Казанне на урачыстасць Звеставання Пана 2014
Сённяшняя
ўрачыстасць адкрывае перад намі план
Божага Збаўлення і з'яўляецца
прадвесцем уцелаўлення Божага Сына.
Першае чытанне з кнігі прарока Ісаі,
якое мы з вамі чулі, ясна паказвае той
будучы момант, які стане пераломным у
гісторыі збаўлення: «Вось
Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць
Яму імя Эммануэль, што значыць Бог з
намі.»
Гэтыя
словы нясуць у сабе вялікую надзею, што
Бог выканае свае абяцанні не толькі
адносна свайго выбранага народу, але
Ягонае збаўленне ахопіць усе народы
зямлі.Усе часы і эпохі. Праз таямніцу
Уцелаўлення, якую Бог адкрывае чалавеку,
Ён уваходзіць у чалавечую гісторыю
амаль незаўважальна нічога пры гэтым
не знішчаючы, толькі рассейваючы цемру
безнадзейнасці.
Чалавеку,
які да гэтуль невыразна бачыў сэнс
свайго існавання, Бог прапануе веліч і
годнасць, якая далёка пераўзыходзіць
яго зямныя чаканні і надзеі, і дазваляе
па-іншаму разумець і успрымаць жыццё:
як асаблівы дар, бясцэнны дар, дзякуючы
якому мы можам удзельнічаць у хвале
дзяцей Божых.
Бог
нічога істотна не змяняе ў нашым зямным
жыцці. Ён толькі хоча, каб мы сталі
сутворцамі Ягонай справы збаўлення і
адкуплення. Каб мы навучыліся шанаваць
кожнае жыццё пачынаючы ад свайго
ўласнага.
Сённяшняя
ўрачыстасць ставіць перад намі заданне:
каб мы веруючыя хрысціяне імкнуліся
фарміраваць сваё жыццё на ўзор Хрыстовага
жыцця і толькі такім чынам чалавецтва
можа адчуць і зразумець кім па сваёй
сутнасці з'яўляецца
Хрыстус і наколькі важнай з'яўляецца
годнасць кожнай чалавечай асобы.
Папа
Леон Вялікі адносна таямніцы Уцелаўлення
казаў: «Сёння нарадзіўся нам Збаўца!
Радуйцеся умілаваныя! Няма месца на
смутак, калі нараджаецца жыццё... О,
хрысціянін спазнай сваю годнасць! Ты
стаў удзельнікам Божай натуры, пакінь
жа старыя звычкі твайго прыніжэння і
не вяртайся да іх ніколі».
Бог
палюбіў чалавека нягледзячы на ўсе яго
заганы і слабасці, і ў сваёй міласэрнасці
схіліўся над чалавецтвам, якое нямела
ратунку. Таямніца звеставання паказвае
як моцна Бог палюбіў чалавека і ўзвысіў
яго жыццё, паказваючы яго сэнс і веліч.
Аб
гэтай праўдзе напіша папа Ян Павел ІІ
у энцыкліцы Redemptor hominis, кажучы, што
гэтая збаўчая падзея у Божым плане
любові, адносна чалавека і яго жыцця,
дасягнула вяршыні. Бог увайшоў у жыццё
чалавека і як чалавек стаў суб'ектам
гэтага жыцця, адным з міліярдаў, але
Адзіным! Праз таямніцу Уцелаўлення Бог
сфарміраваў вымярэнне чалавечага быту,
які пажадаў надаць ад пачатку.
Дарагія!
Таямніца сённяшняй урачыстасці адкрывае
перад намі прыгажосць і годнасць
чалавечага жыцця і адначасова раскрывае
перад намі любоў Бога звернутую да
чалавека. Божы Сын праз Уцелаўленне
з'яднаўся
з кожным чалавекам: жыў і выхоўваўся ў
асяроддзі людзей, працаваў сваімі
рукамі, думаў чалавечым розумам, меў
чалавечую волю з якой рашуча дзейнічаў,
гэтым жа чалавечым сэрцам любіў.
Калі
нарадзіўся з Дзевы Марыі, то сапраўды
стаў адным з нас, падобным да нас ва
ўсім, апрача аднаго. Апрача граху.
Кожны
з нас, дарагія браты і сёстры, у таямніцы
свайго жыцця мае магчымасць спаткацца
з Хрыстом. Гэтую здольнасць нам дае
вера, якая злучае справы Боскія з
людскімі. Прыняць таямніцу Уцелаўлення
- гэта значыць так як Марыя прыняць Божую
волю ў сваім жыцці : «Вось я, слуга
Пана. Няхай мне станецца паводле твайго
слова.»
Тады
можна ўбачыць прыгажосць чалавечай
натуры, выразна убачыць намер Бога, які
яе стварыў, аднавіў і узвялічыў. І хоць
заўважаем слабасць і грэшнасць сваёй
чалавечай натуры, то ў Звеставанні перад
намі адкрываецца новая перспектыва,
невядомая яшчэ да гэтуль: «Для Бога няма
нічога немагчымага». Амэн.

Comments
Post a Comment