Гамілія на І НВП, год А

Дарагія браты і сёстры!
            Вялікі Пост, які ўжо распачаўся, адкрывае перад намі патрэбу навяртання. Чаму? Бо нават праз дробную нявернасць мы адыходзім ад Бога. Таму шчырае пакаянне,  навяртанне і моцная вера — гэта тое, да чаго нас рыхтуе гэты перыяд саракадзённага посту. Літургія слова сёння ў першым чытанні  апавядае аб стварэнні чалавека, а таксама расказвае праўду пра грэх, які ўвайшоў у жыццё праз непаслухмянасць чалавека.
            Гісторыя першых людзей, аб якіх апавядае Стары Запавет, кніга Быцця, паказвае не столькі, якім канкрэтна быў той першародны грэх, але ўказвае на яго сутнасць, якая выражаецца ў непаслухмянасці Божаму наказу. Бог перасцерагае чалавека, кажа калі з'ясі плод з дрэва пазнання дабра і зла — памрэш. І наступае момант выпрабавання чалавека ў раі.
            Змей аб якім Святое Пісанне кажа, што ён быў найбольш хітрым з усіх палявых звяроў, пачынае спакушаць чалавека, ставячы пад сумніў аўтарытэт Бога: «Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі”. Заўважце, што змей не пачаў рэкламаваць плады гэтага дрэва ад свайго імя, тыпу я вам гарантую, што ад гэтага дрэва вы не памрэце, але адразу прымусіў чалавека засумнявацца ў Божых словах. І не столькі, адносна гэтага дрэва пазнання дабра і зла, колькі пад сумніў была пастаўлена асоба любячага Бога: «ў дзень, калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло.»
            Спакушальнік правакуе першых людзей засумнявацца ў тым, што Бог для іх жадае дабра. Навошта вам слухаць Бога, калі вы самі станеце як Ён, а можа і лепшымі нават. Змей перакруціў праўду, зінтэрпрэтаваў яе так, каб чалавек засумняваўся Божым словам, па-іншаму перастаў у Яго верыць.
            Чалавек вельмі добра ведаў праўду і наказ Бога і давер да Бога спачатку ў яго быў  моцны. Сведчаць аб гэтым словы, з якімі чалавек са станоўчасцю дыскутуе са спакушальнікам. Спачатку ён упэўнены ў гэтай праўдзе: «Мы можам есці плады з дрэў саду. Але пра плод дрэва, якое ў сярэдзіне раю, Бог сказаў: Не ешце яго і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці.»
            Толькі пасля далейшай дыскусіі са змеем чалавек губляе гэтую праўду і пачынае сумнявацца ў словах перасцярогі, дадзеных некалі Богам. А вынік гэтага сумніву трагічны: чалавек здзяйсняе грэх. Ён паверыў словам хітрага змея : «І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў.»
            Мае дарагія! Гэты ўрывак са Старога Запавету нам адкрывае праўду як на першародны грэх так і на слабую натуру чалавека, якая да гэтага граху схільная. Кожны з нас сутыкаўся, сутыкаецца і  будзе сутыкацца з рэчаіснасцю граху, са шматлікімі спакусамі, ад  якіх цалкам ніхто з нас не пазбаўлены. Аднак, каб нам рашуча змагацца і што няменш важна перамагаць спакусы, трэба спачатку прызнаць сам факт, што яны існуюць. Затым, калі мы выразна іх распазналі нельга дыскутаваць з грахом. Наглядны прыклад гэтага сённяшняе першае чытанне. Чалавек робіць вялікую памылку, ён пачынае весці дыскусію са спакушальнікам. А гэта рабіць ні ў якім разе нельга.
            У сённяшнім Евангеллі Езус выразна паказвае як можна і трэба супраціўляцца розным дрэнным схільнасцям, спакусам і грахам. Пасля доўгага перыяду посту, які Езус правёў на пустыні, Яго выпрабоўвае злы дух. Паглядзіце спакушальнік выкарыстоўвае той самы прынцып, якім спакусіў першых людзей — пасеяць сумніў: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам.» «Калі ты Сын Божы... Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі». Бачыце падабенства?
            Злы дух, калі спакушае чалаека, стараецца, каб той засумняваўся ў праўдзе і ў аўтарытэце Таго, хто гэтую праўду чалавеку даў: у аўтарытэце Бога. Бо праз сумніў чалавек пачынае траціць ўсялякі давер. А каб да гэтага не дайшло трэба канкрэтна выбраць тую праўду, у якой я жыву і якой я верны. Так робіць Езус Хрыстус. Ён без кроплі сумніву, не ўводзячыся ў дыскусію канкрэтна адказвае: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.»
            Здаецца Езус выразна адказаў злому духу, але той не скончыў спакушаць Яго і зноў да Езуса кіруе тыя ж словы « Калі ты Сын Божы...» толькі трошкі ў іншым кантэксце: каб Езус прадэманстраваў сваю Боскасць, кінуўшыся ўніз са святыні. Які адказ на гэта Езуса — адназначны: «Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.» І нават на гэтым, спакушэнні яшчэ не скончыліся.
            У астатнюю чаргу спакушальнік вырашыў выпрабаваць Езуса адносна ўлады  і служэння. Спачатку паказаў Езусу ўсе валадарствы свету іх магутнасць і славу, а потым запрапанаваў усё гэта Яму аддаць, калі Езус упадзе і паклоніцца злому духу. Уявіце сабе такую прапанову: усе валадарствы іх багацці, магутнасць і славу, усяго толькі за нейкае там падзенне ніцма перад злым духам. І што Езус кажа. На гэтую прапанову злога духа Езус не разважаючы дае просты і ясны адказ: «Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.»

            Вось, мае дарагія, той адзіны спосаб, каб перамагчы ўсялякія спакусы: адважна і канкрэтна іх адкідваць, не ўваходзіць з імі у дыскусію,  разважаючы і сумняваючыся у той ці іншай праўдзе. А каб быць па сапраўднаму моцным, толькі сваіх сілаў недастаткова. Мы таксама як і Езус павінны перажыць досвед пустыні, каб у час асабліва цяжкіх змаганняў, маглі разам з Езусам даць адпор усялякаму граху  і спакусам. Таму няхай час вялікага Посту, дапаможа нам лепш спазнаць праўду Божага слова і верна пры гэтай праўдзе трываць. Амэн.   

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В