Гамілія на ўрач. Унебаўшэсця Пана_2014
Сённяшняе Евангелле характарызуе нашае хрысціянскае заданне, якое Езус спачатку даручае апосталам, а праз іх і кожнаму з нас. «ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога.» Езус нам даручыў вельмі важную місію, мэта якой аб'явіць Божую любоў у свеце, навучыць іншых людзей праўдзе збаўлення і далучыць да Хрыстовага Касцёла, праз сакрамэнт Хросту. Па-іншаму Бог нас запрашае да рэалізацыі Хрыстовага збаўлення ў свеце.
Перад сваім унебаўшэсцем Хрыстус запэўнівае сваіх вучняў, што яны не застануцца самі, але прыйдзе Суцяшыцель, Дух Праўды, ад Айца, які іх навучыць праўдзе, пазбавіць сваіх вучняў ад боязі і недаверу, які тады яшчэ пануе ў супольнасці апосталаў і вучняў. Езус аб'яўляе Духа Святога, які пасля таго як сыдзе на вучняў, будзе кіраваць Хрыстовым Касцёлам у справе Евангелізацыі народаў.
Ад тога моманту прайшло нямала часу, аднак і на сённяшні дзень, гэтае заданне актуальнае для нас веруючых. Сёння Хрыстус нам паўтарае зноў тыя словы, якія сказаў апосталам, каб мы не пераставалі трываць у навуцы Хрыста, каб мы былі здольныя не толькі пазнаваць нашу веру, але ёй дзяліцца і яе абараняць.
Хрыстус нам адкрывае праўду аб дзейнасці Святога Духа ў нашым жыцці і аб тым, што вера гэта не прымус, але запрашэнне. І калі мы гэтае запрашэнне прымаем, то гэтым самым згаджаемся жыць паводле навукі Езуса. У такім выпадку вельмі важна, каб у нашым жыцці была вернасць той жыццёвай паставе, якую мы абралі. Бог кожнага з нас ставіць перад свядомым выбарам жыццёвай дарогі, але не прымушае выбіраць.
Бог выдатна ўсведамляе сваю магутнасць як валадар і стварыцель усяго на зямлі, але добра ведае нашую людскую слабасць і таму няможа нас з ёй пакінуць. Для хрыстовых вучняў момант унебаўшэсця Хрыста, якому сапутнічала вялікае здзіўленне і захапленне, праз нейкі час стаў перыядам жорсткага пераследу, аднак іх звычайная людская боязь і сумніў перамяніліся ў адважнае сведчанне Евангелля аж да праліцця крыві. І цяжка тут не ўбачыць Дзейнасць Духа Святога, які ўмацаваў вучняў, зрабіў іх адважнымі Хрыстовага збащлення. А дзякуючы сваёй веры, іх не спалохалі шматлікія выбрабаванні, пераслед, а нават смерць.
Калі глядзім па-чалавечы то Езус узыходзіць на неба, калі найбольш патрэбны вучням. Але як Ён сам сказаў: «Калі не ўзыду да Айца, то не прыдзе Суцяшыцель Дух Святы.» Магчыма ў момант унебаўшэсця вучні даканца сабе не ўсведамляюць, якое няпростае заданне даў ім Езус кажучы: «ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога.» Тым не менш яны з гэтым заданнем выдатна справіліся.
Дарагія! Хрыстус нас сёння заахвочвае, каб мы не баяліся жыццёвых выпрабаванняў, але перамагалі іх вераю. Ён хоча, каб мы яшчэ раз задумаліся над сваім хрысціянскім пакліканем і былі апосталамі нашага часу, каб праўду Евангелля мы прымалі і ёй жылі, і дапамаглі іншым людзям больш пазнаць Хрыста, не баяцца адчыніць Яму дзверы сваіх сэрцаў. Дазволім жа Духу Святому, асвятляць сцежку нашага жыцця, асабліва, калі яно нам здаецца шэрым і панурым, каб наш жыццёвы выбар быў заўсёды свядомы і пазбаўлены усялякага роду сумніву і боязі. Амэн.

Comments
Post a Comment