Гамілія на ІІ НВП, год А

Дарагія браты і сёстры!
Тое, што Богу неабыякавы лёс чалавека, можна пераканацца ўжо на першых старонках Святога Пісання. Спачатку Стварыцель кліча чалавека з небыцця да існавання, пераказвае яму свой подых жыцця, укладвае ў чалавека свой вобраз і падабенства, ставіць галоўным і пануючым сярод усяго стварэння. І нягледзячы на тое, што чалавек здзейсніў перашародны грэх, усе гэтыя якасці надалей застаюцца ў натуры чалавека. Адзінае, чаго чалавек стаў пазбаўлены, што пачало яго адрозніваць, пасля здзяйснення першароднага граху, дык гэта яго паслабленая чалавечая натура, схільная да злога. Яна да грахоўнага ўпадку не была такой.
І вось паглядзіце, Бог чарговы раз выходзіць да чалавека, заключаючы з ім запавет, даючы яму абяцанні, якія на мэце маюць дапамагчы чалавеку не загубіць усё тое, што ўклаў у яго натуру Бог. Імкненне да дабра, аднаўленне ў сабе Божага вобразу, які праз грэх дзесці заціраецца, адносіны з міласэрнасцю да бліжніх — гэта ўсё Бог жадае аднавіць у паслабленай натуры чалавека, калі заключае з ім запавет.
А ў сваю чаргу запавет важны настолькі, наколькі два бакі, якія яго заключаюць, застаюцца верныя гэтаму запавету. Бог застаецца заўсёды верны сваім абяцанням, чалавек нажаль не. І калі гэтай вернасці з боку чалавека не хапала запавет пераставаў быць актуальным і Бог заключаў з чалавекам наступны запавет.
Сёння мы становімся сведкамі такога запавету, аб якім апавядае першае чытанне з кнігі Быцця. Умовай, якую ставіць перад Абрамам Бог ёсць наступная: выйсці са сваёй роднай зямлі, з дому айца, у зямлю якую пакажа Бог. Абяцаннем гэтага запавету будзе асаблівае Божае благаслаўленне, якім будуць благаслаўлены ўсе плямёны зямлі. І сапраўды, калі ўважліва прыгледзімся, дастойныя абяцанні атрымоўвае Абрам, якія сягаюць вельмі далёкіх Месіянскіх гарызонтаў.
Дарагія! Вельмі важным у гэтым Божым абяцанні стала вера Абрама. Бо дзякуючы ёй Абрам прыняў прапанову Бога, які пажадаў заключыць чарговы запавет і праз гэтую веру ён аказаў Богу паслухмянасць. Больш таго праз веру як сам так і яго патомства Абрам атрымаў шчодрае Божае благаслаўленне, якое дыаметральна памножылася ў будучым, калі Бог заключае новы і вечны запавет з чалавекам. І таксама мяняецца імя: пасля заключэння запавету Бог не называе яго Абрам, але Аўраам.
І ў святле гэтага мы з вамі становімся сведкамі перамянення Хрыста на гары Табор, аб якім распавядае сённяшняе Евангелле. Нам добра вядомыя словы з паслання апостала Якуба: «Вера без учынкаў мёртвая». Сёння апостал Павел паказвае другі бок гэтай праўды, а менавіта: што Бог нас кліча да веры не дзякуючы нашым учынкам, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, якая аб'явілася ў Езусе Хрысце.
Іншымі словамі ніхто з нас не годны, каб дзякуючы толькі ўласным намаганням і учынкам атрымаць збаўленне, але ласку збаўлення нам адкрыў Божы Сын, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем. Такая праўда: якім бы добрым чалавек не быў, колькі б не імкнуўся зрабіць дабра для іншых, сам заслужыць збаўленне, сам сябе збавіць ніколі не быў бы ў стане.
Ды й у нашым жыцці здараецца столькі розных сітуацый і выпрабаванняў, што становіцца цяжка захаваць духоўную раўнавагу і дабрыню, як у дачыненні да сябе так і да іншага чалавека. І менавіта таму, ведаючы што ў будучым прыдзецца перажыць, Езус адкрывае перад сваімі вучнямі таямніцу сваёй боскасці, так што аблічча Ягонае заззяла як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло.
Пётр, Якуб і Ян убачыўшы перамененага Езуса адразу імкнуцца пабудаваць шатры, сведчаць аб гэтым словы Пятра: «Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.» Напэўна праз гэта яны імкнуліся прыняць актыўны ўдзел у гэтай незвычайнай падзеі.
Апосталы вучаць нас што адказам на Божы заклік павінна стаць мая актыўнасць, якая вядзе да перамены майго сэрца, маіх адносінаў і маіх далейшых учынкаў. Так як апосталы не засталіся абыякавымі да перамененага Хрыста, так і я не павінен быць абыякавы да Хрыста, які перамяняецца ўвамне. Фіналам сцэны перамянення, у нейкім сэнсе пячаткай гэтай незвычайнай падзеі, становяцца словы Айца, які сведчыць пра свайго Сына ў прысутнасці яшчэ двюх асобаў: Маісея і Іллі: «Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце.»
Умілаваныя! Літургія другой нядзелі Вялікага Посту запрашае кожнага з нас, далучыцца да Апосталаў, каб стаць сведкам перамянення і адкрыць у сабе цноту паслухмянасці і вернасці Божым абяцанням, якія мы маем у Езусе Хрысце. Быць верным Езусу і Яго слухаць — нашае заданне. Гэта дапаможа нам у цяжкія хвіліны, застацца верным вучнем Езуса, нягледзячы на ўсе нашыя слабасці і недасканаласці. Калі мы даверымся Божай ласцы, як вучыць гэтаму Апостал Павел і так як Пётр будзем імкнуцца рабіць шатры, гэта значыць не будзем абыякавымі а наадварот духоўна актыўнымі, то напэўна станем сведкамі перамянення Хрыстовага і ўласнага. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В