Казанне на ІІІ НВП, год А
"Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыбе, як на пустыні ў дзень Масы".
Дарагія браты і сёстры!
Вельмі часта нам прыходзіцца сутыкацца з такім праяўленнем чалавечых паводзнаў, якія можна назваць нараканнем. Магчыма і самі мы неаднойчы наракалі. Па розных прычынах. Сённяшняе першае чытанне з кнігі зыходу прыводзіць нас да высновы, што незадавальненне і нараканне Іраэльскага народу, якога вывеў з Егіпту Маісей, узнікла з недахопу вады. Але калі больш пільна прыгледзіцца - не столькі вада стала прычынай гэтага бунту, колькі недахоп пакоры. Сёння хачу крыху засяродзіцца і разам з вамі паразважаць аб цноце пакоры.
Сярод шматлікіх апавяданняў пра егіпецкага пустэльніка Макарыя існуе яшчэ і такое: “Вяртаўся аднойчы пустэльнік Макарый з балотаў да сваёй келлі, несучы лісце і спаткаў па дарозе д’ябла, які трымаў серп. Ён хацеў гэтым серпам ударыць Макарыя, але як ні стараўся нямог. Урэшце перастаў махацца і сказаў старцу: “ Ты мяне моцна крыўдзіш, Макарый, а я ніяк не магу табе адпомсціць!” Усё, што ты робіш, я таксама раблю. Ты посціш, а я ніколі не ем; ты адбываеш доўгія чуванні, а я наогул не сплю. Аднак ёсць толькі адна рэч, у якой ты мяне пераўзыходзіш” –“якая?”,-запытаўся здзіўлены айцец Макарый. Д’ябал адказаў: “Твая пакора. Гэта дзякуючы ёй я не магу цябе перамагчы”.
Ведаеце, гэтаму апавяданню па меншай меры 15 стагоддзяў і яно вельмі выразна паказвае веліч пакоры. Пакора – гэта пастава чалавека вялікага духам, які перамагае ўсялякае зло не сілай, але поўным адвагі ўнутраным спакоем. Мае дарагія! Пакора – гэта не комплекс прыніжэння, гэта таксама не баязлівае займанне апошняга месца. Перадусім пакора – гэта магчымасць атрымаць перамогу не праз знічшэнне ворага, але праз перамянення яго ў сябра.
У тысячы разоў прыгажэйшай перамогай ёсць перакананне ворага ў тым, каб у далейшым ён стаў маім саратнікам і змагаўся за найвышэйшыя вартасці, чым ягонае знішчэнне і мой у гэтым трыумф. Бо там дзе мае месца знішчэнне-перамога толькі на палову. Поўная ж перамога будзе толькі тады, калі праціўнік становіцца сябрам.
Знішчэнне ворага - гэта толькі уратаванне сябе. Перамена ворага ў сябра - гэта уратаванне сябе і уратаванне былога ворага. Толькі так можа быць перамога поўнай. А такую перамогу здольная атрымаць толькі пакора. Яна нават будзе згодная на шэраг прайграных сітуацый: на цярпенне, прыніжэнне, каб толькі пераканаць ворагаў у тым, што яны памыляюцца, што іх учынкі неўласцівыя.
Вось паглядзіце! Бог спаслаў свайго Сына, калі чалавецтва было грэшным. Праз свае грахі людзі былі ворагамі Богу. Канешне Бог мог знішчыць чалавецтва, бо яно на гэта заслугоўвала. Але паглядзіце як Бог паступіў. Ён даў чалавецтву свайго Сына, атрымаў перамогу не знішчаючы ворагаў, але чынячы іх сваімі сябрамі. Яго дасканалая пакора атрымала трыумф, поўную перамогу і перамяніла нас праз асвячальную ласку.
Вельмі важна, каб і мы развівалі пакору ў сваім жыцці. Бо калі нам не хапае гэтай цноты, тады бярэ верх пыха і зайздрасць, самыя распаўсюджаныя грахі. І гэтыя грахі зацямняюць перад намі праўдзівае дабро, якое мы атрымоўваем з Божай волі. У пысе я сябе лічу вышэйшым і лепшым за ўсіх, як кажуць пупом зямлі.
Калі ў мяне недастаткова пакоры, я з зайздрасцю гляджу ў агародчык суседа, мяне грызе тое, што хтосьці лепш за мяне жыве, або ў кагосьці паспяхова ўкладаецца жыццё, а ў мяне-не. Што ў маёй суседкі куры лепш нясуцца, а ў суседа даражэйшы аўтамабіль. І калі такая зайздрасць моцна мяне мучае, то я проста чакаю, калі ў майго бліжняга, як у «Полі цудаў» з Якубовічам, выпадзе сектар банкрот.
Але, мае даражэнькія, калі я-чалавек пакорны то не буду ліхім вокам глядзець на суседа. Буду ў першую чаргу глядзець на сваё жыццё, за якое мне не будзе сорамна здаць рахункі перад Богам. У маім сэрцы будзе спакой і радасць з таго што я маю, а не з таго, што хацеў бы мець. Д’ябал вельмі дакладна акрэсліў у чым заключаецца сіла св. Макарыя і чаму ён няможа гэтага пустэльніка перамагчы. Злы дух сам па сабе здольны наследваць шмат нашых цнотаў. Або так скажам добра іх пераймаць, але ў рэшце рэшт дзеля адной мэты: каб нашкодзіць чалавеку, каб яго падмануць, каб яго схіліць да граху і г.д.
Шатан можа быць адважным, здольным у нейкай ступені быць нават справядлівым і памяркоўным. Ён карыстаючыся сваёй інтэлігенцыяй можа быць удзячны і ўслужлівы. Толькі ні ў якай ступені д’ябал няздольны быць пакорным. А недахоп пакоры робіць немагчымым для яго здабыванне мудрасці. Бо сапраўдная мудрасць заўсёды пакорная. І як вынік гэтага злы дух няможа любіць. Толькі пакора стварае істотны змест мудрай любові, пакора ажыўляе любоў, робіць яе сапраўднай.
Святы Пётр, вучыць першых хрысціянаў таму, як належыць паступаць перад абліччам няслушных абвінавачанняў і цярпенняў, якія вельмі часта мелі месца ў язычніцкім асяроддзі. Як дасканалы прыклад Пётр паказваў пакорнага Езуса, які, калі Яму зласловілі, не зласловіў, калі цярпеў, то не пагражаў, але аддаўся да канца Таму, хто судзіць справядліва. Іншымі словамі Пётр заклікаў сваіх слухачоў, каб яны ўвайшлі на дарогу, якую паказвае ім сам Езус, якую Ён сам выбраў і якой крочыў.
Гэта Ён, Сын Бога, дабравольна згадзіўся на прыніжэнне, каб нас пераканаць, што існуе толькі адна дарога, якая вядзе да сапраўднага шчасця ў жыцці. На вачах шматлікага натоўпу Езус сам прайшоў гэтую дарогу распачаўшы з Аліўнага Саду праз палац Анны, Каяфы, праз прэторыум Пілата і аж да Галгофы. А сваіх вучняў, асабліва Евангелістаў, Езус натхніў да таго, каб яны як мага дакладней запісалі кожны Яго крок на гэтай дарозе.
Святы Пётр сам спадарожнічаў Езусу аж да двору Каяфы. Там яму нехапіла пакоры і адвагі. І у Вялікую Пятніцу Пётр не вытрымаў на гэтай дарозе. Прайшло шмат гадоў і Пётр зразумеў, што іншага выйсця няма, што трэба крочыць за Настаўнікам ажно да крыжа.
Калі св. Пётр пераглядваў свой ліст, які збіраўся пакінуць хрысціянскай супольнасці - ўжо ведаў, што раней ці пазней ён сам павінен прайсці той апошні адрэзак евангельскай дарогі, ад якога адмовіўся ў Вялікую Пятніцу. Таму піша і нам з вамі “Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас пакідаючы вам прыклад, каб ішлі вы яго слядамі”
Умілаваныя! Пакора дазваляе нам не толькі перамагчы шматлікія цяжкасці і недахопы ў жыцці, накшталт таго што здарылся з Іраэльскім народам у пустыні, але пакора нам дапамагае перамагчы саміх сябе. Яна дазваляе нам паверыць і прыняць дапамогу іншага, асабліва, калі гэтым іншым з'яўляецца асоба самога Бога. Амэн.
Чытанні: НЯдзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment