, то і надалей мы будзем трываць у веры,
незалежна ад таго ці адчуваем мы прысутнасць Бога ці не. Калі мы надалей у
нашых пошуках патрабуем бачных і адчувальных знакаў Яго прысутнасці ў нашым
жыцці, калі без іх мы пачынаем траціць грунт пад нагамі, як той чалавек у
пустыні, калі нарэшце мы наогул пачынаем сумнявацца прысутнасці Бога ў нашым
жыцці, то нашая вера патрабуе ўмацавання і ачышчэння.
Час нашага складанага досведу прамінае. А тое, што
застаецца ў нашым жыцці, не праміне ніколі - гэта Божая любоў, якую мы лепш
можам спасцігнуць, праходзячы праз цяжкасці пустыні. Таму асноўны наш пошук на
гэтай духоўнай бяскрайняй прасторы - гэта навучыцца мацней і больш любіць. Гэта галоўнае. Ад нас саміх
залежыць тое, як мы гэты час пустыні правядзем, але аднаго можам быць пэўныя —
Бог з намі заўсёды.
Ёсць такія людзі, якія
вандруюць па пустыні свайго жыцця ў пошуках прыемных адчуванняў. Неразумнымі
яны лічаць тых, хто жадае іх пазнаёміць з Евангеллем. Такіх яны трактуюць як
той змораны вандроўнік гандляра гальштукамі. Стыль Евангельскага жыцця не
падыходзіць для іх пустыні. Але, калі
такія захочуць увайсці да «Божай Гасцініцы» пачуюць у адказ : «Прабачце,
але сюды нельга ўвайсці без адноўленага сэрца». Амэн.

Comments
Post a Comment