Гамілія на Нядзелю Божай Міласэрнасці 2014



Хваліце Пана, бо навекі міласэрнасць Ягоная.


Дарагія браты і сёстры! 


Гэтыя словы, пачутыя намі з сённяшняга псальму, адкрываюць перад намі змест сённяшняй літургіі. У цэнтры яе – Божая Міласэрнасць.

Гэты ўзнёслы і даканца незразумелы дар быў дадзены спачатку апосталам, якія былі навочнымі сведкамі Езуса, прабывалі разам з Ім і вучыліся на гэты свет глядзець вачыма Бога. Апосталы не толькі прынялі багацце гэтага дару, яны яшчэ змаглі пераказаць яго сваім вучням. Таму гэты дар Божай міласэрнаці па сённяшні дзень знаходзіцца ў супольнасці Касцёла. Св. Апостал Пётр асабліва сёння нагадвае нам : «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста»

Дарагія! Калі мы пастараемся ўсвядоміць сабе наколькі гэта вялікі і істонны дар для нас, якім з'яўляецца Божая міласэрнасць, то можам сабе ўявіць наколькі мы неўдзячныя адносна гэтага дару. Праз Уваскрасенне Хрыста кожны з нас нарадзіўся нанова, у духоўным плане мы ўваскрэслі з Хрыстом, а значыць разам з Ім перамаглі грэх, д'ябла і ў перспектыве нашую ўласную смерць. Бо калі ў яе мы акунаемся разам з Хрыстом, то і з Ім паўстанем да жыцця нанова. Так як Хрыстус, у праслаўленым целе. Бо кожны з нас, як кажа апостал Пётр, дзякуючы Змёртвыхпаўстанню Пана, пакліканы да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас, умацаваных у сіле Божай праз веру дзеля збаўлення. 

І гэта з'яўляецца асноўным матывам дару Божай Міласэрнасці, каб мы праз веру прынялі гэты дар і змаглі Богу адказаць на яго ўсім сваім сэрцам. Вось нашае заданне як веруючых хрысціянаў: быць удзячнымі Богу за дар збаўлення, які па сваёй сутнасці з'яўляеца самай вялікай праявай Божай Міласэрнасці, і ўмець радавацца гэтаму дару. Да гэтай глыбокай сапраўднай радасці, як мы чулі сёння ў другім чытанні, заахвочвае нас апостал Пётр: «Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата...весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.»

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Сёння нашая радасць з дару Божай Міласэрнасці мае асаблівы характар, бо менавіта сёння будуць абвешчаны два вялікія святыя, якія ў свой час узначальвалі аўчарню Хрыста Святы Паўсюдны Касцёл і без сумніву з'яўляліся Добрымі Пастырамі. Гэта два славутых пантыфіка: папа Ян XXIII і папа Ян Павел ІІ.

Папа Ян XXIII стаў на чале Касцёла восенню 1958 году, і лічыўся самым пажылым папам ХХ стагоддзя. Яго пантыфікат, які доўжыўся няпоўных 5 год асаблівым чынам быў накіраваны на міжканфесійны дыялог, абвячэнне Навукі Касцёла ў новых рэаліях і паляпшэнне сацыяльнага стану ў розных краінах свету. Папа стаў абаронцам найбяднейшых жыхароў свету. Напрацягу амаль пяці год свайго пантыфікату папа Ян XXIII скіраваў 8 энцыклік прысвечаных розным тэмам у галіне эклезіялогіі, экумэнізму, сацыяльнаму і маральнаму вучэнню Касцёла. Яшчэ за жыцця яго называлі папам усмешкі, або папам пакоры.

Другі святы – блізкі нашаму сэрцу, пантыфікат якога большасць з нас памятае – гэта папа Ян Павел ІІ. Сёння, у святле дару Божай Міласэрнасці, хачу разам з вамі паразважаць пра асобу гэтага вялікага і святога чалавека. Чалавека веры, які не толькі прыняў дар Хрыста ўваскрослага, але паказаў усім сваім жыццём, што гэта пад сілу кожнаму чалавеку. Бо ў падножжа дару Божай Міласэрнасці заўсёды знаходзіцца малітва поўная веры. Менавіта такой малітваю было напоўнена ўсё жыццё св. Яна Паўла ІІ

Ён, як добры пастыр, аддана служыу сваёй пастве-усяму Касцёлу. Несумненна для гэтага патрэбна было шмат сілы духа і адвагі, якія папа чэрпаў з малітвы. Таму вобраз святога папы, гэта вобраз чалавека глыбокай малітвы.

Не толькі апостальская паслуга, але ўсё жыццё Яна Паула ІІ, ад маладых гадоў аж да апошніх дзён, як многія гэта заўважылі, складалася з трох асноўных элементау, якія былі характэрны для яго асобы. Гэта: 
  1. Пабожнасць 
  2. Цярпенне 
  3. Вернасць і адданасць Божай Маці. 
Усе гэтыя якасці былі глыбока звязаны з яго аўтэнтычным хрысціянскім жыццём, а асабліва калі ён стаў пантыфікам. Пабожнасць Яна Паўла ІІ можна выразіць словамі са Святога Пісання - гэта боязь Божая, якая вядзе да пашаны; гэта любоў, вернасць і сыноуняя чуласць; гэта ўсё, што злучае Бога з чалавекам і чалавека з Богам.

Калі разважаць над асобай Караля Вайтылы, то можна пераканацца ў тым, што ён быў не толькі вялікім чалавекам малітвы, але праз яго прыклад і досвед, можна адкрыць сэнс яго малітвы, неабходны для духоўнага жыцця, асвячэння кожнага чалавека, асабліва чалавека нашага часу.

Будучы папа нарадзіўся ў краіне гістарычна вернай каталіцкаму Касцёлу. І чым больш Ян Павел ІІ дасвядчаў цярпення ў сваім жыцці, тым больш быў верны Касцёлу. Замілаванне літаратурай і тэатрам, зрабіла яго асобу больш адкрытую на прыгажосць і творчасць. А досвед тых жудасных гадоў Другой Сусветнай Вайны, дапамог яму зразумець годнасць кожнай чалавечай асобы. Усё гэта дапамагло Яну Паулу ІІ адкрыць яго пакліканне і зрабіць выбар. Выбар, які быў прасякнуты шчырай глыбокай малітвай.

У сваёй аўтабіяграфіі ва ўспамінах, Ян Павел ІІ часта ўзгадваў тых, каму ён быў ад сэрца ўдзячны. Перадусім сям’і, асабліва свайму бацьку, чалавеку глыбока рэлігійнаму. Жыццё якога стала прыкладам безупыннай малітвы. А для Яна Паўла ІІ прыкладам “Першай Семінарыі” – як сам шмат разоў гэта падкрэсліваў. 

Быу ўдзячны парафіі ў Вадавіцах: сёстрам законным, святарам, айцу Фіглевічу, айцу Закэру. Быў удзячны канешне айцам Кармелітам Босым, якія дапамаглі яму развіць і паглыбіць марыйную малітву, таксама усклалі на Караля Вайтылу шкаплер “ і ад той хвіліны я яго нашу” напісаў Ян Павел ІІ у 1996 годзе.

Развіццё духоўнага жыцця вялікага папы ішло прапарцыянальна развіццю яго агульначалавечых рысаў і якасцяў. І не дзіўна, бо ласка Божая будуе чалавечую натуру. Малітва стала моцным фундментам жыцця і апостальства Яна Паўла ІІ. І хоць ён не абраў кантэмпляцыйнага стылю жыцця, то яго апостальская паслуга была ім наскрось прасякнута. 

З кантэмпляцыйнай малітвы папа чэрпаў сілы да душпастырскай дзейнасці. Так было на кожным этапе яго жыцця, асабліва ад 16 кастрычніка 1978 году, калі ён стаў “вязнем” Ватыкану. І калі Караль Вайтыла стаў Пантыфікам менавіта ў гэты дзень, то толькі таму, што першая частка яго жыцця малітвы, прынесла багаты плён. І як заўважае Марыя Віноўская: “Ён стаў папам, не вучачы мудрыя кнігі, але стоячы на каленях”

У такім разе чым з’яўляецца малітва для Яна Паўла ІІ? Адказ на гэтае пытанне папа дае практычна адразу пасля свайго выбару. Кажа: “Малітва – гэта першы абавязак любячага Айца, гэта самая важная ўмова яго службы ўсяму свету… Касцёл моліцца, каб быць адкрытым на дзейнасць Святога Духа, каб служыць чалавеку” У гэтым заключаецца ўсё. 

У сваёй кнізе “пераступіць парог надзеі” папа паглыбляе гэтую думку і ўказвае істоту малітвы, абапіраючыся на канцэпцыю св. Ірынея і св. Ігнацыя. Распачынае ад св. Ірынея, для якога Божай хвалою з’яўляецца “жывы чалавек”, а хвалою чалавека, як дапаўняе гэтую думку св. Ігнацый, з’яўляецца адданне хвалы Богу. Сэнс гэтага заключаецца ў першым пакліканні створанага чалавека ў Хрысце, святара, прарока і валадара ўсяго стварэння. Аднак у выніку слабасці чалавечай натуры, звязанай з першародным грахом, Дух Святы сам прыходзіць на дапамогу нашай малітве, як кажа Св. Павел, апостал.

Адсюль вынікае, што малітва з’яўляецца ініцыятывай Бога. І ў такім дыялогу “Ты” важнейшае ад “Я”. Прагненне малітвы чалавека вынікае з яго барацьбы са злом, дзеля яго адкуплення. “Як стварэнне, чалавек павінен аддаваць пашану свайму Творцу, як грэшнік павінен прасіць аб ласцы збаўлення, а як выбраны сын чакаць асвячальнай моцы Духа Святога.”

Дарагія браты і сёстры! Разважаючы над асобай святога Яна Паўла ІІ, таксама яго папярэдніка св. Яна XXIII, кожны з нас можа адкрыць і знайсці у гэтых святых вялікую духоўную спадчыну. Вобраз папы Яна Паўла ІІ, так блізкі для нас, гэта вобраз мудрага, дасведчанага жыццём чалавека, які дасканала ўпісваецца ў Сённяшнюю Нядзелю Божай Міласэрнасці. Вобраз чалавека моцнай веры і шчырай малітвы. 

Сёня дзякуем Богу за асобу святога папы Яна Паўла ІІ, за яго пантыфікат, бо для кожнага з нас яшчэ больш наблізілася неспасцігальная Божая міласэрнасць, якую святы папа абвесціў і падмацаваў усім сваім жыццём: вучачы хрысціянскаму прабачэнню і любові бліжніх. А мы, гледзячы на яго маем магчымасць, зразумець патрэбу і сэнс нашай малітвы, і як вынік яе, прыняць праз веру дар Божай Міласэрнасці. Тады ў глыбіні свайго сэрца пачуем словы Хрыста, якія мы пачулі сёння ў Евангеллі: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў». Амэн

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В