Гамілія на Вялікую Пятніцу

Ён узяў на сябе цярпенні нашыя  і панёс нашы хваробы…
 Дарагія браты і сёстры!
Сёння адзіны дзень з усяго году, калі не цэлебруецца Святая Імша. Святары не прамаўляюць малітвы кансэкрацыі, не ўзносяць над алтаром белую Гостыю, не ўздымаюць Келіх. Праз гэта аддаем пашану Езусу, які памірае на Крыжы. Літургія Вялікай Пятніцы – літургія цішыні, літургія і  суперажывання вялікай Таямніцы, якую сёння здзяйсняе Езус. Да яе мы рыхтаваліся праз увесь час Вялікага Посту. Перад намі ўзнікае воблік церпячага Збавіцеля, пагарджанага і  прыніжанага. Вось чалавек. Вось Бог.
Першае чытанне з кнігі прарока Ісаі, прароча апісвае ўсе тыя цярпенні і балесці, якія павінны былі сустрэць Езуса. Па-іншаму гэты урывак са Старога Запавету называецца песняй аб слузе Яхвэ. Тагачасныя Жыды не разумелі гэтых словаў ім нават не прыходзіла да галавы, што словы гэтыя вельмі знаменныя, толькі пасля смерці Езуса на Крыжы,  пачалі некаторыя з Іх задумвацца і надалі гэтым словам прарока Ісаі месіянскае значэнне.
Раман Брандштэтэр у сваім зборніку разважанняў пад назвай “Біблійны Круг” прыводзіць некалькі сказаў з каментара да габрэйскай Бібліі (мідраш): Бог заключыў з Месіяй запавет, які вельмі узрушвае і прамовіў да Месіі: Пакаленні якія прыдуць -прыгатуюць табе вельмі смутны лёс. Ты для іх будзеш нібы ягня, якога вядуць на зарэз. Ці прымеш ты такі лёс? Месія адказвае: Няхай праз Мяне збавіцца ўвесь Ізраэль. Няхай праз Мяне ўсе памерлыя будуць збаўлены. Няхай нават тыя, якія нарадзіліся мёртвымі будуць збаўлены. Няхай збавяцца нават тыя людзі, якіх Ты стварыў у думцы сваёй і якія яшчэ прыдуць на гэты свет. Я з радасцю прымаю мой лёс.” Словы  старажытнага тэксту парушаюць глыбінёй думак, якія дакранаюцца самога Існавання. І гэты Месія ўжо з’явіўся. Ёсць ім Хрыстус.
Тое, што адбылося на Галгофе, трэба разглядаць у перспектыве збаўлення ўсяго чалавецтва. Што значыць збавіць? Збавіць па-іншаму ўратаваць, зберагчы, адарыць нанова жыццём. Хрыстовая ахвяра ўласнага жыцця  стала самым дасканалым дарам, які толькі магло атрымаць ад Бога ўсё чалавецтва, згубленае пошукамі ўласнага шчасця, чалавецтва якое вандравала па бездарожжу свайго ўласнага “Я”.
Менавіта тады на Галгофе, усё чалавецтва паядналася нанова з Богам. Аўтар лісту да Габрэяў гэтую думку аб паяднанні з Богам выразіў сваеасаблівым запрашэннем: “наблізімся ж з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць”. Пасля падзеяў Галгофы да нас зноў вярнуўся страчаны давер да Божай міласэрнасці. Мы зноў можам кіраваць свае крокі да Яго, мы зноў маем магчымасць быць напоўненыя вераю, каб смела прыступаць да трону Яго ласкі. Пакуты Езуса на крыжовай дарозе, цярпенні і смерць на Крыжы спрычыніліся да таго, што Ён назаўсёды злучыўся з кожным з нас і перад намі адчыніліся дзверы, якія раней былі замкнутыя праз наш грэх і нявернасць.
Дарагія браты і сёстры! Мы з вамі добра ведаем, што гэтая ахвяра Езуса на Крыжы, здзейснілася шмат год таму, але адначасова кожны з нас усведамляе, што гэтая ж ахвяра адбываецца пастаянна для нашага збаўлення. Езус пастаянна памірае за нашыя грахі, бо гэтыя нашая грахі пастаянна прыбіваюць Езуса да бэлькі крыжа.
         Можа таму нашае маўчанне становіцца моцным унутраным крыкам. Адказам на боль і цярпенні Езуса, Божага Сына, на Яго укрыжаванне, на яго словы “Выканалася”. Нашыя памылкі і грахі сталі цяжарам ускладзеным на плечы Езуса, вось таму мы няможам абыякава адносіцца да Таго, хто за нас аддаў сваё жыццё, Хто да канца палюбіў нас.
Ці маўчання і крыку Вялікай Пятніцы для нас дастаткова? Не. Гэтага мала. Трэба пайсці яшчэ на крок далей у бок Галгофы. Не баяцца падысці да укрыжаванага Збаўцы бліжэй. І тады гэтае маўчанне і крык пераменяцца ў супакой і аздараўленне. Бо такі ёсць  збаўчы сэнс Крыжовай ахвяры Езуса Хрыста.
Таму кожны з нас асабліва сёння ў Вялікую Пятніцу 2014 года можа зачарпнуць з ахвяры Хрыста, як з крыніцы нашага збаўлення. Мы, якія ствараем сульнасць веруючых, можам карыстацца з духоўнага плёну гэтай смерці на Крыжы: як напісана ў кнізе прарока Ісаі: “Слуга Божы бачыць у нас сваё патомства. Мы ж ведаем, што Ён жыве, што Ён з намі, што Ён у нас, бо свае дні Ён не абмежаваў”. Мы чакаем Яго астатняга прыйсця ў хвале, каб тое, што знішчальнае, перамянілася ў незнішчальнае, тое што кепскае і брыдкое знікла пад прамянямі святасці Бога.
Дарагія, супакой і аздараўленне патрэбны кожнаму з нас без выключэння.  Як для нашага індывідуальнага жыцця, так і для нашага жыцця ў грамадстве. Супакой і аздараўленне у нашай сям’і, у школе, на нашай працы, ва ўсёй нашай айчыне. Супакой і аздараўленне – гэта дары збавеннай ахвяры Езуса на крыжы. Там яны бяруць сваю крыніцу. Усё іншае па-за гэтай ахвярай не ў стане нас адарыць сапраўдным супакоем і аздараўленнем.

Умілаваныя ў Хрысце! Езус укрыжаваны збавіў свой люд. Усіх людзей, нават тых, што яшчэ не нарадзіліся і не прыйшлі на гэты свет. Перад тым як выканаць гэтую справу збаўлення Езус прасіў свайго Айца: “Вось, Пане, Я іду, каб выканаць Тваю волю!” Гэты шлях Хрыста дасягнуў сваёй кульмінацыі ў Вялікую Пятніцу, хоць грабніца, якая была высечана ў скале не стала апошнім момантам гэтага шляху. Сведчыць аб гэтым велікодны ранак, які мы з вамі неўзабаве хутка перажывем. Сёння ж будзем адараваць цела Езуса складзенае ў грабніцы. Вялікая Пятніца, нягледзячы на свой трагізм, не з’яўляецца трагедыяй, але шляхам  праз цемру смерці да святла уваскрасення. Дзякуючы смерці Хрыста мы адораныя супакоем, прабачэннем і аздараўленнем. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В